Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 2 из 5



Жэня дастае з шуфляды сшытак. Летась маці прэміравалі пуцёўкай на Каўказ, і яны абое былі ў Грузіі, у гэтым дзівосным кутку Радзімы. Маці жыла ў Кабулетах, дзе белы бераг і ціхае мора, а Жэня прыстроіўся да турысцкай групы і адпачынак прамяняў на прыгоды. І тады ён занатоўваў усё, што бачыў, вершаванымі накідамі, абы-як, не апрацоўваючы, пакідаючы гэта «на пасах». Наўгад раскрывае Жэня сшытак, і густыя яго чорныя бровы кратаюцца крыламі птушкі. Слухаючы аднаго разу чангурыста, ён запісаў такія радкі:

Ружавее зара ў Алазанскай даліне...

Скора ноч. Скора зоркі, як лівень,

Будуць падаць ў далоні мае...

Я вазьму гэтых зорак з сабой

І пайду за арбой.

Як гучанне струны, ўніз віецца дарога,

Праважае мяне рупных гор грамада...

Ўсім, хто толькі папросіць, аддам

Я па зорцы. Хай бяруць. Іх жа многа!

Ён засмяяўся сам сабе: шырокая ў мяне натура! Але от неяк напісалася - такога здабытку, як зоркі, маладосць мае багата, і яго не шкада. Уласна кажучы, сабе трэба пакінуць толькі адну зорку. І з ёю можна тады ўсё жыццё рабіць цуды, рабіць нават звычайныя справы, але яны будуць цудамі. А рэшту - сябрам, так жа, як і букет рачных лілей, - на дзяўчыніна акно. Усё гэта запісваў Жэня, прыслухоўваючыся да ціхага матчынага дыхання. На вайне загінуў бацька... Трэба знайсці асабліва пераканаўчыя словы, каб маці не хвалявалася - ёй хапіла гора, у яе не было, мусіць, гэтай самай зоркі, можа, яна пабаялася раскрыць далонь, каб не абпаліць скуру... Але так ці інакш, сказаць трэба будзе, бо ён - сын і таіцца перад маткай не ўмее, а яна - маці і зразумее сына...

У гэты ж самы час Толя Сіўко на дыбках прабіраўся праз калідор у сталовую, каб не пабудзіць каго ў доме. У сталовай ён намацаў выключацель і засвяціў электрычнасць. На стале накрытая сподачкам стаяла шклянка малака, на талерцы - хлеб. Толя сеў у любімае бацькава крэсла (у бацькі ўсё было «любімае» - і крэсла, і стравы, і надвор'е, і нават хірургічныя аперацыі), з асалодай прыступіўся да малака. На стале ляжаў медычны часопіс, а на ім - завяўшая галінка чаромхі. Толя панюхаў чаромху, у носе заказытала, і ён не стрымаўся - чхнуў.

- Папа цябе чакаў, - данесліся з суседняга пакоя матчыны словы. - У нас быў Сяргей Карпавіч, хацеў пазнаёміцца з табой.

- Доктар? - тручы нос пальцамі, спытаўся сын. З «канспірацыі» нічога не выйшла - падвяла чаромха. Ён міргнуў люстру - адтуль міргнуў яму танкатвары, русавалосы юнак.

- Не, ён аграном, прыяцель бацькі па фронту, - маці пазяхнула. - Ты позна ходзіш, Толя.

- Экзамены, мамачка, скончыліся. А дзе бацька?

- Ну, дзе? - Маці шумна ўздыхнула. - Выклікалі ў клініку. У яго там «любімая» аперацыя.

Нарэшце Толя ў ложку. Маладому дужаму целу горача, ён скінуў коўдру, а акна не зачыніў, хоць маці забараняе кідаць адчыненым нанач - усё баіцца злодзеяў. Лёгкі вецер павявае на гарачае цела, і гэта выклікае пэўную асацыяцыю: ён на пляжы... «Мы не на пляжы, а на вайне!» - мільгаюць словы з чутага кагадзе верша. Вайна! Падлеткам перажыў ён яе, бацька недзе матаўся ў санітарным цягніку, рабіў бясконцую колькасць аперацый - напэўна, нелюбімых. Бацьку ўзнагародзілі двума ордэнамі. Толя добра разумее, што гэтая ўзнагарода - даніна вялікай бацькавай рабоце, яго прафесарскай годнасці. Абыдзённая праца ваеннага хірурга, а не гераічны ўчынак. Толя нават усміхаецца ў цемры - бацька і гераізм! Тоўсты, лысы, рухавы чалавек, вельмі добры, але вельмі... звычайны. Мусіць, і гэты аграном такі самы... Скажы, хто твае сябры, і я скажу, хто ты... Не, «шасцёрка» не рассыплецца і пры выбары прафесіі: вядома, і Толя будзе ваенным.

Потым ён засынае.

Што сніцца ў семнаццаць гадоў? Якая частка мозгу вартуе сёння спакой юнака? Магчыма, сёння на варце тыя ўчасткі мазгавой кары, на якіх яшчэ няма ніякіх звілін; далейшае жыццё, як гравёр на медзь, нанясе гэтыя звіліны. Значыць, юнак спіць моцна і нічога не сніць. А магчыма, ён зноў жыве ў казачным бляску святочнага феерверку і дзявочых вачэй. А можа - ён кідаецца на амбразуру дзота, каб сваім целам закрыць яго...

