Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 40 из 89

- Каму ж i ведаць, калi не мне! - адказаў алень, i вочы яго заззялi. - Там я нарадзiўся i вырас, там скакаў па снежных раўнiнах.

- Дык слухай, - сказала Гердзе маленькая разбойнiца. - Бачыш, усе нашы пайшлi, дома засталася адна мацi; трохi счакаўшы яна глыне са сваёй вялiкай бутэлькi i задрэмле, тады я штосьцi зраблю для цябе.

I вось старая глынула са сваёй бутэлькi i захрапла, а маленькая разбойнiца падышла да паўночнага аленя i сказала:

- Яшчэ доўга можна было б здзеквацца з цябе! Занадта ж ты пацешны, калi цябе казычыш вострым нажом. Ну, ды няхай будзе так! Я адвяжу цябе i адпушчу на волю. Можаш бегчы ў сваю Лапландыю, але за гэта ты павiнен адвезцi да палаца Снежнай каралевы гэту дзяўчынку - там яе пабрацiм. Ты ж, канешне, чуў, што яна расказвала? Яна гаварыла гучна, а ў цябе заўжды слых на семярых.

Паўночны алень так i падскочыў ад радасцi. А маленькая разбойнiца пасадзiла на яго Герду, моцна прывязала для пэўнасцi i нават падсунула пад яе мяккую падушку, каб ёй зручней было сядзець.

- Няхай будзе так, - сказала яна затым, - вазьмi назад свае футровыя боцiкi - холадна ж будзе! А муфту ўжо я пакiну сабе, вельмi ж яна прыгожая. Але мерзнуць я табе не дам: вось вялiкiя рукавiцы маёй мацi, яны дойдуць табе да самых локцяў. Засунь у iх рукi! Ну вось, цяпер рукi ў цябе, як у маёй пачварнай мацi.

Герда плакала ад радасцi.

- Цярпець не магу, калi хныкаюць! - сказала маленькая разбойнiца. - Ты павiнна радавацца. Вось табе яшчэ два боханы i кумпяк, каб не давялося галадаць.

I тое i другое было прывязана да аленя.

Потым маленькая разбойнiца адчынiла дзверы, заманiла сабак у дом, перарэзала сваiм вострым нажом вяроўку, якою быў прывязаны алень, i сказала яму:

- Ну, хутчэй! Ды беражы мне дзяўчынку.

Герда працягнула маленькай разбойнiцы абедзве рукi ў вялiкiх рукавiцах i развiталася з ёю. Паўночны алень пабег што меў сiлы праз пнi i купiны па лесе, па балотах i стэпах. Вылi ваўкi, каркалi вароны.

- Ух! Ух! - пачулася раптам з неба, i яно быццам пачало чхаць агнём.

- Вось маё роднае паўночнае ззянне! - сказаў алень. - Глядзi, як гарыць.

I ён пабег далей, не спыняючыся нi ўдзень, нi ўночы. Хлеб быў з'едзены, вяндлiна таксама, i нарэшце яны апынулiся ў Лапландыi.

Гiсторыя шостая

Лапландка i фiнка

Алень спынiўся каля ўбогай хацiны. Дах спускаўся да самай зямлi, а дзверы былi такiя нiзенькiя, што людзям даводзiлася прапаўзаць у iх на карачках.

Дома была адна старая лапландка, якая смажыла рыбу пры святле тлушчавай лямпы. Паўночны алень расказаў лапландцы ўсю гiсторыю Герды, але спачатку паведаў сваю ўласную - яна здавалася яму больш важнай.

Герда ж так скалела на холадзе, што i гаварыць не магла.





- Ах вы небаракi! - сказала лапландка. - Доўгi ж у вас яшчэ наперадзе шлях! Давядзецца пераадолець сто з лiшнiм мiль, пакуль дабярэцеся да Фiнляндыi, дзе Снежная каралева жывё на дачы i кожны вечар запальвае блакiтныя бенгальскiя агнi. Я напiшу некалькi слоў на сушанай трасцэ - паперы ў мяне няма, - i вы аднясеце пасланне фiнцы, якая жыве ў тых мясцiнах i лепш за мяне здолее навучыць вас, што патрэбна рабiць.

Калi Герда сагрэлася, паела i напiлася, лапландка напiсала некалькi слоў на сушанай трасцэ, наказала Гердзе вельмi берагчы яе, потым прывязала дзяўчынку да спiны аленя, i той зноў памчаўся.

- Ух! Ух! - пачулася зноўку з неба, i яно пачало выкiдваць слупы дзiвоснага блакiтнага полымя. Так дабег алень з Гердай i да Фiнляндыi i пастукаўся да фiнкi ў комiн - у яе хацiне i дзвярэй нават не было.

Ды затое, якая цеплыня ў жыллi! Сама фiнка, нiзенькая тоўстая жанчына, хадзiла напаўголая. Жвава сцягнула яна з Герды вопратку, рукавiцы i боты, iнакш дзяўчынцы было б горача, паклала аленю на галаву кавалак лёду i затым пачала чытаць тое, што было напiсана на сушанай трасцэ.

Яна прачытала ўсё ад слова да слова тры разы, пакуль не вывучыла напамяць, а потым сунула траску ў кацёл - рыба ж была прыдатная для ежы, а ў фiнкi нiчога дарэмна не прападала.

Тут алень расказаў спачатку сваю гiсторыю, а потым гiсторыю Герды. Фiнка мiргала сваiмi разумнымi вачыма, але не гаварыла нi слова.

- Ты такая мудрая жанчына... - сказаў алень. - Цi не прыгатуеш для дзяўчынкi такое пiтво, якое б дало ёй моц дванаццацi асiлкаў? Тады б яна адолела Снежную каралеву!

- Моц дванаццацi асiлкаў! - сказала фiнка. - Ды цi многа ў тым карысцi!

З гэтымi словамi яна ўзяла з палiцы вялiкi скураны скрутак i разгарнула яго: ён быў увесь спiсаны нейкiмi дзiўнымi пiсьмёнамi.

Фiнка пачала чытаць яго i чытала датуль, пакуль пот градам не пакацiўся з яе iлба.

Алень зноў пачаў прасiць дапамагчы Гердзе, а сама Герда глядзела на фiнку такiмi ўмольнымi вачыма, што тая зноў замiгала, адвяла аленя ўбок i, мяняючы яму на галаве лёд, шапнула:

- Кай сапраўды ў Снежнай каралевы, але ён цалкам задаволены i думае, што лепей яму нiдзе i быць не можа. Прычынай жа ўсяму асколкi люстэрка, якiя сядзяць у ягоным сэрцы i ў воку. Iх трэба дастаць, iначай Снежная каралева захавае над iм сваю ўладу.

- А цi не можаш ты даць Гердзе што-небудзь такое, што зробiць яе дужэйшай за ўсiх?

- Дужэйшай, чым яна ёсць, я не магу яе зрабiць. Не бачыш хiба, якая вялiкая ў яе сiла? Не бачыш, што ёй служаць i людзi i звяры? Яна ж босая абышла паўсвету! Не ў нас займаць ёй сiлу, яе сiла ў яе сэрцы, у тым, што яна бязвiннае мiлае дзiця. Калi яна сама не зможа прабрацца ў палац Снежнай каралевы i дастаць з сэрца Кая асколак, то мы i тым больш ёй не дапаможам! Праз дзве мiлi адсюль пачынаецца сад Снежнай каралевы. Аднясi туды дзяўчынку, пакiнь каля вялiкага куста, абсыпанага чырвонымi ягадамi, i, не марудзячы, вяртайся назад.

З гэтымi словамi фiнка пасадзiла Герду на спiну аленя, i той кiнуўся бегчы з усiх ног.

- Ай, я без цёплых ботаў! Ай, я без рукавiц! - закрычала Герда, апынуўшыся на марозе.

Ды алень не мог спынiцца, пакуль не дабег да куста з чырвонымi ягадамi. Тут ён апусцiў дзяўчынку, пацалаваў яе ў вусны, i па ягоных шчоках пакацiлiся буйныя блiскучыя слёзы. Затым ён стралой паляцеў назад.

Няшчасная дзяўчынка засталася адна на траскучым марозе, без чаравiкаў, без рукавiц.

Яна пабегла наперад на ўсю моц. Насустрач ёй ляцеў цэлы полк снежных камякоў, але яны не падалi з неба - неба было зусiм яснае, i ў iм палымнела паўночнае ззянне, - не, яны беглi па зямлi проста на Герду i станавiлiся ўсё буйнейшымi i буйнейшымi.