Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 30 из 63

Тым ня менш, незалежна ад тых альбо іншых настрояў людзей, якія на пераважнай частцы беларускай тэрыторыі мусілі выконваць яшчэ і нямецкія распараджэньні, партызаны так альбо іначай здабывалі сабе ўсё большую павагу. У такіх складаных умовах, калі ўлада зьмянялася часта, галоўным клопатам вяскоўцаў было захаваньне жыцьця і рэшткаў маёмасьці. Таму, у залежнасьці ад сытуацыі, народ ішоў у партызанскія атрады і забясьпечваў іх харчамі, фуражом, адзеньнем і інш. Савецкія аўтары сьцьвярджаюць, што гэта рабілася цалкам па добрай волі. Прынцыпова не пярэчылі гэтаму і тагачасныя нямецкія крыніцы, у іх рэдка натуюцца факты прымусовага ўступленьня ў партызаны. Нельга, аднак, сьцьвярджаць адназначна, што гэта заўсёды рабілася добраахвотна.

Сілы савецкіх партызан на Беларусі пад канец 1942 г. налічвалі каля 50 тыс. добра ўзброеных людзей, якія кантралявалі амаль 30 % тэрыторыі краіны і ўжо тады маглі наносіць акупантам значную шкоду. Напэўна, такой колькасьці людзей было дастаткова, каб выконваць плянавыя заданьні. Пра гэта сьведчыць раней прыведзены факт, калі партызаны пераправілі для службы ў Чырвонай Арміі 20 тыс. мужчын, мабілізаваных на Віцебшчыне ўлетку 1942 г. Таму далейшае разьвіцьцё партызанскага руху і яго перарастаньне ў т. зв. «усенародную барацьбу з нацыстамі» адлюстроўвала, галоўным чынам, палітычныя ўстаноўкі КП(б)Б, скіраваныя на тое, каб паглыбіць сярод беларускага насельніцтва адчуваньне прысутнасьці савецкай улады і яе магутнасьць. Пры такіх абставінах пасьля першага, даволі стыхійнага і не заўсёды дастаткова скаардынаванага парыву ў пачатку 1943 г. партызанская дзейнасьць на Беларусі пачала прымаць больш рэгулярныя, плянавыя формы. У прыватнасьці, у атрадах пачалася барацьба за ўзмацненьне дысцыпліны і выкараненьне бандытызму і г. д. Важную ролю тут адыграла перамога Чырвонай Арміі пад Сталінградам, якая набліжала пэрспэктыву вяртаньня савецкай улады.

Зьмянілася стаўленьне да тэрарыстычнай дзейнасьці партызан. З аднаго боку, яна ўтрымлівала насельніцтва ў страху і падпарадкаваньні, з другога — спараджала шмат нявінных ахвяр і пабуджала людзей да справядлівай самаабароны. У канцы лютага 1943 г. ЦК КП(б)Б, урад і прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР выдалі адозву пад назваю: «Старастам, паліцыянтам і чыноўнікам гарадзкіх упраў і камэндатур, усім тым, хто быў ашуканы нямецкімі акупантамі, хто з страху служыць ворагу». Улады рэспублікі зьвярталіся да іх з заклікам да супрацоўніцтва з партызанамі і абяцалі за гэта прабачэньне. Аднак на самай справе такое рашэньне савецкіх уладаў, якое адмяняла ранейшыя, пераважна злачынныя, практыкі расстрэлаў старастаў, сялян ці настаўнікаў, было прынята раней, прыкладна — пад канец сьнежня 1942 г. Пра гэта сьведчыць данясеньне нямецкай паліцыі ад 8.1.1943 г. — напісана яно з дакладнасьцю, якая гаворыць пра неблагую агентурную працу ў партызанскіх атрадах:

Паводле дырэктывы, нібыта перасланай з Масквы, чальцы бандаў павінны цяпер лагодна абыходзіцца з цывільным насельніцтвам. Бурмістраў і раённых кіраўнікоў, а таксама чальцоў мясцовых ахоўных атрадаў болей не павінны расстрэльваць, але перш за ўсё пераправаджаць іх у бандыцкія лягеры на допыты і разборы. У лягерах арыштантаў будуць намаўляць да супрацоўніцтва. У выпадку згоды іх павінны адпусьціць на волю, на месца свайго пасяленьня, з адпаведнымі заданьнямі.

Зьмена адносін да нядаўніх «здраднікаў савецкай радзімы» была цесна зьвязана з імкненьнем уладаў БССР надаць партызанскай барацьбе «ўсенародны характар» — дзеля гэтага неабходна было, каб яна распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі рэспублікі. А тым часам тут па-ранейшаму захоўвалася значная нераўнамернасьць. Праўда, партызанскія атрады засылаліся з Усходняй Беларусі ў Заходнюю, пасьпяхова выконвалі свае заданьні, але масавага наплыву тутэйшага жыхарства ў лясное войска да канца 1942 г. не назіралася. Паводле зьвестак Беларускага штабу партызанскага руху, на пачатку 1943 г. па ўсёй Беларусі налічвалася 56,7 тыс. партызан, пры гэтым у заходняй частцы рэспублікі, якая да 1939 г. знаходзілася пад Польшчай, іх было 11,1 тыс. чалавек. У пераліку на 10 тыс. жыхароў (прымаючы пад увагу ўмоўна дадзеныя 1941 г.) тут выпадала 23 партызаны, у параўнаньні з 86 — ува Усходняй Беларусі. Але на самай справе, калі ўлічыць вынікі эвакуацыі насельніцтва ў абедзьвюх частках краю, гэты паказчык аказваўся на ўсходзе ў 5–6 разоў вышэйшы, чым на захадзе.

Такой вялікай разьбежнасьці нельга вытлумачыць выключна паводзінамі немцаў — паўсюдна на Беларусі яны, у прынцыпе, былі аднолькавыя. Ня трэба пераацэньваць і рознасьць грамадзкай сытуацыі на гэтых тэрыторыях. У Заходняй Беларусі тут, у пэўным сэнсе, былі нават лепшыя ўмовы для разьвіцьця партызанскага руху, чым на ўсходзе. Восеньню 1942 г. нямецкая служба бясьпекі адзначала «нечаканыя сымпатыі» да партызан сярод заходнебеларускіх малазямельных сялян пасьля скасаваньня савецкай аграрнай рэформы і аднаўленьня на вёсцы клясавых супярэчнасьцяў. Не зусім пераканаўча гучыць і сьцьверджаньне савецкіх гісторыкаў, што такая сытуацыя з партызанскім рухам у Заходняй Беларусі склалася, маўляў, з прычыны хуткай эвакуацыі савецкіх уладаў і нешматлікіх партыйных і камсамольскіх кадраў, што ўлетку 1941 г. стрымлівала арганізацыю падпольных структур. Ход падзеяў ува Усходняй Беларусі паказаў, што галоўным імпульсам у разьвіцьці партызанскага руху на гэтай тэрыторыі былі рашэньні і дзеяньні савецкіх уладаў вясною 1942 г.



Некаторыя важныя акалічнасьці сьведчаць аб тым, што ў гэты пэрыяд савецкія ўлады сьвядома ўстрымліваліся ад інтэнсыфікацыі партызанскага руху ў Заходняй Беларусі з увагі на адносіны з польскім эміграцыйным урадам генэрала Сікорскага. На працягу 1942 г. на гэтых землях ішло разьвіцьцё польскага ўзброенага падпольля, а ўжо ў другім паўгодзьдзі былі створаны першыя атрады Арміі Краёвай. І хаця польскія і савецкія ўлады ў аднолькавай ступені лічылі Заходнюю Беларусь за частку сваёй дзяржаўнай тэрыторыі, аднак мусілі прытрымлівацца міждзяржаўных дамоўленасьцяў, падпісаных у ліпені і сьнежні 1941 г., якія прадугледжвалі, між іншым, ваеннае супрацоўніцтва. Сытуацыя была складаная, і Галоўнае камандаваньне АК, незалежна ад сваіх генэральных плянаў і розных тактычных агаворак, загадала перайсьці да цеснага супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі. Як паведамляў камандзір Наваградзкай акругі АК падпалкоўнік Януш Праўдзіц-Шляскі, у 1942 г. паміж прадстаўнікамі польскага і савецкага ўзброенага падпольля былі праведзены перамовы з мэтай наладзіць добрыя стасункі.

Можна дапусьціць, што і савецкія ўлады былі зацікаўлены ў тым, каб здабыць сымпатыі палякаў. Пра гэта сьведчаць ня толькі прыгаданыя перамовы з прадстаўнікамі польскага руху супраціву, але і цалкам адрознае стаўленьне савецкіх партызан да беларускіх і польскіх жыхароў, што «супрацоўнічалі» зь немцамі. У ліпені 1942 г. нямецкая служба бясьпекі зь зьдзіўленьнем адзначала, што на тэрыторыі Беларусі ў часе расстрэлаў бурмістраў, сялян, паліцыянтаў і інш. савецкія партызаны ашчаджаюць палякаў, вяртаюць ім адабраную жывёлу, а польскім каталіцкім ксяндзам дастаўляюць харчы. Пры такой атмасфэры савецкія партызаны атрымлівалі часам дапамогу ад палякаў, сярод якіх былі і службоўцы мясцовай адміністрацыі.[89] Аднак, думаецца, што горкі досьвед, набыты ў 1939–1941 г., не спрыяў шырокаму распаўсюджаньню ідэі такога супрацоўніцтва. Ды, зрэшты, у панараме тагачасных узаемадачыненьняў былі таксама і іншыя прыклады: здараліся забойствы колішніх уладальнікаў маёнткаў, якія цяпер лічыліся іхнімі адміністратарамі. Цяжка вызначыць, напэўна, што было прычынаю кожнага такога здарэньня: загад партызанскага камандаваньня, помста мясцовых сялян або проста выпадковасьць.

Засталося вельмі мала дэталяў тагачаснага супрацоўніцтва паміж польскім і савецкім узброеным падпольлем у Заходняй Беларусі. Ні польскія, ні савецкія гісторыкі не ўдзялялі гэтай праблеме асаблівай увагі, ацэньваючы яе галоўным чынам праз прызму пазьнейшай варожасьці. Затое нямецкая выведка пільна сачыла за кантактамі польскага і савецкага супраціву. У студзені яна паведамляла, што кіраўнікі польскага падпольля пачалі тлумачыць сваім мясцовым суродзічам, што трэба ісьці на супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі, бо з СССР заключана пагадненьне, паводле якога Польшча будзе адроджана пасьля вайны ў даверасьнёўскім абшары. У ліпені адзначалася, што збліжэньне польскага і савецкага руху супраціву расьце «з дня па дзень» у арганізацыйнай і апэрацыйнай галіне. Паводле сьведчаньняў Праўдзіца-Шляскага, такія супольныя партызанскія апэрацыі былі рэдкасьцю, апошняя зь іх — напад на пост жандармэрыі ў Жалудку — адбылася вясною 1943 г.

89

Камандзір партызанскага атраду «Спартак» дакладваў, што 24.9.1942 ён сустрэўся з кіраўніком Браслаўскага павету Васілеўскім і яго намесьнікам Кавалеўскім, якія паведамілі, што гатовыя да супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі і даставілі 2 кулямёты, 7 вінтовак, 5 пісталетаў, больш за 5 тыс. патронаў, а таксама інфармацыю аб перамяшчэньнях карнага атраду і іншыя зьвесткі.