Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 17 из 50



Я змiрыўся i даў сваю згоду на ўсё, што ты патрабавала ад мяне, але ўпотайкi вырашыў, што ўвесь свой вольны час я прысвячу дзецям i схiлю iх на свой бок. Гэта было ў жнiўнi 1896 года. Пераблыталiся ў мяне ў галаве тыя гарачыя i сумныя летнiя месяцы, што мы праводзiлi ў нашым маёнтку... А падзеi, пра якiя я зараз раскажу, адбылiся ў апошнiя пяць гадоў XIX стагоддзя.

Я думаў, што будзе не так ужо i цяжка адваяваць у цябе дзяцей... Я разлiчваў на свой бацькоўскi аўтарытэт, на свой розум... Няўжо гэта складана, - думалася мне, - прывабiць i схiлiць на свой бок дзвюх дзяўчынак i дзесяцiгадовага хлопчыка? Ды гэта ж дробязь!

Дзецi страшэнна здзiвiлiся i нават спалохалiся, калi я паклiкаў iх з сабою на прагулку. Ты сядзела пад лiпай, а тры пары дзiцячых вочак запытальна глядзелi на цябе.

- Ну, вядома, мае мiлыя, iдзiце, пагуляйце з татам. I не трэба пытацца дазволу, раз ён вас клiча.

Мы пайшлi. А як трымацца з дзецьмi? Пра што гаварыць з iмi? Адна справа весцi судовыя спрэчкi з суровым пракурорам цi ўвiшным абаронцам падсуднага, калi я выступаю на баку iстца... Не так ужо страшна выступаць перад запоўненай залай, дзе ўсе настроены супраць цябе... А вось як гаварыць з дзецьмi? Перад iмi я бянтэжуся. Як, дарэчы, не ўмею трымацца i з простымi людзьмi, нават з сялянамi, хоць я i сам сялянскага роду. Тут я губляюся, пачынаю чырванець, запiнацца...

Дзецi весела шчабяталi, бегалi, скакалi, але паглядалi на мяне неяк насцярожана. На iх сэрцах ужо вiселi твае замкi, i ключы ад iх былi толькi ў цябе. "Па клiчу сумлення" ты не прынiжала майго бацькоўскага аўтарытэту, але i не хавала ад iх, што трэба шчыра малiцца за "беднага тату". I што б я нi рабiў, у iх уяўленнi я заўсёды заставаўся "бедным татам", за якога трэба падаць на каленi, малiцца i старацца, каб ён нарэшце паверыў у Бога. Усе мае выпады супраць рэлiгii яшчэ больш пераконвалi дзяцей, што iх тата - грэшнiк, бязбожнiк...

Урачыста адзначалiся ў нас царкоўныя святы. З маленства дзецi запамiналi, ведалi, чакалi iх. А першае прычасце было для кожнага выключнай з'явай... Вечарамi яны спявалi хорам, - да маiх вушэй даляталi не толькi арыi з опер Люлi, але i духоўныя псалмы. Я здалёк бачыў даверлiвыя адданыя тварыкi, звернутыя да неба... Мае крокi па садовай дарожцы спынялi гэты вячэрнi рытуал...

Кожнае нядзелi вы будзiлi мяне сваёй мiтуснёй i шумлiвымi зборамi да ад'езду ў царкву. Ты вечна баялася спазнiцца... Перад ганкам фыркалi конi... Хтосьцi з дзяцей абавязкова забываўся свой малiтвеннiк... Нiяк не маглi дачакацца кухаркi... Нечы пранiзлiвы голас пытаўся: "А якая гэта нядзеля пасля сёмухi?.."

