Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 9 из 63

Падобны тэкст быў зьмешчаны і ў «Шляху Моладзі» і дапоўнены высновай:

Для беларусаў з усяго гэтага важна перадусім тое, што беларуская справа, беларуская праблема становіцца праблемай міжнароднай.

Гэтыя спэкуляцыі не выклікалі шырокага водгуку сярод народных масаў ня толькі ўва Усходняй Беларусі, куды яны звычайна не траплялі, але і ў заходняй частцы краю, нягледзячы на паўсюднае незадавальненьне грамадзка-эканамічнай палітыкай польскага даверасьнёўскага ўраду. Ацэньваючы пазыцыю беларускай вёскі, «Беларускі Фронт» напярэдадні Другой сусьветнай вайны пісаў:

Пры першай магчымасьці людзі кінуліся б у абоймы кожнаму, хто шчыра ці няшчыра задэкляраваў бы лепшую долю; камуністы маюць уплыў, але пры ведамым прымітывізьме нашай вёскі такі самы ўплыў маглі б мець фашысты і нават манархісты.

Ацэнка гэтая была небеспадстаўная, аднак у тагачасных умовах хлеб і зямлю абяцалі толькі камуністы. Гэта прадвызначала сымпатыі большай часткі сялянства да бальшавізму і СССР, якія выразна выявіліся пры ўступленьні Чырвонай Арміі ў верасьні 1939 г. Не адмаўлялі гэтага і аўтары, якіх нельга падазраваць у прасавецкіх тэндэнцыях.

Затое розьнілася стаўленьне беларускай інтэлігенцыі, асабліва палітычных і грамадзкіх дзеячоў. У гэтых колах ведалі ў агульных рысах аб трагічных падзеях у БССР у трыццатых гадох, зьвязаных галоўным чынам з прымусовай калектывізацыяй і барацьбой з «нацдэмаўшчынай». Вынікам іх былі шматлікія людзкія ахвяры, у т. л. сярод найвыдатнейшых беларускіх дзеячоў палітыкі і прадстаўнікоў навукі і культуры, а таксама зьнішчэньне гістарычных каштоўнасьцяў і інтэлектуальных здабыткаў дваццатых гадоў. З другога боку, заняцьце Чырвонай Арміяй усходняй часткі польскай дзяржавы азначала ўзьяднаньне ўсіх беларускіх земляў у адной савецкай рэспубліцы, супраць чаго не выступаў ніводзін беларускі нацыяналіст. Бо гэта азначала рэалізацыю многіх беларускіх пастулатаў — эканамічных, моўных, культурна-асьветных, якія ігнараваліся ў міжваенную пару польскімі ўладамі. Такім чынам, зьнікалі ранейшыя спрэчкі і партыйныя падзелы, замест якіх заяўляліся новыя, іх адзіным найважнейшым крытэрам было стаўленьне да савецкай рэчаіснасьці. Тыя, хто яе прымаў, заставаліся ў верасьні 1939 г. на месцы або варочаліся на землі, занятыя савецкімі войскамі, а тыя, хто разьлічваў на падтрымку Нямеччыны ў справе беларускай дзяржаўнай незалежнасьці або прадчуваў асабістую пагрозу, накіроўваліся ў зону нямецкай акупацыі ці ў Літву.

Неўзабаве, аднак, зьявіліся першыя расчараваньні. Новыя савецкія ўлады давалі сялянам зямлю, адкрывалі грамадзкія пэрспэктывы, уздымалі беларускую мову да статусу дзяржаўнай, уводзілі яе ў школах і друкавалі на ёй газэты, але адначасова пачалі фізычную ліквідацыю вядомых дзеячоў беларускага нацыянальнага руху. Гэта абуджала сярод беларускай інтэлігенцыі няпэўнасьць у сваёй будучыні, стварала адчуваньне, што курс пачатку трыццатых гадоў у палітыцы БССР працягваецца, і руйнавала надзеі на пазытыўнае стаўленьне савецкіх уладаў да беларускага нацыянальнага пытаньня.

Новая сытуацыя ўтварылася пасьля перадачы Вільні і заходняй Віленшчыны савецкімі ўладамі Літве ў канцы кастрычніка 1939 г. Гэты горад зноў, цяпер усяго на восем месяцаў, становіцца асяродкам, які зьбірае вакол сябе беларускіх дзеячоў. З Коўны вярнуўся ксёндз Гадлеўскі, які ўзнавіў дзейнасьць сваёй групоўкі. Заставаліся тут ксёндз Адам Станкевіч, прафэсар Вацлаў Іваноўскі, Янка Станкевіч, Францішак Аляхновіч, Язэп Найдзюк і інш. Была адноўлена арганізацыйная і выдавецкая дзейнасьць. Зноў аналізавалася сытуацыя і пэрспэктывы яе разьвіцьця. Істотна ўплывала на афармленьне такіх ацэнак далейшае абвастрэньне палітычнага становішча ў Эўропе ў канцы 1939 г. і ў пачатку 1940 г., асабліва напад СССР на Фінляндыю, Нямеччыны — на Данію і Нарвэгію, як і наступ немцаў на францускім фронце. Гэта сьведчыла аб эскаляцыі вайны, у якой савецка-нямецкі канфлікт здаваўся непазьбежным.

Перад пагрозай гэтага канфлікту, а таксама з горкага досьведу назіраньня за дзейнасьцю савецкіх уладаў, шмат дзеячоў зь віленскага асяродзьдзя на чале з Гадлеўскім вырашылі перайсьці ў зону нямецкай акупацыі арганізаваным шляхам, атрымаўшы папярэднюю згоду нямецкага консульства ў Коўне перад самым 15.6.1940 г., гэта значыць, перад уваходам Чырвонай Арміі ў Прыбалтыку. Частка эмігрантаў пазьбягала такім чынам савецкіх рэпрэсіяў, але большасьць разьлічвала на падтрымку незалежніцкай дзейнасьці з боку Нямеччыны. У Вільні засталося, аднак, нямала дзеячоў, галоўным чынам чальцоў Беларускага народнага аб’яднаньня (між іншым, кс. А. Станкевіч, С. Грынкевіч-старэйшы, А. Клімовіч), а таксама В. Іваноўскі, якія ня зьвязвалі сваіх палітычных плянаў з Трэцім райхам.

Напярэдадні нападу гітлераўскай Нямеччыны на СССР

Апрача эмігрантаў, на тэрыторыі Нямеччыны апынулася пэўная колькасьць беларусаў, якія служылі ў польскай арміі і ў верасьні 1939 г. трапілі ў нямецкі палон. Апроч таго, на акупаваных немцамі тэрыторыях, галоўным чынам у Варшаве, Лодзі і Празе, здаўна існавалі невялікія асяродкі беларусаў. Для таго, каб іх зарэгістраваць, а таксама наладзіць апеку і пасярэдніцтва ў найме на працу, у лістападзе 1939 г. у Бэрліне было створана пры міністэрстве ўнутраных траваў Weissruthenische Vertauenstelle, папросту называнае Беларускім прадстаўніцтвам. Амаль адначасова (3.12.1939 г.) для беларусаў, што знаходзіліся ў Нямеччыне і на тэрыторыі нямецкай акупацыі, пачалося выданьне штотыднёвіка «Раніца». Кіраўніком Беларускага прадстаўніцтва быў прызначаны Акінчыц, які перад самай вайной прыехаў у Бэрлін, а пасьля ягонага скорага звальненьня гэтую функцыю да канца вайны выконваў Анатоль Шкутка. Установа мела некалькі сваіх рэгіянальных аддзяленьняў.



Летам 1941 г. беларусы, якія знаходзіліся ў Бэрліне, атрымалі згоду на стварэньне грамадзкай арганізацыі — Беларускага камітэту самапомачы ў Нямеччыне, — старшынём якой стаў былы консул БНР у Бэрліне А. Бароўскі. Адначасова былі адкрыты аддзяленьні Камітэту ў Познані і Лодзі, а пазьней — у Мюнхэне, Ляйпцыгу, Празе, Торуні і інш. Незалежна ад БКС[42] у Нямеччыне ў студзені 1940 г. быў створаны Беларускі камітэт у Генэральным губэрнатарстве зь сядзібай у Варшаве і двума аддзяленьнямі — у Белай Падляскай і Кракаве. Статутнай мэтай гэтых арганізацыяў было грамадзкае забесьпячэньне (галоўным чынам — сталоўкі) і культурна-асьветная дзейнасьць, між іншым, арганізацыя аматарскіх мастацкіх калектываў, лекцыяў і бібліятэк. У Варшаве чальцы Беларускага камітэту атрымлівалі харчовыя карткі лепшай катэгорыі, чым большасьць польскага насельніцтва, таму ў яго шэрагах апынулася нямала палякаў.[43]

