Страница 14 из 75
Макмэрфі зноў засоўвае між зубоў цыгарэту, абхоплівае рукамі драўляную сьпінку крэсла і кладзе падбародак на рукі, мружачы вока ад дыму. Ён нейкі час глядзіць на Гардынга другім вокам, а потым пачынае размову — цыгарэта віхляе ў яго паміж вуснаў дагары-долу.
— Дык што, братка, во так вашыя сходачкі звычайна йдуць?
— Звычайна йдуць? — Гардынг спыняе мыканьне. Ён больш не жуе шчок, але ўсё яшчэ глядзіць перад сабой, паўз плячо Макмэрфі.
— Гэта звычайная праца-дура для вашых пасядзелак групавой тырапіі? Такая во вечарынка-дзеўбатня?
Гардынг, здрыгануўшыся, паварочвае галаву, і яго вочы знаходзяць Макмэрфі, быццам ён упершыню заўважыў, што перад ім нехта сядзіць. Яго твар моршчыцца пасярэдзіне, бо ён зноўку кусае сябе за шчокі, і гэта выглядае так, нібы ён усьміхаецца. Ён распроствае плечы і адкідваецца на сьпінку крэсла, спрабуючы выглядаць расслабленым.
— Вечарынка-дзеўбатня? Баюся, я не разумею вашай квяцістай народнай мовы, мой шаноўны дружа. Ня маю нават найменшага ўяўленьня, пра што вы гаворыце.
— Ну дык я табе патлумачу, — Макмэрфі падвышае голас; хоць ён і не глядзіць на астатніх вострых у сябе за сьпінай, гаворыць ён менавіта для іх. — Куры заўважаюць плямку крыві на адной са сваіх і ўсе кідаюцца дзяўбсьці, ага, пакуль не разьдзяўбуць яе на шматочкі: кроў, костачкі ды пер’е. Але ў гэным гармідары яшчэ якая парачка запляміцца, і во ўжо іхная чарга. А потым яшчэ некалькі заплямяцца, і ўжо іх задзяўбуць да сьмерці, а потым яшчэ. Такая во дзеўбатня можа вычысьціць куратнік за некалькі гадзінаў, братка. Я сам бачыў. Адзіны спосаб з гэтым разабрацца — з курамі, — надзець ім павязкі на вочы. Каб ня бачылі нічога.
Гардынг аплятае калена доўгімі пальцамі і прыцягвае яго да сябе, адкінуўшыся ў крэсьле:
— Вечарынка-дзеўбатня. Гэта, натуральна, вельмі прыемная аналёгія, мой дружа.
— Акурат яе мне й нагадаў гэны сходзік, на якім я толькі што адседзеў, братка, калі ўжо праўду хочаш пачуць. Такі во куратнік.
— Значыць, я курыца з плямай крыві, дружа?
— Так і ёсьць, братка.
Яны ўсё яшчэ пасьміхаюцца адзін аднаму, але іхныя галасы зрабіліся такія ціхія і напружаныя, што мне даводзіцца падмятаць бліжэй да іх, каб нешта пачуць. Астатнія вострыя таксама падбіраюцца бліжэй.
— І ведаеш што яшчэ, братка? Хочаш даведацца, хто тут першы дзюбай б’е?
Гардынг чакае, каб той працягваў.
— Лекарка гэная старая, во хто.
У цішыні чуваць, як скрыгоча страх. Я чую, як абсталяваньне ў сьценах ловіць гэты скрыгат і працягвае працу. Гардынгу надзвычай цяжка ўтрымаць рукі нерухомымі, але ён па-ранейшаму спрабуе выглядаць спакойным:
— Такім чынам, — кажа ён, — усё так проста, усё так па-дурному проста. Вы ў нашым аддзяленьні шэсьць гадзінаў і ўжо спрасьцілі ўсю працу Фройда, Юнга і Максўэла Джоўнза да адной аналёгіі: вечарынка-дзеўбатня.
— Я тут не кажу пра нейкага Фрода юнага ці пра Максўэла Джонза, братка. Я кажу толькі пра ваш сход паганы і што гэная цётка ды астатнія вырадкі з табой выраблялі. Выраблялі як хацелі.
— Выраблялі са мной?
— Так і ёсьць, выраблялі. Зьлева-справа, ракам, бокам і падскокам. Ты, відаць, тут нечым сабе купу ворагаў напладзіў, братка, бо іх цэлая плойма на цябе накінулася.
— Ну, гэта неверагодна. Вы цалкам ігнаруеце, пакідаеце па-за ўвагай той факт, што таварышы сёньня рабілі ўсё для маёй жа ўласнай карысьці? Што любое пытаньне ці абмеркаваньне, ініцыяванае міс Брыдар ці некім іншым з пэрсаналу, мела на ўвазе выключна тэрапэўтычныя мэты? Вы, відаць, ані слова не пачулі з тлумачэньня доктарам Спайві ягонай тэорыі тэрапэўтычнай супольнасьці, а калі й пачулі, дык вам, відаць, не хапіла адукацыі, каб нешта зразумець. Я ў вас расчараваны, мой шаноўны дружа. Так, вельмі расчараваны. Я зрабіў выснову з нашай сустрэчы раніцай, што вы больш разумны — магчыма, неадукаваны мужлан, натуральна ж, правінцыйны выхваляка, у якога чуласьці ня больш, чым у гусака, але прынамсі больш-менш разумны. Аднак які б я звычайна ні быў назіральны і праніклівы, я таксама часам раблю памылкі.
— Ідзі ты ў сраку, братка.
