Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 52 из 95

З адной машыны вылез афіцэр, даў каманду, і нас павялі пад сільным канвоем. З правай стараны ехалі машыны, а з левай — ішлі немцы.

Не дахадзя да таго месца, спынілі, і трох немцаў пайшлі з кулямётам. Паставілі кулямёт на ўзгорачку, двох там засталіся, а трэці вярнуўся і махнуў рукою.

Прывялі нас у лагчыну, перад тым кулямётам, і сказалі лажыцца. Мы лажыліся, хто з кім. Ну, я лёг з сямілетнім хлопчыкам, трымаў яго на руцэ, прытуліўшы, а жонка з трохлетняю дачкою. Калі мы леглі — шапка з мяне звалілася, і я яе на голаву болыд не клаў.

Немцы ад нас адышліся… Ага! — немцы адышлі ў сторану і заляглі кругом. А гэты немец, кулямёт каторага на ўзгорачку стаяў, узяў гэты кулямёт і падышоў да нас метраў на дваццаць. Там была яма, дзе нямецкая бомба ўпала. Улез ён у гэтую яму, укленчыў і паставіў на беразе ямы кулямёт. Тады немцы адышліся ад нас, і ён пацягнуў першую вочарадзь па нашых галовах.

Я як ляжаў на левым баку, так мне вот так па пальцах, а хлопчыку ў голаву. I ён яшчэ ўспеў толькі сказаць:

— Ой, тата, баліць!

А я гавару:

— Ціха, Мішка, не будзе балець. Больш ён не аказаўся.

Пяць вочарадзей выпусцілі. Мне папала ў правую ногу, абпаліла мне падошву і так прарэзала нагу. Сільна мне балела. Варушу — варушыцца, але боль — не вытрымаць. Усё роўна як крапівою мне хто па пальцах.

Пасля сталі дабіваць, хто стагнаў. Увесь мой твар быў абліты кроўю, і вельмі з мяне дух гнала. Падышоў немец, нагою мне ўдарыў у галаву — галава мая так зашаталася, але я вачэй не расплюшчыў.

Сталі самі засыпаць зямлёю. Зямля была мёрзлая, груды гэтыя, пясок. Паабівалі мне твар…

А за плячыма ў мяне ляжаў — гадоў, можа, яму шаснаццаць — хлопец. Ён нідзе ранены не быў. Усхапіўся на ногі і просіцца:

— Паночкі, не беце мяне! Забілі маю мацеру і сёстры, пусцеце мяне жывога.

Яны што-та па-нямецкі, што-та паміж сабою пагаварылі, раздаўся выстрал з пісталета, і ён мёртвы ўпаў на мяне.

Пяску нямнога насыпалі, і я стаў душыцца. Думаю, буду вылазіць, хай дабіваюць, бо цяжка вельмі душыцца. Увесь мокры, як з рэчкі. Раз прыпадняўся, потым другі раз, і ўжо я беспрытомны. Потым неяк напружыўся — ну, тады я быў сільны, малады, — прыпадняўся, тыя груды расхіліліся, і мне стала лягчэй дыхаць.

I ляжу я, слухаю, не чутна, каб кідалі… Колькі ляжаў — не ведаю. Потым яшчэ паварушыўся, высадзіў твар і чую — ужо ў тым канцы стрэлы чутно. Паляжаў я, пакуль сцямнела. На ногі не ўздымаўся і гавару:

— Уставайце, хто жывы. Немцаў ужо няма, пайшлі.

Ніхто не аказаўся. Нас было тут, у гэтым канцы вёскі, сто пяцьдзесят душ, а толькі я адзін застаўся… Парваў на сабе рубашку, абкруціў рану і пайшоў у лес…

У лесе я праляжаў трое сутак. «Ну, — думаю, — пайду ў дзярэўню Капце, калі заб'юць, — хто-небудзь зямлёю прысыпле, бо як у лесе памру, то звяры косці толькі будуць цягаць». Прышоў я рана ў вёску Капце і не пазнаў яе — яна ўжо мне перамянілася, зусім другою стала. Ведаю я, што тут Капце, сабакі брэшуць з Малой Волі, але Капцёў не пазнаю. Пастаяў я і зноў пайшоў у лес.

Потым знайшоў я нашых, каторыя паўцякалі з Казлоўшчыны, сустрэліся мы з імі. Прышлі мы з суседам у Капце, і там я ўжо астанавіўся.

Лёг я ў Віктара Касача і праляжаў шэсць дзён. Потым Копаць Аляксей, які служыў кагда-та ў польскай арміі санітарам, зрабіў мне перавязку…»

Прайшло больш за дваццаць пяць гадоў паміж тым першым, запратакаліраваным, і вось гэтым, запісаным на магнітафонную стужку, расказам Івана Павачкі, але час не сцёр у памяці расказчыка вогненных і свін цовых слядоў. У расказе 1971 года Іван Іосіфавіч разважае пра тое, што карнікі, маўляў, не змаглі разбіць партызан і «з гэтай нянавісцю» ўзяліся помставаць на мірных жыхарах. У тыя дні ён не мог ведаць, што 11 лістапада 1942 года галоўнае камандаванне фашысцкай арміі выдала спецыяльны сакрэтны дакумент — «Інструкцыя пра абыходжанне з бандытамі і іх памочнікамі», у 83 пункце якога рэкамендавалася: «У абыходжанні з бандытамі і іх добраахвотнымі памочнікамі праяўляць крайнюю жорсткасць… Сама жорсткасць мер і страх перад пакараннем павінны ўтрымаць насельніцтва ад дапамогі і садзеяння бандам». Услед за гэтай інструкцыяй начальнік генштаба вермахта Кейтэль выдаў загад. У пункце першым гэтага загада ён напісаў, што прытрымлівацца міжнародных пагадненняў і прынятых звычаяў вядзення вайны — не трэба. «Гэтая барацьба не мае больш нічога агульнага з салдацкім рыцарствам або палажэннямі Жэнеўскай канвенцыі… Таму войскі правамоцныя і абавязаныя без усякіх абмежаванняў выкарыстаць у гэтай барацьбе любыя сродкі, у тым ліку супраць жанчын і дзяцей, абы гэта прынесла поспех». Другі пункт: «Ніводзін немец, які ўдзельнічае ў барацьбе з бандамі партызан, не павінен быць прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці або пастаўлены перад ваенна-палявым

судом…»



Івану Павачку, вопытнаму пажылому чалавеку, інтуіцыя падказала слушна — карнікам наперад дароўвалася ўсё. Яны аказаліся няздольнымі ваяваць супраць партызан і пад выглядам іх білі жанчын, дзяцей, старых…

У архівах захавалася «Паведамленне № 28» паліцыі бяспекі і СД аб выніках карных экспедыцый «Гамбург» і «Альтона» ў раёнах Баранавіцкай і Брэсцкай абласцей ад 22 студзеня 1943 года. Непасрэдныя верхаводы карнікаў выхваляліся перад вышэйшымі інстанцыямі сваімі «подзвігамі», выдавалі забітых мірных жыхароў за партызан. Вось два ўрыўкі з «Паведамлення».

«…Аперацыя «Гамбург» у раёне гор. Слоніма.

Гэтая аперацыя была адною з найболын паспяховых аперацый, праведзеных да гэтага часу ў Беларусі. Дадзеныя разведвальнай каманды паліцыі бяспекі і СД былі такія дакладныя, што ўдалося выявіць кожны лагер. У шматлікіх баях было забіта 1676 партызан. Затым было расстраляна западозраных у сувязях з партызанамі 1510 чал. Былі захоплены шматлікія трафеі, у тым ліку 4 браневікі і 8 супрацьтанкавых ружжаў, велізарная колькасць жывёлы і збожжа. У населеных пунктах, размешчаных у раёне аперацыі, акрамя таго, было знішчана 2658 яўрэяў і 30 цыганоў. Страты немцаў, склалі 7 забітых і 18 раненых».

Аперацыя «Альтона» ў раёне Косава — Быценя.

Гэтая аперацыя была праведзена з мэтай разгрому вялікага партызанскага атрада, які прарваўся на поўдзень пасля аперацыі «Гамбург»… «Партызаны страцілі забітымі 97 чал. Потым у гэтым раёне было расстраляна 785 чал., западозраных у прыналежнасці да партызан, 126 яўрэяў і 24 цыганы. Захоплены значныя трафеі: жывёла і прадукты харчавання. Зброі і боепрыпасаў захоплена невялікая колькасць…».

На самай справе ў раёне Слоніма карнікі нават не сутыкнуліся з партызанскім атрадам. Яны накінуліся на бліжэйшыя мірныя вёскі.

Звер палюе на чалавека

«…Ідзеш, ідзеш, ідзеш, ідзеш, чуеш — тут трэсне, дык ты ў другі бок. А яны ў лесе лавілі, па балоце… Па гразі ідзеш да пояса, чабохаешся, а бо-о!.. Не дай божачка! Казалі:

— Будзем раз у дзень есці, але каб толькі з балота вылезці…»

(З расказу Ганны Тарасевіч. Іканы Барысаўскага раёна.)

Чалавека гоняць, выжываюць з вёскі, з горада — у лес. Потым ідуць на паляванне. На жанчын, на дзяцей палююць.

Звяры ідуць аблавай на людзей.

Расказвае Ганна Паўлаўна Бурак. Лісна Верхнядзвінскага раёна.

«…У лесе мы там з нядзелю прасядзелі. Муж гаворыць:

— Паедзем мы бліжэй к дому. Там адзін сусед, гаворыць, пераехаўшы, дык яны ў дзярэўню ходзяць, картошкі прыносяць, зернят прыносяць, мелюць, калатуху вараць, ляпёшкі пякуць. Вот і мы, гаворыць, паедзем туды.

Ну што я, я ж адна не ўпруся, што я зраблю адна з дваімі дзецьмі? Ну вот, прыехалі, налажылі воз сена, павёз ён, і дачка паехала з ім.

— Я, — гаворыць, — пайду дамой, можа, прынясу картошкі.

Ну вот, яны паехалі, а я асталася так з дзецьмі сваімі. Прыехаў, апошні воз сена налажылі. Ён на мяне гаворыць:

— Няхай рабяты едуць са мной, а то паследняе будзем забіраць, дык не будзе як ім сесці…