Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 147 из 159

Старшыня надаў голасу важнасці:

— Ну, Вінцук, адчыняй нам музей. Прадстаўнік з Міністэрства культуры прыехаў.

Барадаты Вінцук не выявіў энтузіязму.

Ён перавёў позірк на маю асобу, затрымаў яго на капелюшы і, гледзячы паўзверх маёй галавы, прагаварыў:

— Дазвол павінен быць… Спецыяльныя паперы. Без дакументаў не адчыню.

Цікава, які дазвол ён мае на ўвазе, санкцыю пракурора, ці што? Старшынёў твар пачаў налівацца чырванню, але я не стала спрачацца і працягнула пільнаму Вінцуку пасведчанне з працы і паперчыну з міністэрства. Вінцук вывучаў іх куды даўжэй, чым старшыня. Я толькі дзівілася, чаму начальства церпіць выбрыкі гэтага тыпа.

Цётачка нахілілася да мяне і амаль нячутна прашаптала:

— Не звяртайце ўвагі… Ён — таго… Ненармальны. Сваяк былога дырэктара школы.

Вось яно што… Сапраўды, лепш не сварыцца. Тым больш Вінцук, хоць і неахвотна, дастаў ключ, які захоўваў не ў кішэні, а на шыі — разам з яшчэ некалькімі ключамі, і дзверы скарбніцы адчыніліся. Не тое каб я была расчараваная… Проста такіх мясцовых музеяў я бачыла мноства. Рушнікі і стэнды са здымкамі герояў Вялікай Айчыннай вайны, драўляныя ступы ды іншыя гаспадарчыя прылады і абавязкова ў куце падвешаная калыска. Дапаўнялі інтэр'ер шматлікія пейзажы самога Цудко — зялёная траўка, сіняе неба, белыя аблокі, партрэты ўдарнікаў працы, ветэраны ў атачэнні піянераў… Адметнасцю былі хіба дзве карціны Альберціка, падараваныя землякам, — зразумела, не лепшыя ягоныя карціны, але талент не можа стварыць зусім банальную рэч. На адной з карцін я нават пазнала ўласныя рысы. Праўда, пазнаць было цяжка, — Альберцік маляваў персаніфікаваную зімовую ноч. Таму я здзівілася, калі Вінцук, які стаяў убаку і змрочна назіраў за нашымі перасоўваннямі па музеі, раптам хутка глянуў на Альберцікаву карціну, пасля — мне ў твар. І зноў утаропіўся ў прастору.

— Баюся, тут для мяне мала цікавага.

— Ды вы ў другую залу прайдзіце, — заспяшалася цётачка, а «Фальстаф» прагуў:

— Вінцук, адчыні…

На гэты раз вартаўнік не стаў спрачацца і марудзіць. Маленькія дзверы, якія я адразу не заўважыла, расчыніліся, і я зразумела, што знаходжуся ў свяцілішчы Наўеўскага краязнаўства — сярод экспанатаў цудкоўскай калекцыі. Сапраўдны правінцыйны свецкі салон дзевятнаццатага стагоддзя! У цэнтры — ломберны столік з інкрустацыяй і два прысадзістыя крэслы. Камоду з ручкамі ў выглядзе грыфонаў упрыгожвалі дзве фарфоравыя вазы, нібыта кітайскія, але хутчэй за ўсё падробка. Над імі несамавітым госцем у панскім доме стракацеў распісны дыван з лебедзямі і несуцешнай прыгажуняй у высокім каптуры… На сценах віселі карціны. Некаторыя я пазнала — Цудко прывозіў іх у сталіцу з надзеяй уразіць экспертаў. З партрэтаў у абдзёртых пазалочаных рамках на мяне, бязродную чужаніцу, узіраліся наўеўскія шляхціцы і іх жонкі.

Вар'ят між тым прынёс цэлае бярэмя папер — рэестр экспанатаў музея з падрабязнымі каментарамі Нічыпара Цудко, і паклаў на ломберны столік. Да гэтага дадаліся яшчэ нейкія папкі з малюнкамі, гравюрамі, плакатамі. Нічога, да вечара ўпраўлюся. Я рашуча пачала расшпільваць футра. Здаецца, цёпла, вунь і грубка ў куце. Маленькія жалезныя дзверцы ўнізе зачыненыя няшчыльна, і відаць жывая палоска агню.

