Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 87 из 95

Дык зноў вернемся да жывых сведчанняў, да непасрэдных сведак.

Вось як забівалі вёску Ніз Слонімскага раёна. I як на хаду мянялі і шукалі зручны прыём, каб людзі «без лішніх клопатаў» (для катаў) сталі пад кулі, пад расстрэл. У Асвенцімах гэта ўжо было наладжана, адрэгулявана, як машына (фіктыўныя «лазні», «лазарэты» для новых эшалонаў ахвяр і г. д.). А тут жа ні калючай агароджы, ні «лазняў» гэтых, і забойцы вынаходзяць кожны раз новыя спосабы ашуканства, каб забіць па магчымасці ўсіх, каб ніхто не ўратаваўся.

Расказвае Лявон Сідаравіч Алізар.

«…Гэта было 16 снежня 1942 года. Прыехалі так гадзін у… Яшчэ не ўзышло сонца — гадзін у восем або сем. Машына была, паставіла каравул вакол дзярэўні. Зайшлі да солтыса. Солтыс быў мясцовы, з солтысам хадзілі па дамам і гаварылі, што будуць ва ўсіх правяраць дакументы. Ну, канешне, дакументаў не правяралі, а толькі сабіралі возраст мужчынаў вышэй шаснаццаці і ніжэй сарака пяці. Еслі сорак шэсць, то ўжо не бралі. Гаварылі, што пойдзем на работу, бярыце лапаты і хлеба. Бярыце ў сумкі хлеба. Вышлі. Сабралі ўвесь маладзёж, сярэдні возраст, вышлі за дзярэўню. I тагда астанавіліся па край дарог, на сярэдзіне, і разрысавалі план такі во: буквай «Г». Канешне, тагды кажды паняў, што будзе нехарашо. Пачалі хто закурваць, хто сюда-туда, і не капалі ямаў. З хлебам былі ўсе, у сумках хлеб. Сказалі, хлеба браць на два дні. I пасля ішла машына легкавая з лесу. Нямецкая, прыехаў начальнік-немец. I сказаў на гэтую ўсю маладзёж:

— Запрагайце коні, паедзем.

Ну, канешне, гэта ўсё маскіроўка была. То плуг, то барану палажылі на воз, пазапрагалі коней, пасаджалі людзей. Я таксама запрог каня. Адзін хлопец сеў, а ў мяне паглядзелі дакументы і сказалі — «дадому». Два немцы былі, адзін гаворыць — «едзь», а другі — «дахаты». Ну, канешне, зганялі нас у хаты — у чатырох месцах. Вёска наша — хат пяцьдзесят і болей, можа быць, а ўбілі дзвесце дзевяноста шэсць чалавек.

Ну, мяне як загналі ў гэтую хату, там ужо ўсе сабраныя былі. Мужчын сабіралі ўродзе на работу, а жэншчын — у хаты, да бою. Дзяцей… Ну, мяне прыгналі самага астатняга, стаяў у дзвярах. Ужо больш не было… Сто пяцьдзесят чалавек было ў гэтым доме. Ну, можа, мінут дваццаць, больш не было, як я пастаяў у гэтым доме, і тут вызываюць трох. Пайшлі. Выйшлі, і яны нас павялі за сарай. Вышлі за сарай, і тут адразу ў іх быў дагавор: немцаў трох і нас трох. Сказалі:

— Кленч!

Як сказалі «кленч», тут пад адзін звук — з пісталетаў. У голавы. У мяне во так: у затылак, а тут во выйшаў, вылецеў. I тагда ўжо пачалі падводзіць больш. А мы ўжо там… Гэтыя двух — адразу ім папалі і нават не паварухнуліся. Але мяне не адбілі ад памяці. Каб я не помніў, то мяне дабілі б, іменна што я помніў. Зашумела ў галаве — усё роўна як мне далі поўху. Я зваліўся, упаў ніцма, дух утаіў і не варушыўся. Тут, можа, цераз мінут пару, пачалі валіць ужо. Як падыдуць тыя людзі за сарай, угледзяць, што мы ўжо ляжымо, толькі войкнуць «ай!». I б'юць іх. Я толькі думаў тое, што, як пачнуць дабіваць, хто зразу зваліцца, могуць і мяне дабіць. Як толькі прыдзе за сарай, павернецца, дык яны б'юць. Па галасах я не пазнаваў, каго прыводзілі, бо я быў не ў сваім канцы дзярэўні, а там, ад Слоніма, куды мяне былі загналі. Як толькі выйдзе сюды — «татачка!», «мамачка!» — і тут б'юць, страляюць. Навалілі, канешне, усіх перабілі.

Тады ўспакоілася, цішыня стала. Ну, ляжаў я да часоў дванаццаці ночы. Тут пайшлі, пачалі лазіць па трупах свінні. На галавето ў мяне ляжалі людзі, а ногі былі свабодныя… На галаве ў мяне ляжалі, і я не пазнаваў, каго прыводзілі, чутно толькі было, як войкалі дзеці, а так не пазнаваў. Пачалі лазіць свінні, кроў сабіраць, перайшлі мне на нагах, я ўжо пачустваваў, што немцаў няма, і пачаў вылазіць.

Вылез з гэтых трупаў, падняў галаву, і тут яшчэ адзін, Бардун, быў, таксама… Таксама ўстаў. То ён найшоў яшчэ дзевачку пад мацераю. Яе нямнога ранілі, яна жыве, гэтая дзевачка. Так гадоў мо дзесяць ёй было. У трупах ляжала. Яшчэ адзін дзядзька быў, у доме хаваўся, падышоў, паглядзеў, што мы варушымся. I павылазілі, і пайшлі ў лес. Ну, канешне, сняжок пайшоў, я тады ўстаў, у забітай жэншчыны ўзяў платок цёплы, галаву закруціў, раны свае, і пайшлі ў лес.

