Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 86 из 95

У вёсцы Баканіха на Віцебшчыне, калі жыхароў сагналі ў хату, да іх зайшоў афіцэр. Трохі памарадзёрнічаў: забраў у каго што лепшае з адзення, выкінуў за дзверы. А пасля і яшчэ пра нешта ўспомніў. Стары Архіп Жыгачоў так расказвае: «Тагда афіцэр гэты ўзяў і папрашчаўся з намі. Гаворыць:

— Да свідання. Давайце спасіба сваім гэтым партызанам!»

Мабыць жа, з крыўдай сказаў, з упэўненасцю, што гэта перад ім, эсэсаўцам, вінаваты нехта — тыя дзеці, жанчыны! У іх, можа, браты, бацькі, мужы — партызаны. А як жа: ехаў праз цёмны, густы лес, праз балота прабіваўся, надрыжаўся пад сваім мундзірам з грознымі эмблемамі смерці, увесь час азіраючыся, чакаючы партызанскай засады. I для яго той агульны «план», што ішоў зверху: рабіць так, каб на ўсходніх землях дзяцей, жанчын, мужчын стала менш на столькі або столькі працэнтаў, той расісцкі план у мазгаўні і пад мундзірам такога вось карніка набываў афарбоўку нават ужо самаабароны. Ён ад партызан ратуецца!..

I камандаванне, выдаючы свае жорсткія загады, і яно, бачыце, ратуе сваіх салдат, свае камунікацыі… Урэшце і вышэйшыя фюрэры, тыя таксама пачыналі крыўдаваць на насельніцтва Беларусі і іншых акупаваных тэрыторый. Як жа, вунь сам бог, сам творца накіроўвае волю, інтуіцыю, руку фюрэра, указвае яму, што і як трэба рабіць:

«Само прадвызначэнне як бы хацела паказаць нам туды дарогу… Агромністая імперыя на ўсходзе даспела ўжо да распаду».

«Творца ўсклаў на нас абавязак гістарычнай рэвізіі яшчэ нябачаных маштабаў…»

А тут нейкія партызаны, нейкія там «неарыйцы» перашкаджаюць, супраціўляюцца і на фронце і ў нямецкім тыле, не хочуць, каб сцерлі з карты іх Радзіму, каб «высялялі» на той свет іх сем'і, іх дзяцей. Колькі не аднаго гневу, жорсткасці, але ўжо і крыўды на «гэтых» рускіх, на «гэтых» беларусаў, украінцаў, палякаў, на ўсіх, хто не захацеў паслухмяна скарыцца лёсу, які для іх вызначыў «божы абраннік» — фюрэр. Новыя і новыя загады, накіраваныя на знішчэнне цэлых народаў, цяпер набываюць усё больш характар антыпартызанскі. Фашысты ўсё настойлівей, але дарэмна, стараліся віну за свае планы і свае справы ўскласці на тых, хто перашкаджаў ім гэтыя планы рэалізаваць. На партызан.

I тыя, колішнія іх нахабныя, ідыёцкія скаргі — скаргі катаў на свае ахвяры — працягваюцца, дарэчы, і сёння. У мемуарах, даследаваннях многіх заходніх генералаў (былых і новых), гісторыкаў, палітыкаў, літаратараў, што зноў і зноў пішуць пра «незаконнасць дзеянняў партызан», скардзяцца на дзяцей, жанчын і іх бацькоў, мужоў, братоў — на партызан, якія абаранялі Радзіму, свой лад жыцця, жыццё і будучыню сваіх дзяцей. А заходненямецкі прафесар К. Г. Пфефер, той нават заяўляе, што гітлераўцы пакінулі «нядрэнную памяць па сабе ў савецкага народа». Бачыце, нават гэтак! Праўда, скардзіцца Пфефер, апошнія гады вайны «былі амаль усюды засмучаны беззаконнымі дзеяннямі партызан».

Вунь колькі крыўды і шкадавання! Не менш, чым у таго бандыта ў афіцэрскім мундзіры, што знішчыў жыхароў вёскі Баканіха. Не забыўся, забраў, што лепшае было на людзях (каб не прападала «імперскае дабро»), і, перш чым запаліць хату з людзьмі, зусім па-пфефераўску папракнуў: — Гэта вам за вашых партызан!

А ўжо як крыўдуюць на свае ахвяры збеглыя здраднікі, «бобікі» — паліцаі, старасты, бургамістры, уласаўцы, бандэраўцы, кіраўнікі «беларускай рады»! У іх, аказваецца цяпер, таксама былі свае «планы», таксама разлікі, калі яны дапамагалі гітлераўцам знішчаць сваіх землякоў, савецкіх людзей. Яны хацелі з дапамогай немцаў «толькі» выбіць балыпавіцкі дух з народа. I не іх, маўляў, віна, што занадта «цела» і «дух» моцна трымаліся адно другога. «Ну, і гінь, калі ты такі!» — гневаліся яны на народ.

Іх рукамі нямецкія фашысты таксама нямала народнай крыві пралілі. Дзе толькі было магчыма, яны хаваліся за гэтых здраднікаў. З выпадку стварэння так званай «беларускай рады даверу» акупантамі выказваліся, напрыклад, такія меркаванні, такія разлікі: «…рускія будуць глядзець на гэты факт, як на фіктыўны крок, але затое гэта дасць нам магчымасць усе мерапрыемствы… праводзіць іх рукамі і ўскласці на іх усю адказнасць…»

Але часам здаралася, што тая машына знішчэння, якую яны абслугоўвалі з усёй стараннасцю здраднікаў, садыстаў, адшчапенцаў, хапала, зацягвала ў свае зубцы і іх саміх. Як у тых жа Борках, дзе спалілі і паліцаяў.

Пра гэта расказвае Ганна Мікітаўна Сініца: вунь з якой пагардай да подлай тупасці фашысцкіх памагатых.

Пытанне: — А што там было, калі паліцэйскіх збіралі?..

«— Ага. У нас ніводнага паліцэйскага не было на пасёлку. А з Дзяржынскага адзін. Ну, і хадзіў ён па вуліцы, а мой брат ужо хацеў спрасіць, што гэта будзе, чаго акружылі. Кажа:



— Косцік, Косцік, што гэта такое?..

Дык ён і не стаў разгаварваць. Ён жа думаў: «Нас павязуць у Германію, а вас будуць біць, дык зачэм я буду з вамі разгаварваць». Ну, ім сказалі, што: «Забярыце вашы сем'і, і мы вас увязём у Германію». I яны свае сем'і ўсе пазбіралі і прывезлі к школе. I тут іх тады — што: узялі, гэтыя сем'і ўсе і іх саміх, запёрлі ў сарай у школьны і падпалілі. Вот яны жывыя і пагарэлі. Нас хоць палілі нежывых, білі, а іх жывых спалілі. Вот так.

Пытанне: — Казалі нам, што раней гэтыя паліцэйскія ўцяклі, калі павялі іх на партызан?

— Ад Клічава аднекуль уцяклі. Хадзілі ўжо на парцізан, а тады ўзяЯі адтуль ды ўцяклі. Вот тады, як яны ўцяклі, немцы, мусіць, падумалі, што тут уся звязь імеецца з парцізанамі, і яны ўсіх гэтых паліцэйскіх і пабілі.

Пытанне: — Яны ўцяклі са страху ці, можа, і праўда сувязь мелі з партызанамі?

— А, не мелі яны ніякай звязі! Патаму што яны заўсёды так гразіліся, кідаліся на людзей, што дзе ж яны мелі звязь. Прыдзе к нам, прымерна, начаваць. У нас бабы адны. I толькі, кажа, заікніся каму-небудзь, што я тут, дык я цябе ўб'ю. Хаваліся, каб парцізаны іх не пабралі…»

* * *

Боркі Кіраўскія выбілі 15 чэрвеня 1942 года.

За некалькі месяцаў да гэтага ў сакавіку 1942 знішчылі шмат вёсак разам з людзьмі ў Акцябрскім раёне. Там, на Акцябршчыне, цэлы раён сціснулі пятлёй з некалькіх дывізій і забівалі ўсіх людзей — вёску за вёскай.

Аж да вызвалення Беларусі Савецкай Арміяй працягвалася такое ў маштабах усё больш злавесных і пагрозлівых для самога існавання нашага народа.

У абласцях і мясцовасцях, якія на нямецкіх картах лічыліся «армейскім тылам» (Віцебшчына, Магілёўшчына, Гомельшчына, усходняя частка Мінскай вобласці), да гэтых «акцый», «экзекуцый», «масавых кампаній», «ачыстак», «асобных мер», «фільтрацый» — розныя былі ў іх назвы — звычайна прыцягваліся буйныя армейскія часці, цэлыя дывізіі.

А на захадзе рэспублікі, асабліва ў тых раёнах, якія былі ўключаны або павінны былі потым быць уключанымі ў будучы «германскі рэйх», справай «высялення» і «перасялення» карэннага насельніцтва пастаянна займаліся спецыяльныя групы, каманды. Вядома, і іх прыкрывалі армейскія злучэнні, а ў часе блакад Белавежскай пушчы і іншых мясцовасцей — у гэтым удзельнічалі цэлыя дывізіі вермахта.

На Нюрнбергскім працэсе неабвержна даказана непасрэдная віна, адказнасць за шматлікія акцыі генацыду не толькі спецыяльных часцей СС, СД і жандармерыі, але і армейскіх падраздзяленняў, армейскага камандавання. Яны рабілі адну справу, толькі ў вермахта былі яшчэ першачарговыя клопаты на фронце, а спецыяльныя каманды дзейнічалі так, быццам ужо наступіла пара «канчатковага ўрэгулявання», г. зн. як бы пасля перамогі. I таму дзейнасць гэтых каманд, груп, спецыяльных часцей можна разглядаць як рэпетыцыю таго злавеснага «канчатковага ўрэгулявання ў Еўропе» (знішчэння славянскіх і іншых народаў), на якое, калі б Гітлер перамог, ён кінуў бы цэлыя арміі.

А пакуль, акрамя таго, што знішчэнне тысяч і тысяч мірных жыхароў ужо адбывалася, працягвалася сіламі армейскіх і спецыяльных часцей, у ходзе гэтых акцый нешта рабілася і на будучае — планамерна і з маньяцкай настойлівасцю. Выпрабоўваліся метады «масавых экзекуцый». Адшукваліся варыянты, улічваліся «памылкі» і недакладнасці. (I ўвесь час пісаліся, пасылаліся ў Берлін скрупулёзныя справаздачы.) Вывучалася псіхалогія ахвяр. I выканаўцаў таксама.