Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 10 из 63

Ермачэнка ў 1940–1941 г. займаўся арганізацыяй беларускіх лекараў у Нямеччыне ў супрацоўніцтве з доктарам Ватэрам, які ў сярэдзіне 1941 г. заняў у міністэрстве акупаваных усходніх земляў пасаду загадчыка аддзелу, што сачыў за дзейнасьцю аддзяленьняў самапомачы на акупаваных землях СССР. Адначасова Ермачэнка працягваў кантакт з прафэсарам Мэндэ, маючы зь ім «частыя размовы наконт гісторыі і становішча на Беларусі». Прафэсар таксама заняў высокую пасаду ў міністэрстве Розэнбэрга. Гэтыя сувязі спрыялі будучай кар’еры Ермачэнкі.

Фабіян Акінчыц у сваю чаргу рабіў стаўку на партыю нацыянал-сацыялістаў і падтрымліваў кантакт зь яе ўсходнім аддзелам. Аднак шанцы яго паступова слабелі. Няўдалая спроба стварэньня беларускай партыі нацыянал-сацыялістаў, а таксама фіяска яго праекту па фармаваньні дывэрсійнай групы ў тыле нямецка-польскага фронту зрабілі яму славу афэрыста. У Акінчыца сярод беларускай эміграцыі было мала прыхільнікаў. Гэта стала адной з прычынаў распаўсюджваньня ягонай не найлепшай рэпутацыі. Таму неўзабаве пасьля прызначэньня на пост кіраўніка Беларускага прадстаўніцтва яго звольнілі і адсунулі на задні плян. Вясной 1940 г. Акінчыц узначаліў Беларускі камітэт у Варшаве, адсунуўшы з пасады ранейшага яго старшыню, доктара Мікалая Шчорса, аднак ужо ў сярэдзіне 1940 г. вымушаны быў пакінуць Варшаву. Сталася гэта пасьля ўмяшаньня ў справу варшаўскай службы бясьпекі (СД), якая вярнула Шчорса на ранейшае месца, бо, на думку былых кампэтэнтных дзеячоў Камітэту, «Шчорс хоць нешта зь сябе ўяўляў, у той час як Акінчыц — нічога».

У Бэрліне пры канцы 1940 і на пачатку 1941 г. Акінчыц пісаў ува ўсходні аддзел нацысцкай партыі даносы шмат на каго зь беларускіх эміграцыйных дзеячоў, рабіў прапановы іх выцясьненьня і замены сваімі людзьмі. У сваім рапарце ад 1.11.1940 г. ён прапанаваў, між іншым, праект заданьняў для беларускіх нацыянал-сацыялістаў, у якім прадугледжвалася:

- арганізацыя курсаў для падрыхтоўкі будучых палітыкаў, я адміністрацыйных дзеячоў, публіцыстаў і журналістаў;

- перанавучаньне ваеннапалонных беларускай нацыянальнасьці;

- арганізацыя курсаў ваеннай падрыхтоўкі, шпіёнскай і прапагандысцкай дзейнасьці супраць савецкай Беларусі, адпраўка перавучаных кадраў на тэрыторыю СССР для тэрарыстычных і сабатажных мэтаў.

Праект Акінчыца, напэўна, ня быў адкрыцьцём для нямецкіх органаў, аднак ён судзейнічаў яго прызначэньню. У пачатку 1941 г. яму даручылі назіраньне за лягерамі польскіх ваеннапалонных і вэрбоўку тутэйшых беларусаў. Акінчыцу было даверана кіраўніцтва т. зв. курсамі прапагандыстаў пад Бэрлінам, дзе праходзілі навуку «ідэалягічныя кіраўнікі» для працы на Беларусі. Гэта была т. зв. школа Акінчыца, выхаванцы якой («маладыя актывісты») павінны былі рыхтаваць падмурак да рэалізацыі яго палітычных плянаў на Беларусі.

Трэцяе згуртаваньне прадстаўляў малады лекар Мікалай Шчорс, актыўны дзеяч Беларускага студэнцкага саюзу 30-х г. у Вільні, яго колькігадовы старшыня, ідэалягічны паплечнік кс. Гадлеўскага. У гэтую групоўку ўваходзілі многія дзеячы ў Варшаве (кс. Вінцэнт Гадлеўскі, кс. Пётар Татарыновіч, Часлаў Халяўка, Мікалай Ждановіч, Баляслаў Манкевіч, Барыс Стрэльчык, Петар Ластаўка і інш.), у Бэрліне (Мікалай Шкялёнак, Анатоль Шкутка, С. Грынкевіч-малодшы, Мікола Абрамчык і іншыя), у Лодзі (Вітаўт Тумаш) і ў іншых асяродках. Галоўным ідэолягам гэтай групы быў Гадлеўскі, які выступаў як прадстаўнік Беларускага нацыянальнага фронту. У Варшаве ён выдаў палітычную праграму згуртаваньня, яна распаўсюджвалася сярод беларусаў Нямеччыны, Генэральнага губэрнатарства, Чэхаславаччыны і Францыі. Чальцы гэтай групы займалі пераважную частку кіраўнічых пасад у беларускіх камітэтах, яны ж былі ядром рэдакцыйнага калектыву «Раніцы».