— Да бліжэйшай станцыі падкінеце? — запытала я на развітанне ў старшыні.

Аўтобус у гэтае блаславёнае мястэчка прыходзіў раз на дзень, і мне не хацелася сядзець тут да раніцы. «Фальстаф» запэўніў, што ён і ягоны самаход да маіх паслугаў, і заспяшаўся па сваіх справах. Зазбіралася і кабета.

— Праз пару гадзінак зойдземся да вас, добра? А пакуль, калі што, Вінцук вам дапаможа. Чуеш, Вінцук?

«Ваўкалак» павольна хітнуў галавою і падыбаў з музея. Сапраўды, экземпляр… Ніколі не даводзілася заставацца сам-насам з вар'ятам.



— Ды вы не бойцеся, ён ціхі… Ніколі нікога не крыўдзіць. Жыве тут. Клічце яго смела, калі што спатрэбіцца.

Я засталася адна сярод старой мэблі і цёмных карцін. Было зусім ціха — аж у вушах звінела ад цішы. Мне нават прыйшло ў галаву, што Ваўкалак, як толькі выйшаў за дзверы, растварыўся ў паветры.

Я ўважліва перагледзела ўсё ў зале. Вядома, для раённага краязнаўчага музея многае было б каштоўным. Асабліва зацікавілі мяне дзве карціны, — абедзве я датавала канцом дзевятнаццатага стагоддзя. На адной — жанравая сцэнка з жыцця засцянковай шляхты пад назвай «Вяселле пад прымусам». Нявеста тэатральным жэстам захінала твар, у той час як бацькі гэткімі ж тэатральнымі жэстамі паказвалі ёй на адчыненыя дзверы, за якімі віднелася ганарыстая постаць жаніха ў сурдуце і капелюшы. Другая карціна, «Партрэт студэнта», падалася мне адразу больш старой. Яе паверхня была спрэс у павуцінні дробных трэшчынак, наўскос праз усё палатно бачыўся след ад драпіны. Але карціны маляваў адзін аўтар, які начытаўся гатычных раманаў і перанёс іх атрыбутыку ў свае творы. Студэнт на партрэце завёў вочы пад аблокі і абапіраўся адной рукой на чэрап, а ў другой трымаў сведчанне свайго студэнцкага становішча — падручнік па латыні. Драпіна перакрэслівала яго разумны, трохі нервовы твар, як сапраўдны шнар. Не, наш музей гэта таксама не возьме. Хаця… нешта ў гэтых палотнах ёсць. Нездарма ж яны прывабілі маю ўвагу. Аўтар быў таленавіты, але яму не хапала элементарнай «школы». Яшчэ адзін правінцыйны непрызнаны геній. Шкада, вельмі шкада… Некалі гэтак жа, можа, будуць гаварыць пра мае карціны, калі яны ацалеюць, і гэтак жа спачувальна адстаўляць іх убок.

Мае думкі перарваў раўнадушны голас:

— Не хочаце паглядзець запасныя фонды?

Я ажно падскочыла. Гэты Вінцук — сапраўды прывід. Як ён мог падысці так бязгучна? Але, значыць, убачанае мною ў музеі — не ўсё? Падобна на кітайскі куфэрак, адчыніш шуфлядку — за ёй хаваецца наступная. Ну так, Альберт нешта казаў пра «завалы матэрыялу»…

— А куды ісці?

— У гэтым жа будынку, у сутарэнні.

Цяпер вар'ят павядзе мяне ў сутарэнні… Можа, пачакаць мясцовае начальства?

Вінцук глядзеў паўзверх маёй галавы светлымі вачыма. Я ўсвядоміла, што не чую паху перагару — самага роднага, звыклага паху вясковых вартаўнікоў. І адзежа акуратная, хоць і дзіўная, усе гузікі на месцы. Валасы доўгія, зблытаныя, але чыстыя. І рукі чыстыя, белыя, з доўгімі пальцамі, неяк ненармальна яны выглядалі на фоне старой ватоўкі… Ды ён ненашмат старэйшы за мяне. Яму ад сілы гадоў трыццаць пяць.

