Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 59 из 63



Пераважная частка беларускага грамадзтва прадчувала блізкую зьмену гэтай улады і таму ня вельмі цягнулася да БЦР. Нягледзячы на гэта, моцны парыў нацыяналізму ня мог не пакінуць сьледу ў людзкой сьвядомасьці. Міт пра будаўніцтва беларускай дзяржавы і войска, арганізацыю нацыянальных установаў і скліканьне кангрэсу так удала быў пушчаны Готбэргам і Астроўскім, што жыве і да сёньняшняга дня.

Дзейнасьць БЦР у Нямеччыне

Летам 1944 г. Чырвоная Армія дасягнула лініі Віслы, а войскі заходніх хаўруснікаў здабылі Парыж і наблізіліся да нямецкай мяжы. Разгром Трэцяга райху стаў справаю найбліжэйшай будучыні. Толькі ў гэтай сытуацыі ў штабе Гімлера высьпела канцэпцыя стварэньня супольнага антыбальшавіцкага фронту народаў Расеі пад камандаваньнем генэрала Уласава. Туды павінны былі ўвайсьці ня толькі расейцы, але і ўкраінцы, беларусы і г. д. Нямеччына ўжо страціла амаль усю тэрыторыю СССР, таму для барацьбы з Чырвонай Арміяй немцы меркавалі выкарыстаць усходніх работнікаў, ваеннапалонных альбо ўцекачоў, што апынуліся на тэрыторыі Райху. Ставіўся разьлік і на прапагандысцкі эфэкт, нават на антысталінскую рэвалюцыю ў СССР. Першае спатканьне Гімлера з Уласавым было прызначана на канец ліпеня, але ў гэтыя пляны ўварваўся замах на Гітлера, таму сустрэчу давялося адкласьці.

Тым часам Розэнбэрг па-ранейшаму трымаўся думкі, што галоўным матывам супрацоўніцтва нерасейскіх народаў СССР зь немцамі была надзея на стварэньне ўласных нацыянальных дзяржаў, незалежных ад расейскага ўплыву. Таму ён прадбачыў, што прадстаўнікі гэтых народаў будуць супраць гімлераўскага праекту, які прадугледжваў падпарадкаваньне іх нацыянальных органаў і вайсковых часьцей Уласаву. І хаця канчатковая мэта абедзьвюх канцэпцыяў была тая самая — г. зн. абарона Нямеччыны ад чырвоных войскаў, — але сродкі яе дасягненьня прынцыпова адрозьніваліся. Гітлер цяпер не займаў цьвёрдай пазыцыі ў гэтай справе: ён не падтрымліваў і не перашкаджаў Гімлеру і Розэнбэргу ажыцьцяўляць іх праекты, якія ўжо не маглі перамяніць сытуацыю.

Падобна на тое, што меркаваньні Розэнбэрга падзяляла Галоўная ўправа СС. Пра гэта сьведчыць адзін цікавы факт: у лінеш, калі Гімлер плянаваў правесьці першае спатканьне з Уласавым, у рамках яго ведамства ўзьнік спэцыяльны аддзел, т. зв. Freiwilligen-Leitstelle Ost (Аддзел добраахвотных сілаў з Усходу), над кіраўніцтвам штурмбанфюрэра СС доктара Фрыца Арльта. Задачаю новага органа стала арганізацыя ўсходніх вайсковых фармаваньняў. Арльт падзяліў свой аддзел на шэраг нацыянальных сэктараў, сярод якіх быў і беларускі. Па ўсім было відаць, што для кожнай нацыянальнасьці меркавалася стварыць асобныя часьці Waffen-SS. У ОМі таксама былі створаны асобныя падсэкцыі (Leitstelle), якія павінны былі сачыць за нацыянальнымі арганізацыямі, разьмешчанымі ў Нямеччыне. Кіраўніком беларускай сэкцыі (Weissruthenische Leitstelle) стаў доктар Любэ.