19.6.1941 г. галоўныя дзеячы гэтай групы стварылі ў Бэрліне арганізацыю пад назвай «Цэнтар», якая фармальна прэтэндавала на ролю кіраўніка, плянавальніка і каардынатара дзейнасьці беларускай эміграцыі ў Нямеччыне і Генэральным губэрнатарстве. Старшынём «Цэнтру» стаў Шчорс, а яго сябрамі — Халяўка, Гадлеўскі, Шкялёнак, Шкутка і Тумаш. Аднак стварэньне «Цэнтру» ледзь не за пару дзён да нападу на СССР сьведчыла, што яго галоўнай мэтай была ня дзейнасьць сярод эміграцыі, а каардынацыя працы па ходу заняцьця немцамі беларускіх земляў. Такім чынам, гэта быў орган, які ў спрыяльных умовах зьбіраўся абвесьціць сябе часовым урадам Беларусі. Паводле паведамленьня Ждановіча, блізкага супрацоўніка Шчорса, разьмеркаваньне пасад у гэтым урадзе было прадугледжана загадзя, яго ядро павінны былі скласьці сябры «Цэнтру».

У адрозьненьне ад Ермачэнка і Акінчыца, група Шчорса для рэалізацыі сваіх мэтаў арыентавалася на вайсковыя колы (Абвэр) і СД. Іх лёгіку лёгка зразумець: беларускія землі зоймуць нямецкія войскі і неадкладнае стварэньне беларускага часовага ўраду стане фактам, які будзе адбівацца на далейшых паводзінах акупацыйных уладаў. З гэтага гледзішча тактыка Шчорса, Гадлеўскага і іх паплечнікаў ня розьнілася ад дзейнасьці Літоўскага фронту вызваленьня (Lietuvos Islaisvinimo Frontas), які пры падтрымцы Абвэру ўтварыў літоўскі часовы ўрад на чале зь Ёзасам Амбразявічусам.



Супрацоўніцтва групы Шчорса і Абвэру распачалося ў другой палове 1940 г. Яно грунтавалася на вярбоўцы і перасылцы ў савецкую Беларусь агентаў, падрыхтаваных у абвэраўскім цэнтры ў г. Суляювэк пад Варшавай. Не пазьней як вясной 1941 г. група Шчорса пачала вэрбаваць добраахвотнікаў у дывэрсійныя падразьдзяленьні Абвэру. Быў створаны 50-асабовы атрад, які пасьля вучобы ў Лямсдорфе пад Аполем 18.6.1941 г. быў перакінуты церазь мяжу ў раёне Сувалак з заданьнем выканаць дывэрсіі на чыгуначнай лініі Стаўпцы — Баранавічы.[45] Ініцыятарам гэтай акцыі быў ксёндз Гадлеўскі, які бачыў у стварэньні дывэрсійнай групы пачатак «першай штурмавой роты» і зародак нацыянальных узброеных сілаў. Варшаўскі камітэт пры супрацоўніцтве з СД сфармаваў таксама групу зь некалькіх дзясяткаў чалавек для кіраваньня будучымі органамі адміністрацыі і паліцыі неадкладна пасьля прыходу на Беларусь нямецкіх войскаў.

Варта заўважыць, што беларускі палітычны дзеяч Радаслаў Астроўскі,[46] які адыграў асабліва важную ролю ў гісторыі акупацыі Беларусі, займаў у гэты час чакальную пазыцыю і афіцыйна не далучаўся да ніводнай з гэтых групаў. На працягу шматгадовай палітычнай кар’еры ён прызвычаіўся загадзя не выкладаць сваіх картаў на стол. У гэтым сэнсе ён быў куды больш абачлівы, чым астатнія прэтэндэнты на ўладу ў Беларусі, асабліва ў параўнаньні з Шчорсам і кс. Гадлеўскім, чые ініцыятывы, як выявілася, ня мелі за сабой ніякіх сапраўдных гарантыяў і абавязаньня зь нямецкага боку. Зрэшты, у Астроўскага былі і іншыя прычыны, каб ня ўдзельнічаць у такім спаборніцтве напярэдадні нападу на СССР. Большасьць яго прыхільнікаў засталася на радзіме, а ў эміграцыі ў яго быў непрымірымы праціўнік — ксёндз Гадлеўскі, які ня мог дараваць Астроўскаму супрацоўніцтва з камуністамі ў 1924–1927 г., а потым — з польскімі ўладамі. У новай сытуацыі Астроўскі палічыў за лепшае пазьбягаць скандалаў і даносаў. Таму ён не ўвайшоў у групу «Цэнтар» і замацаваўся на сьціплай пасадзе кіраўніка лодзьскага аддзяленьня самапомачы, а пазьней — тутэйшай Vertauenstelle і чакаў адпаведнага моманту.

