Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 39 из 95

Вось як гэта сфармуляваў адзін з найбліжэйшых памагатых Гітлера, «тэарэтык» Розенберг, за два дні да нападу на СССР:

«Непасрэдна да гэтай граніцы (перад тым размова ішла пра будучыню Прыбалтыкі. — Аўт.) прымыкае беларуская — як цэнтр збірання ўсіх сацыяльна шкодных элементаў, цэнтр, які будзе ўтрымлівацца накшталт запаведніка».

Але спачатку, як ужо гаварылася, планавалі «выселіць» (знішчыць) 75 працэнтаў беларусаў, — каб спакайней было працаваць у тым «запаведніку».

I гэта рабілася: расказы ў нашай кнізе — іменна пра вёскі, якія былі забіты, пра цэлыя раёны, вынішчаныя, спаленыя разам з людзьмі.

Аднак за лёсам гэтых вёсак, гэтых людзей трэба бачыць і іншае: сотні тысяч дзяцей, жанчын, старых і нямоглых жыхароў нашых вёсак і гарадоў, людзей, якіх выратавала ад знішчэння ўсенародная партызанская армія, — выводзячы іх у лясы, за фронт, ствараючы ў варожым тыле савецкія раёны, абараняючы і атакуючы. Паўмільённую плойму фашысцкіх забойцаў праглынула вогненная партызанская зямля…

Калі фашысты не здолелі, не змаглі рэалізаваць свой план «абязлюджання» Беларусі, стварэння на яе тэрыторыі вялізнага «запаведніка-канцлагера» для народаў Еўропы, дык гэта не таму, што яны перадумалі ці расхацелі. Узняўшыся на свяшчэнную барацьбу, савецкі народ, народныя мсціўцы — партызаны, Савецкая Армія зламалі гэты гітлераўскі план.

Вялікая Гарожа

За добрым жытам — спакойная вёска, якая мела, мае і павінна мець права на мірную, працавітую цішыню.

Даўнавата дажджу не было, а пазаўчора і ўчора раздобрыўся. Цяпер пагодлівы адвячорак. А ў лесе, што сінеецца за жытам і за вёскай, пайшлі патроху першыя чэрвеньскія сыраежкі.

Двор, у які мы зайшлі, акуратны, роўна парослы чысценькай травой. Многа дроў, складзеных у стажок. Каля ганка бабуля чысціць грыбы. Сама ў гумовых боціках, яшчэ мокрых: толькі што з лесу вярнулася. Тут яно і прыйшло — адкрыццё штогадовай радасці: пасля дажджу — грыбы. I добрая зачэпка для размовы.

Бабулі Патапейка, Марыі Змітраўне, семдзесят другі год, хоць па выгляду столькі не даў бы. Рухавая, прыветліва вясёлая. Ажно яе вяртаць у даўняе, у страшнае не хочацца. Ды ёй і самой не ахвота. Вось пасумнела адразу…

«…Раненька я ў печы палю, бліны пяку, ну, а хлапчук быў у нас, сын, дык ён пабег на вуліцу — ужо гуляці к суседам. Ужо бег ён туды, бег — ой, нешта па вуліцы страляюць, пулі свішчуць!.. Ну, дык мы закрычалі на яго:

— Вот табе нада бегчы, сядзі ціхенька!

Ну, ідуць па сяле, ідуць — немцы, бачым, што немцы!.. Тут калодзеж быў, яны паставілі пулямёт. I каровы ўжо з таго канца гоняць, гоняць, гоняць. Мой на мяне:

— Падаі.

Трэба б ісці пацвіркаць, дык баюся. Ён:

— А, чаго баяцца! Ідзі, бо во забяруць карову.

Ну, я пайшла, цвіркаю, цвіркаю…

Пытанне — Падаіць напаследак?

— Ага. Даю. Страляюць. Страляюць па дварах, страляюць. К суседу вот сюды падышлі ўжо, страляюць. Я кінула даіць і іду. Толькі іду, вот тут стрэлася — бягуць! На двор бягуць, бягуць немцы. I пытаюцца, каровы ці ё, куры ці ё, гусі, коні, авечкі, усё. Ну, больш нічога ў нас не было, толькі карова яшчэ была, куры яшчэ былі… Конь быў, дык мы схавалі, схованы быў.

Пытанне: — У лесе?

— Ага, у лесе.

Ну, я кажу:

— Карова е, куры е, больш нічога. Вярнулі мяне, каб я карову выгнала.

Я выгнала ім карову. Тады іду, а яны бягуць за мной у хату, бягуць. Ну, убеглі і нас на двор гоняць, ага, да каменданта. Ну, а мы дзяцей ужо кінулі, кажам:

— Дзеткі, пабудзьце ў хаце, а мы, можа, адны сходзім.

Ну, мы пайшлі, а немцы пабеглі і павыганялі дзяцей з хаты, і яны зноў к нам прышлі. Мы ўжо ідзём па вуліцы, і ідзе немец. Адзін ды два яшчэ… Ідуць, халаты ў крыві-і… Стрэлі нас, пытаюцца:

— Партызаны ці былі? Ну, мы кажам:

— Былі. Што ж, былі.

— Колькі?

— Чатыры было падводы.

— А што бралі?

— Усё бралі, што ім нада. I хлеб, і картошку, і мяса.



Тады камендант адсюль, з естага канца, падышоў і на яго: «Гер-гер-гер». I сказаў каровы ўжо гнаць, ужо каровы ў Асіповічы гнаць.

Пайшоў мужык мой. I дачка. Але яна бачыць, што я не іду, дык і яна вярнулася. Кажу:

— Чаму ты вярнулася, чаму не бегла з бацькам? Ён там недзе схаваецца, і ты б схавалася. А пойдзем туды, дык там папаляць, паб'юць нас.

Яны і праўда пастроілі дзевачак, асобенна і нас асобенна. Дзевачак — каровы гнаць. I спрашваюць:

— Партызаны былі?

Першага спрасілі. Ён кажа:

— Не было, не бачыў.

Як не бачыў, дык немец яго за карак… Ён дзіцятка на руках дзяржаў. За карак і — пад хлеў, у снег, у гуру, і забіў.

Пытанне: — I дзіця забіў?

— Ну, і дзіця там з ім, і дзіця. Ага. Патом жонка ўжо з дзіцяткам большым за ручку і: «Э-э-э!..»— загаласіла, загаласіла. Ён і яе туды, і забіў. А хлопчык ля мяне стаяў — такі вот хлопчык…

Пытанне: — Іхні хлопец?

— Ага. Рвануўся бегчы к ім. А я за яго, кажу:

— Не бяжы, стой, стой!

Ён, праўда, стаў, стаіць. I цяпер жыве недзе ў горадзе, бог яго знае. Патапейка яго фамілія. А зваць як — забыла…»

Мы гутарым у светлай, чыстай кухні. Каля акна ціха стаяць дзве гарадскія ўнучкі, госці на канікулах, адна падлетак, другая яшчэ дзіця. I дзед сядзіць, Кастусь Карпавіч, гаспадар. Ён вярнуўся з сельмага, яшчэ калі мы былі з бабуляй на дварэ. Ад брамкі павітаў нас вясёлым: «Здаровы, хлопцы-пратапопцы!..» Цяпер вось ён заслухаўся, маўчыць, а потым і сам пачынае:

«…Гэта Новы год быў, калі па старому стылю, у сорак трэцім годзе.

Раненька прыехалі якія-та і цягнуць пулямёт — вот тут калодзеж быў,— усе ў белых халатах.

Мы сядзім у хаце. Печка — жалезная, жасцяначка. Чацвёра дзяцей у мяне, малых, — самая большая дзеўчына хадзіла ў шосты клас. А то ўсе малыя былі. Ага. I слышым — страляюць з таго канца. Каровы бегаюць па вуліцы… Ага, а патом вот здзесь на вугле мой дзядзька жыў родны, бацькаў брат. I вот гэты дзядзька выгнаў карову сюды на вуліцу. Ён — раз, застрэліў!..

Ну, у акно мы бачым. Ага. Жонка дзядзькава гвалту нарабіла. I жонку застрэліў тут. Патом — дзве дзеўкі. I дзевак абедзвюх застрэліў. Тут жа ў варотах. Я і гавару, што гэта людзей б'юць. Ага. А патом яны ў другую хату. Толькі зашлі — у хаце страляюць. Ну, а мы сядзім так. Патом і ў трэцюю зайшлі — тожа страляюць… Ну, усё!

А патом — раз — прыехала легкавая машына. Вылазіць адзін, ужо без халата. Ну, афіцэр, камендант яны называлі яго. Ну, тут яны ўсе прыбеглі ўжо, сабраліся, дык ён ім скамандаваў, каб не біць ужо, значыць, астатніх людзей. А сагнаць у месца.

Яны прыбеглі да мяне і гавораць:

— Ідзьце да каменданта.

— А што — з дзецьмі, браць мне дзяцей?

Дык ён махнуў рукой: як хочаш, хочаш бяры, хочаш — не. Яны знаюць, што ўсё раўно гэта… Ну, мы сабраліся з бабай:

— Вы, дзеткі, сядзіце, грэйцеся ля печкі, мы прыдам, тады забяром вас…»

Далей стары, паўтараючы расказанае жонкай, гаворыць, як той нямецкі камендант дапытваў яго, ці бываюць тут партызаны, і не застрэліў, як застрэліў таго суседа, які сказаў, што партызанаў не бачыў.

«…Дык немец мне, — расказвае дзед, — загадаў гнаць каровы ў той канец вёскі.

— А там, — кажа немец, — мы яшчэ людзей набяром і пагонім усе каровы ў Асіповічы, таму што тут партызанскі лагер, вы тут снабжаеце партызан. А дзярэўню мы вашу уністожым.

Так вот сказаў — я і пагнаў гэтыя каровы.

А там мая сястра жыла — забег у хату да сястры. Забег: пабітыя ўсе датла!.. Свякруха, яна, мужык і дзіцёнак — чалавек чатыры душы.

Яны прыходзяць, гады, і камандуюць: «Лажыся!» I тагды вот так — у голаву каждаму страляюць, вот, паб'юць, паб'юць, усё…

А хто дык і асталіся. Вот і Невяровічава напроціў — хлапец быў на печы, пасцілкай накрыўся, убілі сястру, убілі матку і бацьку, а ён застаўся і цяпер жывы. Ён у Бабруйску работае. Таксама і ў тым канцы гэта было…»