Страница 145 из 159
Пад час маналога пана Альберта дом ахутвае паўзмрок, з усіх дзвярэй і акон у вітальню набіваюцца прывіды, у якіх няцяжка пазнаць удзельнікаў вешчага сну Амеліі, а таксама нябожчыкаў, пачвараў і нават Белую Сароку і Чарнакніжніка (зрэшты, апошнія не выдзяляюцца з агульнага натоўпу, а Белая Сарока да таго ж не выглядае прыгожай і велічнай).
(Сядае на падлогу.) Сніўся мне дзіўны сон: бачыў я Амелію, быццам пераходзілі мы з ёй праз нейкую пустэльню, дзе шмат было страшных гадзюк. Яны ўвесь час заступалі нам шлях, нібыта хацелі ўтнуць. На захадзе ў чорных хмарах гасла сонца і шумеў голы лес Амелія, не кажучы мне ані слова, усё далей і далей ішла, журботная, сярод нейкіх руінаў.
З'яўляецца душа Амеліі, бязважкая і светлая.
Я ўбачыў недалёка ад дарогі яшчэ нейкіх жахлівых звяроў і закрычаў: «Амелія, давай вернемся дахаты. Нас напаткала цёмная ноч, а падарожжа небяспечнае». Яна адказала мне, плачучы...
Амелія. О, доўгая і страшная будзе ноч! (Становіцца за Альбертам, кладзе рукі яму не плечы.) Хутка звон і ранішняя малітва прывітаюць узыход сонца і разгоняць змрок. Гэтых звяроў я не баюся, але цябе яны могуць загрызці, дык не адыходзь ад мяне.
На авансцэну выходзяць шляхціц Завальня і Плачка. Не, гэта толькі а к ц ё ры, якія іх ігралі. Бо сам спектакль скончыўся. Акцёры чытаюць «Малітву за Беларусь», і па меры чытання святло ўсё больш разліваецца па сцэне, адсоўваючы змрок і жудасныя прывіды ў самы куток вітальні панскага дома ў маёнтку Магільна.
Акцёр. Божа ўсемагутны, адхіні напасці ад Бацькаўшчыны нашае Беларусі, захавай на вякі вечныя край вольным, зямлю плоднай, як маці вагітная, паветра чыстым, ваду здаровай, нетры непарушанымі, каб цешылася з ласкі Твае ўсё жывое: і чалавек, і птушка, і жывёліна, і рыба, і малая казурка.
Акцёрка. Уладару Нябесны, дабраслаў на еднасць і ўзаемадапамогу люд беларускі ў кожным месцы зямлі Тваёй, накіруй на шлях дабра і справядлівасці, спагады да блізкіх і далёкіх нашых.
Акцёр. Захавай ад варожага ўціску, вайны, голаду, мору, агню пякельнага, патопу, чорнае д'ябальскае сілы, а таксама ад брацкае нязгоды.
Акцёрка. Памажы нам захаваць у сэрцах веру нашую і славіць Святое імя Тваё на святой мове нашай роднай беларускай.
Акцёр. Дай спазнаць літасць Тваю, выбач нам грахі нашыя: зласлівасць і гультайства, распусту і хцівасць, а роўна ж і абыякавасць да лёсу Беларусі і да гора людскога.
Акцёрка. Адвядзі нас ад спакусы здрады і нявернасці, крывой прысягі, слоў аблудных і іншых учынкаў, што губяць душы нашыя і нясуць сорам Краю нашаму.
Акцёр. Сцеражы нас, Божа, ад грэху халуйства, ад прыніжэння годнасці Бацькаўшчыны і нашага народа беларускага.
Акцёрка. Не карай нас бяспамяцтвам і не дай забыцца святое мовы нашае беларускае, гісторыі, традыцыяў нашых, а дай сілы і шчырасці з адданай любоўю і пашанаю прымнажаць сцрадвечнае і высакароднае, што стварылі для нас продкі нашыя.
Акцёр. Божа магутны, Божа літасцівы, пашлі нам сілы і цярпенне ў стараннях нашых аб росквіце і волі Бацькаўшчыны нашай і дай нам бязмерную любоў, каб мы бясконца любілі святую Беларусь, і захавай яе нам на векі вечныя.
Акцёрка. У імя Айца, і Сына, і Святога Духа. Аман.
Заслона
Людміла Рублеўская
Сэрца мармуровага анёла
1
Люблю вандраваць.
Часам гэтая схільнасць ублытвае мяне ў авантурныя падзеі, якія не да твару такой самавітай асобе, як я, з навуковай ступенню кніжкамі і працай у сталічным музеі… Ды не, гэта я перабольшваю наконт маёй самавітасці. Па-ранейшаму не паважаю сур'ёзных паседжанняў і павучальных размоў, увогуле цярпець не магу тое, што называецца «ўпарадкаванасцю». Акуратныя стосікі аркушаў і кніг на пісьмовым стале выклікаюць у мяне адно жаданне — зараз жа раскідаць іх. Утульна я адчуваю сябе толькі ў мастакоўскіх майстэрнях — там, дзе састаўленыя ўздоўж сцен кераміка і палотны, дзе на паліцах аскепкі невядомых пасудзін і дзівосныя букеты з сухіх кветак і птушыных пёраў… Дзе можна знайсці зусім нечаканыя прадметы — ад чалавечага чэрапа да ліхтара, з якім у мінулым стагоддзі абходчык чыгункі сустракаў цягнік… Дзе ў паветры, прапахлым алейнымі фарбамі, нібыта празрыстыя мятлушкі, лунаюць душы ненапісаных карцін. У антыкварныя філіжанкі нальецца кава, і пойдзе размова — пра Мастацтва…
Я — з тых, хто пры мастацтве… Як я хацела быць у ім! Але калі зразумела, што не магу быць сярод лепшых мастакоў, перавялася з мастацкага на мастацтвазнаўчае аддзяленне. Не ведаю, можа, і ўчыніла глупства… Але і на сваёй цяперашняй дзялянцы спрабую нешта зрабіць. «Жанчына з неўладкаваным лёсам» — так, здаецца, гавораць пра такіх, як я? Бліжэйшая сяброўка Нюта сцвярджае, што мой характар і вобраз жыцця проста не выцерпіць ніводзін нармальны мужчына. Цікава, хто, на яе думку, «нармальны мужчына»? Я — не ведаю.
