Страница 158 из 159
Я хацела аджартавацца, але даўкі камяк перасеў у горле. А са мной што адбываецца?! Госпадзе, я ведаю яго ўсяго два дні!
«Самадастатковы»ў парванай кашулі стаяў каля стэлажоў, разглядаючы пыл на іх. Ды яшчэ пасля бойкі ён застаўся ў адным галёшы… Рамантычны, пасінелы ад холаду герой з ліхтаром пад вокам.
— Вось што, шаноўны князь у адной галёшы, калі вы не хочаце ў дадатак да кухталёў атрымаць які плеўрыт, прысаджвайцеся сюды і не пагрэбуйце накрыцца паловай майго футра. А то мяне ваш прывід па начах замучае.
Ссінелы князь Палецкі нейкі час павагаўся, пасля прысеў побач, абхінуўся маім футрам. І абняў, прыціснуў да сябе… Я адчула, як шалёна калоціцца яго сэрца… А можа, гэта стукае маё? Ці мы зрабіліся нечым адным, і сэрца ў нас адно, і адзін боль, і адно жыццё?..
…Толькі б гэтае імгненне ніколі не канчалася!
Наверсе бразнуў засоў.
— Сядзяць, як галубочкі… Давай, барадаты, выходзь, магілка твайго прадзеда даўно да нас абшуканая. І без фокусаў, у мяне электрашокер.
Мы зноў апынуліся пад позіркамі музейных партрэтаў — відаць, «прынцэсе» імпанавала арыстакратычная абстаноўка. Але я ўжо была іншай. Гэты дом і гэтыя партрэты не былі мне чужымі. Я стаяла каля дзвярэй, за маёй спінай дыхаў «прынцэсін» «хлопчык». Было страшна, вядома, але страх чамусьці згасаў перад дзіўным адчуваннем таго, што ўва мне ёсць нешта такое, што непадуладна нікому, агеньчык, які нельга загасіць нічым, нават смерцю…
Вінцук, зноў каменна-абыякавы, прытуліўся да грубкі. Языкі полымя, здавалася, хацелі выскачыць з адчыненых дзверцаў.
— «Прынцэса» злосна зірнула на Вінцука:
— Ты сказаў, што крыж ёсць. Некалі ты не ўмеў маніць. Навучыўся, ці што?
Ды ўжо наўрад ці навучуся, — спакойна сказаў Вінцук, раптам рэзка дастаў з кішэні руку з заціснутым крыжам, на імгненне затрымаў — каб усе пабачылі, што гэта, і кінуў крыж у агонь.
«Прынцэса» ахнула, «хлопчыкі»з лаянкай кінуліся да грубкі, але Вінцук нейкі час «трымаў абарону», адкідваючы іх прэч. Нарэшце яны, загіпнатызаваныя відовішчам знішчэнна багацця, уцямілі, што найперш трэба нейтралізаваць абаронцу. Зноў паўтарылася брыдкая сцэна з крутых дэтэктываў. Чаму я ніколі не займалася ўсходнімі адзінаборствамі! Чарнявы падонак! Я паспрабавала адцягнуць яго ад Вінцука, але ён адшпурнуў мяне, як кацяня. Тым часам падаспеў антыквар з нейкім прэнтам, пашарыў у вуголлях, і на падлогу ўпаў пачарнелы, аплаўлены крыж, з вугальком пасярэдзіне…
— Позна… — выгукнуў антыквар, падбег да паваленага Вінцука і з усяе сілы даў яму нагой у бок. — Паскуда!
«Прынцэса» маўчала. У яе быў нейкі разгублены выгляд. Я раптам убачыла, што яна ўжо не такая маладая і не такая ўпэўненая ў сабе… Яна глядзела на агонь, не ў змозе ўсвядоміць, што адбылося, як гэта чалавек спаліў трыста тысяч баксаў. Глядзела з нейкай наіўнай крыўдай, як дзіця, на вачах якога лопнуў цудоўны паветраны шарык. Нават рот у яе адкрыўся…
Можа, ад нерваў, не ведаю, але я рассмяялася. Вінцук прыўзняў галаву ад падлогі, паглядзеў падбітымі вачыма вакол, на твары, перакрыўленыя бяссільнай злосцю, і таксама засмяяўся. Так мы і хіхікалі, як два ідыёты, і не ведаю, чым бы скончылася гэтая сцэна, але ў дзвярах пачуўся магутны вокліч:
— Кася! Ты тут? Зноў прыгод шукаеш на сваю галаву? О, а народу колькі!
Гэта была Нюта, мая дарагая Нюта. Як яна пасля мне распавяла, сядзелі яны з Андрэевічам і Мацвееўнай да гадзіны ночы, прычым Нюта добра-такі апрацавала новага дырэктара наконт каштоўнасці музея і прэстыжнасці яго для ўсяго раёна, школы і Андрэевіча ў прыватнасці. І толькі калі Нюта пайшла класціся спаць, убачыла, што мяне няма. Андрэевіч успомніў, як учора я пацягнула яго ў музей ганяць гарадскіх бандытаў. Нюта ўстрывожылася. Безумоўна, пайсці ў такі позні час і так надоўга я магла толькі ў княскі дом. Але тут між Нютай і гаспадарамі разгарэлася спрэчка, ці я там бандытаў ганяю, ці ў мяне рамантычная прыгода, і іх прысутнасць будзе, мякка кажучы, залішняй. Мацвееўна была перакананая, што з кудлатым бажаволкам рамантычных пачуццяў у гарадской прыгажуні быць не можа. Нюта, з аднаго боку, ведала, што я не схільная да фліртаў і бегаць па начах на спатканні да малавядомых мужчын не ў маім характары. А з другога боку, перад ёй жа Вінцук выявіў сябе як адукаваны, хаця дзіўны чалавек. Яна нават лічыла яго цікавым. Нарэшце Мацвееўна паглядзела ў акно і сказала, што ў бок княскага дома едзе машына. І Нюта з Андрэевічам рушылі на выручку. Прычым Андрэевіч, якому надта не спадабалася фізіяномія ўчарашняга бамбізы, прыхапіў з сабою заспанага кума-ўчастковага.
