Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 88 из 95

— Цётачка, давайце будзем тапіцца.

Там рэчачка невялічкая была. А мая маці кажа:

— Дзеткі, будзем прасіцца, а можа, як адпросімся. Немец выстраліў па нас і вярнуўся. А тады ж ужо з пулямёта як сталі страляць па нас!

Мяне ранілі былі. Ну, і мы паляцелі ў балота…

Хлопцы яшчэ былі малыя. I рэчка невялічкая была — цяпер яе ўжо зусім няма».

У Студзёнцы Быхаўскага раёна — акружылі раненька, праехалі па вёсцы на машынах, нават з гарматамі, да паўдня пабылі каля ветрака наводшыбе, а тады ўжо строем пайшлі па вуліцы. Па два, па тры адлучаліся ад калоны, ішлі ў двары.

— Заходзьу хату! Лажыся!..

Забіўшы паўтысячы жыхароў Студзёнкі, пераехалі ў суседні пасёлачак Студзянец. Пакуль мылі каля студні рукі, садзіліся піць-есці, працавала авіяцыя: Студзёнку палілі з самалётаў, якім карнікі перад гэтым далі сігнал з гарматы.

Карнікі, вядома, маглі і самі запаліць, як звычайна і рабілася. Але захацелася вось так. Праверыць, што больш эфектыўна. Ды і псіхалагічны момант — паказаць тэхніку, моц. Паказалі і вярнуліся ў Студзёнку, дапальваць тое, што ад авіятэхнікі не згарэла.

* * *

У Быхаўскім раёне ёсць вялікая вёска з прыгожай назвай — Красніца. Мы туды прыехалі ў сонечны ліпеньскі дзень 1972 года — праз трыццаць год пасля таго, як вёску гэтую забілі. Красніца жыве, як жыве сёння і Хірасіма. Але жыве і памяць — аб уласнай смерці памяць. I дзень той для ацалелых жыхароў Красніцы — успышка жудасці, пакуты, перад якімі астатнія месяцы і гады ваеннага ліхалецця нават губляюцца. «Да» і «пасля», а над усім — той ліпеньскі дзень 1942 года.

«…Яны ішлі цераз дзярэўню, не трогалі нікаго. З таго вунь канца цераз кладбішча. Толькі адзін пабег уцякаць, дык яго ўлавілі:

— Ты парцізан?

— Не.

Ну, яго і пусцілі. З такой паліцікай, каб ета ўспакоіць людзей было. Да. Ну, заселі яны. З'ездзілі яшчэ ў Быхаў узнаць, каторую Красніцу — Первую ці Утарую — біць. У Быхаве ўтачнілі, прыязджаюць, ацапілі ўсю дзярэўню. З вінтоўкамі, з кулямётамі ўстанавілі немцаў. А ў дзярэўні былі і паліцаі. Бо калі заганялі ў хату, дык яны па-руску:

— Ану, у хату захадзіце!

Ну што, нездагадлівы народ быў. Ідуць, і ўсё. Пытанне: — А яшчэ не было блізка такіх выпадкаў, каб забівалі?

— Раньша не было яшчэ. Да гэтага дажа не слышна было.

Да. I сталі ў хаты заганяць. Заганяюць і далей ідуць, а ўслед ужо запальвалі. Хаты гэтыя з народам. Гараць хаты. I з лугу людзі ідуць, сена вязуць, а немцы смяюцца гэтыя, каторыя там ахраняюць, часавыя гэтыя. Смяюцца толькі, што самі ідуць на гібель. А людзі ж не знаюць. Адзін з адным гавораць, што «гэта з парцізанамі б'юцца, давай быстрэй уцякаць, а то будзе і тута…» А калі немцы толькі прыехалі, камендант аб'ясніў, каб на полі ні ската, ні саміх, нікаго штоб не было. Ні ў лясу, ні на полі. Таму што з парцізанамі будзе бой і будуць усіх убіваць. А ў дзярэўні не будуць трогаць. Ну, усе і кідаліся ў дзярэўню.

Бягуць, бягуць і бягуць. А таго не знаюць, што яны бягуць, а іх — у хаты заганяюць, б'юць. Да. I палюць. Вот і ўсё.

Пытанне: — Ну, а вы? Вас таксама?

— Нас шэсць чалавек ішло з косамі. Ну, і іх ішло восем.

— Кідайце цераз забор косы, — загадваюць.

Ну, мы і бросілі. Як бы на цяперашні розум, дык развярнуў бы гэтай касой — не справіўся б мяне застрэліць, як яму галаву ссек бы касой. Дурныя, можна сказаць, былі. Вот і ўсё. Не вучаныя. Не здагадваліся, што гэта робіцца.

Пытанне: — Аяк яны адзеты былі?

— У форме. Ага. Ну, дык мы ідзём з луга, а часавыя смяюцца. А чаго яны смяюцца, мы ж не знаем. Сустракаем па вуліцы гэтых, каторыя заганяюць і б'юць. Гавораць:

— Стоп! Назад заварачвайце! Брасайце косы цераз забор.

Ну, і бросілі. А тут гарыць. Пытанне: — А крыкі людзей чуваць?

— Не чуць нічога. Нічаго не чуць, а толькі стральба і ў гэтым канцы гарыць. Да. Ну, нас завярнулі і кажуць:

— Захадзіце ў гэту хату.