— Я туды, у скляпенні, звычайна не пускаю нікога. Нічыпар Хведаравіч усё, што лічыў вартым, вынес сюды, у гэтую залу. Але вы можаце паглядзець. Не бойцеся, я ўзімку неагрэсіўны.

Трэба было чуць, як ён вымавіў апошнюю фразу, з якім тонкім сарказмам. Зусім не просты гэты Вінцук…

— Ну, наважвайцеся, — і ўсміхнуўся — так адкрыта і шчыра, што падалося: з-за ваўкалацкага аблічча вызірнуў зусім іншы чалавек.

І я рашуча паднялася.

Уваход у сутарэнні пачынаўся пад лесвіцай, што вяла на другі паверх. Насуперак маім чаканням, за абабітымі бляхай дзвярыма не аказалася паўцёмнага вэрхалу з плесняй і мышыным віскам. За першымі дзвярыма хаваліся другія — жалезныя, з засаўкай і двума замкамі. Як у сейфе. Электрычная лямпачка асвятліла вялікае памяшканне, застаўленае і заваленае прадметамі мастацтва (ці якія на погляд збіральніка мелі дачыненне да мастацтва). Але ў гэтым завале быў парадак. Уздоўж сцен, на стэлажах — папкі, скульптуры, укручаныя ў мешкавіну. Першае, што прыцягнула маю ўвагу, — мармуровы анёл, з непрапарцыянальна вялікімі, складзенымі на сэрцы далонямі, крыламі, падобнымі на змятую прасціну, і мужыцкім спакутаваным тварам. Ён стаяў на каленях, нахіліўшыся над неіснуючай труною, і безнадзейна смуткаваў.

— Са зруйнаванага касцёла. Частка надмагілля, — патлумачыў Вінцук і пачаў здымаць грубую тканіну са шматлікіх бясформенных фігур…

І ў мяне перахапіла дыханне. Гэта была драўляная скульптура — менавіта наша, беларуская, непаўторная. Не пазней семнаццатага стагоддзя. Раскрыжаваныя Хрысты, каструбаватыя, нязграбныя. Святыя Дзевы са складзенымі на грудзях рукамі. Майсей з вялізнымі рагамі-прамянямі на галаве… Кожная з такіх скульптур была больш вартасная за ўвесь кіч, сабраны ў залах наверсе. «Вядома, нічога дзіўнага, — з горыччу думала я, — што «вялікі знаўца» Нічыпар Цудко не палічыў патрэбным выстаўляць такое «ламачча» наверх». Вырабы мясцовых геніяў былі непараўнальна далёкія ад вытанчаных статуэтак а-ля антычнасць. Шэрае дрэва, паедзенае шашалем, пашкоджанні, часам значныя, надавалі скульптурам зусім нехлямяжы выгляд. Колькі падобных шэдэўраў загінула ў калгасных грубках — страшна ўявіць. Я наблізілася і са здзіўленнем заўважыла, што не так даўно дрэва апрацоўвалі нейкім кансервантам. Можа, Альберцік паклапаціўся? А Вінцук працягваў адкрываць багацці скляпення. Многае, што захоўвалася тут, было, відаць, вынесена з тых жа касцёла ды царквы. Перада мной, як у сне, узнікалі надмагільныя барэльефы, драўляная разьба частак алтара з ранамі ад барбарскай сякеры, фрагменты каваных агароджаў, кераміка — не такая, як наверсе, а вялізарныя гаршкі, дымленыя збаны з паадбіванымі горламі… Скрыня, напоўненая чарапкамі са слядамі ручнога роспісу, кавалкамі кафлі… Якое багацце! Я схапіла са стэлажа папку. Стос жоўтых, махрыстых па краях лістоў… Ды гэта ж «Рэвізская сказка» за 1802 год Наўеўскага павета! А побач стаяла чарка, непрыгожая, зялёная чарка — менавіта такія рабілі на гуце ў суседнім павеце чатыры стагоддзі таму… Падобныя ёсць не ў кожным музеі!