Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 58 из 63



Адной з мэтаў новага курсу Готбэрга стала актывізацыя нацыяналістычных настрояў сярод сяброў СБМ. Фармальна Саюз беларускай моладзі да канца акупацыі заставаўся ў распараджэньні генэральнага камісарыяту і таму апынуўся ў лепшым матэрыяльным становішчы, чым іншыя грамадзкія арганізацыі, што перайшлі пад кампэтэнцыю БЦР. Восеньню 1943 г. быў адкрыты яшчэ адзін навучальны цэнтар у Фларыянаве Баранавіцкай акругі, а ў пачатку 1944 г. — яшчэ дзьве школы ў Менску. Па-ранейшаму арганізоўваліся экскурсіі ў Нямеччыну. Пры гэтым колькасьць сяброў СБМ хутка ўзрасла. Нягледзячы на ўсе стараньні партызан, перашкодзіць разьвіцьцю СБМ ім не ўдалося. Уласная ўніформа і эмблемы, палітычная адукацыя, спэцыяльныя публікацыі, культурна-асьветная дзейнасьць, нарэшце, вайсковая муштра, каманды, лагеры і беларускія маршавыя песьні, якія загучалі на Беларусі ўпершыню і былі чымсьці абсалютна нечуваным ня толькі для моладзі, але і для старэйшых, — усё гэта прываблівала ў шэрагі СБМ новых і новых сяброў. Палітычнае значэньне Саюзу беларускай моладзі было значна большае за тое, што мелі аналягічныя арганізацыі ў Латвіі і Эстоніі.

Таму акруговыя камісары, якія ў сваіх справаздачах, як правіла, рэзка крытыкавалі БЦР, звычайна вельмі дадатна ацэньвалі дзейнасьць СБМ. Яны ўхвалялі ня толькі выхаваўчую працу ў беларускім нацыянальным духу, якую праводзіла гэтая арганізацыя, але і паступленьне моладзі на працу на заводах Люфтвафэ ў Менску і ў Нямеччыне. У чэрвені 1944 г., напярэдадні наступу Чырвонай Арміі, у Нямеччыну выехалі амаль 5000 сяброў СБМ, якія добраахвотна запісаліся ў дапаможную службу Люфтвафэ.

Гэрцаг, разглядаючы вынікі гэтай акцыі, заўважыў, што добраахвотнае паступленьне на дапаможную службу ў нямецкую армію летам 1944 г. — факт «амаль неверагодны». Ён дашукваўся прычын такой зьявы, спрабаваў вытлумачыць яе нянавісьцю да бальшавізму, цягаю да прыгодаў ці іншымі матывамі, аднак нідзе не абмовіўся аб прымусовых наборах. Далін, а таксама адзін з колішніх дзеячоў СБМ М. Лужынскі, які быў вучнем Маладэчанскай сярэдняй гандлёвай школы, пацьвярджаюць, што акцыя мела добраахвотны характар. Лужынскі апісваў, як у пачатку траўня 1944 г. у гэтую школу прыбылі акруговы кіраўнік СБМ Сьценьнік і лейтэнант паветраных сілаў Фэрман, які сказаў вучнёўскай грамадзе:

Сёньня разыгрываецца лёс усяе Эўропы, а таксама вашае Бацькаўшчыны. Беларусы ўжо стварылі сваю армію ў форме Беларускае Краёвае Абароны. Аднак мадэрная армія ня можа быць эфэктыўнай без свайго лётніцтва. Я заклікаю вас, юнакі, ісьці ахвотнікамі ў паветраныя збройныя сілы. Некаторыя з вас стануць пілётамі, іншыя — навігатарамі або бортмэханікамі.

І пайшлі — 46 хлапцоў.

Як паведаміў Янка Жамойцін, акруговы кіраўнік СБМ у Наваградку, у яго акрузе даводзілася нават стрымліваць напор моладзі, якая жадала служыць у Люфтвафэ. 16–20-гадовым хлопцам падабалася прыгожая лётчыцкая форма, яны думалі, што атрымаюць зброю, стануць лётчыкамі. Адзіным ідэалягічным матывам быў страх перад вяртаньнем Чырвонай Арміі.

Сярод дарослых таксама адзначаўся пэўны рост антысавецкіх і нацыяналістычных настрояў, аднак акрэсьліць іх дакладна цяжэй, чым у моладзевым асяродзьдзі. Так, у красавіку 1944 г. Готбэрг паведамляў, што шмат у якіх раёнах жыхары выказвалі жаданьне арганізаваць у сябе абаронныя вёскі, але зьдзейсьніць гэтыя пажаданьні было немагчыма толькі таму, што не хапала зброі. Менскі гарадзкі камісар Бэкер зь зьдзіўленьнем сьцьвярджаў, што 8000 жыхароў гораду добраахвотна, без прынукі выйшлі на пабудову ўмацаваньняў вакол гораду перад наступам Чырвонай Арміі. Бэкер адзначаў, што 80 % менчукоў «не вітала» набліжэньня савецкіх войскаў. Пэўная частка мясцовых жыхароў лепш згаджалася жыць у акупацыйных умовах і мець перад сабой імглістую нацыянальную пэрспэктыву, чым апынуцца зноў у савецкай рэчаіснасьці. Такія ж настроі несьлі з сабой і ўцекачы з усходу.