У беларускіх колах панавалі надзеі на падтрымку Трэцяга райху для справы беларускай дзяржаўнасьці. На гэтым фоне дзейнасьць Янкі Станкевіча,[47] ідэалягічна зьвязанага з Вацлавам Іваноўскім, была выняткам. Гэтыя дзеячы скептычна ацэньвалі шанцы Нямеччыны на перамогу, а акупацыю Беларусі разглядалі як часовую зьяву і гэтак жа, як і польскае падпольле, арыентаваліся на заходніх саюзьнікаў, адводзячы ім у сваіх прагнозах вызначальную ролю пры арганізацыі пасьляваеннага ладу ў Эўропе. Асабліва пажаданы быў, на іх думку, польскі саюзьнік, зь ім зьвязваліся надзеі на вывад беларускага пытаньня на міжнародную арэну на базе фэдэрацыйнай канцэпцыі. Гэтыя дзеячы разьлічвалі на магчымасьць пераадолець цяжкасьці, зьвязаныя галоўным чынам з разыходжаньнямі ў тэрытарыяльным пытаньні, і знайсьці шляхі да паразуменьня з польскім падпольлем.

45

Захаваўся пратакол, здабыты немцамі ў Менску, з тэкстам допыту савецкімі органамі аднаго з чальцоў гэтай дыверсійнай групы, Браніслава Валасэвіча. Ён быў чальцом польскага падпольля, уступіў у Беларускі камітэт у Варшаве, там яму дапамаглі знайсьці працу, а 10.6.1941 г. накіравалі на перанавучаньне ў Лямсдорф. Курс быў скончаны 13.6.1941 г. На допыце Валасэвіч назваў некалькі прозьвішчаў удзельнікаў сваёй групы (Сядынскі, Акінчык, Тачаноўскі, Станкевіч, Галчынскі). Увогуле церазь мяжу перакінулі ня ўсіх, а толькі 41 чалавека.

46

Радаслаў Астроўскі нар. 25.10.1897 г. у фальварку Запольле Слуцкага павету, скончыў гімназію ў Слуцку (1908), унівэрсытэт у Пецярбургу і Дэрпце (1908–1913), палітычны дзеяч у Слуцку і Менску (1917–1918), у войску ген. Дзянікіна (1920), дырэктар беларускай гімназіі ў Вільні (1924–1936), пераведзены ў адміністрацыйным парадку ў Лодзь (восень 1936). У лютым 1924 г. стаў заснавальнікам прапагандысцкага Польска-беларускага таварыства, пасьля яго распаду — супрацоўнік КП(б) Беларусі і КПЗБ, куратар падпольнага камсамолу ў гімназіі (1924–1925); чалец кіраўніцтва БСРГ і дырэктар Беларускага каапэратыўнага банку ў Вільні, празь які праходзілі сродкі з СССР на фінансаваньне Грамады (1925–1926); сябра КПЗБ (1926). Арыштаваны (студзень 1927) і абвінавачаны на працэсе Грамады. Зьмяніў свой палітычны кірунак і стаў арганізатарам і прапагандыстам супрацоўніцтва з санацыяй (1928–1936). Пасьля вайны — палітычны дзеяч у эміграцыі. Памёр 17.10.1976 г. у ЗША.

47

Ян Станкевіч нар. 26.11.1891 г. у вёсцы Арляняты Ашмянскага павету, скончыў беларускую гімназію ў Вільні (1921), унівэрсытэт у Празе. Доктар філязофіі (1926), выкладчык беларускай мовы ў Варшаўскім (1928–1932) і Віленскім (1927–1940) унівэрсытэтах, пасол польскага сойму (1928–1930), публіцыст, палітычны дзеяч, аўтар шматлікіх прац з мовазнаўства й гісторыі, пасьля вайны жыў на эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША, памёр 16.07.1976 г.