Страница 11 из 75
— Згвалтаваньне? — доктар ажыўляецца.
— …непаўналетняй. Дзяўчынкі ва ўзросьце…
— Гэй, яны там нічога не даказалі, — кажа Макмэрфі доктару. — Дзяўчо адмовілася даваць паказаньні.
— …пятнаццаці гадоў.
— Яна сказала, ёй сямнаццаць, док, а ўжо як ёй карцела...
— Абсьледаваньне дзіцяці судовым мэдыкам даказвала пранікненьне, неаднаразовае пранікненьне, як адзначаецца ў пратаколе...
— Так карцела, што мне, па праўдзе, давялося прарэх сабе зашываць ад граху далей.
— Дзіця адмовілася даваць паказаньні, нягледзячы на высновы мэдыка. Верагодна, у выніку запалохваньня. Абвінавачаны пакінуў горад у хуткім часе пасьля суду.
— Аё-маё, мне давялося зьехаць, док, дазвольце, я вам раскажу, — ён нахіляецца наперад, трымаючы локаць на калене, паніжае голас і зьвяртаецца да доктара праз пакой. — Гэная курва малая мне б там усё папаліла-змуляла да свайго шаснаццацігодзьдзя-паўналецьця. Яна ўжо да таго дайшла, што ганялася за мной і валіла на падлогу.
Сястра загортвае тэчку і перадае яе праз праход доктару.
— Доктар Спайві, вось наш новы пацыент, — нібыта ўнутры тэчкі чалавек, складзены, як тая жоўтая паперка, і яго можна перадаць, каб на яго паглядзелі. — Я думала даць вам інфармацыю пра яго сёньня пазьней, але здаецца, ён хоча паказаць сябе на групавым сходзе, дык чаму б нам не разабрацца зь ім цяпер.
Доктар выцягвае за шнурок з кішэні халата акуляры і ўладкоўвае іх на нос. Яны трохі нахіленыя направа, але ён нахіляе галаву налева і гэтак іх выроўнівае. Крыху пасьміхаецца, гартаючы паперы ў тэчцы, бо яго, як і ўсіх нас, весяліць упэўненая і нахабная манера новенькага размаўляць. Але, як і ўсе мы, доктар асьцярожнічае, каб не паказаць гэтага і не засьмяяцца. Дачытаўшы да канца, ён загортвае тэчку і кладзе акуляры назад у кішэню. Ён глядзіць на Макмэрфі, які ўсё яшчэ сядзіць, нахіліўшыся наперад, у іншым канцы пакою.
— У вас, так выглядае, няма гісторыі псыхічных праблемаў, містэр Макмарфа?
— Макмэрфі, док.
— Вось як? Але мне падалося... Сястра казала...
Ён зноў разгортвае тэчку, выцягвае акуляры, праглядае паперы яшчэ хвіліну, перш чым зноў загарнуць яе і зноў пакласьці акуляры ў кішэню:
— Так, Макмэрфі. Правільна. Перапрашаю.
— Нічога, док. Гэта ўсё пачала тая мадам, памылілася. Ведаў я некалькіх чалавек, якія да такога схільныя. У мяне быў дзядзька на прозьвішча Халаган, дык ён неяк пазнаёміўся з жанчынай, якая ўвесь час рабіла выгляд, што ня можа правільна запомніць, і называла яго Хуліганам, проста каб падражніць. Гэта цягнулася некалькі месяцаў, пакуль ён яе не навучыў. І добра ж навучыў.
— Вось як? І як жа ён яе навучыў? — пытаецца доктар.
Макмэрфі пасьміхаецца і пацірае нос адзінцом:
— А-а, якраз гэтага я вам сказаць не магу. Трымаю спосаб дзядзькі Халагана ў поўным сакрэце, цяміце, бо раптам самому калі трэба будзе скарыстацца.
Ён кажа гэта, пазіраючы на Вялікую Сястру. Тая пасьміхаецца яму ў адказ, і ён паварочваецца да доктара:
— Дык што вы там пыталіся наконт маёй гісторыі, док?
— Так, я цікавіўся, ці была ў вас ранейшая гісторыя псыхічных праблемаў. Ці вам некалі ставілі дыягназ, ці вы былі ў нейкай іншай установе?
— Ну, калі лічыць турмы штатаў і акруг, дык...
— У псыхіятрычнай установе.
— А-а, у такіх не. Гэта мой першы залёт. Але я ў натуры вар’ят, док. Клянуся вам. Во тут... Дайце я вам пакажу. Мне здаецца, гэны іншы доктар на «хіміі»...
Ён падымаецца, лёгкім рухам засоўвае карты ў кішэню курткі, крочыць праз пакой да доктара, нахіляецца над ягоным плячом і пачынае гартаць паперы ў тэчцы ў таго на каленях. «Здаецца, ён там нешта напісаў, дзесьці во тут на канцы...»
— Так? Я не заўважыў. Хвіліначку, — доктар зноў выцягвае акуляры, надзявае іх і глядзіць туды, куды паказвае Макмэрфі.
— Во тут, док. Сястра гэтага не зачытвала, калі падсумоўвала маю справу. Во там напісана «Макмэрфі дэманстраваў неаднаразовыя» — я толькі хачу быць упэўнены, што мяне цалкам зразумелі, док, — «неаднаразовыя выбухі эмоцыяў, што дае падставы разглядаць магчымы дыягназ — псыхапат». Ён мне сказаў, «псыхапат» значыць, што я зашмат б’юся і яб... — прабачце, дамы — што я, як ён выказаўся, занадта заўзяты ў сваіх сэксуальных стасунках. Доктар, гэта праўда сур’ёзна?
