Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 41 из 95

— Падай разам са мною. А будзеш ляжаць — не торкайся. Упадзі і ляжы на месцы. Бо, можа, я і жывая буду, а ты — ляжы. I глядзі — як-небудзь у бераг.

А я ўжо бачу, што хлопчык мой, Колька, — ляжыць нежывы…

А гэты, што малы быў, пабег разоркаю. Сашка. А ралля была высокая, дык яны і не пападалі ў гэтага хлопчыка. А кулі разрыўныя ляцяць. А хлопчык усё роўна жывы, усё роўна бяжыць разораю.

А там жанчына паўзла ровам. Ды так вось яна: «Хадзі сюды! Хадзі сюды!..» Яна за яго ды ў тую канаву. Застаўся хлопчык з тою жонкаю…

А я ляжу. I Еўка за мною ляжыць. А з мяне кроў ідзе. А яны ходзяць па дварэ, гергечуць. Павыпускалі мае каровы, дзве было, авечкі павыганялі на вуліцу, свінні. А я ляжу ды так во пазіраю. А яны падпалілі маю хату і пайшлі да суседа. А сусед той стаў на калені і просіцца. А яны яму ў грудзі — раз! А я ляжу ды сама сабе думаю: «Ну, усё». Маё дзіця пабегла, а я не ведаю — ці яно там жывое, ці нежывое… А потым, калі я ўжо бачу, што гарыць, што галавешкі ляцяць на мяне, дык я ўзяла як-небудзь уставаць. Я на адным калене, на адным калене — папаўзла ў тую канаву, дзе хлопчык мой там, з маладзіцай. Тая маладзіца спужалася і папаўзла. Я кажу: «Хаця ты мне руку перавяжы!» А яна — папаўзла…

Еўка мая таксама тады ўцякла і недзе голая ў стозе начавала. Выбрала дзірку ды палезла ў сярэдзіну, у стог, і там схавалася. Потым партызаны прышлі і гукалі, мо хто жывы, каб адгукнуўся, а людзі баяліся адгукацца. На другі дзень мая дзевачка вылезла са стога і пайшла…

Ляжу я ў той канаве, а тут бяжыць яшчэ дзве, гэта Кацярыніны, дзевачкі.

— Ох, ох, цётачка, ужо нашу мамку забілі і браціка ўбілі! А мы толькі ўдвох засталіся, дзве дзевачкі!..

А ў мяне ў вачах цёмна. Кажу я:

— Донька, паўзіце вось гэтаю во канаваю ды туды ў мох. Можа, застаняцеся. Калі я ўжо не буду гаварыць, то вы пасядзіце, пакуль немцы паедуць, дык мо тады хто азавецца, дык, можа, як куды-небудзь зойдзеце.

Яны пабеглі ў той мох, тым раўчуком. А я — ужо з тым малым дзіцем, з Сашкам маім. На адным калене ўскочыла і я ў тую канаву. Ускочыла, пацямнела ў вачах, папаўзла ў той мох. Блізенька ад хаты мох быў. Запаўзла я ў той мох, ляжу. I яны, тыя дзевачкі, палеглі ў карчах…

Ужо мы там чуем — людзі вішчаць, крычаць — ужо там людзей б'юць!.. У нас маладзёжы многа было. I, можа, ніводнага не засталося. Ні маладзёжы, ні дзевачак — усіх пабілі. Божа мой, дзеці плачуць!.. Страшна было, каб вы пачулі. Ну, проста страх! Некаторых у хаты загналі, а нас проста так білі, акружылі і так білі — на нашай вуліцы. А маленькае дзіця… Гэта Каціна — узялі ды ўбілі Кацю, а дзіцятка яшчэ жывое. Яно поўзала, а яны ўзялі да штыхом жывоцік яму распорваюць. А яно, бедненькае, поўзае па той мацеры, яшчэ жывое, кішачкі павылазілі. А яно поўзае…

Хлопчыка майго, Колька што быў, у сенцы ўцягнулі, і ён там згарэў. Костачкі толькі ляжалі. Як я прышла з бальніцы, то ўжо нікога… I там я яго костачкі ў сенцах нашла. Харошы быў хлопец…

Пытанне: — А гэта хто былі — немцы ці паліцыя?

— Паліцэйскія былі, і гэтыя, немцы, з гэтымі іхнімі кукардамі. Акружылі вёску так, што сядзелі адзін каля аднаго, адзін каля аднаго…

Пытанне: — А вы пра тое яшчэ, як вы ў канаве ляжалі.

— Ляжала. У мяне маленькі хлопчык, хоча плакаць, а я кажу:

— Не плач, бо і цябе заб'юць.

Не плача. Ляжаць яны, бедныя… Каціны дзевачкі і мой. Потым у мяне чуць вось так павесялела, ужо чую — сціхлі тыя, у сяле. Я за дзяцей ды гэта прывяла іх да канавы. Стала ў ваду і нагою іх папераводзіла на той бок, бо вада пасярэдзіне бяжыць. Нагою паперацягала. Пацямнела ў мяне ў вачах…

Дубікі прышлі, мяне забралі. Ужо як нежывую. Ужо тады я ляжала раненая, дык мяне адзін чалавек падабраў і павёз у бальніцу.