Мае першае і самае моцнае каханне — Альберт Свянткоўскі, мастак. Пазнаёміліся мы з ім на першым курсе. Таленавіты быў вельмі. За талент яму ўсё прабачалі — і пропускі заняткаў, і дробныя хуліганскія ўчынкі кшталту намазанага фосфарам чэрапа ў лабаранцкай. Альберт і сказаў мне наконт маіх перспектыў у мастацтве. Гэта ў яго стылі — гаварыць, што думае, і рабіць, што хоча. Я не была настолькі амбіцыйнай, каб пакрыўдзіцца, тым больш ён зусім не хацеў мяне крыўдзіць. Каханне наша трывала да пятага курса. Да гэтага часу Свянткоўскі паспеў усвядоміць, што я абсалютна непрыдатная для таго, каб грэць яму пантофлі, падаваць каву ў ложак і прабачаць лёгкія флірты дзеля натхнення. Мая «незямная» прыгажосць засталася занатаваная на яго палотнах, а ў мяне застаўся ягоны стары эцюднік, якім я часам карыстаюся. Развіталіся па-сяброўску, ён нават зрэдку тэлефануе мне — па справах, зразумела. Адгадаваў бараду, дабіўся вядомасці, два разы развёўся і тры разы жаніўся… Але Бог з ім, з Альберцікам… Мы былі занадта маладыя, каб грунтоўна псаваць адно аднаму жыццё. А вось наступнае — і апошняе — каханне, Радаслаў Дудкоўскі, ледзь не пахіснуў маё аптымістычнае светаўспрыманне. Пасля таго як Свянткоўскі апошні раз выпіў у маім пакоі філіжанку кавы і дэманстратыўна памыў яе на развітанне — працэдура, якая ніколі дагэтуль не адбывалася без майго напамінку, — я падрыхтавалася да пажыццёвай самоты. Але Радаслаў, Радзік, быў поўнай супрацьлегласцю абцяжаранаму ўласнай геніяльнасцю Альберціку. Ён таксама мастак, і нават някепскі. У адрозненне ад шматколернага Альбертавага буйства Радзік успрымаў свет ахраматычна. Яго гравюры па-свойму стыльныя — акадэмічна правільныя і ў той жа час з нейкай дзівінкай, няўлоўнай няправільнасцю, ад якой звычайныя відарысы ператвараюцца ў снабачанні. Радзік пераканаўча давёў мне, што я — ідэал жанчыны ўвогуле і ягоны ідэал у прыватнасці. Ён прыходзіў у маю аднапакаёвую «хрушчоўку», якая засталася мне ад бабулі, з букетамі ружаў. Варыў украінскі боршч на пліце, якую я ўключала толькі дзеля таго, каб згатаваць гарбату. Заварваў зёлкі, калі я хварэла… Ну і, зразумела, занатоўваў для вечнасці маё аблічча ў чорна-белым варыянце. Карацей, усе сяброўкі і сваякі адзінадушна вынеслі вердыкт, што дурная буду, калі такога мужыка адпрэчу. З Радзікам мы дайшлі нават да загса… І тут пачалося. Высветлілася, што акрамя гаспадарчых здольнасцей, у майго мужа хапае комплексаў і неўрозаў, і я мушу штодзень падтрымліваць яго ў бязлітаснай і няўдзячнай барацьбе — «Радзік — супраць усяго свету». Таму што навокал усе былі зайздроснікі, паклёпнікі, хітруны, ілгуны, спрытныя бездары і кар'ерысты. Над імі ўзвышаўся, кшталту антычнай статуі Немезіды, бездакорны Радзік. Кожны дзень я мусіла выслухоўваць скаргі і жахлівыя падрабязнасці гэтай барацьбы. Цэлы год я ўспрымала мужа ўсур'ёз, як магла, спачувала, падтрымлівала, падзяляла абурэнне… Пакуль аднойчы не паназірала за ім сярод ягоных калег. Пасля я паспрабавала тлумачыць бескампраміснаму змагару, што спадар Н., магчыма, зусім не хацеў яго пакрыўдзіць, а спадарыня К. не падбіраецца да яго пасады… У такія моманты я з адзінага саюзніка ператваралася ў аднаго з ворагаў. І Радзік бег у сваю майстэрню — яна была якраз непадалёк, зачыняўся там і маляваў. Потым з'яўляўся задаволены, млявы і паблажліва дараваў мне. Відаць, для творчага натхнення яму неабходны быў выплеск адмоўных эмоцый. Колькі я перажыла — усё маё… Ён ваяваў з маім «мастацкім вэрхалам» і ўдзелам у экспедыцыях, напачатку нават штовечар пералічваў грошы ў маім кашальку і высвятляў, куды я столькі патраціла. І гэта можна было б дараваць, але Радзік не хацеў мець дзяцей. Ён лічыў, што свет занадта недасканалы, каб ствараць на пакуты яшчэ адну нявінную істоту. Спатрэбілася два гады, каб я ўсвядоміла, што маю справу з неўротыкам і эгацэнтрыстам, нягледзячы на тое, што ён варыў украінскі боршч і падносіў мне пантофлі.