Страница 1 из 75
Ken Kesey
One Flew
Over the Cuckoo’s Nest
A novel
London
Penguin Classics
2005
Серыя «Амерыканка»
Кен Кізі
Палёт
над гняздом зязюлі
Раман
Пераклад з англійскай
Серыя “Амерыканка” заснаваная ў 2017 годзе
Рэдактарка серыі Марыя Мартысевіч
Выданне гэтай кнігі падтрымаў
мецэнат Ігар Жабароўскі
Пераклад з англійскай
Аляксея Знаткевіча паводле выдання:
Ken Kesey. One Flew Over the Cuckoo’s Nest. London: Penguin Classics, 2005.
Кізі, К.
Палёт над гняздом зязюлі : раман / Кен Кізі ; пер. з англ. А. Знаткевіча. — Мінск : А. М. Янушкевіч, 2017. — 372 с. — (Серыя «Амерыканка»).
ISBN 978-985-7165-48-3.
Вялікая Сястра Брыдар упэўнена кіруе сваім аддзяленнем у Арэгонскім псіхіятрычным шпіталі, трымаючы пад няспынным кантролем пацыентаў і персанал. Але ўзорны парадак Камбінату дае расколіну, калі з’яўляецца пацыент Макмэрфі — азартны гулец, жартаўнік і валацуга. Мы бачым ягонае змаганне вачыма Правадыра Бромдэна: нібыта глуханямы індзеец-мяшанец назірае за спробамі Макмэрфі вярнуць насельнікам шпіталю годнасць і надзею. У сваім першым рамане Кен Кізі стварыў драпежны і жывы свет, у якім няпроста пабачыць падзел паміж нармальнасцю і вар’яцтвам, свабодай і адказнасцю за тых, хто ў цябе паверыў.
© Ken Kesey, 1962
© Знаткевіч А.І., пераклад на беларускую мову, 2017
© Выданне на беларускай мове, афармленне. Выдавец А.М. Янушкевіч, 2017
Віку
Лавэлу,
які сказаў мне, што цмокаў не бывае,
а потым прывёў мяне ў іхныя логавішчы.
...гэты —
ў поле,
той —
на гулі,
гэты — над
гняздом зязюлі.
(Зь дзіцячай лічылкі)
ЧАСТКА І
Яны ўжо там.
Чорныя ў белай уніформе падняліся раней за мяне, каб заняцца сэксам у калідоры і прыбрацца, пакуль я іх не засьпеў.
Мыюць падлогу, калі я выходжу з палаты, усе трое змрочныя і злыя на ўсё — на раніцу, на шпіталь, на людзей, побач зь якімі даводзіцца працаваць. Калі яны так ненавідзяць, лепей не трапляць ім на вочы. Крадуся ў кедах уздоўж сьцяны, ціхі, як пыл, але іх адмысловыя чуйныя прыборы ловяць мой страх. Яны падымаюць галовы, усе трое адначасна; вочы на чорных тварах блішчаць колкім сьвятлом радыёлямпаў з-пад панэлі старога прыймача.
— Зыр, братва, Мятла ўжо тут. Доўгая Мятла — Правадыр Вар’ятаў. Давай, Правадыр, варушыся.
Тыц мне ў рукі швабру, паказваюць, дзе сёньня трэба мыць, і я іду. Адзін зь іх вытнуў мяне швабрай ззаду па нагах, каб прысьпешыць.
— Гы, зыр, як чэша. Дылда такі, мог бы яблык куснуць, мне на галаву паклаўшы, а слухаецца, як дзіцёнак.
Сьмяюцца, а потым я чую за сабой шушуканьне, яны стулілі галовы. Гудуць чорныя мэханізмы, гудуць нянавісьць, сьмерць ды іншыя таямніцы шпіталю. Яны не спрабуюць прыцішыць сваіх сакрэтаў, калі я побач, бо думаюць, што я глуханямы. Усе так думаюць. Мне хапае хітрасьці, каб іх надурыць. Калі індзейская палова крыві мне чым і дапамагала ў маім клятым жыцьці, дык тое хітраваць, дапамагала ўсе гэтыя гады.
Мыю падлогу ля ўваходу ў аддзяленьне, калі з другога боку ў дзьверы ўторкваецца ключ. Ведаю, што гэта Вялікая Сястра, бо асяродкавіна замка прылягае да ключа мякка, хутка і спрактыкавана — адчуваецца вялікі досьвед. Сястра ўваходзіць, упускаючы ў памяшканьне холад, замыкае за сабой дзьверы, і я бачу, як ейныя пальцы спаўзаюць па адпаліраванай сталі — пазногці таго ж колеру, што й вусны. Густа-аранжавыя. Нібы кончык паяльніка. Ці то пякучыя, ці то ледзяныя — нельга зразумець, якія, нават калі яна дакранецца да цябе.
Яна нясе лазовы кошык — племя ампкуа прадае такія ля шашы ў гарачыя жнівеньскія дні — кошык з канаплянай ручкай, падобны да скрынкі з інструмэнтамі. Колькі яе памятаю, яна заўсёды зь ім ходзіць. Ён сплецены няшчыльна, і можна пабачыць, што ўнутры. Там няма пудраніцы, памады ці іншых жаночых штучак. Гэты кошык месьціць тысячу розных дэталяў, якія яна хоча сёньня скарыстаць у працы: колцы і шасьцерні, шрубы, адпаліраваныя да жорсткага бляску, маленькія пігулкі, якія зіхацяць, як фарфор, шпрыцы, шчыпцы, абцугі, скруткі меднага дроту...
Яна зьлёгку ківае мне, праходзячы міма. Уціскаюся ў сьцяну, учапіўшыся ў швабру, пасьміхаюся, спрабую як мага больш заблытаць ейныя прыборы, не даю ёй пабачыць маіх вачэй: калі заплюшчыць вочы, пра цябе менш даведаюцца.
У сваёй цемры чую, як ейныя гумавыя абцасы чвякаюць аб кафлю ў калідоры, як брынкаюць рэчы ў кошыку ў такт крокам. У яе цяжкая хада. Расплюшчваю вочы, калі яна ўжо амаль адолела паўкалідору, вось-вось заверне ў Сястроўню, дзе цэлы дзень будзе сядзець за сталом, глядзець у вакно і занатоўваць усё, што адбываецца цягам васьмі гадзінаў у пакоі за шклом. Ад думкі пра гэта яе твар робіцца лагодным і задаволеным.
І тут... Яна заўважае чорных. Тыя ўсё яшчэ стаяць разам, шэпчуцца. Не пачулі, як яна ўвайшла ў аддзяленьне. Цяпер адчуваюць ейны позірк, але позна. Раней трэ было думаць, ці варта гуртавацца і шушукацца перад самым ейным прыходам. Зьбянтэжаныя чорныя твары шугаюць уроссып. Яна прыгінаецца і рушыць на іх — тыя трапілі ў пастку ў канцы калідору. Сястра ведае, пра што яны размаўлялі, бачу: яна гэтак разьюшылася, ажно не кантралюе сябе. Зараз парве чорных вырадкаў на шматкі, гэтак разьюшылася. Яна пачынае разьдзімацца і надзімаецца так, што сьпіна вылузваецца зь белай уніформы, а рукі выцягваюцца, як тэлескапічныя вуды, і цяпер імі можна абхапіць усіх траіх разоў пяць-шэсьць. Яна азіраецца, круціць агромністай галавой. Нікога не відаць, толькі стары Мятла Бромдэн, індзеец-мяшанец, хаваецца за швабру, ён ня можа гаварыць і не пакліча на дапамогу. Таму Сястра ўжо ня стрымліваецца, намаляваная ўсьмешка перакручваецца, расьцягваецца ў адкрыты выскал, а сама яна працягвае расьці, яна ўжо памерам з трактар, такая вялікая, што я адчуваю пах мэханізмаў усярэдзіне, быццам пах рухавіка, які працуе зь перагрузкай. Стойваю дух, думаю — божачкі, гэтым разам яны ня спыняцца! Гэтым разам яны назапасілі зашмат нянавісьці, цераз край, парвуць адно аднаго на шматкі, перш чым самі ўцямяць, што робяць.
Але як толькі яна хапае чорных сваімі тэлескапічнымі рукамі, а тыя пачынаюць поркаць ёй чэрава дзержакамі ад швабраў, з палатаў высыпаюць пацыенты, каб зірнуць, што тут за валтузьня, і Сястра вымушаная набыць ранейшы выгляд, каб яе не пабачылі ў жахлівай сапраўднай сутнасьці. Не пасьпяваюць пацыенты працерці вочы, каб ацаніць гэты вэрхал, — перад імі зноў галоўная мэдсястра, якая роўна ўсьміхаецца, як заўсёды спакойная, і кажа чорным, што нягожа вось так стаяць і тачыць лясы, бо сёньня ж ранак панядзелка і сапраўды трэба шмат зрабіць у першую раніцу тыдня...