Мы заходзім у хату гэтую, а тут поўна ўжо загната. Людзей. I зразу ж гранату нам сюды — шарах! Граната ўзарвалася. Крык! Закрычаць — утарая! Трэцяя! Ну, кагда трэцяя, тагда ўжо ўсё. I замоўклі.

Пытанне: — А вы як у гэты момант?

— Я замеціў, што ён у дзвярах чаку з гранаты вынімае — я ж быў на вайне ўжо. Я ж у Фінляндыі быў на вайне, дык я знаю аружыя.

— Лажыцеся!.. Гранату кідае!

Я сам толькі ўспеў кінуцца, каторыя ляглі, каторыя не — ён ужо кінуў гранату. I мальчык, катораму жывот вырвала — граната перад ім узарвалася, — ён бросіўся на мяне. Яго галава на маю галаву папала. I кагда ўжо трэцюю гранату яны кінулі, узарвалася — усё, цішына стала. Дым гэты сышоў нямнога — заходзе адзін, немец ці паліцай, і правярае каждага. I з вінтоўкі дабівае. Гэтага мальчышку — ён яшчэ жывы быў — пацягнуў, ён лыпнуў вачамі, дык ён яму ўдарыў, а яго галава была вышэй маёй, і мне толькі фуражку прабіла. А самаго не затрывожыла. I з етай групы вышла нас два не ранетых, я тожа не ранеты быў, ета не раненне, што шапку прабіла, валасы выскубнула. Да, і два ранетых вышла. А ўсе пагібшыя ў гэтай групе. Там народу, можа, сорак ці пяцьдзесят чалавек было — я не магу точна сказаць.

Пытанне: — Вы доўга ляжалі?

— Не, як яны тольківышлі… Я сазнанне не губляў, я слышу: выходзіць… вышаў… пайшоў… разгавор, пайшлі на вуліцу… Да, як на вуліцу пайшлі, я падымаюсь. Кругом паглядзеў — няма нікога, усе ляжаць! Ціхонька гавару:

— Ці ёсць хто жывы? Да. Другі гавора:

— А я жывы. I другі кажа:

— Я ранеты, але жывы.

Што рабіць? Да. Давай на чардак. Мы на чардак усхваціліся. Там дыра была. Да, я наблюдаў. Яны пашлі ў адну хату. Пасля далей. Я гавару:

— Будуць паліць, усё, мы пагарым тута.

— Ды не будуць!

— Ды як не будуць, дым ідзець жа, гарыць што-та. Ну, саскочылі і — у гарод. Ячмень быў. У ячмень гэты. Да. I там поўзалі да гэтаму ячменю. А там праз лужок у жыта.

Пакуль часавы адвярнуўшысь быў. I ў лес.

Пытанне: — Аў вас сям'я была?

— Усіх пабілі. Адным словам, сродства, братніх дзяцей, сёстры і браты ў мяне, — пагібла ў тое ўрэмя ў мяне дваццаць пяць чалавек. I жану ўбілі…»

Так гэта бачыў Палікарп Мікалаевіч Шакуноў. Мы яго сустрэлі на красніцкай вуліцы, вёў каня з пашы, можа, як тады, трыццаць год назад, — мы яго спынілі, спыталіся, хто мог бы расказаць, «як білі»…

— Ёсць, засталіся людзі. Я застаўся. Адамкнулі нам клуб, і пакуль Палікарп Мікалаевіч расказваў, збіраліся яшчэ жыхары ранейшай, забітай Красніцы. Прыходзілі па аднаму. Садзіліся ўздоўж сценкі, каля акон і моўчкі слухалі тое, што бачылі, перажылі і самі.

857 чалавек тады забілі ў Красніцы…

Пётр Юр'евіч Перапечын.

«…Я быў малы. Нас было ў маці чэцвера малых. Брат дваццаць шостага года, каторы астаўся жывы, сястра трыццаць трэцяга і трыццаць сёмага — брат. Ацец умершы ў трыццаць сёмым годзе. Брат старэйшы пайшоў хавацца ў ячмень, а ў гэта ўрэмя бяжала Бабкова Марыя. Яна цяпер у Магілёве жывець. Дзяўчына. Выскачыла. Мы ў адным класе вучыліся з ёй. Бегла і крычала:

— Уцякайце, хавайцеся, б'юць усіх падрад!

Я маці стаў прасіць, гаварыць, што, значыць, пайдзём хавацца. Маці што-та, ілі расцяралась яна, ілі што:

— Нікуды, — гаворыць, — не пойдзем.

Ну, тагда я стаў прасіць, каб меншага брата ці сястру аддала, штоб мне пайсці ўдваіх. Яна не пусціла, гаворыць:

— Ідзі, еслі хочаш, адзін, раз табе нада так.

Ну, і патом, у ета ўрэмя, кагда мы… Убачылі мы ўжо, што падзвігаюцца сюды, мы на свой двор зашлі там к сараю, селі паўз забор: я самы крайні сеў. Заходзяць двое. Адзін гаварыў па-нямецку, адзін па-руску, каторы гаварыў па-нашаму — гэты з вінтоўкай. А той з пісталетам. Стаў на праходзе. Зайшоў той, каторы гаварыў па-руску, ён, канечна, дабраволец.

— Ідзіце ў хату, лажыцесь.