Хрыпла, з даваеннай дамавітасцю б'е гадзіннік - тры ўдары... І сніцца Толю: тры фугаскі дасылае ён са свайго самалета на стан ворага...

III



На выпуску дырэктар школы гаварыў прамову. Яе слухалі ўсе з напружанай увагай. Такой ад яго многія не чакалі. Дырэктар казаў пра тую шалёную падрыхтоўку новай вайны, якую вядуць імперыялісты са стану ўчарашніх саюзнікаў. Дырэктар скончыў так:

- Спадзяюся, сябры, што выхаванцы нашай школы будуць адданымі сынамі Радзімы, будуць, змагарамі за згоду і спакой ва ўсім свеце. Куды б ні кінуў вас жыццёвы лёс, якую б прафесію вы ні абралі, спадзяюся, што вы перш за ўсё будзеце лічыць сябе салдатамі, якія абараняюць сацыялістычную Радзіму. У часе вайны з фашысцкай Германіяй многія выхаванцы нашай школы праславілі сябе гераічнымі подзвігамі. Найвялікшай узнагародай для нас, вашых настаўнікаў, будзе тое, што і вы не парушыце іхніх баявых традыцый.

Потым быў баль. Запрошаныя на баль выпускніцы трынаццатай жаночай школы танцавалі з выпускнікамі і вучнямі дзевятага класа. Адны ўжо былі «не сённяшнімі, а ўчарашнімі», іншым яшчэ выпадаў год напружанага вучэння і пошукаў «свае зоркі». Пасля танцаў, развітваючыся, Жэня, Толя і Паша ўмовіліся, што праз месяц сустрэнуцца і тады дэталёва абмяркуюць, у якую авіяшколу будуць паступаць. Тое, што гэта будзе авіяшкола, для ўсіх ужо было бясспрэчным.

Трохі сумна было першыя дні без школы, без сяброў, без Валі. Маці паехала кудысьці ў Крым лячыць «свой раматус», які захапіла ў часе вайны, жывучы ў Сібіры. Бацька прападаў у клініцы, сустракаліся мы рэдка. Стадыён, кіно, сад, кнігі. Канчалася вясна, надыходзіла лета, у горадзе рабілася і душна і пыльна. Без пэўных заняткаў было нудна. Толя занудзіў і нават паблажэў. Аднаго разу ён, прыйшоўшы дадому, вырашыў дачакацца бацькі, лёг не распранаючыся.

А калі прачнуўся, убачыў перад сабой бацьку. Без пінжака, паўнацелы, лысы, а вочы - уважлівыя, праніклівыя, і рука правая - крыху наперад, растапыраная. Вось возьме ланцэт і пачне арудаваць.

- Татусь...

Бацька пайшоў да стала за недапітым чаем.

- Чаму так дрэнна выглядаеш? Здаровы?

- Як буйвал! Мусіць, таму, што нічога не раблю...

- Пакаленне! Яшчэ паспееце згарэць! Табе, Анатоль, трэба адпачыць. На паветра, у поле, да ракі! Перад тым як зноў брацца за навуку, трэба пажыць, я сказаў бы, раслінным жыццём, гэта вельмі карысна. Які факультэт? Па традыцыі - медычны?

Толя ўзняўся з канапы. Запытанне - у лоб, і адказ павінен быць такі ж.

- Не, я не хачу быць медыкам.

Бацька засмяяўся. Пад камізэлькай злёгку краталася атлусцеўшае цела. Ён сказаў як бы да самога сябе:

- Зразумела! Я сам вінаваты ў тым, што не заахвоціў сына да сваёй спецыяльнасці. Чалавек, захоплены сваёй любімай справай, заўсёды трохі эгаіст. І потым вайна, яна надоўга разлучала нас. На чым жа спыніў ты свой выбар, Анатоль?

- Я мяркую паступіць у авіяшколу.

Бацька рэзка апусціў на стол шклянку, але не паставіў яе, а так трымаў - над сталом. Цяпер ён не смяяўся.

- Зразумела... Гэта - цвёрды, абдуманы крок?

І, пакуль сын гаварыў пра тое, што мара яго, як і ўсіх таварышаў, быць найбольш карысным Радзіме, што яшчэ не мінулася пара для самаахвярнасці і гераізму, што не ўсё спакойна ў свеце і лепш сустрэць новую вайну падрыхтаваным, стары хірург думаў аб тым, што ў многім сын памыляецца, але выбранай ім прафесіі нічым не зганіў.

- А ты ўпэўнены, што гэта - твая галіна, твая, так сказаць, зорка?

Толя кіўнуў.

- Добра... - у задуменнасці сказаў бацька. - Толькі помні, Анатоль, што якую б ты справу ні абраў, яе трэба рабіць любоўна, самаахвярна, з душой. Найгоршае ў жыцці - рабіць тое, чаго не хочацца, што рабіць нецікава, чаго не любіш. Гэта і для справы дрэнна і для сумлення няёмка. - Потым, памаўчаўшы, дадаў: - Ну, добра. А адпачыць табе трэба.