«Прынцэса» на развітанне паглядзела на збіты твар свайго колішняга прынца, неяк сумна, тужліва паглядзела, і сур'ёзна прамовіла:
— Нешта не атрымліваецца ў мяне з табою. Мусіць, характары не супадаюць.
Гумарыстка. І пайшла на сваіх высокіх абцасіках у атачэнні панылай світы.
Вінцук нясмела зірнуў мне ў вочы — шукаў адказу: ці тое, што раптоўна нарадзілася між намі, яшчэ мае для мяне значэнне?
Паглядзеў, супакоіўся, нават заўсміхаўся.
А Нюта тым часам шчыра лаяла мяне, бязмозгую, за тое, што ўсё ў мяне не па-людску, усё я нарываюся на нейкія здарэнні і ніколі мне не пачаць нармальнае жыццё…
Мы ўгаварылі Вінцука пераначаваць у Андрэевічавага кума. Тым больш кум вельмі ўсцешыўся, што мы не збіраемся судзіцца з гарадской магнаткай, і абяцаў «спісаць» пабітыя вазы на няшчасны выпадак. Я вельмі баялася, каб бандзюгі не вярнуліся ды чаго не ўтварылі. Кум-міліцыянт уласнаручна зачыніў музей, засведчыўшы, што рэчы на месцы, агонь у грубцы патушаны, электраправодка ў парадку. Мы нават забілі акно, ля якога нас злавіў чырванаморды.
10
Раніцай падаў лёгкі снег, свяціла зімовае сонейка. Мы — Нюта, я і Андрэевіч — кіраваліся да панскай сядзібы. Насустрач нам няспешна, здзекліва няспешна праехала машына з зацемненымі вокнамі. Раптам у доме нешта выбухнула. З разбітых шыбаў паплыў чорны дым, такі недарэчны на фоне бліскучага снегу і блакітнага неба.
Мы на нейкую хвілю аслупянелі, пасля кінуліся бегчы… Я чамусьці была ўпэўненая, што Вінцук — там… Як жудасны акорд бязлітаснасці, ударыў царкоўны звон. Ад царквы бегла, спатыкаючыся ў снезе, знаёмая постаць… Вінцук! Ён быў на ранішняй службе! Дзякуй Табе, Госпадзе! І яшчэ дзякуй, што на вачах столькіх сведкаў — вартаўнік невінаваты! Ім не ўдасца «павесіць» на яго гэты пажар.
— Бензінам палівалі, сволачы, — безнадзейна заўважыў Андрэевіч.
Мы стаялі і глядзелі на полымя, якое высоўвала д'ябальскія языкі адначасова з усіх вокнаў. Вінцук паспрабаваў адчыніць дзверы і забегчы ў дом, але гэта было немагчыма. Заставалася стаяць побач і назіраць. Другі паверх, там, дзе знаходзілася майстэрня, ужо ўвесь выгарэў.
Я баялася глядзець на Вінцука. Яшчэ адзін удар пад дых… Ці вытрымае?.. Мне здавалася, ён зараз кінецца ў агонь. На ўсялякі выпадак я моцна ўхапіла яго за рукаў ватоўкі.
Вінцук адарваў позірк ад палаючага дома, абняў мяне за плечы.
— Скляпенне застанецца цэлым, там дзверы жалезныя. Забярэш і анёла, і скульптуру, і чарапкі.
Я зірнула яму ў вочы. Яны былі ясныя… Ён нават паспрабаваў усміхнуцца:
— Я ўсё роўна цябе намалюю. І не трэба зноў глядзець на мяне, як на няшчасную ахвяру. Я нічога не страціў. Усё — ува мне, са мною. Калі, вядома, ты… Ведаеш, ты мела рацыю. Унутраная воля — гэта глупства. Я пазбавіўся яе — і не шкадую, цяпер у мяне ёсць тое, што я баюся страціць, вельмі баюся.
Ага, сумняваецца! Вось і добра, у мужчыне нельга знішчаць паляўнічы інстынкт, боязь згубіць тваю прыхільнасць. Асабліва калі спадзяешся пражыць з гэтым мужчынам доўга-доўга, да канца зямнога жыцця — і сустрэцца ў нябесным. Ды калі яшчэ маеш справу з выбітным талентам. Ох, нялёгка мне з ім давядзецца…
Так што Нюта мела рацыю.
Якое там нармальнае жыццё…
Радаслаў Дудкоўскі, калі даведаўся, за каго я выйшла замуж, цэлы год аплакваў маю легкадумнасць ва ўсіх кампаніях. Праўда, другая жонка ад яго паспела ўжо за гэты час збегчы, так што ён хутчэй плакаў па сабе, незразуметым. Альберцік жа толькі канстатаваў: