Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 8 из 63

Таксама безвыніковымі былі спробы Акінчыца па стварэньні на заходнебеларускіх землях беларускай партыі нацыянал-сацыялістаў. Прычынамі былі адсутнасьць шырокай падтрымкі нацысцкага руху з боку грамадзкасьці, а таксама абмежаваньні, што накладаліся на гэты рух польскімі адміністрацыйнымі ўладамі, якія не без падстаў падазравалі ў ім гітлераўскую агентуру. У выніку, Акінчыц у кастрычніку 1936 г. не атрымаў дазволу ўладаў на скліканьне зьезду беларускіх нацыянал-сацыялістаў, а на пачатку 1937 г. дзейнасьць гэтай групы была практычна забаронена. Адначасова забаронена было і выданьне часопіса «Новы шлях». Ацэньваючы дзейнасьць групы беларускіх нацыянал-сацыялістаў, Энгельгарт пісаў яшчэ ў час вайны, што яна ня мела значэньня.

Зацікаўленасьць беларускай праблематыкай выяўлялі таксама нямецкія навукова-дасьледчыя цэнтры. У 1937 г. ёю заняўся Нямецкі інстытут вывучэньня замежных праблемаў пры Бэрлінскім унівэрсытэце, у якім быў створаны беларускі сэктар разам зь бібліятэкай. Вывучэньнем беларускага пытаньня кіраваў прафэсар Гергард фон Мэндэ. Улетку 1937 г. разам зь некалькімі студэнтамі ён наведаў Вільню, дзе закупіў немалую колькасьць беларускіх кніжак для інстытуцкай бібліятэкі і правёў размовы зь беларускімі дзеячамі. Беларускім пытаньнем заняўся таксама Бэрлінскі інстытут вывучэньня граніц і замежных краінаў. Вынікі дзейнасьці абодвух інстытутаў прызначаліся, верагодна, для службовага карыстаньня, пра што сьведчыць мізэрная колькасьць публікацыяў іх працаў.

Супрацоўніцтва з групай Акінчыца, дасьледаваньні і кантакты зь беларускімі дзеячамі ў Вільні выяўлялі імкненьні Розэнбэрга стварыць на тэрыторыі Заходняй Беларусі палітычны пляцдарм для заплянаванага нападу на СССР. З гэтымі ж самымі мэтамі яшчэ больш шырокая падтрымка аказвалася заходнеўкраінскім арганізацыям і групоўкам. Спашлёмся па выказваньне Арно Шыкеданца, шэфа штабу Розэнбэрга, які пісаў у сваім мэмарыяле ад 14.6.1939 г. начальніку канцылярыі Райху Гансу Лямэрсу наступнае:

…Абсалютна ня выключана, што ў выпадку нямецка-польскага канфлікту саветы пад выглядам узброенай дапамогі Польшчы зоймуць гэтыя землі (заходнебеларускія і заходнеўкраінскія. — Ю. Т.), каб застацца ў іхніх межах. Пры такім новым падзеле Польшчы Вялікая Нямеччына страціла б, напэўна, найбольш абяцальныя пэрспэктывы разьдзяленьня Расеі, тады як адцягнуўшы ўвагу саветаў на пэўны час ад сумежных дзяржаваў, Нямеччына атрымала б немалую карысьць… Землі зь беларускім і заходнеўкраінскім насельніцтвам мелі б неацэннае значэньне як асяродкі і базы для глыбокага расколу Расеі… Гэта быў бы найбольш адпаведны момант для таго, каб увесьці абодва гэтыя народы ў арбіту нямецкіх інтарэсаў для адпору Расеі…

Мэмарыял Шыкеданца толькі нязначна апярэдзіў падпісаньне савецка-нямецкага пакту, што сьведчыла аб адсутнасьці каардынацыі паміж буйнейшымі дзеячамі Трэцяга райху ў галіне ўсходняй палітыкі, а таксама аб тым, што канцэпцыі Розэнбэрга і яго супрацоўнікаў ня мелі істотнага ўплыву на рашэньні Гітлера. Заключэньне гэтага пакту было для Розэнбэрга нечаканасьцю і шокам. 25.8.1939 г. ён пісаў у сваім дзёньніку:

Як жа мы можам яшчэ гаварыць аб ратаваньні і фармаваньні Эўропы, калі вымушаны прасіць дапамогі ў разбуральнікаў Эўропы?.. І калі мы вымушаны яшчэ перадаць Савецкаму Саюзу тэрыторыю польскай Украіны, дык гэта пасьля Карпацкай Украіны другі з нашага боку ўдар, скіраваны ў самую вялікую антымаскоўскую сілу.

Сапраўдны кірунак усходняй палітыкі Трэцяга райху было цяжка прадказаць нават сярод такіх тузоў, як Розэнбэрг і Шыкеданц. У гэтай сытуацыі ня так лёгка было маніпуляваць адрасаванай беларусам нямецкай прапагандай. «Новы шлях» — адзіны яе рупар на Беларусі — займаўся найбольш праблемамі грамадзка-гаспадарчай мадэлі нацыянал-сацыялізму, не закранаючы пытаньня стаўленьня Трэцяга райху да беларускай дзяржаўнасьці. Напэўна, гэтая акалічнасьць стала адной з галоўных прычын палітычнага банкруцтва Акінчыца. Усе астатнія заходнебеларускія арганізацыі і палітычныя групоўкі ставіліся да нацысцскай прапаганды абыякава або варожа. Гэта датычыла ня толькі КПЗБ[41] (распушчанай Камінтэрнам у жніўні 1938 г.) і кіраваных камуністамі легальных левых арганізацыяў, але і цэнтрысцкага, з народнафронтаўскімі тэндэнцыямі Беларускага народнага аб’яднаньня (БНА) і нават даволі актыўнай нацыяналістычнай групоўкі на чале з ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім, што гуртавалася вакол штотыднёвіка «Беларускі Фронт».