Пайшлі ў лес, снег цэлы дзень ішоў. Прахадзілі да вечара, а вечарам прышлі сюды, паглядзець, што тут ёсць. Ну, канешне, прышлі ў дзярэўню… Я ўжо нічога… Усё мне апухла, нічогане слышаў, так брыў, кроў ішла, ні кушаць нічога, толькі папіць. Прышоў дамоў, трупы развярнуў, панаходзіў свае дзеці. Чэцвера забітых, адна дзеўчына і тры хлопцы. I жонка…»

У Гародках, што ў Дзятлаўскім раёне, — там ужо інакш рабілі. Прыехалі, ачапілі вёску, абставілі яе кулямётамі: нікуды не ўцячэш. I тады пачалі хадзіць па хатах і загадваць, каб людзі ішлі на праверку пашпартоў. I трэба толькі, успамінае каваль Іван Вікенцьевіч Гародка, забраць з дому пасямейныя спіскі. У заходнебеларускіх вёсках, бліжэй да «рэйха», быў уведзены такі кантроль: на кожнай хаце — пайменны спіс сям'і. Каб нікога чужога! Вынеслі стол, лаўкі паставілі — зусім «мірная» бюракратычная акцыя…

«…Самі сталі з адбяспечанымі аўтаматамі, — расказвае Іван Гародка. — I немец пытаецца ў солтыса па-польску:

— Ці будуць кватэры для нас?



Солтыс кажа:

— Будуць.

I яны тады, у той момант, давай страляць. Пакуль ён не сказаў пра гэтыя кватэры — яны не стралялі. Гэта знак у іх быў такі, каманда. А солтыс не ведаў. I яго таксама забілі. I братоў яго, і жонку, і дзяцей…

Як яны давай страляць, дык я давай бегчы. Мы траёх тады спасліся…

А потым вёску нашу спалілі. У Гародках забілі тады трыста шэсцьдзесят чалавек. А ў нашай сям'і бацьку забілі (маці памерла раней), тры сястры забілі, і брацік быў яшчэ малы…»

А ў Хаценаве Смалявіцкага раёна яшчэ паіншаму зрабілі: прыйшлі, разбрыліся па вуліцы, але так, што каля кожнай хаты аказалася па тры карнікі. У вёску людзей пускалі, пакуль не набралася «даволі», «колькі трэба». Тады — дзве ракеты, і кожная тройка ўвайшла ў «сваю» хату і забіла «сваю» сям'ю.

«…На кожным двары паставілі па тры чалавекі — каб у гэты ж мамент выбіць людзей. Каля кожнай хаты. Столькі іх тады наехала! Скаціну яны ўжо выбралі, пагналі. Гэта ўжо другія, а яны далі дзве ракеты — у тым канцы і ў тым. А потым у хату ўваходзяць і выбіваюць дзяцей і ўсіх, якія там старухі… У мяне вот убілі матку, убілі жану, убілі трое дзяцей. Сын быў з трыццаць шостага, дачка з трыццаць восьмага і з саракавога адзін, маленькі быў. У кутку гэта… патроны там і ўсё… Усё там ляжала. Я прышоў потым і толькі трупы свае закапаў. Папалілі. Толькі каторыя не згарэўшы. Жонка, матка яшчэ… А дзяцей — адны косці пазбіралі.

Сто восемдзесят чалавек забілі».

(Іван Васільевіч Ліхтаровіч з Хаценава.)

У Засоўі на Лагойшчыне карнікі пераначавалі, наладзілі нават вечарынку пад губныя гармонікі, а раненька пайшлі па хатах: маці, жанчыны ўжо завіхаліся каля печы — іх першых стралялі, а затым заходзілі туды, дзе спалі дзеці…

Вось як расказвае пра гэта Сабіна Пятроўна Шупляцова:

«…Прышлі немцы ў нашу дзярэўню, і тут яны пераначавалі, а раненька — яшчэ некаторыя людзі і спалі — пачалі біць. А ўвечары яны нікому нічога не казалі. Білі па хатах і ў тых людзей, у каго начавалі, таксама пабілі, — пайшло заадно. Я была ў суседзяй. I гаварылі, што ў Германію будуць браць, а хто з маладзёжы ўцячэць, то паб'юць старыкоў. Не хацелася, каб гэта пастрадалі нашы старыкі. Ну вот, я да адной дзяўчыны пайшла: калі ўжо ў Германію прыдзецца ехаць, дык каб ужо ўдваіх. Толькі мы трохі пабылі ў іх, ажно ідуць немцы. Ужо біць. Ідуць утраіх к ім у хату, а адзін немец стаяў на вуліцы. Я ішла, а ён папытаўся ў мяне толькі, дзе мой дом. А я кажу: «Вунь».

Пытанне: — А на якой мове ён пытаўся?

— Ну, гаварыў-то ён па-нашаму, але відаць было, што немец, гаворка яго не такая. Я пайшла дамоў, а яны гэту бабу пагналі і забілі там. Глядзім — гарыць сяло. Давай жа мы будзем ужо ўцякаць. I вот мы бяжым вуліцай. А там немец увілзеў, што мы бяжым, — за хатай ён хаваўся — пулямёт укапаны быў. Мы гэта немца ўвідзелі і другой дарогай пабеглі. Дабеглі да пуні. Там рэчачка. Тады два хлопцы кажуць на маю ўжо матку: