Страница 13 из 75
— Ты добры, добры стары, Пітэр, — але крыху спазьніўся.
Піт махнуў сваім вялікім жалезным шарам ад самых каленяў. Чорны плазам ляснуўся аб сьцяну і ўліп у яе, потым споўз на падлогу, нібы сьцяну намазалі тлушчам. Я пачуў, як у сьцяне лопаліся трубкі і карацілі засьцерагальнікі, і на ёй застаўся адбітак ад фігуры чорнага.
Астатнія двое — найменшы і другі вялікі — стаялі агаломшаныя. Сястра шчоўкнула пальцамі і чорныя прыйшлі ў рух. Пасьпешлівы, коўзкі рух праз пакой. Маленькі побач зь вялікім выглядаў, як выява ў памяншальным люстэрку. Яны былі амаль каля Піта, калі раптам згадалі тое, што варта было б памятаць і трэцяму: Піт не падлучаны да пульта кіраваньня, ён ня будзе падпарадкоўвацца, калі проста даць яму загад ці пацягнуць за руку. Калі ўжо браць, дык давядзецца браць яго, як дзікага быка ці мядзьведзя. Пры гэтым адзін зь іх ужо ляжаў у адключцы каля плінтуса, і дваім астатнім чорным ня дужа падабаўся такі расклад.
Гэтая думка прыйшла да абодвух адначасова, і яны застылі на месцы, вялікі чорны і ягоны маленькі адбітак, у цалкам аднолькавых позах, левая нага наперадзе, правая рука выцягнутая, паміж Пітам і Вялікай Сястрой. Перад імі хістаўся жалезны шар, за імі кіпела беласьнежная злосьць, і яны трэсьліся і дыміліся, а я чуў, як скрыгаталі шасьцерні. Бачыў, як яны тузаюцца ў разгубленасьці, нібы машыны, у якіх кіроўца да ўпору націснуў на газ, ня зьняўшы нагі з тормазу.
Піт стаяў пасярэдзіне пакою, матляючы наперад-назад, паралельна тулаву, свой шар, які хіліў яго цяжарам да зямлі. Цяпер усе назіралі за ім. Ён перавёў позірк зь вялікага чорнага на малога, а калі пабачыў, што тыя не зьбіраюцца падыходзіць бліжэй, павярнуўся да пацыентаў.
— Ведаеце, гэта ўсё поўная лухта, — зьвярнуўся ён да іх, — гэта ўсё поўная лухта.
Вялікая Сястра высьлізнула з крэсла і скіравалася да свайго плеценага кошыка ля дзьвярэй:
— Так, так, містэр Банчыні, — цурчэла яна, — вы толькі захоўвайце спакой...
— Во і ўсё тутака, адна лухта поўная, — ягоны голас згубіў мэталёвую сілу і зрабіўся напружаны і настойлівы, нібы ў яго амаль не заставалася часу, каб скончыць тое, што ён меўся сказаць. — Бачыце, я нічога не магу зрабіць, не магу, хіба вы ня бачыце. Я нарадзіўся мёртвы. Ня вы. Вы не нараджаліся мёртвыя. Гэх-х-х, як жа гэта цяжка...
Ён заплакаў. Ён больш ня мог прымусіць словы вымаўляцца правільна, адкрываў і закрываў рот, каб нешта сказаць, але больш ня мог сабраць словаў у сказы. Трасянуў галавой, каб яе прачысьціць, і заміргаў, гледзячы на вострых.
— Гэх-х-х, я... кажу... тутака... я кажу вам.
Ён ізноў згорбіўся, а ягоны жалезны шар скукожыўся ў кулак. Ён расьціснуў далонь і працягнуў наперад руку, быццам нешта падаючы пацыентам.
— Я нічога не магу зрабіць. Я нарадзіўся як выкідыш. Мяне столькі крыўдзілі, што я памёр. Я нарадзіўся мёртвы. Нічога не магу зрабіць. Я стаміўся. Я падзелены. У вас ёсьць шанцы. Мяне столькі крыўдзілі, што я нарадзіўся мёртвы. Вам лёгка. Я нарадзіўся мёртвы, і жыцьцё было цяжкое. Я стаміўся. Стаміўся гаварыць і стаяць. Я мёртвы ўжо пяцьдзясят пяць гадоў.
Вялікая Сястра падкралася да яго праз пакой і зрабіла ўкол проста праз уніформу. Яна адскочыла, не дастаўшы шпрыца, і той тырчаў з нагавіцаў, нібы хвосьцік са шкла і сталі, а Стары Піт усё больш і больш горбіўся, не ад уколу, але ад намаганьняў; апошнія пару хвілінаў зьнясілілі яго дашчэнту, раз і назаўжды — дастаткова было паглядзець на яго, каб зразумець, што зь ім усё скончана.
Таму насамрэч не было патрэбы ва ўколе; ягоная галава яшчэ раней пачала матляцца сюды-туды, і вочы даўно памутнелі. Калі Сястра насьмелілася падысьці да яго, каб выцягнуць шпрыц, ён ужо так нахіліўся наперад, што плакаў проста на падлогу; сьлёзы не краналі твару, але разьляталіся ў розныя бакі, бо ён матляў галавой сюды-туды, раўнамерна раскідваючы іх па падлозе, нібыта сеяў. «Гэх-х-х», — паўтараў ён. І нават ня зморшчыўся, калі яна выцягвала шпрыц.