У 1936–1937 г. «Беларускі Фронт» шмат разоў выступаў адначасова і супраць камунізму, і супраць нацызму, даводзячы, што ніводзін з гэтых кірункаў

не нясе беларускаму народу незалежнасьці і сувэрэннасьці, але нясе яму залежнасьць і палітычную і эканамічную; і імкненьне да фізычнага і духоўнага зьнішчэньня беларускага народу, нясе няволю.

Падобныя погляды прапаведаваў орган студэнцкай групоўкі прыхільнікаў Гадлеўскага — часопіс «25 сакавіка», які акрэсьліваў нацызм як ворага беларускага народу. Рашуча выказвала антынаысцкія тэндэнцыі прэса БНА — «Chryscjanskaja Dumka» і «Шлях Моладзі».

Новыя тэндэнцыі ў беларускай віленскай прэсе пачынаюць назірацца ў 1938–1939 г. Адбываецца гэта над уплывам абвастрэньня палітычнай сытуацыі ў Эўропе (асабліва пасьля далучэньня Аўстрыі і падзелу Чэхаславаччыны), а таксама зьвязанай з гэтымі падзеямі гітлераўскай прапаганды, якая выстаўляла Трэці райх абаронцам інтарэсаў малых народаў і нацыянальных меншасьцяў. Немалое ўражаньне пры гэтым аказвалі чуткі аб рэгістрацыі ў Нямеччыне ўкраінцаў і беларусаў, пры якой ставіліся пытаньні адносна іх вайсковай кваліфікацыі і маёмасьці, канфіскаванай савецкімі ўладамі. Адначасова ў нямецкай прэсе зьявіліся паведамленьні пра дыскрымінацыйныя дзеяньні польскай улады ў адносінах да беларускага насельніцтва. Стваралася ўражаньне зацікаўленасьці немцаў беларускім пытаньнем. Усё гэта падмацоўвалася паведамленьнямі польскага друку аб падтрымцы, якую немцы нібыта аказвалі справе беларускай дзяржаўнасьці, аб уцягваньні беларусаў у калясьніцу нямецкай палітыкі. Асабліва красамоўныя былі данясеньні прэсы пра зьезд беларускіх дзеячоў з Польшчы, СССР, ЗША, Літвы і Эстоніі, які нібыта адбыўся ў чэрвені 1939 г. у Гданьску, каб разгледзець і падтрымаць прапанаваны нямецкім урадам плян стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы.



Сэнсацыі ў друку, якія ня мелі нічога супольнага з сапраўднымі плянамі бэрлінскага ўраду, паўтараліся беларускай прэсай, абуджаючы надзеі розных палітычных групаў на вырашэньне немцамі пытаньня беларускай дзяржаўнасьці. «Беларускі Фронт», які яшчэ ў 1937 г. адхрышчваўся ад нацызму, на пачатку 1939 г. зьмяніў свой палітычны кірунак. У чэхаславацкіх падзеях орган ксяндза Гадлеўскага бачыў

практычную рэалізацыю прынцыпу самавызначэньня нацыяў, якую ў найчысьцейшай форме прадэманстравала Нямеччына.

Газэта выказвала ўхвалу гітлераўскаму прынцыпу «ўлады правадыра» і ўсё часьцей зьвяртала ўвагу на зацікаўленьне Нямеччыны беларускім пытаньнем у кантэксьце яе пляну зьнішчэньня і разьдзяленьня СССР. «Беларускі Фронт» пісаў:

На наш погляд расчляненьня або падзелу Расеі на паасобныя нацыянальныя дзяржавы баяцца няма чаго: гэта ёсьць натуральны працэс нашых часоў.

Больш крытычна і цьвяроза ацэньвала сытуацыю прэса Беларускага народнага аб’яднаньня, аднак і яна не хавала задавальненьня з уяўных нямецкіх плянаў. У канцы 1938 г. «Chryscjanskaja Dumka» пісала ўва ўступным артыкуле «Нямецкія імкненьні і беларусы»:

Апошнімі часамі Нямеччына вельмі цікавіцца Усходняй Эўропай — СССР, дзе размешчаны Украіна і Беларусь… ня дзеля таго, што хоча памагчы ўкраінцам і беларусам збудаваць сваю дзяржаву, але дзеля таго, што гэтым спадзяецца разваліць СССР, адчыніць для свайго промыслу вялікі рынак збыту і дабрацца да хлебнага багацьця Украіны ды ляснога багацьця Беларусі… Гэта, аднак, ня значыць, што беларусы павінны ўжо цяпер баяцца нямецкіх плянаў і ўжо цяпер зь імі змагацца. Не! Трэба толькі ведаць, што няма нікому бескарыснай помачы і што найкарысьнейшая толькі ўласная сіла.

Дзеля гэтага ня можна сьлепа захапляцца Гітлерам, ані іншымі дабрадзеямі, бо кожны добры, але сьпярша для сябе, а пасьля для другога.

41

КПЗБ — Камуністычная партыя Заходняй Беларусі.