Страница 21 из 75
Той наверсе змаўкае. Слабое скавытаньне апаратаў у сьценах усё цішэе і цішэе, пакуль не сыходзіць на нішто. Ва ўсім шпіталі не чуваць ані гуку, акрамя глухога, прыцішанага грукату недзе глыбока ў чэраве будынку. Такога грукату я раней ніколі не заўважаў — вельмі падобны гук чуеш, калі стаіш уначы на вялікай гідраэлектрастанцыі. Ціхая, няўмольная, жывёльная моц.
Тлусты чорны стаіць у калідоры, там, дзе я магу яго бачыць, азіраецца навокал і хіхікае. Ён павольна падыходзіць да дзьвярэй, выціраючы вільготныя шэрыя далоні пад пахамі. Сьвятло зь Сястроўні кідае на сьцяну палаты ягоны цень памерам са слана. Цень памяншаецца, калі ён падыходзіць да дзьвярэй і зазірае ў палату. Зноўку хіхікае, адмыкае электрашчыт ля дзьвярэй і засоўвае туды руку:
— От так, дзетачкі, сьпіце спакойна.
Паварочвае нейкую ручку, і ўся падлога ў палаце ссоўваецца ўніз, а ён стаіць ля дзьвярэй і пазірае, як яна апускаецца ў будынак, нібы плятформа ў збожжавым элеватары! Нічога акрамя падлогі ня рухаецца, і мы ссоўваемся прэч ад сьценаў, дзьвярэй і вокнаў палаты на шалёнай хуткасьці: ложкі, тумбачкі і ўсё астатняе.
Мэханізм — хутчэй за ўсё нейкая штука з шасьцерняў і тракавых ланцугоў на кожным куце ліфтавай шахты — змазаны да мёртвай цішыні. Чую толькі, як дыхаюць нашыя, а грукатаньне пад намі робіцца ўсё гучнейшым, чым ніжэй мы апускаемся. Сьвятло зь дзьвярэй палаты за пяцьсот мэтраў адсюль, уверсе гэтай дзіркі, зрабілася маленькай плямкай, якая пасыпае сьцены ліфтавай шахты цьмяным парашком. Яно ўсё зацямняецца і зацямняецца, а потым аднекуль здалёк даходзіць прарэзьлівы крык, які адбіваецца рэхам па сьценках шахты: «Не падыходзьце!» — і сьвятло цалкам гасьне.
Падлога даходзіць да нейкага цьвёрдага дна глыбока пад зямлёй і зь мяккім бразгатам спыняецца. Навокал поўная цямрэча, і я адчуваю, што прасьціна, якой мяне абвязалі, не дае мне дыхаць. Пакуль я яе разьвязваю, падлога пачынае ссоўвацца наперад, крыху трасецца. Пад ёй нейкія ролікі, але я ня чую, як яны рухаюцца. Я ўжо нават не магу пачуць, як дыхаюць іншыя вакол мяне, і раптам усьведамляю: грукат паступова зрабіўся такі гучны, што нічога больш не чуваць. Мы, відаць, у самым яго асяродку. Дзяру клятую прасьціну. Я ўжо амаль аслабіў яе, калі сьцяна падымаецца, адкрываючы велічэзны пакой зь бясконцым шэрагам машынаў, поўны потных, голых па пояс людзей, якія бегаюць сюды-туды па вузкіх праходах; іх твары пустыя і размытыя ў сьвятле, якое выпраменьваюць сотні домнаў.
Усё, што я бачу, выглядае менавіта так, як гучала, — як нутро агромністай электрастанцыі. Велізарныя медныя трубы сыходзяць угару ў цемру. Правады бягуць да нябачных трансфарматараў. Змазка і попел трапляюць на ўсё, плямяць счэпы, рухавікі і дынама-машыны чырвоным і вугальна-чорным.
Рабочыя рухаюцца аднолькавым роўным подбегам, лёгкім, расслабленым крокам. Ніхто не сьпяшаецца. Нехта зьявіцца на сэкунду, пакруціць ручку настройкі, націсьне кнопку, торгне пераключальнік, і адзін бок ягонага твару ўспыхне белым, нібы бляск ад іскры перамычкі, і вось ён ужо бяжыць далей, угару па сталёвых прыступках уздоўж вузкага праходу з рыфленага жалеза — рабочыя мінаюць адзін аднаго так гладка і блізка, што я чую, як пляскаюць вільготныя бакі, нібы пляскач ласасёвага хваста па вадзе — потым рабочы зноў спыніцца, заіскрыць іншым пераключальнікам і зноўку пабяжыць далей. Яны мігцяць на ўсіх кірунках у полі зроку, гэтыя бліскучыя карцінкі сонных лялечных твараў.
Вочы аднаго зь іх рэзка заплюшчваюцца на бягу, і ён валіцца на сваім маршруце; два ягоныя прыяцелі, якія прабягаюць побач, хапаюць яго і пасуюць, як мячык, убок у домну па дарозе. Печ вухкае вогненным шарам, і я чую, як лопаецца мільён трубак і лямпаў, нібы ідзеш праз поле, трушчачы надзьмутыя стручкі. Гэты гук зьмешваецца з гудам і ляскатам астатніх машынаў.
Ва ўсім гэтым ёсьць нейкі агульны рытм, нібы грымотны пульс.