Макмэрфі пытаецца з такім дзіцячым выглядам хваляваньня і заклапочанасьці на шырокім суворым твары, што доктару даводзіцца зноў нахіліць галаву, каб схаваць за каўняром яшчэ адну здушаную ўсьмешку, а ягоныя акуляры губляюць раўнавагу на носе і падаюць назад у кішэню. Цяпер ужо ўсьміхаюцца ўсе вострыя і нават некаторыя хронікі.
— Во гэная залішняя заўзятасьць, док, яна вас калі-кольвечы турбавала?
Доктар працірае вочы:
— Не, містэр Макмэрфі, трэба прызнаць, што не. Цікава, аднак, што мой калега дадаў да сваіх высноваў наступнае: «Нельга пакідаць па-за ўвагай магчымасьці сымуляцыі псыхозу з мэтаю пазьбегчы цяжкай працы на папраўчай фэрме». — Ён глядзіць на Макмэрфі: — Што наконт гэтага, містэр Макмэрфі?
— Доктар, — Макмэрфі падымаецца ў поўны рост, моршчыць лоб і разводзіць рукамі, шчыры і адкрыты ўсяму сьвету — няўжо я выглядаю, як чалавек у здаровым розуме?
Доктар зноў ледзьве стрымліваецца ад сьмеху і таму не адказвае. Макмэрфі адварочваецца ад доктара і задае тое ж пытаньне Вялікай Сястры.
— Няўжо ж выглядаю?
Замест адказу яна падымаецца, забірае ў доктара рудую тэчку і кладзе ў кошык перад сабой. Потым сядае.
— Магчыма, доктар, вам варта было б праінструктаваць містэра Макмарфу датычна правілаў паводзінаў на групавых сходах.
— Шаноўная, — кажа Макмэрфі, — я вам ужо казаў пра свайго дзядзьку Халагана і тую жанчыну, што ягонае прозьвішча перакручвала?
Мэдсястра доўга глядзіць на яго ўжо без усьмешкі. Яна мае здольнасьць ператварыць сваю ўсьмешку ў любы выраз твару, які хоча адрасаваць камусьці асабіста, але нельга сказаць, што цяперашні выраз нейкі незвычайны — проста пралічаны і мэханічны, адпаведны ейнай мэце. Нарэшце яна кажа:
— Перапрашаю, Мак-мэр-фі.
Потым паварочваецца да доктара:
— Такім чынам, доктар, ці не маглі б вы патлумачыць...
Доктар складае рукі і нахіляецца назад:
— Так, відаць, мне трэба патлумачыць цалкам тэорыю нашай тэрапэўтычнай супольнасьці, калі мы ўжо тут. Хоць звычайна я гэта пакідаю на пасьля. Так. Добрая ідэя, міс Брыдар, выдатная ідэя.
— Вядома, тэорыю таксама, доктар, але я мела на ўвазе правіла, што пацыенты застаюцца сядзець цягам усяго сходу.
— Так. Абавязкова. А потым я патлумачу тэорыю. Містэр Макмэрфі, адно зь першых правілаў у нас такое, што пацыенты застаюцца сядзець цягам усяго сходу. Разумееце, гэта для нас адзіны спосаб захаваць парадак.
— Ясна, доктар. Я проста падняўся, каб паказаць вам тую штуку ў сваёй тэчцы.
Ён ідзе да свайго крэсла, зноў салодка пацягваецца і пазяхае, сядае і нейкі час варушыцца, нібы сабака лёг адпачыць. Уладкаваўшыся, ён зноў глядзіць на доктара ў чаканьні.
— Што датычыць тэорыі... — доктар робіць глыбокі шчасьлівы ўдых.
— Нах-х-х.й жонку, — выгукае Раклі.
Макмэрфі прыкрывае рот тыльным бокам далоні і зьвяртаецца да Раклі праз пакой рыплівым шэптам:
— Чыю жонку? — і тады падскоквае галава Марціні, ягоныя вочы пашыраюцца і вылупляюцца.
— Ага, — кажа Марціні, — чыю жонку? А, яе? Так, я бачу яе. Ага.
— Шмат бы даў за такія вочы, — кажа Макмэрфі пра Марціні і пасьля ўжо маўчыць да самага канца сходу. Проста сядзіць і назірае, не прапускае ніводнага дзеяньня і ніводнага слова. Доктар выкладае сваю тэорыю, пакуль Вялікая Сястра, пастанавіўшы, што той вычарпаў рэглямэнт, ня просіць яго спыніцца, і да канца сходу яны ўжо абмяркоўваюць Гардынга.
Пару разоў цягам сходу Макмэрфі нахіляецца наперад у крэсьле, быццам наважыўся нешта сказаць, але перадумвае і адхіляецца назад. На ягоным твары зьяўляецца выраз неразуменьня. Тут штосьці ня так, бачыць ён. Ён ня можа ўцяміць, што менавіта. Як тады, калі ён пабачыў, што ніхто не сьмяецца. Бо ён жа думаў, што дакладна будзе сьмех, калі спытаўся ў Раклі: «Чыю жонку?», але не было нават намёку на сьмех. Паветра сьціснутае сьценамі, занадта шчыльнае для сьмеху. Штосьці ня так зь месцам, дзе мужчыны не дазваляюць сабе разьняволіцца і засьмяяцца, штосьці ня так з тым, як яны ўсе паддаюцца гэтай усьмешлівай напудранай цётцы з занадта яркай памадай і завялікімі цыцкамі. І ён думае, што варта пачакаць, каб разабрацца, што тут адбываецца, у гэтым новым месцы, перш чым пачынаць нейкую сваю гульню. Добрае правіла для разумнага гульца: паназірай за іншымі, а тады бяры карты ў рукі.