Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 51 из 95

— А з унукамі можна?..

Выйшаўшы з намі на вуліцу, ён паказаў рукою на поўнач, у другі канец вёскі:

— Там, злева, каля крамы, новы добры дом. То гэта Яўгені Бардун.

— Мусіць, муж цесля?

— Няма мужыка. Толькі дзеці. А хату калгас памог зрабіць.

Мы не засталі Яўгені Адамаўны дома, яна была на рабоце, на сенакосе за Шчарай. На трэці дзень, у нядзелю, таксама давялося чакаць яе з таго сенавання да самага абеду.

Убачыўшы нас на двары, гаспадыня падышла з граблямі на плячы. Невысокая, ладная, яна была б нават па-свойму прыгожая, калі б не лішне шырокія ад нежаноцкай працы плечы.

Пачуўшы, чаго мы завіталі да яе, Яўгеня села на траву і расплакалася…

«…Спачатку прышлі немцы ў хату, — пачала яна потым. — Забралі бацьку. Бацька наш быў хворы, дык неяк адпрасіўся: «Пусцеце, я хворы жалудкам». I яны яго адпусцілі. I сказаў тады паліцман нямецкі — ён жыў у тым канцы вёскі,— што нікуды вы не ўхадзіце, будуць пашпарты ў вас правяраць, і ўсё. У нас дзяўчата яшчэ ўсе малыя былі, нікога ў партызанах не было, адно бацька памагаў танк выцягваць партызанам з ракі. Ну, бацька і баяўся, што ён, значыць, выцягаў Саветам танк гэты, баяўся, што немцы падазраюць і могуць яго забіць.

Потым заходзіць у хату паліцман і немец і выганяюць. I сагналі ў адну хату, а многа нас было, палавіну сяла сагналі.

I пачалі выводзіць.

Зразу трох мужчынаў, а потым і бацьку ўжо ў другой тройцы вывелі. Проста прышоў немец і «драй», «драй» — на пальцах паказвае. Самі людзі выходзілі, бо дзе ж ты дзенешся, ён гранату паказвае — выходзь…

Ну, і бацька выйшаў у другой тройцы. Маці паглядзела… што бацьку павялі ўжо, а дзеткі малыя, яна за сваю сям'ю і нас, малых, павяла за бацькам.

Павяла за ім… Старшыя дзве сястры былі ў мяне, а маці нясла маленькага. Дзіця. Было яму год. А сястра ўжо нясла другое, два годы хлопчыку было.

Даводзілі нас да сарая. Тады я забегла неяк наперад сястры. Немец ей у патыліцу стрэліў, а яна мяне з ног збіла, і я так засталася. Яна на мяне ўпала так во — ад шыі да пояса, а на ногі — другіх людзей куча навалілася. Людзі да мяне ўсё падыходзілі, іх стралялі, яны на мяне валіліся. Але галава мая была наверсе, не пад людзьмі, і так я і ўцалела. I ўжо як тут пабілі, дык сталі біць на другім канцы вёскі. А я ўжо ляжу.

Засталося тры хлопцы раненых, мае равеснікі " раненыя, у трупах. Я падняла голаву — яны плачуць, раненыя, кроў цячэ з іх. I я аказалася да іх, чуць галаву прыпадняла. Але не ўстала, бо мне не было як устаць: на мне трупы велькія ляжалі. Я аказалася, і тут ляціць немец. Даляцеў да іх і з вінтоўкі проста падабіваў.

А акурат бацьку майму на нагу стаў, ранены што ляжаў. I тады яшчэ стаяў, стаяў. Відаць, і мяне ён дагледзеў, што я яшчэ жывая… I як я не аказалася ў той момант?

Ляжала я, ляжала — ужо сцямнела. Ён мяне не дабіў. А так як хто жывы быў, то ўсіх падабіваў. Дзеці малыя пад трупамі падушыліся. Адна дзяўчынка была, то бацька потым нідзе на ёй раны не найшоў.

Тады ўжо гудуць машыны, едуць немцы:.. Я ўжо, мусіць, у вобмарак упала… Немцы ўжо сталі ад'язджаць, пішчаць свінні, куры крычаць, яны ўжо ловяць. I чую — нехта падышоў да трупаў і гаворыць… Мужчына адзін з сяла падыходзіць і кажа:

— Хто жывы — уставайце, немцы паехалі!

Бацька мой пазнаў яго па голасе, падняўся і кажа:

— Ну, я жыў.

I яшчэ адзін мужчына, Лявон Алізар. Дык бацька кажа яму:

— Ты ідзі дахаты, вазьмі хлеба, а я яшчэ пагляджу сям'ю сваю…

I ён пачаў глядзець. Кажа:

— Усе мае дзеці ёсць, адной толькі дзевачкі няма, шэсць лет, але яна не магла ўцячы, бо яшчэ дзіця.



Стаў ён глядзець, і я аказалася. Дык мне ўжо ногі людзьмі паперадаўлівала, усе косці… Людзей страляюць, а мне куля косці не зачэпіць, толькі мяса павырывае. Косці на нагах відны былі, проста не магла хадзіць зусім.

Ну, і бацька мой гэтак абамлеў над гэтай горбай.

I тут прыбягае той Алізар. Бацьку траслі, мяне паднялі з тое горбы і паняслі ў лес.

Я ўся ў крыві, як паставяць мяне на снег, дык ногі мае ўсе хістаюцца, мне ж іх паперадушвалі, горба вялікая ляжала на мне.

Заняслі ў лес. Там хутары гэтыя былі, а людзі паўцякалі ў лес. Сядзелі, касцёр клалі. Угледзелі, што мы ўсе ў крыві, што мяне нясуць у крыві, нейкае дзіця… Яны ўсе паўцякалі.

I стаў на іх ужо гукаць бацька мой, што мы людзі свае. Так што мяне ўжо абсушылі. I бацька мяне адаслаў у Талькаўшчыну, каля Слоніма, там у мяне цётка была. Ну што, яны мяне там нядзелю хавалі. Гэтыя раны ўсе паразгнойваліся… Страшна. Лячыцца не было чым…

Бацька мой пажыў трохі, а потым пасля вайны ад ран тых і памёр, гангрэна падпала ў нагу.

А я гэтак і асталася. Мне тады, як білі, шэсць гадоў было, сёмы…»

Вёска Вялікая Воля знаходзіцца ў нізоўі Шчары, якая цячэ тут з поўдня на поўнач. Ад Вялікай Волі да Акунінава будзе больш за сотню кіламетраў, гэтая адлегласць паказвае на маштабы таго злачынства, якое, паводле слоў Пятра Саўчыца з Гародкаў, называлася ў фашыстаў «акцыяй супраць партызан». У фашысцкіх справаздачах акцыя гэтая называлася «Гамбург».

У Вялікай Волі ацалела пяць чалавек дарослых і чацвёра дзяцей. Адзін з ацалелых дарослых — Іван Іосіфавіч Павачка. Гэты разважлівы і добры па натуры чалавек ужо не раз сведчыў пра злачынствы акупантаў. Яго паказанйі ўключаны ў акт Дзяржаўнай Камісіі Казлоўшчынскага раёна па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў акупантаў у 1941–1944 гг. і апублікаваны ў асобнай кнізе. Там запратакаліраваны агульны ход падзей і акалічнасці злачынства. Іван Іосіфавіч адзначыў тады, што 16 снежня 1942 года па загаду нямецкага афіцэра па прозвішчу Сзук была загнана ўся сялянская жывёла з Вялікай Волі ў мястэчка Казлоўшчыну. Неўзабаве ў вёску ўварваўся другі карны атрад фашыстаў, які сагнаў усіх жыхароў у адно месца і падзяліў іх на дзве групы, адну групу — 156 чалавек, сярод якіх быў сведка, яго жонка і двое дзяцей, карнікі прыгналі да кар'ера, з якога раней да вайны бралі пясок, калі будавалі мост цераз Шчару. Карнікі загадалі людзям легчы і расстрэльвалі іх з кулямёта.

«Першая кулямётная чарга, — гаворыць Іван Павачка, — прайшла па галовах ляжачых, і быў смяротна паранены мой сын Міхаіл, а мне куля на левай руцэ адарвала сярэдні палец, а безыменны і мезенец раздрабіла. Мой сын паспеў сказаць: «Тата, мне баліць», — і кончыўся».

З другой групы, у сто трыццаць чалавек, ацалелыя расказвалі, што іх адлучалі па дванаццаць ды гналі ў лес і там расстрэльвалі.

Расказаўшы на нашу просьбу жахлівую гісторыю нанова, Іван Іосіфавіч згадзіўся нават завесці нас на месца расстрэлу і паказаў, як ён у той зімовы дзень ляжаў тут пад кулямётным агнём.

Цяперашні расказ яго мы перадаём з усёй дакладнасцю.

Як і многія іншыя ацалелыя жыхары «вогненных вёсак», Іван Іосіфавіч пачаў гаворку з разважанняў пра фашысцкую версію — «барацьбы супраць партызан»:

«… Немцы сабралі вялікую сілу на лясы. Партызанам яны нічога не зрабілі. I з гэтай усёй нянавісцю нападалі на мясцовае насяленне.

Мы ўцякалі ў лес. Зіма была. З дзецьмі. Ну, у лесе — не месца: мароз быў, холадна. Пайшлі мы ў вёску Капце. Заехалі немцы і кажуць: «Ідзіце дадому». Ну, мы, вядома, павінны былі ісці бо, тут усё пакінулі: і коней, і каровы.

Прышлі мы дадому, сядзім, бачым — ідуць. Сусед мой гаворыць:

— Дзень добры, пану.

А яны:

— Дзень добры, пане бандыце.

Разграбілі яны ўсё наша, забралі ўсю нашу скаціну. I чалавек пятнаццаць увялі з сабой у абоз.

Сядзім мы. Нікога няма. I не згледзелі, як награнулі немцы ізноў. У кожную хату заходзіць немец і наказвае нам, каб кожны на тры дні харчоў браў. «Мы вас вывезем». Хто паспеў што ўзяць, а хто і не паспеў.

Снег ляжаў, а аднаго старога вялі босага, без рубашкі і без шапкі.

Паставілі тут усіх нас на калені. Нас білі прыкладамі і таўклі нагамі… I раптам пачуўся грукат цяжкіх машын. Прышло дзевяць машын, а ў машынах поўна немцаў. Па чалавек, можа, дваццаць, а можа, і больш. Маладыя немцы, на галовы нацягнуты каскі.