Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 57 из 63



Астроўскі, калі пачаў разьвіваць гэтую канцэпцыю, даволі рана прыйшоў да высновы, што менавіта Польшча магла б стаць галоўнай апорай яе рэалізацыі, і ўзяўся рыхтаваць глебу для будучага саюзу. Яго ня вельмі турбавалі ранейшыя няўдачы беларускіх дзеячоў у гэтай галіне, і ён не зьвяртаў увагі на польска-беларускія канфлікты ў правінцыі, якія абвастралі ўзаемную варожасьць. У студзені 1944 г. ён выступіў з прамовай, у якой заклікаў усе нацменшасьці на Беларусі прыняць удзел у супольнай барацьбе з бальшавізмам. У ГК АК гэты заклік успрынялі як прапанову польска-беларускага супрацоўніцтва. Адначасова акоўская выведка ў Менску выслала ў Варшаву паведамленьне, якое павінна было заахвоціць кіраўнікоў падпольля да перамоў з Астроўскім. Магчыма, ён сам быў яго ініцыятарам. А гаварылася ў ім вось аб чым:

Беларусы лічаць, што завэрбаваныя і ўзброеныя немцамі беларускія атрады неўзабаве пяройдуць на бок польскай арміі для супольнай барацьбы з Расеяй за ўсходнія крэсы. Беларусы, сярод якіх ёсьць былыя польскія, савецкія і нямецкія грамадзяне і якія цяпер займаюць самае высокае становішча, 2,5 гады працавалі ў савецкай Беларусі, пазналі ўплыў расейскага камунізму, пазналі патрэбы і жаданьні насельніцтва, і, што характэрна, амаль усе яны перакананыя, што лёс Беларусі будзе вырашаць Польшча, а не Расея. Польшча павінна зразумець, што беларускі і польскі народ, які 25 гадоў жыў за кардонам, сумаваў па ёй і чакаў яе прыходу. Параза Польшчы ў 1939 г. была для яго вялікім ударам, ён бедаваў аб Польшчы і яе нязьдзейсьненых спадзяваньнях. Аднак сёньня, асабліва пасьля абвастрэньня польска-савецкага канфлікту, вера ў Польшчу ажыла з даўняй сілай. Фраза «толькі Польшча нам паможа» ў кожнага на вуснах, толькі шэпчуць яе паціху. Традыцыі 1919–1920 г. не аслаблі.[139]

Аднак з Варшавы водгуку не было. Затое мабілізацыя ў БКА зрабіла тут значна большае ўражаньне, і ня дзіва — зь Менску ў Варшаву ішлі разьдзьмутыя зьвесткі, гаварылася нават аб стварэньні 200-тысячнага беларускага войска. Таму ў красавіку 1944 г. Астроўскі адчуваў сябе больш упэўнена і выслаў для перамоў у Варшаву свайго даверанага супрацоўніка Адама Дэмідэцкага-Дэмідовіча з новымі прапановамі. Размова павінна была весьціся аб заключэньні будучай беларуска-польскай фэдэрацыі, а ў дадзены момант, падчас вайны, — аб стварэньні беларускага прадстаўніцтва пры польскім лёнданскім урадзе: гэты ўрад рэпрэзэнтоўваў бы інтарэсы Беларусі на міжнароднай арэне.

Такія прапановы ўзбудзілі пэўнае зацікаўленьне. 2 траўня камандуючы АК паведамляў ураду:

Крызіс Беларускай цэнтральнай рады. Астроўскі шукае паразуменьня з нашымі палітычнымі коламі.

А 17 траўня даносіў:

Астроўскі і Кушаль, нягледзячы на пранямецкую тактыку, бачаць апору для Беларусі ў Польшчы.

Дэталёвае абгрунтаваньне мэтазгоднасьці супрацоўніцтва з Астроўскім ГК АК прывяло ў рапарце ад 20 траўня. У дакумэнце з разуменьнем гаварылася аб палітыцы БЦР і зьвязаных зь ёю дзеячоў, пісалася аб тым, што рабіць стаўку на заходніх саюзьнікаў ім ня мае сэнсу, бо тыя

пра беларусаў нічога ня ведаюць, дый справа беларуская — для іх не праблема.

У сувязі з гэтым Галоўнае камандаваньне падкрэсьлівала дадатную ролю Астроўскага, які, нягледзячы на супраціў у сваім грамадзтве, заклікае да беларуска-польскага супрацоўніцтва і мяркуе адвесьці беларускія ўзброеныя сілы на польскую тэрыторыю. 3 гэтага можна зрабіць выснову: Астроўскі выдатна разумеў, што ў найбліжэйшы момант яму давядзецца пакінуць Менск, таму лічыў сваю дзейнасьць на Беларусі зыходным пунктам для далейшай палітычнай гульні.

Астроўскі разыгрываў адначасова дзьве партыі: яўную — зь немцамі і патаемную — з палякамі. І пры ўсім тым не забываўся і пра савецкі варыянт.[140] У Менску ён займаў такую пазыцыю, якая дазваляла яму даволі празрыста і публічна гаварыць аб прынцыпах сваёй палітычнай тактыкі.

Мы не фантасты, а рэальныя палітыкі і, маючы 25-гадовы досьвед нацыянальнай трагедыі, добра разумеем, што пры сучасных абставінах беларускай нацыі, ідучы па шляху да зьдзяйсьненьня свайго найвышэйшага ідэалу, павінна шукаць сабе помачы з боку больш магутнага прыязнага суседа. Палітычная каньюнктура ў сучасны момант злажылася так, што гэтым апекуном-пратэктарам для беларускага народу ёсьць Нямеччына.

Менавіта ў гэты час ён распачаў тайныя перамовы з АК, значыць, чакаў зьмены палітычнае каньюнктуры.

З гледзішча галоўнай задачы, г. зн. барацьбы з партызанскім рухам, усе паліцыйныя (надзвычайнае становішча, спэцыяльная ахова Менску) і прапагандысцкія захады Готбэрга не прынесьлі жаданага посьпеху. Праўда, у Менску зьменшылася колькасьць дывэрсіяў, цэлыя партызанскія зоны ўдалося заблякаваць, але дабіцца пералому ў партызанскай вайне было ўжо немагчыма.[141] Дзейнасьць БЦР таксама не аказала на яе вялікага ўплыву. У красавіку 1944 г. Готбэрг паведамляў, што толькі невялікая частка насельніцтва Беларусі радасна сустрэла стварэньне БЦР, затое ў масе сваёй людзі занялі пазыцыю абыякавасьці або чаканьня. Падобнае меркаваньне выказваў і камісар Менскае акругі. Тое самае адбывалася і ў Баранавіцкай акрузе, якая лічылася за апірышча БЦР. Яе акруговы камісар Вэрнэр сьцьвярджаў, што вакол Рады гуртавалася толькі невялікая жменька інтэлігентаў, а большая частка беларусаў трымалася абыякава і пасіўна, галоўным чынам, з увагі на партызанскую пагрозу. Лідзкі камісар пісаў, што ў яго акрузе наогул не існавала БЦР і БКА.

Цікавыя заўвагі падае ў сваёй справаздачы глыбоцкі акруговы камісар Бахман:



Не магло быць ніякай гаворкі пра давер беларускага насельніцтва да БЦР.

На яго думку, адною з важкіх прычын гэтага былі канфлікты, зьвязаныя зь дзейнасьцю абранага «нешчасьлівай рукою» акруговага прадстаўніка БЦР Івана Касяка. Сваімі дзеяньнямі ён болей шкодзіў справе, чым дапамагаў, так што ў акрузе сярод беларусаў нават павялічыліся прапольскія сымпатыі. Бахман пісаў, што культурная праца апынулася ў застоі пасьля таго, як ёю пачаў загадваць прадстаўнік БЦР.

Спатрэбіўся ўвесь мой аўтарытэт, каб хоць працягваць культурную дзейнасьць, якую распачала нямецкая цывільная адміністрацыя.

Натуральна, стаўленьне насельніцтва да БЦР аб’ектыўна залежала ад ваенна-палітычнай сытуацыі. У гэты час ужо ні ў каго не заставалася ілюзій, канец акупацыі непазьбежна набліжаўся, і трэба было лічыцца з тым, што савецкая ўлада неўзабаве вернецца. Аднак гэта не азначала, што прапагандысцкія захады Готбэрга, у т. л. і БЦР, не прынесьлі ніякага плёну. Ужо сам факт яе стварэньня істотна ўплываў на рост нацыяналістычных тэндэнцыяў у грамадзтве. Нягледзячы на яе няпэўны статус, які звычайна мала каго бянтэжыў, на гэты орган глядзелі як на пэўную форму беларускага ўраду, як на праяву новай нямецкай палітыкі на Беларусі, урэшце, як на своеасаблівы прывілей, зроблены для яе. Язэп Малецкі, прадстаўнік Астроўскага ў Вялейцы, быў упэўнены, што за час панаваньня Готбэрга Беларусь у галіне дзяржаўнага будаўніцтва значна апярэдзіла краіны Прыбалтыкі і Ўкраіну, дзе такіх органаў стварыць не дазволілі. І гэта была даволі распаўсюджаная думка. У той час вярбоўка людзей для працы ў Нямеччыне вялася ўжо больш памяркоўнымі мэтадамі, і гэтыя перамены людзі таксама зьвязвалі з уплывам БЦР.

І сапраўды, новыя, больш канкрэтныя мэтады прапаганды лепш узьдзейнічалі на сьвядомасьць, чым колішнія дэклярацыі і выступленьні, якія не ўзбуджалі асаблівага даверу. Нарэшце перасталі замоўчваць дзейнасьць партызан, бо раней гэтай тэмы сарамліва пазьбягалі. Цяпер публікавалі паасобныя факты з адпаведнымі камэнтарамі, якія павінны былі скампрамэтаваць партызанскі рух у вачох грамадзкасьці. Пры гэтым асаблівы націск рабіўся на антыбеларускія выступленьні партызан, якія і сапраўды здараліся не адзін раз. Закіды прапаганды было няпроста аспрэчваць: паленьне партызанамі беларускіх школаў, забойствы і запалохваньне настаўнікаў — усё гэта былі сапраўдныя факты, зь якіх рабіліся высновы аб тым, што такая дзейнасьць супярэчыла элемэнтарным нацыянальным інтарэсам, у прыватнасьці, разьвіцьцю беларускай нацыянальнай школы.[142] У адным з выступленьняў Астроўскі дэмагагічна абвясьціў, што сам пайшоў бы ў партызаны, каб толькі меў пэўнасьць, што яны змагаюцца за незалежнасьць Беларусі.

139

Гэта была адзіная інфармацыя зь Беларусі такога зьместу, бо рапарт, відаць, быў зроблены на спэцыяльнае заданьне. Іншыя паведамленьні АК сьведчылі аб росьце сярод беларусаў прасавецкіх настрояў і варожасьці да палякаў. Імаверна, што аўтарам гэтай інфармацыі быў Вітальд Буткевіч альбо Адам Дэмідэцкі-Дэмідовіч, у пачатку 1944 г. — чалец AK і супрацоўнік Астроўскага, удзельнік Другога ўсебеларускага кангрэсу.

140

Паводле паведамленьня, зробленага мне Анэляй Катковіч, яе даўняя прыяцелька зь Віленскай беларускай гімназіі Дуня Казёл пасьля вайны прыяжджала два-тры разы з БССР у Польшчу і расказвала, што ў 1944 г. у Менску на загад Астроўскага яна перадавала савецкім партызанам даручаныя ёй інфармацыі наконт БЦР і што пасьля вайны за гэтую дзейнасьць яна павінна была атрымаць нейкі мэдаль. Спраўдзіць гэтую інфармацыю ў маіх умовах нельга, аднак прыклад Баляслава Пясэцкага з генэралам Сяровым сьведчыць, што такая магчымасьць не была выключана.

141

У тым ліку была i апэрацыя «Fruhlingfest», праведзеная вясною 1944 г. у раёне Полацку і Лепеля. Нягледзячы на моцную авіяцыйную падтрымку з-за лініі фронту (толькі за адну ноч на партызанскім лётнішчы Сарочына прызямлілася каля 100 савецкіх самалётаў), партызаны панесьлі вялікія страты: 7011 чалавек загінула ў баі, 6928 — трапіла ў палон, а 349 перайшло на бок немцаў. Тым ня менш каля 4000 партызанаў здолела выйсьці з абкружэньня.

142

У Слонімскай акрузе партызаны спалілі агулам 80 школаў і забілі, выгналі, забралі пэўную колькасьць настаўнікаў. У выніку гэтых дзеяньняў вясною 1944 г. у Наваградзкай акрузе не працавала амаль палова школаў, а ў Менскай акрузе — каля 80 %.