Каб не Яроміха, дык мяне там убілі б. На станцыі яшчэ ўбілі б. I майго хлопчыка…

Маленькі застаўся жывы, і цяпер жыве. У Гомелі. Я тады яго на руках дзяржала. Яшчэ як бацька ішоў у армію, а я яго праводзіла, дык на руках малога трымала. I бацька нёс яго на руках, маленькага. Такі пацанок — і застаўся жывы. Білі, так па ім білі, што паверце, кулі разрыўныя — гараць!.. Я яшчэ чуствавала трохі, дык пазіраю і думаю: «Ну, усё!..»

А яно, бедненькае, кацілася па гэтай баразне. Ралля высокая, а яно малое…

Усіх нас пачці пабілі, гэта во толькі я раненая засталася. Дый то не ведаю, як я засталася. Ад мяне людзі ўцякалі… Гэта ў бальніцы той.

Здаецца, ляжу, і здаецца, што хлопчык мой крычыць. Чутно — крычыць!.. Я і не сплю, а ён — крычыць!.. Усхапіцца хачу, а няма як — крылы падаюць. Хачу схапіцца — вазьму ўпаду. Дык яны, што ў бальніцы ляжаць, глядзяць на мяне ды баяцца, уцякаюць ад мяне. Бабка там адна ляжала, дык яна мала была ранена, дык яна, калі я з ложка ўпаду, прыдзе, ды возьме мяне, ды на ложак. Яна не баялася. Есці тады не было што — тады ж быў немец, — а ляжалі так, на саломе. Ды хустачка толькі. На мне ж не было нічога — як з хаты выскачыла, так і была…



Пытанне: — А як вы трапілі ў тую бальніцу? I што гэта за Яроміха?

— Як я трапіла? Там саставы стаялі на станцыі, калі мяне той дзядзька вёз, і без пропуска не прапускалі нікога. Мяне ж вязе гэты чалавек, а я раненая ляжу. I гэты хлопчык каля мяне маленькі, Сашка, каторы застаўся жывы. Дык мяне хочуць у камендатуру. Я думаю: «Ну, усё…» Крычаць яны:

— Падымайся, бабо! А чалавек той кажа:

— Яна не паднімецца, яна бальная.

А там бабушка была старэнькая, што з немцаў, якія тут даўно засталіся. Яна памерла ўжо. I вось тая бабушка ідзе. А яна была са мною знаёмая, начавала ў мяне не раз. Бедная была, хадзіла, то краску прадае, то што-небудзь. Я з яе нічога не брала, а так дам картоплі ці чаго. Бо жылі ж мы тады добра. Дык яна ў мяне і начуе тыя разы. Глянула яна ў воз ды кажа:

— Хто гэта цябе, Аленка? Якая ж ты нешчаслівая! Ды на мяне ўпала, ды стала галасіць, абняла мяне

ды стала цалаваць. Цалуе і плача. А ён пытае ў яе, немец, па-нямецку:

— Хто гэта? А яна кажа:

— Гэта мая родзічка, гэта мая фамілія[15].

Яна сама — з немцаў, засталася яшчэ ў колішнюю вайну. Ён работаў на заводзе, чалавек яе. Рабіў на заводзе нейкім старшым і астаўся тут на жыццё. А яна па-нямецку гаварыла. Дык яна ўпала на мяне і кажа: «Гэта мая фамілія!..» Пагаварылі яны па-нямецку, і яна кажа:

— Няхай ка мне вязуць.

Праўда, яна і павезла мяне. Я абамлелая была. А як добра трошачкі што ўбачу, дык я ёй рукі цалую і кажу:

— Мамко, ратуй мяне!..

— А што ж мне вам рабіць? — кажа яна.

А мой, гэта, хлопчык маленькі прыдзе ды ў рукі яе цалуе:

— Ах, цётачка, ратуйце маю мамку! Маленькі быў, a — бедненькі — цалуе ў рукі.

Яна пабегла і паклікала Казлоўскага, перавязаць мяне. А мяне, гэта, кроў кругом, ды застыла яна, ды мне ўжо так робіцца, што і не магу я. А Казлоўскі кажа: «Памыйце яе». Яна, праўда, запаліла ноччу грубку, памыла мяне, пераадзела ва ўсё сваё і палажыла.

На другі дзень рана прыбег той немец, правяраць мяне, ці я ў яе. А яна паставіла ложачак каля грубы і палажыла мяне каля грубы. Ён прышоў, паглядзеў, пагаварыў з ёю. Яна кажа:

— Яна зусім нічога не варта, можа, і памрэ.

Дык яны ўзялі мяне, і завёз мяне адзін чалавек у бальніцу, у Петрыкаў. І ўжо я ляжала ў тым Петрыкаве. А дзеці мае засталіся там, у чалавека…

Пытанне: — Ашто было з вамі пасля?

— Што было? Я рабіла на ферме, калі ўжо нашы прышлі, і палучала прэміроўку. I колькі ж год я рабіла! I ў Мазыр мяне выклікалі. Дзе я не была! Я і ў сельсавеце была — мяне ж пасля вайны членам сельсавета выбралі… Прыедуць, забяруць мяне легкавушкай…

Сталі мы там дзяліць дабро на сірат. Ну, я і думаю, што як мне дрэнна, то і другому ж таксама тое дрэнна. Адзін кажа, што каторае дзіця ад тых, што за немца былі, то яно — інакшае. А гэта ж усё роўна нашыя дзеці, а тое, што маці яго ці бацька немаведама дзе, то што ж яно, дзіцятка, вінавата. Я ўзяла ды ўступілася там за адну, бо яны бедныя, нічога ў іх не было, а іх, дзяцей, двое. Я і кажу: