Страница 20 из 75
— І я раблю выснову, што вам, разявакам, трэба вялікі банчышча, каб вас спакушаў. Во вам дзесяць пачкаў на наступнае кола. Гэй-га, вашае слова, во зараз пойдзе сапраўдны рубон...
Тут ён адкідвае галаву і гучна сьмяецца з таго, як усе кінуліся рабіць стаўкі.
Гэты сьмех грукатаў па пакоі цэлы вечар. Увесь час, што Макмэрфі раздаваў карты, ён жартаваў, размаўляў і спрабаваў заахвоціць гульцоў сьмяяцца разам зь ім. Але яны ўсе баяліся расслабіцца, бо задоўга ўжо гэтага не рабілі. Ён кінуў намаганьні і перайшоў да сур’ёзнай гульні. Яны выйгравалі ў яго банк пару разоў, але ён заўжды адыгрываўся, і піраміды цыгарэтаў абапал яго ўсё расьлі і расьлі.
А потым, перад самым адбоем, ён пачаў даваць ім выйграць. Ён дазволіў ім адыграцца так хутка, што яны амаль ня памяталі пра ранейшыя пройгрышы. Ён аддае апошнюю пару цыгарэтаў, кладзе тальлю, адкідваецца на сьпінку крэсла, уздыхае і сьцягвае кепку з вачэй; гульня скончылася.
— Ну, шаноўныя, крыху выйграў, а ўсё астатняе прайграў, во што я пра гэта скажу, — ён круціць галавой зь няшчасным выглядам. — Ня ведаю, я заўсёды даволі няслаба раскідваў дваццаць адно, але вы, выглядае, занадта крутыя для мяне. У вас, відаць, ё нейкія патаемныя хітрыкі, нават неяк боязна супраць такіх хітруноў заўтра на сапраўдныя грошыкі гуляць.
Ён нават не спрабуе ўсур’ёз спадзявацца, што яны на гэта купяцца. Ён дазволіў ім выйграць, і кожны, хто сачыў за гульнёй, гэта ведае. Ведаюць і гульцы. Але ўсё адно сярод тых, хто падграбае сваю купку цыгарэтаў — цыгарэтаў, якіх яны насамрэч ня выйгралі, а толькі адыгралі, бо тыя ім належалі ад пачатку, — няма ніводнага без ухмылкі на твары, быццам яны найкруцейшыя картыжнікі на ўсёй Місісіпі.
Тлусты чорны і чорны на імя Гівэр выганяюць нас зь дзённага пакою і пачынаюць выключаць сьвятло маленькім ключыкам на ланцужку. Аддзяленьне робіцца ўсё больш цьмяным і цёмным, а вочы ў маленькай мэдсястры з радзімай плямай пашыраюцца і ярчэюць. Яна стаіць ля дзьвярэй у зашклёную Сястроўню, раздае вечаровыя пігулкі пацыентам, што праходзяць побач шэрагам, і ёй цяжка даецца не пераблытаць, каго сёньня чым трэба труціць. Нават не глядзіць, куды налівае ваду — нагэтулькі ейную ўвагу адцягнуў велічэзны руды мужык з жахлівай кепкай і жудасным шнарам. Яна назірае, як Макмэрфі адыходзіць ад картачнага стала ў цёмным дзённым пакоі і круціць мазолістай рукой руды пучок валасоў, што вытыркаецца з-пад расшпіленага каўняра казённай кашулі «хіміка». З таго, як яна падаецца назад, калі ён падыходзіць да дзьвярэй Сястроўні, я мяркую, што яе, пэўна, загадзя папярэдзіла пра Макмэрфі Вялікая Сястра. «А-а-а, вось яшчэ што, перш чым я сёньня перадам тут усё ў вашы рукі, міс Пілбаў. Той новы пацыент, што там сядзіць, вунь той зь безгустоўнымі бакенбардамі і парэзамі на твары — я маю падставы меркаваць, што ён сэксуальны маньяк».
Макмэрфі бачыць, як яна ўтаропілася ў яго спалоханымі шырокімі вачыма, таму ён засоўвае галаву ў дзьверы Сястроўні, дзе яна раздае пігулкі і глядзіць на яе з шырокай прыязнай усьмешкай, каб пазнаёміцца. Гэта так яе нэрвуе, што яна выпускае з рук збан з вадой, і той падае ёй на нагу. Яна ўскрыквае, падскоквае на адной назе, дрыгае рукой, і пігулка, якую яна зьбіралася мне даць, вылятае з кубачка за каўнер ейнай уніформы, якраз туды, дзе радзімая пляма цячэ ў даліну, як вінная рака.
— Дазвольце мне вам дапамагчы, мадам.
І вось у дзьверы Сястроўні пралазіць гэтая рука колеру сырога мяса, пакрытая шнарамі і татуіроўкамі.
— Не падыходзьце! Са мной у аддзяленьні два санітары!
Яна круціць вачыма ў пошуку чорных, але тыя пайшлі прывязваць хронікаў да ложкаў; яны занадта далёка, каб хутка прыйсьці на дапамогу. Макмэрфі пасьміхаецца і паварочвае руку, каб мэдсястра пабачыла, што ў ёй няма нажа. Але яна бачыць толькі сьвятло, якое адбіваецца ад гладкай, як воск, мазолістай далоні.
— Усё, што я хацеў зрабіць, дык гэта...