На базе гэтых арганізацыяў утварылася некалькі згуртаваньняў, якія адлюстроўвалі палітычны расклад сілаў перад верасьнем 1939 г. Агульнай рысай гэтых групаў было жаданьне выступаць у ролі прадстаўнікоў беларускага народу і патэнцыйных палітычных партнэраў Нямеччыны і навязаць нямецкім уладам аптымальныя, на іх погляд, рэцэпты вырашэньня беларускага пытаньня пасьля спадзяванага разгрому СССР. Групы гэтыя імкнуліся здабыць у немцаў прызнаньне і падтрымку, разьлічваючы дасягнуць галоўнага палітычнага ўплыву ў Беларусі пасьля таго, як яе зоймуць нямецкія войскі. Разьвілася своеасаблівая канкурэнцыя за права выкарыстаньня найбольш абяцальных магчымасьцяў у апараце Трэцяга райху. Стаўкі былі розныя, бо аніводная нямецкая партыйная, вайсковая або ўрадавая інстанцыя ня ў стане была ясна выказацца наконт будучага лёсу Беларусі.

Рана распачаў такую дзейнасьць доктар Іван Ермачэнка[44] — галоўны дзеяч беларускага асяродзьдзя ў Празе. Там ён прыцягнуў да супрацоўніцтва старога Васіля Захарку — сымбалічнага лідэра БНР у эміграцыі, спадзеючыся такім чынам надаць сваім пачынаньням характар гістарычнай пераемнасьці. Пасьля заняцьця Чэхіі нямецкімі войскамі 20.4.1939 г. Гітлеру быў пасланы мэмарыял, апрацаваны Ермачэнкам і падпісаны Захаркам. З фрагмэнтаў, апублікаваных Васілём Раманоўскім, вынікае, што аўтар мэмарыялу зьвяртаўся да Гітлера з просьбай прыняць пад увагу беларускае пытаньне ў плянаваным разгроме і разьдзяленьні СССР. Мэмарыял гэты ня быў праігнараваны, пра што сьведчаць пазьнейшыя размовы Ермачэнкі і Захаркі з былым нямецкім амбасадарам у Празе Андарам фон Генке летам 1939 г. У выніку, беларускіх дзеячоў запрасілі 3.8.1939 г. на канфэрэнцыю ў міністэрстве замежных спраў у Бэрліне, дзе іх запэўнілі, што Нямеччына супрацьстаіць канцэпцыі «адзінай і непадзельнай Расеі». На гэтай канфэрэнцыі Ермачэнка і Захарка прадставілі сваю праграму беларуска-нямецкага супрацоўніцтва.

42

БКС — Беларускі камітэт самапомачы.

43

Па зьвестках «Раніцы» (1942. 22 сакавіка), у пачатку 1942 г. колькасьць сяброў Беларускага камітэту ў Варшаве складала амаль 6000. Мікола Ждановіч, былы сябра кіраўніцтва Камітэту, пацьвердзіў гэты факт у сваім паведамленьні, зробленым для аўтара 12.3.1977 г. Аднак колькасьць беларусаў у Варшаве ў 1940 г. складала ўсяго толькі каля 1000 чалавек, пра што даносіў Акінчыц у сваім рапарце ў Oststelle NSDAP 1.11.1940 г. На думку Ждановіча, кіраўніцтва Камітэту мірылася з такай сытуацыяй, бо ад колькасьці сяброў залежалі памеры фінансаваньня, выдзяленьне харчовай дапамогі і інш.

44

Іван Ермачэнка нарадзіўся 1.5.1894 г. у Капачоўцы Барысаўскага павету, скончыў гімназію ў Маскве, потым, у часе Першай сусьветнай вайны, афіцэрскую школу, служыў у расейскім войску, пад канец вайны быў ад’ютантам генэрала Ўрангеля, меў ранг палкоўніка. У 1920 г. эвакуяваўся ў Канстантынопаль, дзе з даручэньня ўраду БНР выконваў функцыі генэральнага консула на Балканах. У 1922 г. пераехаў у Прагу. Тут атрымаў мэдычную адукацыю (1929), займаўся лекарскай практыкай і палітычнай дзейнасьцю сярод беларускай эміграцыі. З 1938 г. — прыхільнік беларуска-нямецкага супрацоўніцтва. Пасьля Другой сусьветнай вайны жыў у эміграцыі ў ЗША. Памёр 25.2.1970 г.