У гэтых адносінах цікава разглядзець справу БКА з увагі на яе шматвымернасьці. Мабілізацыя, бясспрэчна, была актам прымусовым, і, напэўна, большасьць прызыўнікоў не адчувала маральнай адказнасьці за сваю службу. Тым ня менш нельга абмінуць маўчаньнем і той факт, што 40 тыс., а паводле зьвестак Кушаля нават і 50 тыс., чалавек прыйшлі ўсё ж такі на прызыўныя камісіі БКА. Гэтыя людзі ведалі, што іх будуць выкарыстоўваць для барацьбы з савецкімі партызанамі, і не іх віна або заслуга, што не хапіла часу, каб даць ім зброю, і большай частцы давялося вярнуцца дадому, а ваяваць пайшлі толькі нямногія батальёны. У тагачасных умовах яны маглі пазьбегнуць мабілізацыі і сысьці ў партызаны. Гэтага, аднак, яны не зрабілі. Улады, безумоўна, пагражалі за такія ўчынкі рэпрэсіямі, але ў адваротным выпадку тыя самыя рэпрэсіі ўчынялі і партызаны. Цяжка таму спрачацца з тым, што мабілізацыя ў БКА стала сур’ёзным палітычным посьпехам Готбэрга і Астроўскага.



Варта таму прыгледзецца больш уважліва да таго, як паводзілі сябе гэтыя людзі ў дні наступу Чырвонай Арміі, які пачаўся 23 чэрвеня і разьвіваўся вельмі шпарка. 3-га ліпеня савецкія войскі ўвайшлі ў Менск, 5-га — у Маладэчна, 8-га — у Баранавічы, 9-га — у Ліду, а 16-га — у Горадню. Такім чынам, часу для эвакуацыі большасьці батальёнаў БКА было дастаткова. Але гэтая эвакуацыя ня толькі не праводзілася — яна нават не плянавалася; батальёны не атрымалі загадзя адпаведных загадаў. Перад тым, як пакінуць Менск, Готбэрг нібыта зьбіраўся загадаць акруговым камандзірам паліцыі адвесьці часьці БКА на Захад, аднак, на думку Кушаля, гэтыя камандзіры больш сьцераглі ўласную шкуру і шмат дзе абвесьцілі дэмабілізацыю батальёнаў БКА. Але ж гэта не зусім дакладна: пра такія рашэньні павінны былі ведаць акруговыя камісары, а ў справаздачах, якія складаліся пасьля эвакуацыі, на гэты конт нічога ня значыцца. Пасьля таго, як 27 чэрвеня зь Менску зьнік т. зв. нямецкі штаб сувязі БКА, Астроўскі і Кушаль не змаглі выдаць атрадам БКА аніякіх распараджэньняў.

Беларускія батальёны засталіся кінутыя на ўласны лёс і ў пошуках выйсьця кіраваліся пераважна загадамі сваіх камандзіраў. А. Вініцкі выпадкова аказаўся беспасярэднім сьведкам гэтых падзеяў у Баранавіцкай акрузе, і вось што ён пісаў:

Пад вечар 30-га чэрвеня я прыйшоў на пляц каля казармаў… і выпадкам быў сьведкам дэмабілізацыі батальёну, які налічваў каля 700 жаўнераў. Перад фронтам выстраеных ваякаў стаў камандзір батальёну. Пасьля кароткай інфармацыі аб заіснаваўшай сытуацыі на фронце ён скончыў гутарку так: «Хто паедзе з намі, дык застаецца на месцы ў шэрагу, а рэшта можа ісьці дамоў». Раптам жаўнерская маса ўзварухнулася і рынула ў казармы, каб забраць там свае рэчы і бегчы дамоў. На месцы ў шэрагу засталося 18 ваякаў, пераважна — падафіцэраў, а назаўтра на выезд зьявілася ўжо меншая іх колькасьць.

Такім чынам, тыя самыя людзі, што ў сакавіку паслухмяна ішлі на прызыўныя пункты, цяпер, калі ўлада пачала крушыцца, хутка пакінулі войска, у якое яна іх прызвала. За самы кароткі час, бяз бою, БКА перастала існаваць; толькі невялічкая частка салдат адышла на Захад. І гэтае адступленьне, як і добраахвотны запіс моладзі ў Люфтвафэ, на думку некаторых нямецкіх дасьледчыкаў, «амаль немагчыма было зразумець». Акруговы баранавіцкі камісар Вэрнэр адзначаў:

Палова сялян з абаронных вёсак эвакуявалася, а батальёны БКА ўцяклі.

Прыклад з БКА асабліва важны і характэрны: ён вельмі выяўна адлюстроўваў сьвядомасьць і тыповыя паводзіны «цьвярозых рэалістаў» — пераважнай большасьці грамадзтва, што пад славутай пасіўнасьцю прыкрывала сваё поўнае бясьсільле перад дзьвюма вялікімі армадамі, якія ў страшным двубоі вырашалі яе лёс. Насельніцтва, што апынулася паміж молатам і кавадлам, проста не магло ўвесь час адстойваць нейкія сапраўдныя палітычныя погляды, уся яго так званая пазыцыя зьмяшчалася ў адным слове — «выжыць!». Таму нярэдка здаралася, што вонкавыя праявы сымпатыяў і нават колер і фасон мундзіра ўводзілі ў зман: яны маглі быць і пранямецкія і прасавецкія. Салдацкая прысяга на вернасьць Беларусі ў тагачаснай сытуацыі мела для гэтых людзей ня большае значэньне, чым колішняя іх прысяга Польшчы альбо Савецкаму Саюзу. Зрэшты, ужо праз пару тыдняў, пасьля пераходу часткі салдат БКА ў шэрагі Чырвонай Арміі, яны маглі яшчэ раз выявіць сваю вернасьць. Такую «пазыцыю» прадвызначала не само насельніцтва, а пануючая ўлада — за апошнія некалькі гадоў яна зьмянялася занадта часта.