— Не падыходзьце! Пацыентам не дазваляецца заходзіць у... Ой, не падыходзьце, я каталічка! — і яна тут жа торгае залаты ланцужок на шыі, так што крыжык вылятае з упадзіны паміж грудзей і выстрэльвае ў паветра, нібы з рагаткі, згубленую пігулку! Макмэрфі хапае паветра рукой проста насупраць яе твару. Мэдсястра верашчыць, крыжык залятае ёй у рот, і яна заплюшчвае вочы, быццам зараз атрымае поўху, стаіць так, уся зьбялелая, як папера, акрамя плямы, што пацямнела, як ніколі, быццам дарэшты высмактала ўсю кроў зь ейнага цела. Калі яна нарэшце зноў расплюшчвае вочы, проста перад ёй мазолістая далонь, на якой ляжыць мая маленькая чырвоная пігулка.
— ...падняць бітон з вадой, што ў вас упаў, — Макмэрфі трымае яго ў другой руцэ.
Яна выдыхае з гучным сычэньнем і бярэ ў яго бітон:
— Дзякуй. Дабранач, дабранач, — і зачыняе дзьверы перад наступным пацыентам; сёньня пігулак болей ня будзе.
У палаце Макмэрфі кідае пігулку мне на ложак:
— Хочаш сваю смактульку, Правадыр?
Я кручу галавой, гледзячы на пігулку, і ён змахвае яе з ложка, быццам назойлівага клапа. Тая скача, драпае падлогу, як цвыркун. Ён зьбіраецца класьціся спаць і здымае адзеньне. Яго майткі пад рабочымі штанамі — з чорнага, як вугаль, атлясу, размаляваныя белымі кітамі з чырвонымі вачыма. Макмэрфі пасьміхаецца, калі заўважае, што я гляджу на сподняе.
— Ад студэнтачкі з Арэгонскага ўнівэру, Правадыр, зь філфаку. — Ён адцягвае гумку адзінцом і шчоўкае. — Зрабіла мне падаруначак, бо, маўляў, я сымбаль.
Яго рукі, шыя і твар загарэлыя і шчаціняцца кучаравымі залацістымі валаскамі. На абодвух вялікіх плячах — татуіроўкі; на адной напісана «Байцы-марпехі» і намаляваны чорт з чырвоным вокам, чырвонымі рагамі і вінтоўкай М-1, на другой — рука трымае карты, раскладзеныя веерам па мускулістым плячы: тузы і восемкі. Ён кладзе стос адзеньня на тумбачку ля майго ложка і пачынае ўзьбіваць кулаком падушку. Яму далі ложак побач з маім.
Макмэрфі кладзецца пад коўдру і кажа, што мне таксама варта хутчэй скокнуць у пасьцель, бо адзін з чорных ідзе вырубіць сьвятло. Азіраюся і бачу чорнага на імя Гівэр; скідаю абутак і залажу ў ложак якраз перад тым, як той падышоў, каб прывязаць мяне прасьціной. Скончыўшы са мной, чорны кідае апошні позірк навокал, хіхікае і пстрыкае выключальнікам.
Калі не лічыць белага парашку сьвятла зь Сястроўні ў калідоры, у пакоі цёмна; я бачу толькі абрысы Макмэрфі побач са мной; ён дыхае глыбока і роўна, коўдра на ім падымаецца і ападае. Дыханьне ўсё запавольваецца і запавольваецца, пакуль мне не здаецца, што ён ужо нейкі час як заснуў. Потым я чую зь ягонага ложка мяккі гартанны гук, нібы чмыхае конь. Ён усё яшчэ ня сьпіць і зь нечага сьмяецца пра сябе.
Спыняе сьмех і шэпча:
— Ну, Правадыр, ты няслаба падскочыў, калі я сказаў, што йдзе той чарнамазы. А мне здалося, нехта казаў, што ты глухі.
Упершыню за доўгі-доўгі час я ў ложку, не праглынуўшы чырвонай пігулкі (калі я хаваю яе, каб не глытаць, мэдсястра з радзімай плямай пасылае чорнага на імя Гівэр злавіць мяне і ліхтарыкам трымаць у палоне, пакуль яна не падрыхтуе шпрыца), таму я прыкідваюся, што сплю, калі чорны праходзіць побач і сьвеціць.
Калі глытаеш чырвоную пігулку, ты ня проста засынаеш; ты паралізаваны сном, і ўсю ноч ня можаш прачнуцца, што б ні адбывалася навокал. Вось чаму пэрсанал дае мне пігулкі: на старым месцы я прачынаўся ўначы і бачыў, як яны рабілі розныя жахі з пацыентамі, што спалі вакол мяне.
Ляжу нерухома і запавольваю дыханьне, чакаю, ці нешта адбудзецца. Вакол цёмна, аж жах, і я чую, як яны там сьлізгаюць у сваіх гумавых чаравіках; двойчы яны зазіраюць у пакой і абмацваюць усіх ліхтарыкам. Трымаю вочы заплюшчанымі, але не засынаю. Чую лямант зьверху, з аддзяленьня для агрэсіўных, л-у-у, л-у-у, л-у-у-у — некага падключылі, каб атрымаць кодавыя сыгналы.
— Э-э-э, думаю, можна па піве, бо наперадзе ж доўгая ноч, — чую, як адзін чорны шэпча другому. Гумавыя чаравікі рыпяць у кірунку Сястроўні, дзе стаіць лядоўня. — Хочаш піўка, ласачка з радзімачкай? Каб ночка хутчэй ішла?