Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 154 из 159



Мы агледзелі надмагіллі. Пад адным з іх, чорным, з выявай перакуленай паходні, некалі спачывалі Ганна Даратэя Палецкая з роду Кішак і Антоній Валенты Палецкі, яе муж. Абое жылі ў васемнаццатым стагоддзі. Яшчэ адна пліта, з прыгожага шэрага, з ружовымі жылкамі мармуру была з магілы іх дачкі, Агнесы Палецкай, памерлай у шаснаццацігадовым узросце. Пліта была трэснутая напалам, відаць, таму яе і не забралі сучасныя марадзёры. У цёмным куце ляжала яшчэ адно надмагілле, на якім некалі, па старым звычаі, быў высечаны барэльеф у выглядзе статуі нябожчыка. Каму перашкаджала выява памерлага — невядома, але ад статуі добра захаваліся толькі ступакі ног, па якіх было зразумела, што тут ляжаў рыцар у поўным узбраенні. Відовішча жудаснае, нібыта сапраўдны зганьбаваны труп.

— Ну, дасць Бог, сёння збольшага ўсё агледзім, — прагаварыла Нюта, падвязваючы шчыльней вакол галавы стракатую хустку ў кветкі.— Заўтра і дахаты. Табе добра, ты вольны птах, а ў мяне дома кіндэры. Пакінь іх надоўга — невядома, што вытвараць. І бацька не ўпільнуе.

Вінцук павесялеў — цудкоўская калекцыя набывала афіцыйны статус. Заставалася агледзець анёла. Ён быў вялікі, у рост чалавека. Здавалася, яго немагчыма скрануць з месца — анёл схіліў калені ў самым куце, упёршыся крыламі ў сцены, там, дзе пачыналіся стэлажы. Вінцук памармытаў у бараду, прынёс тоўстую вяроўку і абкруціў анёла, які ў жаху пазіраў на свайго катавальніка белымі вачыма.

— Ён што, адзін збіраецца яго зрушыць? — прашаптала мне Нюта.

Та-ак, відаць, з мазгамі ў майго Монтэ-Крыста сапраўды не таго… Між тым Вінцук нацягнуў вяроўку, напружыўся… і анёл скрануўся з месца. Нюта таксама ўхапілася за вяроўку, учапілася і я. Анёл пасоўваўся наперад рыўкамі, нібыта грэшнік поўз на каленях да месца пакарання. Нарэшце ён спыніўся, якраз пад лямпачкай пасярэдзіне скляпення. Нюта па-сяброўску пхнула Вінцука ў плячо:

— Ну ты, Геркулес, спецыяльна трэніраваўся, ці што?

— А гэта я, каб пацвердзіць прымаўку — сіла ёсць, розуму не трэба, — прабурчэў задыханы Вінцук.

— Як, ты яшчэ і гаварыць умееш? — не прапусціла «ўшчыкнуць» наўеўскага мізантропа мая сяброўка.

Вінцук зачырванеўся, закашляўся…

І мы ўтраіх пачалі абмяркоўваць скульптуру. Відаць па ўсім, шаснаццатае стагоддзе. Вінцук заўважыў, што хаця майстар і мясцовы, і адчуваецца адсутнасць школы, аднак за ўзор узятая італьянская скульптура. У Гародні ў касцёле ёсць анёл дакладна ў такой самай позе.

— На жаль, — замагільным голасам абвесціў Вінцук, — мы, беларусы, вельмі любім наследаваць чужым узорам, замест таго каб працаваць, як Бог паклаў на нашу, беларускую, душу. Таму й атрымліваецца ў нас усё наперакасяк.

— Глядзіце, тут нешта напісана! — падала голас Нюта.

Сапраўды, злева, там, дзе засталіся рэшткі ад п'едэстала, на якім некалі стаяў анёл, віднеліся літары… Верхняя частка надпісу. Мы пачалі разбіраць яго, і ў нас атрымалася нешта накшталт «Segitur Nemupodus ultor atergo deus». На жаль, знаўцаў латыні сярод нас не было, і мы пачалі гадаць.

— «Deus» — гэта зразумела, Бог, «ultop», здаецца, ці то «гнеў», ці «помста»…

Вінцук уздыхнуў і наважыўся прызнацца пры Нюце:

— У мяне тут лацінскі слоўнік ёсць… Праўда, маленькі…

Па Вінцуковым слоўніку мы вызначылі, што «ultор» сапраўды значыць «помста», «seqatur» — «пераследуе». Слова «tergo» мы вызначылі як форму ад «tergum» — «спіна». У спалучэнні з прыназоўнікам «а» гэта мусіла значыць прыблізна «за спінай». Значыць, гнеў Божы пераследуе нейкага «немвподуса». Нічога падобнага на таямнічага «немвподуса» ў слоўніку не было.

— Або гэта значыць «грэшнік» ці «злачынца», або гэта нейкае асабістае імя або мянушка… — стомлена сказала Нюта.

— Можа… — пагадзілася я. — Немвподус… А можа, мы нешта не так прачыталі?

Вінцук зноў нахіліўся з ліхтаром да анёла, пашкроб літары пазногцем.

— Па-мойму, тут не «p», тут «r». Цяжка прачытаць, кавалак адбіты.

— Значыць, «немвродус»…

— Ну і што нам гэта дае? — скептычна зазначыла Нюта.

— Немвродус… Немврод… — мяне асяніла. — Радуйцеся, што я такая інтэлектуальная! Так называлі Ісава, брата Іакава, з біблейскай прыпавесці. Таго самага, які прадаў брату права першародства за талерку супу! Нават цытату памятаю: «Немврод — моцны паляўнічы перад Госпадам Богам!» Паляўнічы! Паляўнічы… Лоўчы! І помста Божая за неадплачанае злачынства!



Я пераможна зірнула на Вінцука. Анёл некалі вартаваў магілу лоўчага Грыня Вяржбіцкага!

— Ну вось і сапраўды знайшлі ключ ад таямніцы. Цяпер пастараемся высветліць, дзе раней гэты анёл быў. Андрэевіч, на кватэры якога я жыву, кажа, што памятае, як яго трактарам сюды валаклі.

— Які ключ? Што ты зноў за таямніцы развяла? — накінулася на мяне Нюта. Але я моўчкі складала паперы.

Андрэевіч, якога я нахабна выцягнула з утульнага кабінета новай школы, доўга вадзіў нас па заснежанай пустцы між прадуктовай крамай і нарыхтоўчым пунктам, дзе некалі знаходзіўся касцёл. Правільней, вадзіў адну мяне — Вінцук, які змяніў галёшы-пантофлі на валёнкі, моўчкі цёгся за намі, нібыта ў якасці носьбіта майго мальберта, а здарожаная Нюта пажадала мне хутчэй угаманіцца і пайшла адпачываць.

Мы знайшлі месца, дзе некалі знаходзіўся анёл, — не ў самім касцёле, а звонку, у нішы. Там захаваліся рэшткі сцяны. Што ж, месца вядомае. I што цяпер рабіць? Раскопваць гурбы?

7

У дырэктаравым доме Нюта пасябравала з гаспадыняй і дапамагала ёй чысціць бульбу. У такія моманты я заўсёды востра адчуваю сваю недасканаласць. Ну чаму я не здольная вось так нязмушана сыходзіцца з людзьмі, гэтак спрытна ўпраўляцца са спрадвечнымі жаночымі справамі… Ды яшчэ не ўмею схаваць, што ад гэтых спрадвечных… мяне нудзіць. На кухні накрылі стол. Нюта спявала народныя песні, на што яна вялікая майстрыха. Андрэевіч з жонкай на ўвесь голас падцягвалі. Дзеці смяяліся. Паласатая котка вуркатала і церлася аб ногі. Весела было… Як на хрэсьбінах у багатага суседа. Я ледзь выпрасілася да ложка, атрымаўшы ад Нюты абвінавачванне ў адарванасці ад народу.

Я стаяла ў цёмным пакоі і глядзела на будынак панскага дома. Снег блішчэў у блакітным святле месяца, як атлас. Я ўспомніла карціну Вінцука, і падалося, што над вёскай сапраўды ляціць прывідная кавалькада… Сэрца сціснула туга. Я ўявіла, як мой новы знаёмец сядзіць цяпер адзін у пустым доме сваіх продкаў, куды штохвілю могуць завітаць нягоднікі… Але, хутчэй за ўсё, ён — у сваёй майстэрні і працуе, адасоблены ад свету, недасяжны для зямнога і жорсткага. Я машынальна круціла ў руках ліхтарык. Націснула кнопку… Уявіла, як прамень ляціць, паступова рассейваючыся ў цёмным паветры, бяссілы асвятліць тое, што аддзелена ноччу… Раптам у далёкім акне былой школы таксама загарэўся і згас агеньчык ліхтара. Як быццам стукнуўся ў маё сэрца… Значыць, мы цяпер глядзім адно на аднаго, самотныя ў гэтай начы, у гэтым холадзе, у гэтым свеце…

Знізу даносілася песня пра Касю, якая пайшла воду браці. Я раптам адчула такую тугу, такую адвержанасць ад гэтага месца — са мной бывае, — што апранула футра і кінулася ўніз. Нюта, занятая размовай з Андрэевічам, няўважна зірнула на мяне праз прыадчыненыя дзверы кухні.

На ўсялякі выпадак я прагаварыла:

— Я хутка…

Няхай думаюць, што пайшла ў прыбіральню. Услед даносілася:

— Конь ваду п'е, п'е,

Ножкаю б'е, б'е.

Уцякай, Касенька,

Ён цябе заб'е.

Хай забівае,

Хай забівае.

Я нікуды не пайду,

Бо цябе кахаю.

Ціха… Толькі снег парыпвае пад нагамі, злятае срэбнымі мятлушкамі з чорнага неба. Зоры, знізаныя ў каралі сузор'яў, ажно сляпілі вока. Адчуванне дзіўнай волі пад гэтым цёмным небам, пад гэтымі вострымі зорамі, пах дыму, брэх сабак, светлыя адбіткі на снезе ад вокнаў зліваліся ў адну неверагодна жывую карціну, якую б я хацела — але ніколі не здолею напісаць.