Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 40 из 95

Гэтай сям'і і яшчэ некаторым пашанцавала. Сагнаўшы злосць, карнікі сказалі недабітым:

«Можаце ехаць у Татарку, у Замошша, у Асіповічы… А калі тут каго зловім — значыцца, будам біць. А дзярэўню спалім усю».

I спалілі.

Кастусь Патапейка запрог каня, пабраў дзяцей і пераехаў у Замошша.

Мы ў іншай хаце.

Марыі Міхайлік было тады, у студзені 1943 года, васемнаццаць гадоў. I ёй таксама ўдалося ўратавацца. Аднак жа… Але няхай лепш раскажа яна сама.

«…Было цёмна. Яны акружылі сяло і давай страляць. Мама кажа:

— Дачушка, страляюць, уставай!

Я кажу:

— А што, партызаны?

Яна адказвае:

— Партызаны.

Пазіраем мы ў акно. Ідуць у белых халатах. Маці кажа:

— Пагубляліся, а цяпер страляюць. Бо ноччу ж яны былі ў нас, партызаны.

Думаем, што шукаюць адзін аднаго. Мама кажа:

— Схадзі вады.

Я іду вады ў калодзеж, а яны вярнулі назад:

— Ком дахаты.

Я вярнулася.

— Мама, яны не пусцілі вады. Ідзіце вы. Маму таксама вярнулі.

А пачалі яны біць з естага во канца.

Я кажу:

— Мама, ды там жа нешта гарыць ужо.

— Ну што ж, — кажа яна, — гарыць. Ідзі карову падой, бо каровы бяруць, курэй б'юць.

Ну, я пайшла, падаіла карову.

Тады мама кажа:

— Курэй б'юць. Памані ў хату куры. Ну, і сядзім у хаце. Прыйшоў пляменнік мой. Пытаецца:

— Былі ў вас партызаны?

Мама кажа:

— Былі, дала ім павячэраць, хлеба, малака дала, і пайшлі.

Расказваем. А тады яна кажа:

— Дзеткі мае, глядзіце, Прахора ж у нас б'юць!..

Гэта па-суседску, праз акно мама пазірае. Яшчэ сястра мая з дочачкай была ў нас. Мама гаворыць:

— Глядзіце!..

А там тры выстралы, і дзевачкі на стопку палезлі.

Ну, і тут жа к нам прышлі. Мы стаім усе каля печкі. Вот так ручачкі пасціскалі, а печачка гарыць. Ну, прышлі… Высокі-высокі прышоў, у акулярах. Вот, кажацца, я і цяпер яго бачу, пазнала б. Як прышоў, так хату і расчыняе. За мяне:

— Ідзі карову выпушчай! А брата — на вуліцу.

Пайшла я карову выпускаць. А яна ж не ідзе. Таксама баіцца, карова, аж на сцену лезе. Я на двор з хлява вышла, а ён мяне як варсане, дык я і паляцела. Ручкаю з аўтамата варсануў. Два разы. Першы раз я не паляцела, дык ён другі раз.

Мама з хаты выходзіць. Мама як вышла, маму ён і шахнуў — усю во тут шыю прадзіравіў, і ўсё во гэта адвалілася. I маці мая тут жа і лягла.

Ён і пайшоў. Яшчэ мне во так нагою даў, і нас на вуліцу — карову гнаць. Я гэту карову на вуліцу выперла. А там стары адзін— ён памёр ужо — стаяў… Карова стаяла, а ён так во карову абняў… А яго так білі, так білі!..

А я на свайго брата:

— Мой братка, кажу, мой братка, усе паскрываліся, а мы, кажу, вот і пападомся…

Пытанне: — А стары той карову абняў, каб не весці?

— Не, яго сільна білі, ён на карову абваліўся і стаяў. А тут каровы ідуць, коні іржуць — сумна, страшна было… Кажу:



— Не схаваліся, і ўсё наша і прапала, братачка. Пагібнам мы.

Ну, і стаім, куды ж ісці, стаім сярод вуліцы. Няма нідзе нікога — ну ні душы! Усіх ужо выбілі.

Падходзім во тут, пад край, на краю стаім. А тут немцы ляжаць з гэтымі кулямётамі. Нам няма куды. I ідуць яны к нам.

— Ну, кажу, братка, пагібнам мы. Давай уцякаць, каб уцякаючы нас, чым так…

Яны прышлі і гавораць:

— Не ўцякайце, а то паб'ём. Пагоніце каровы і паедзеце ў Германію.

I другі падышоў, таксама па-нашаму разгаварваў:

— Колькі вам лет?

Я кажу, што васемнаццаць, а брату — чатырнаццаць…

А я вышла, праўду вам сказаць, толькі галошы на мне былі, так во на босую нагу, і так во голая. Нічога на мне не было. Я кажу на свайго брата:

— Ну, давай убягаць, Іван!..

А ў хаце, што насупраць, у іх там дзетак было, як сем ці восьмерка. Дык там крыку! Так крычаць, так крычаць — слышна!..

Ну, усё, бяжыма! Ну, і пабеглі ў лес цераз сашу, па балоце. А снег во так, да пояса. У балота ўлезла, ужо на нагах у мяне нічога нет. А яны па нас — так даюць, так даюць, вы паверыце… Але пуля ў нас ні разачку не папала!..

Мы леглі ў гэты снег, паляжалі, патом усталі і сядзелі ў лесе да вечара, пакуль не прымеркла.

Нашлі месца партызанскае: там яны, мабыць, начавалі, бо жарочак быў, яшчэ віселі вяровачкі. Ён тыя вяровачкі ўзяў, што партызаны пакінулі, а ў яго лапці былі і анучы, дык ён і мае абкруціў ногі. А за ноч у мяне ногі во такія былі, абмарозіла. Вось паглядзіце — і сёння пальцаў няма… Мы там пабылі, паначавалі.

Я ўжо ісці не магу… Брат мне дзве палкі выламаў…»

За добрым жытам — спакойная вёска… А ў вёсцы гэтай забілі ў той снежны дзень 297 чалавек.

Дзіця бяжыць разораю

З гэтай жанчынай мы сустрэліся выпадкова.

Былы партызан, інвалід, ужо і бухгалтар таксама былы, на пенсіі, Раман Драгун, параіцца з якім падказалі нам у райкоме партыі, аднёсся да справы сур'ёзна. Пакінуў кіраваць сямейным капаннем студні, памыўся, пераапрануўся і, цяжка спраўляючыся з пратэзам і кульбай, падсеў у наш «газік». Адтуль, з зялёнай ды зацішнай станцыі Капцэвічы, мы накіраваліся ў яго родныя мясціны, у заходні куток Петрыкаўшчыны. Справіўшыся там, дахаты мы вярталіся амаль што прыцемкам. I тады наш праваднік раптам успомніў яшчэ аднаго — у вёсцы Слабада. «Можа, і ён раскажа».

Яго знаёмы, Адам Стракач, таксама былы партызан, сам не бачыў таго, што адбывалася ў яго родных Беразняках: у Слабаду ён пераехаў пасля вайны. З чатырохсот аднавяскоўцаў, памардаваных у лістападзе 1942 года, цудам выратавалася некалькі чалавек. I сярод іх — Адамава сястра Алена. Жыве і яна ў Слабадзе, цераз некалькі хат…

Алена Іванаўна Булава нашмат старэйшая за свайго брата. Ужо зусім павольная, нямоглая бабуля, добра за семдзесят. Гэта мы спачатку толькі адчулі па яе стомленым голасе, па непрытворным крактанні. У хаце была шарая гадзіна, гаспадыня адпачывала, прылёгшы на ложку, яшчэ не распрануўшыся. Энергічны Адам Іванавіч уключыў святло і сказаў ёй, што трэба вось, каб яна расказала, што было тады ў Беразняках.

Бабуля ўстала і, зразумеўшы, што да чаго, спакваля наладзілася, пачала.

«…У мяне і галава ўсё баліць, ды яшчэ я і сільна недачуваю…

Ну, як яно было. Там жа нашых усіх людзей пабілі. Там на другі дзень людзей столькі ляжала… А ваўкі як папрывыкалі, дык людзей лавілі потым. Людзей папрывыкалі есці…

Ну, абкружылі нас кругом, усю вёску. А я ў той час у хаце была. Вышла з хаты — не бачыла, што той немец з кукардай стаіць. Ён наставіў вінтоўку — вось так во на мяне. А гэты мой хлопчык малы, што на руках у мяне быў, Сашка, мяне за шыю ды:

— Ой, мамко, заб'юць нас!.. А я кажу:

— Не, не, сынок, пан не будзе біць, не, не!..

Як я так сказала, дык ён, праўда, і вінтоўку апусціў. Ды на мяне паказвае:

— Дахаты!

Увайшла я ў хату ды на сваю дзеўку кажу:

— Евачка, нас паб'юць.

— А што рабіць, мамо?

У мяне ж яшчэ і той хлопчык быў, Колька. Ужо быў, здаецца, у трэцім ці ў чацвёртым класе. Колька кажа:

— Мамко, я пабягу ў мох. А я кажу:

— Калі можна… А мо не праскочыш, сынок?

А мы не бачым, што яны там сядзяць, у касках. Панадзявалі гэтыя каскі, як пні якія, і не відно іх. Хлопчык мой — каб чуць, дык і прарваўся б. Хацеў, бедненькі, праскочыць, а яны яго — раз! — у грудзі сюды во. Толькі крыкнуў ён: «Мамко!..»

Дык дзе там — мацярынскае сэрца! Выскачыла я ды да яго. I Еўка мая выскачыла. Я за гэтае дзіця, за Сашку свайго, ды прыгарнула да сябе. Дык ён мяне — раз! — у руку раніў. I хацеў яшчэ раз, а Еўка ашчапілася за мяне і кажа:

— Мамко, няхай нас разам б'юць! Хай і мяне б'юць з вамі!..

А я хацела ўпасці, адале думаю: «Аяк жа дзеўка мая? I дзіця ж на руках…»

Ён хацеў у Еўку папасці, ды яшчэ раз мне ў руку. I сюды во. Дык у мяне рука апусцілася. I дзіця я пусціла. Пабегла малое. А Еўка — за мною. Я кажу ёй: «Падаймо!» I вось мяне ўжо зноў ранілі, а ў дзевачку не папалі. Во сюды мяне ранілі, а куля тут во выскачыла. Ужо ў мяне ўвяла ўсё, я і сама ўпала. Упала ды кажу на дзевачку: «А цябе ранілі?» Кажа, што не ранілі. А з мяне кроў аж ціўкае, так ліецца. Жылу тут мне, бачыце, перабілі. Дык якажу: