Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 29 из 63

Магчыма, што аслабленьне ваенных апэрацыяў, якое даволі доўга працягвалася на цэнтральным участку фронту, пабудзіла партызан да асабліва актыўных выступленьняў супраць гаспадарчых і палітычных захадаў акупацыйных уладаў. Зыходным пунктам гэтых выступленьняў стала барацьба зь мясцовай адміністрацыяй, створанай немцамі. Спашлемся на рапарт Цэнтральнага штабу партызанскага руху ад 9.12.1942 г., дзе гэтая задача стаіць на першым месцы сярод усіх астатніх у дзейнасьці партызанскіх атрадаў на Беларусі. Таму ўвесну 1942 г. пачаліся напады партызан ня толькі на вайсковыя, але і на гаспадарчыя аб’екты, а таксама на валасныя ўправы, пры гэтым супрацоўнікі акупацыйных установаў караліся сьмерцю як здраднікі і ворагі савецкай айчыны. Паводле сьведчаньняў Розэнбэрга на Нюрнбэрскім працэсе, на Беларусі ад рук партызан загінула 500 «бурмістраў» разам зь сем’ямі.[87]

Пры такіх абставінах ужо ў чэрвені 1942 г. на Беларусі аказалася шмат раёнаў, дзе валасная ўлада перайшла да партызан. Неўзабаве пазыцыя нямецкіх уладаў пахіснулася яшчэ больш, так што пад канец 1942 г. партызаны трывала займалі абшар плошчаю 15 тыс. кв. км і кантралявалі амаль 50 тыс. кв. км, г. зн. ледзь не 30 % тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым усё цяжэй і цяжэй было спаганяць з насельніцтва харчовыя паставы, шмат у якіх раёнах даводзілася рэквізаваць іх з дапамогаю войска і паліцыі. Лясныя атрады найчасьцей нападалі на сельскія гаспадаркі. І калі ў траўні 1942 г. на ўсім абшары Генэральнай акругі Беларусь іх налічвалася 965, дык ужо пад канец году пад нямецкім кантролем заставалася толькі 312 — рэшту спалілі, ліквідавалі або занялі партызаны. Разам з гэтым было зьнішчана шмат лесапільняў, малочных заводаў і іншых малых прадпрыемстваў.

Аднак лягчэй было паліць маёнткі або забіваць безабаронных старастаў, чым схіляць сялянства да масавага выступленьня супраць акупантаў: тыя хоць і не сьпяшаліся з палітычнымі дэклярацыямі (вяскоўцаў гэта ня вельмі турбавала), аднак, нягледзячы на цяжкія рэквізыцыі, ішлі сялянам насустрач у эканамічнай галіне. Немцы пагадзіліся з самароспускам калгасаў у Заходняй Беларусі, а вясною 1942 г. правялі іх парцэляцыю і ўва ўсходніх раёнах. Насуперак савецкай прапагандзе, сялянства падтрымала гэтую кампанію. Яна ўзбудзіла іх гаспадарчую актыўнасьць і паўплывала на рэалізацыю абавязковых паставаў, нягледзячы на цяжкасьці, якія стваралі партызаны. У лютым 1943 г. Кубэ паведамляў, што на падлеглым яму абшары Беларусі, у тым ліку і ў мясцовасьцях, дзе існавала партызанская пагроза, сяляне выконваюць свае абавязкі амаль на 70%. Стаўленьне вёскі да акупацыйных уладаў вырастала, такім чынам, да ўзроўню першараднай палітычна-гаспадарчай праблемы. Удзел беларускай інтэлігенцыі ў арганізацыі школьніцтва, самапомачы або ўзнаўленьні культурнай дзейнасьці таксама трактаваўся як здрада савецкай радзіме.

Сутнасьць праблемы зводзілася ня толькі да памераў харчовых паставаў або адкрыцьця вясковай школкі. Барацьба вялася за тое, каб прыцягнуць насельніцтва на савецкі бок «другога фронту», які памалу распаўсюджваўся на ўсе галіны акупацыйнага жыцьця. Таму партызаны асабліва востра перасьледавалі ініцыятараў і ўдзельнікаў гэтага жыцьця, якое часова выйшла з-пад кантролю савецкай улады. На думку партызан і, напэўна, савецкага кіраўніцтва за лініяй фронту, гэтыя людзі былі здраднікамі і ўяўлялі большую палітычную небясьпеку, чым самі немцы, і таму галоўны ўдар павінен быць скіраваны супраць іх. Не выпадкова савецкія партызаны прыкладалі значныя намаганьні, каб вывесьці насельніцтва на шлях актыўнай барацьбы зь немцамі або схіліць людзей да ўцёкаў у лясы, пад сваю ахову.