Ён быў ажыў на нейкую хвіліну, каб паспрабаваць нам нешта сказаць, але ніхто з нас не жадаў слухаць ці не намагаўся зразумець, і гэтая спроба вычарпала яго да дна. Укол яму ў сьцягно быў такі ж бессэнсоўны, як укол мерцьвяку — не было сэрца, каб пампаваць наркоз, не было жылаў, па якіх укол мог бы дайсьці да галавы, а там не было мозгу, які трэба было зьмярцьвіць гэтай атрутай. З такім самым посьпехам яна магла зрабіць укол высушанаму трупу.
— Я... стаміўся...
— Так. Мне здаецца, калі вы, хлопцы, рызыкняце, містэр Банчыні спакойна пойдзе ў ложак.
— ...жу-дас-на стаміўся.
— Санітар Ўільямз вяртаецца ў прытомнасьць, доктар Спайві. Агледзьце яго, калі ласка. Так. У яго гадзіньнік разьбіўся, і ён парэзаў руку.
Піт ніколі больш не спрабаваў нічога падобнага і ніколі ўжо не паспрабуе. Цяпер, калі ён пачынае капрызіць падчас сходу і яго суцішваюць, ён заўсёды змаўкае. Час ад часу ён усё яшчэ падымаецца і матляе галавой, паведамляе нам, як ён стаміўся, але гэта болей ня скарга, не апраўданьне і не папярэджаньне — з гэтым скончана. Цяпер ён, як стары насьценны гадзіньнік, які не паказвае часу, але пры гэтым ня можа спыніцца, гадзіньнік зь перакручанымі стрэлкамі, сьцёртымі лічбамі і заржавелым будзільнікам — стары непатрэбны гадзіньнік, які працягвае цікаць і кукаваць без усялякага сэнсу.
Сход усё яшчэ грызе беднага Гардынга, калі надыходзіць другая гадзіна.
А другой доктар пачынае нецярпліва круціцца ў крэсьле. Ён пачуваецца няўтульна на сходах, калі толькі не гаворыць пра сваю тэорыю; ён бы з большай радасьцю сядзеў у сябе ў кабінэце, маляваў графікі. Доктар усё круціцца і нарэшце адкашліваецца; тады Сястра глядзіць на гадзіньнік і кажа нам прынесьці назад сталы з купальні, бо мы працягнем абмеркаваньне заўтра а першай гадзіне. Вострыя выключаюцца з трансу і кідаюць хуткія позіркі ў кірунку Гардынга. Іхныя твары гараць сорамам, быццам яны толькі што апрытомнелі і ўцямілі, што іх зноў скарысталі, як ёлупняў. Некаторыя ідуць у купальню праз калідор, каб прынесьці сталы, некаторыя бадзяюцца каля паліцаў з часопісамі і дэманструюць вялікую цікавасьць да старых нумароў «Хатняй гаспадыні», але, па праўдзе, усе яны папросту пазьбягаюць Гардынга. Іх зноў уцягнулі ў жорсткі допыт аднаго зь сяброў, нібы той быў злачынцам, а яны ўсе пракурорамі, судзьдзямі і прысяжнымі. Сорак пяць хвілінаў яны секлі чалавека на кавалачкі, ледзь не з асалодаю кідаючы ў яго пытаньнямі: Як ён лічыць, што зь ім ня так, калі ён ня можа задаволіць сваёй жоначкі; чаму ён настойвае, што ў яе ніколі нічога не было зь іншымі мужчынамі; як ён спадзяецца акрыяць, калі ня хоча адказваць шчыра? — такія вось пытаньнечкі і намёчкі. Цяпер ім ад гэтага пагана, і яны староняцца яго, каб не пачувацца яшчэ больш няўтульна.
Макмэрфі сочыць за ўсім, не адводзячы вачэй. Ён не падымаецца з крэсла і зноў выглядае зьдзіўленым. Нейкі час ён сядзіць, назіраючы за вострымі, трэ тальляй рудое шчаціньне на падбародзьдзі, потым нарэшце падымаецца, пазяхае, пацягваецца, чэша картамі пуп, пасьля кладзе іх у кішэню і падыходзіць да Гардынга, які сядзіць у сваім крэсьле ў поўнай самоце, спатнелы.
Макмэрфі недзе хвіліну пазірае на Гардынга, потым хапае сваёй ручышчай найбліжэйшае драўлянае крэсла, разварочвае яго да Гардынга сьпінкай і сядае на яго верхам, нібы асядлаўшы маленькага коніка. Гардынг усяго гэтага нават не заўважае. Макмэрфі ляпае па кішэнях, пакуль не знаходзіць цыгарэтаў, дастае адну і запальвае; ён трымае яе перад сабой, хмурачыся на агеньчык, і, лізнуўшы пальцы, змочвае цыгарэту, каб тая не гарэла надта хутка.
Абодва выглядаюць так, нібы ня бачаць адзін аднаго. Я нават ня ведаю, ці Гардынг увогуле заўважыў Макмэрфі. Гардынг загарнуўся ў свае тонкія плечы, нібы ў зялёныя крылы, і сядзіць вельмі роўна на краёчку крэсла, з рукамі, злоўленымі паміж каленяў. Ён пазірае проста перад сабой, нешта мыкае пра сябе, спрабуе выглядаць спакойным — але ён жуе сабе шчокі, і ад гэтага на яго твары выскал, як у чэрапа, зусім не спакой.