Падлога палаты далей выплывае з шахты ў машынны пакой. Адразу ж бачу тое, што проста над намі: эстакаду, кшталту тых штук, што можна пабачыць на мясакамбінатах, ролікавы канвэер, каб перамяшчаць тушы з маразільні на разборку, амаль іх не падымаючы. Двое ў шырокіх нагавіцах, белых кашулях з закасанымі рукавамі і ў вузкіх чорных гальштуках абаперліся на сьцены плятформы над нашымі ложкамі і жэстыкулююць адзін аднаму ў размове, так што цыгарэты ў доўгіх муштуках вымалёўваюць лініі чырвоным сьвятлом. Яны размаўляюць, але немагчыма разабраць словаў праз аднастайны роў, што падымаецца навокал. Адзін зь іх пстрыкае пальцамі, і найбліжэйшы рабочы рэзка заварочвае і бяжыць да яго. Той паказвае ўніз на адзін з ложкаў сваім муштуком, і рабочы падбягае да сталёвых драбінаў і хутка спускаецца на наш узровень, дзе зьнікае з поля майго зроку паміж двума трансфарматарамі, агромністымі, як сховішчы для бульбы.
Калі той рабочы зноўку зьяўляецца, ён цягне ўздоўж эстакады над галавой крук і робіць гіганцкія крокі, гойдаючыся разам зь ім. Ён праходзіць паўз мой ложак, і вухканьне домны раптам асьвятляе ягоны твар нада мной, прыгожы, жорсткі і васковы, як маска, без аніякіх жаданьняў. Я бачыў мільён такіх твараў.
Ён падыходзіць да ложка, адной рукой хапае за ступак старога кабачка Блэстыка і спакойна падымае яго, быццам той важыць ня больш за пару кіляў; другой рукой ён чапляе Блэстыка крукам за сухажыльле на пятцы, і стары завісае там дагары нагамі; яго цьвілы твар надзьмуўся ад страху, вочы пеняцца нямой жудасьцю. Стары ўсё махае рукамі і вольнай нагой, пакуль зь яго ня падае піжамная кашуля. Рабочы хапае яе, скручвае і завязвае, як мех, а потым цягне перасоўны блёк па канвэеры да плятформы і глядзіць угару, туды, дзе стаяць тыя двое ў белых кашулях. Адзін зь іх дастае скальпэль з кабуры на поясе. Да інструмэнту прыпаяны ланцужок, і гэты чалавек спускае скальпэль рабочаму, прыматаўшы другі канец ланцужка да агароджы на плятформе, каб той ня зьбег са зброяй.
Рабочы бярэ скальпэль, расьсякае Блэстыка сьпераду адным махам, і стары больш ня дрыгаецца. Я думаў, што мяне пацягне на ваніты, але адтуль не ліецца кроў і не выпадаюць вантробы, як я чакаў, — толькі паток іржы ды попелу, і час ад часу кавалак дроту ці шкла. Рабочы стаіць па самае калена ў нечым, што выглядае, як дзындра.
Домна недзе разявіла рот, ліжа кагосьці.
Я думаю: мо падскочыць і пабегчы па пакоі, каб пабудзіць Макмэрфі, Гардынга і ўвогуле як мага болей народу? Але ў гэтым не было б аніякага сэнсу. Калі б я некага растрос са сну, той бы прабурчаў: «Ну ты ёлупень шалёны, што за халера цябе жарэ?» А потым ён, пэўна, дапамог бы аднаму з рабочых мяне самога падвесіць на такі крук, сказаў бы: «Мо паглядзім, да чаго падобныя індзейскія вантробы?»
Чую пранізьлівае, халоднае сычэньне — гэта дыхае туман-машына, і бачу, як першыя клубкі туману выпаўзаюць з-пад ложка Макмэрфі. Спадзяюся, у яго хопіць розуму схавацца ў тумане.
Чую дурнаватае балбатаньне, якое мне нагадвае некага знаёмага, і перакочваюся, каб паглядзець у другі бок. Гэта безвалосы дзядзька для сувязяў з грамадзкасьцю з азызлым тварам. Пацыенты заўсёды спрачаюцца, адкуль гэтая апухласьць. «Па-мойму, ён гэта сапраўды носіць», — кажа нехта. «А я вось думаю, што не; ты калі-небудзь чуў, каб мужык сапраўды такое насіў?» «А ты хоць калі раней чуў пра такога, як ён?» Першы пацыент паціскае плячыма і ківае: «Цікавая заўвага».
Цяпер на ім толькі доўгая сподняя кашуля, вышытая пакручастымі чырвонымі манаграмамі сьпераду і ззаду. І я пераконваюся раз і назаўжды (кашуля задзіраецца на сьпіне, калі ён праходзіць побач, і я пасьпяваю кінуць позірк), што ён сапраўды гэта носіць, і зашнуравана гэта так туга, што можа лопнуць у любы момант.
На ягоным гарсэце боўтаецца паўтузіна высахлых штуковін, прывязаных за валасы, як скальпы.
Яшчэ ён носіць маленькую біклажку, зь якой нешта сёрбае, каб трымаць горла гатовым да балбатні, а таксама прамочаную камфарай насоўку, якую час ад часу падносіць да носа, каб туды не сьмярдзела. За ім сьпяшаецца вывадак школьных настаўніц, студэнтачак і да тых падобных. На іх сінія фартушкі, а валасы ў іх кучаравяцца ад завіўкі. Яны слухаюць, як ён чытае кароткую экскурсійную лекцыю.