— О, так. Я забыўся дадаць, што сёньня раніцай я заўважыў таксама і вашую прымітыўную брутальнасьць. Псыхапат зь відавочнымі садысцкімі схільнасьцямі, магчыма, матываваны іррацыянальнай эгаманіяй. Так. Як вы разумееце, усе гэтыя прыродныя таленты, натуральна ж, робяць вас кампэтэнтным доктарам і даюць вам поўнае права крытыкаваць мэтодыку сходаў міс Брыдар, нягледзячы на той факт, што яна аўтарытэтная мэдсястра, у якой за плячыма дваццаць гадоў працы. Так, з вашым талентам, мой дружа, вы можаце рабіць цуды з падсьвядомасьцю, лекаваць ахоплены болем ід, зажыўляць параненае супэрэга. Вы, відаць, можаце аздаравіць усё аддзяленьне ўлучна з кабачкамі ўсяго за шэсьць месяцаў; поўная гарантыя, лэдзі і джэнтэльмэны, альбо мы вернем грошы.
Замест таго, каб уцягвацца ў спрэчку, Макмэрфі проста не адводзіць вачэй ад Гардынга і нарэшце пытаецца роўным голасам:
— І ты сапраўды лічыш, што ўсё гэнае гаўно на сходзе неяк дапамагае ачомацца, што ад яго нейкая карысьць?
— А якія яшчэ ў нас могуць быць прычыны, каб пагаджацца на такое, мой дружа? Пэрсанал жадае нашага выздараўленьня ня менш, чым мы самі. Яны ж не пачвары. Міс Брыдар можа й строгая дама сярэдніх гадоў, але яна ня нейкая гіганцкая пачвара-садыстка зь сямейства курыных, якой карціць дзяўбсьці нам вочы. Вы ж так пра яе ня думаеце, праўда?
— Не, братка, ня думаю. Яна вам дзяўбе ня вочы. Яна вам нешта іншае дзяўбе.
Гардынг уздрыгвае, і я бачу, як ягоныя рукі патроху выпаўзаюць з пасткі між каленяў, нібы белыя павукі паміж двух пакрытых мохам сукоў паўзуць туды, дзе галіны злучаюцца ля камля.
— Ня вочы? — пытаецца ён. — Ну дык не хавайце, што ж тады міс Брыдар дзяўбе, мой дружа?
Макмэрфі пасьміхаецца:
— А ты што, братка, ня ведаеш?
— Натуральна ж не! Я маю на ўвазе, калі вы насто...
— Вашы яйцы, братка, вашы міленькія-даражэнькія яйцы.
Павукі дабраліся да злучэньня на камлі, уладкаваліся там і торгаюцца. Гардынг спрабуе пасьміхнуцца, але ягоны твар і вусны такія зьбялелыя, што ўсьмешка губляецца. Ён узіраецца ў Макмэрфі. Той дастае з рота цыгарэту і паўтарае:
— Рыхтык вашы яйцы. Не, гэная лекарка ня нейкая там пачварная курыца, братка, яна сапраўдная яйцарэзка. Я такіх тысячы бачыў, старых і маладых, мужчынаў і жанчын. Бачыў такіх паўсюль — яны хочуць цябе аслабіць, каб пасьля прымусіць слухацца, выконваць іхныя правілы, жыць так, як ім хочацца. А найпрасьцей гэта зрабіць — прымусіць цябе саступіць праз слабасьць, калі можна брыкнуць цябе ў самае балючае месца. Табе давалі ў бойцы каленам па шарах, братка? Вырубае ўмомант, праўда? Горш не бывае. Табе робіцца млосна, зь цябе ўся моц сыходзіць. Калі стаіш супраць некага, хто хоча перамагчы, зрабіўшы цябе слабейшым, а не сябе мацнейшым, дык сачы за ягонымі каленямі, бо ён табе паміж ног цэліць. Рыхтык так і робіць гэная каня старая, цэліць табе паміж ног.
Гардынгаў твар па-ранейшаму зьбялелы, але ён авалодаў рукамі; ён дырыгуе імі, спрабуючы адмахнуцца ад таго, што кажа Макмэрфі.
— Нашая дарагая міс Брыдар? Наш мілы, усьмешлівы, пяшчотны анёл міласэрнасьці, наша родная маці Брыдар — яйцарэзка? Ну, дружа, гэта абсалютна неверагодна.
— Братка, ня трэба мяне тут карміць байкамі пра пяшчотную мамачку. Можа яна й маці, але здаровая, як хлеў, і трывалая, як нержавейка. Як я тут раніцай зьявіўся, яна мяне гэнай роляй старой добрай мамачкі дурыла мо якія тры хвіліны, не даўжэй. Ня веру, што кагосьці з вас, хлопцы, яна дурыць цэлы год. Аёёёй, я ў свой час не адну суку бачыў, але гэная бярэ першы прыз.
— Суку? Але толькі што яна была яйцарэзкай, а потым каняй, ці мо курыцай? Вашыя мэтафары нагрувашчваюцца адна на адну, мой дружа.
— Ды халера зь ім; яна й сука, і каня, і яйцарэзка. І не дуры мне галавы, ты ж ведаеш, пра што я кажу.
Гардынгаў твар і рукі цяпер рухаюцца шпарка, як ніколі: жэсты, усьмешкі, грымасы, выскалы на паскоранай перамотцы. Чым больш ён спрабуе гэта спыніць, тым хутчэй яно ідзе. Калі ён дазваляе сваім рукам і твару рухацца, як ім хочацца, і не спрабуе іх кантраляваць, яны лунаюць так, што прыемна глядзець. Але калі ён пераймаецца і намагаецца іх стрымаць, ён робіцца шалёнай, сутаргавай лялькай у напружаным танцы. Усё рухаецца хутчэй і хутчэй, і яго голас паскараецца наўздагон.