Усе гэтыя арганізацыйныя зьмены распачаліся ў момант адступленьня нямецкіх войскаў зь Беларусі, таму Астроўскі падчас ад’езду зь Менску яшчэ нічога пра іх ня ведаў. Ён, безумоўна, прадбачыў, што немцаў пагоняць зь Беларусі, аднак ня думаў, што гэта станецца так хутка і ператворыцца ў сапраўдны разгром. Яго плян арганізаванай эвакуацыі войска быў перакрэсьлены, а разам зь ім патанулі і ўсе далейшыя палітычныя камбінацыі. Ён стаў палкаводцам бяз войска — не было чаго і разьлічваць на кантакт з польскім падпольлем, якое пасьля сутыкненьня з Чырвонай Арміяй само апынулася ў крызісе. Мяркуючы па ўсім, у гэты час ён лічыў, што роля БЦР скончылася, ці, у найлепшым выпадку, стала пад пытальнік.

Паасобныя дэталі эвакуацыі пацьвярджаюць, што БЦР у гэты час апынулася ў няпэўным становішчы. 30 чэрвеня Рада БЦР пакінула Менск. Большасьць яе сяброў скіравалася ў Кёнігсбэрг. Тым часам Астроўскі адкалоўся ад сваіх сяброў і вярнуўся ў Лодзь, куды пераехаў і Кушаль. БЦР рассыпалася на часткі. Аднак гэтае няпэўнае становішча працягвалася нядоўга. Ужо прыкладна 10 ліпеня Кох даручыў Бэкеру, які акурат тады прыбыў у Кёнігсбэрг, перавезьці сяброў Рады ў Бэрлін і перадаць іх у распараджэньне ОМі. Астроўскага адшукалі ў Лодзі, і 12 ліпеня ён апынуўся ў Бэрліне. Усе гэтыя абставіны ўказваюць на тое, што дзейнасьць БЦР у Нямеччыне была ўзноўлена на загад ОМі.

Толькі пасьля таго, як Рада пераехала ў Бэрлін, Розэнбэрг прызнаў яе за «выключнае і адзінае прадстаўніцтва беларускага народу». У новых умовах Розэнбэрг вызначыў для БЦР новую палітычную ролю, таму прызнаньне, на якое ОМі не магло рашыцца зь сьнежня 1943 г., наступіла толькі цяпер. У адрозьненьне ад прадстаўнічых органаў іншых усходніх народаў, Рада была створана ў краі, а не ў эміграцыі і магла спаслацца па мандат Другога ўсебеларускага кангрэсу. Адсутнасьць адпаведнага дэкрэту ОМі, які ўва ўмовах акупацыі па сутнасьці рабіў Раду бяспраўным органам, цяпер станавілася козырам, маўляў, законнасьць БЦР грунтуецца на волі народу, а не на распараджэньні акупацыйнай улады. Больш за гэта, зараз можна было ахарактарызаваць дзейнасьць Рады ў эміграцыі як вынік будаўніцтва беларускай дзяржавы пад нямецкай акупацыяй, перарваны прыходам Чырвонай Арміі.

20 жніўня, неўзабаве пасьля таго, як Розэнбэрг прызнаў БЦР, Астроўскі абвесьціў пратэст, адрасаваны «ўсім урадам і народам сьвету» ў сувязі з тым, што Беларусь занялі савецкія войскі.

Гэтыя акты бальшавіцкай Масквы БЦР разглядае як новае гвалтоўнае парушэньне міжнароднага права. Цяперашнюю акупацыю бальшавікамі тэрыторыі Беларусі БЦР разглядае як часовую ваенную акупацыю і мабілізуе ўвесь беларускі народ як у краі, так і за ягонымі межамі да хутчэйшага вызваленьня свае Бацькаўшчыны.

Такім чынам, БЦР і пасьля эвакуацыі не перастала быць інструмэнтам прапаганды, толькі ня Готбэрга, а Розэнбэрга. Гэты пратэст, хаця і адлюстроўваў сапраўдную пазыцыю БЦР, несумненна, нарадзіўся зь ведама і ўхвалы Розэнбэрга, інакш ён папросту ня быў бы апублікаваны.

Рэальныя задачы і паўнамоцтвы Рады на тэрыторыі Нямеччыны былі вызначаны ў інструкцыі ОМі. Яны зводзіліся да гэткіх палажэньняў:



1) Барацьба з бальшавізмам шляхам:

- удзелу ў падрыхтоўцы да стварэньня беларускіх вайсковых фармаваньняў;

- удзелу ў стварэньні партызанскіх групаў за лініяй фронту;

- актыўнай прапагандысцкай дзейнасьці сярод беларускіх работнікаў.

2) Аб’яднаньне ўсіх беларусаў у Саюзе вызваленьня Беларусі (гэты Саюз павінна была стварыць БЦР. — Ю. Т.).

3) Культурная, сацыяльная і праўная апека над усімі беларусамі ў Нямеччыне.

4) Моладзевая праца (СБМ, вайсковая дапаможная служба).

5) Жаночая праца.

Грамадзкай базай для дзейнасьці БЦР павінна было стаць беларускае насельніцтва, якое апынулася ў Нямеччыне альбо на тэрыторыі Польшчы і Чэхаславаччыны, што заставаліся яшчэ пад нямецкай акупацыяй. Пераважную частку гэтых людзей немцы гвалтоўна вывезьлі зь Беларусі на прымусовую працу, іх агульная колькасьць дасягала 378 тыс. чалавек. Апрача таго, у Нямеччыне знаходзілася некалькі тысяч маладых людзей, якія паступілі ў дапаможную службу Люфтвафэ, а таксама нешматлікая даваенная эміграцыя. Такім чынам, у суме атрымлівалася нешта каля 400 тыс. чалавек, прычым сярод выхадцаў зь Беларусі пэўную частку складалі польскія і расейскія работнікі. У ліпені ў гэтую масу ўлілося некалькі дзясяткаў тысяч уцекачоў, так што агульная колькасьць беларусаў у Нямеччыне і на акупаваных землях дасягала 500 тысяч.

Культурнай і сацыяльнай апекай ад імя БЦР павінны былі займацца бэрлінскае Беларускае прадстаўніцтва (Vertrauenstelle) і Камітэт самапомачы. Абедзьве арганізацыі мелі свае аддзелы ў найбуйнейшых беларускіх асяродках. Цяпер і адна і другая былі падпарадкаваны БЦР. Толькі зараз, у Нямеччыне, пад кіраўніцтва Рады быў пераведзены СБМ. Яго штаб зь Менску пераехаў у Тропаў у Судэтах. Дзейнасьць Рады ў гэтых галінах зводзілася толькі да пераказваньня нямецкім уладам сваіх пажаданьняў. Стараньнямі БЦР быў атрыманы дазвол на адкрыцьцё беларускіх школаў пры ўмове, што такое жаданьне выкажуць бацькі ня менш як 20 дзяцей школьнага веку. Некалькі такіх школаў і сапраўды было адчынена. У верасьні 1944 г. пры бэрлінскай арганізацыі «Вінэта» была створана гастрольная тэатральная трупа пад назвай «Жыве Беларусь», якая ў лістападзе — сьнежні дала 46 прадстаўленьняў у розных эміграцыйных беларускіх асяродках. Арганізавана таксама і рэлігійнае жыцьцё. Увосень 1944 г. у Нямеччыне выходзілі тры беларускія пэрыёдыкі — «Раніца» (яе апошні нумар выйшаў 21.3.1945 г.), «Малады Змагар» (для моладзі) і «Беларускі Работнік», а радыёстанцыя ў Гамбургу да сакавіка 1945 г. вяла штодзённыя 15-хвілінныя перадачы на беларускай мове.