Вы вярталiся з царквы, i дзецi адразу беглi да мяне. Я звычайна яшчэ ляжаў у пасцелi. Маленькая Мары, вiдаць, прашчабятала перад алтаром усе малiтвы, якiя толькi ведала ("каб выратаваць тату"), i цяпер уважлiва глядзела на мяне з надзеяй, што я пачаў ужо выпраўляцца. Толькi яна адна мяне не раздражняла. Яе абедзве старэйшыя сястрычкi ўжо ставiлiся да веры так, як i ты, Iза: спакойна, бяздумна, з адвечным iмкненнем буржуа да камфорту... О! Ты добра ведала, што такая "вера" ўратуе iх ад гераiчнай дабрачыннасцi, ад усяго ўзвышанага хрысцiянскага вар'яцтва. А вось Мары верыла ў Бога з кранальнай шчырасцю. Яна сардэчна i лагодна адносiлася да слуг, арандатараў, беднякоў. Пра яе гаварылi: "Ды яна ўсё гатова аддаць. У такой грошы ў руках не затрымаюцца. Гэта ўсё, вядома, добра, але трэба за ёй наглядаць..." I яшчэ гаварылi: "Нiхто перад ёю не можа ўстаяць, нават бацька". Вечарамi яна сама падыходзiла, лезла да мяне на каленi. Неяк раз яна заснула ў мяне на руках, прытулiўшыся галоўкай да майго твару. Яе валаскi казыталi мне шчаку. Нерухома сядзець, ды яшчэ ў нязручнай паставе, было цяжка. Хацелася папалiць. Але я не зварухнуўся. I толькi калi а дзевятай гадзiне прыйшла па яе нянька, я сам занёс яе ў пасцель, а вы ўсе ашаломлена глядзелi на мяне, нiбы перад вамi з'явiўся драпежны звер, падобны да тых iльвоў i тыграў, якiя лiзалi ногi юным пакутнiкам на арэне Калiзея. Праз некалькi дзён - ранiцай чатырнаццатага жнiўня, - Мары сказала мне (ведаеш, як гэта робяць дзецi):



- Татачка, паабяцай мне, што зробiш тое, што я цябе папрашу... Не, ты спачатку паабяцай, а потым я табе скажу...

I яна сказала мне, што заўтра ты будзеш спяваць на месе ў царкве, i ўсiм было б вельмi прыемна, каб я прыйшоў цябе паслухаць.

- Ты ж паабяцаў! Паабяцаў! - паўтарала яна, цалуючы мяне.

Мой пацалунак яна прыняла за знак згоды. Увесь дом ведаў пра гэтую падзею. "Гаспадар заўтра пойдзе ў царкву. Проста не верыцца... Яго ж нагi там нiколi не было", - дзiвiлiся слугi.

Страшэнная злосць апанавала мяне ў час вячэры, i стрымаць сябе мне не ўдалося. Хюбэр нешта папытаўся пра справу Дрэйфуса. Сваiм адказам ты ўвяла мяне ў люты гнеў. Я плюнуў, выйшаў з-за стала i больш не паказваўся. Назаўтра, калi яшчэ ўсе спалi, я паехаў у Бардо i прабыў цэлы дзень у душным бязлюдным горадзе.

Дзiўна, што пасля гэтага я ўсё ж такi вярнуўся ў Калез. Чаму я праводзiў адпачынак разам з вамi? Я ж мог падарожнiчаць... Прычын, вядома, можна навыдумляць якiх хочаш. А па праўдзе сказаць, я баяўся выдаткаў. Не мог я зразумець, як гэта можна кiнуць гаспадарку, справы, паехаць у падарожжа, змарнаваць процьму грошай... Якая ж гэта радасць - раз'язджаць па свеце, ведаючы, што дома столькi клопату... I таму кожны раз я вяртаўся да сваёй кармушкi. Ёсць у мяне свой стол, свой дом i нашто мне бегаць па рэстаранах? Дух эканомii, ашчаднасцi - гэта мамiн запавет, i iм я ўсё жыццё даражыў.

Дык вось, я вярнуўся дадому такi разбiты, што нават Мары не магла мяне ўцешыць. I з таго часу я змянiў тактыку: цяпер я не проста нападаў на тваю веру, а чапляўся за кожны зручны выпадак, каб паказаць, што ты жывеш зусiм не так, як таго патрабуе вера. I хоць ты была добрай хрысцiянкай, рабiць гэта мне было няцяжка. Думаю, спрачацца са мной на гэты конт ты не будзеш. Пра тое, што памагчы блiжняму - гэта першы абавязак хрысцiянiна, - ты не ведала, а калi ведала, то даўно забылася. Пад словам "мiласэрнасць" ты разумела сякiя-такiя абавязкi ў дачыненнi да бедных i добрасумленна выконвала iх дзеля свайго ж выратавання i вечнага жыцця ў лоне божым. Мушу агаварыцца, што цяпер ты моцна змянiлася. Цяпер ты клапоцiшся пра беднякоў, сама даглядаеш хворых на рак. Але ў тыя часы адной рукой ты кiдала падачку якому-небудзь бедняку, а другой выцiскала ўсе сокi з такiх самых, як ён. Гаспадыня дома, ты "па-гаспадарску" ставiлася да слуг: рабiць прымушала як мага больш, а плацiць старалася як найменш. А помнiш тую старэнькую бабульку, што кожную ранiцу прывозiла нам агароднiну? Калi б ты яе ўбачыла на цвiнтары, ты падала б ёй мiласцiну. А так ты лiчыла справай гонару патаргавацца з ёю за кожны качан капусты, каб абакрасцi i без таго бедны яе заробак.