Для гэтага савецкі партызанскі рух выкарыстоўваў самыя разнастайныя сродкі, адным зь іх была прапаганда. З пачаткам 1942 г. у савецкім тыле пачала дзейнічаць радыёстанцыя «Савецкая Беларусь», паветраным шляхам і празь «Віцебскія вароты» дастаўлялася шмат літаратуры і газэт, прычым некаторыя зь іх выдаваліся спэцыяльна для насельніцтва акупаванай Беларусі. У сярэдзіне 1942 г. выйшлі першыя газэты, якія выдаваліся падпольшчыкамі і партызанамі. Іх колькасьць хутка расла і пад канец 1943 г. дасягнула 140 найменьняў, зь іх 65 друкавалася па-беларуску. Савецкая прапаганда выкарыстоўвала маўчаньне нямецкіх уладаў наконт будучыні акупаваных усходніх земляў і даказвала, што нямецкая палітыка скіравана на тое, каб заняволіць савецкія народы, зьнішчыць іх нацыянальную самабытнасьць і цалкам ператварыць у нявольнікаў нямецкіх фэадалаў. Аграрную рэформу называлі ашуканствам, бо сяляне не атрымалі права ўласнасьці на зямлю. Важную ролю адыгрывала і вусная партызанская прапаганда, у яе ў запасе таксама быў не адзін прыём. Распаўсюджваліся, напрыклад, чуткі, нібыта ня толькі немцы, але і Сталін праводзіць палітыку дэкалектывізацыі і пакідае сялянам права на ўласнае зычэньне выходзіць з калгасаў альбо нібыта партызаны ваююць не за Сталіна, а за новы лад у СССР. Царква таксама была далучана да прапагандысцкага арсэналу. Паводле нямецкага паліцыйнага данясеньня, партызаны ў зонах свайго кантролю праводзяць яўна спрыяльную для царквы палітыку, дазваляюць адкрываць цэрквы, запрашаць сьвятароў і ставіць крыжы. У рапарце гаварылася далей, што ў адну новаадчыненую царкву прыбыў партызанскі атрад і яго камандзір укленчыў перад сьвятаром і «маліўся» так:

У імя Айца і Сына і Сьвятога Духа!

Браты і сёстры!

Бог ёсьць і будзе! Мы былі часова затуманеныя, таму што пагарджалі Богам. Богу належыць маліцца. Маліцеся за нас і за ўсіх байцоў і партызанаў.



Амін.[88]

Але і афіцыйная прапаганда, і партызанскія хітрыкі, хаця і заходзілі ў сваім двудушшы далей за нямецкія, мелі ўсё ж абмежаванае практычнае значэньне, асабліва ў раёнах, якія кантраляваліся немцамі. Таму даводзілася карыстацца ня толькі пернікам, але і бізуном. Партызанскія ўлёткі пагражалі сьмерцю як самім паліцыянтам, так і іх сем’ям. Сьмерцю пагражалі і сялянам за паставу немцам сена, жыта ці іншай сельгаспрадукцыі. Гэтыя пагрозы праводзіліся ў жыцьцё, каб застрашыць насельніцтва. Таму гінулі ня толькі супрацоўнікі мясцовай адміністрацыі, але і сяляне, настаўнікі, дзеячы БНС і іншыя. Так, напрыклад, у Слонімскай акрузе з красавіка па лістапад 1942 г. ад рук партызан загінула 1024 асобы і 272 было паранена. Сярод забітых немцы, мясцовыя паліцыянты, беларускія, літоўскія і ўкраінскія салдаты складалі няпоўных 20 %, тады як цывільнае насельніцтва, галоўным чынам сяляне і супрацоўнікі адміністрацыі, — больш за 80 % (гл. табліцу 9). Пра частыя забойствы сярод цывільнага насельніцтва — сялян, настаўнікаў і службоўцаў — паведамляў і акруговы баранавіцкі камісар. У Вялейскай акрузе да 25.2.1943 г. было забіта 815 чалавек, зь іх 106 — старастаў, валасных чыноўнікаў і 500 іншых цывільных працаўнікоў і іх сямейнікаў, разам яны складалі 75 % ад агульных людзкіх стратаў. Імаверна, што і ў іншых беларускіх акругах панавала падобная сытуацыя.

Дывэрсійная, прапагандысцкая і тэрарыстычная дзейнасьць партызан імгненна аказала ўплыў на паводзіны насельніцтва. Ужо ў чэрвені 1942 г. у паліцыйным рапарце паведамлялася, што ў раёнах, якія знаходзіліся ў руках або пад кантролем партызан, гатоўнасьць насельніцтва да супрацоўніцтва зь немцамі значна аслабела. Так, напрыклад, забойства чатырох настаўнікаў з ваколіц Магілёва так узьдзейнічала на астатніх калег, што яны вырашылі пакінуць школьную працу. У жніўні Лёзэ выказваў меркаваньне, што такія паводзіны насельніцтва былі не праявай сымпатыі да партызаншчыны, а нараджаліся з страху перад расстрэлам і спальваньнем маёмасьці. Насамрэч такая ацэнка толькі часткова адпавядала рэчаіснасьці, бо тыя ж самыя нямецкія крыніцы часта адлюстроўвалі карэктнае стаўленьне партызан да мясцовага насельніцтва і імкненьне пераканаць яго ў неабходнасьці супольнага змаганьня супраць акупантаў.

87

У літаратуры, прысьвечанай гэтаму пытаньню, найчасьцей фігуруе лічба 1500 — столькі «бурмістраў» было зьнішчана партызанамі па зьвестках, якія падаў Розэнбэрг у жніўні 1942 г. Аднак пры гэтым ён не адзначаў, што забойствы адбыліся менавіта на Беларусі. Можна меркаваць, што названая лічба датычыла ўсіх акупаваных земляў СССР.

88

Выкарыстаньне рэлігійных пачуцьцяў насельніцтва ў партызанскай прапагандзе не было зьяваю выключна беларускай — на іншых акупаваных землях СССР таксама ўжывалі такія мэтады для здабыцьця прыхільнасьці мясцовых жыхароў. Гэта можа сьведчыць аб існаваньні адпаведнай агульнай дырэктывы Цэнтральнага штабу партызанскага руху. Так, напрыклад, ува ўкраінскай вёсцы Тонеж на месцы спаленай немцамі царквы партызаны ўсталявалі крыж і ганаровую варту.