Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 38 из 95

Пайшоў я потым да нашай Вятранкі. Рэчка такая ў нас. Сеў на беразе, ногі спусціў… А потым чую, што па рачулцы нехта: цёп-цёп, цёп-цёп… Пераходзіць рэчку! «Ну, — думаю, — жывы чалавек!..» Я цераз гэтую рэчку. А старая, што ішла, увідзела і — уцякаць. Я малады, ёй гадоў семдзесят было — я яе дагнаў, і яна мяне хрысціць:

— А галубок ты мой!..

— Дзе вы былі? — пытаюся.

— А ў кустах, — гаворыць, — сядзела. Кругом мяне хадзілі немцы і не ўбачылі. I я жывая засталася.

Я яе за руку… У той мамент, вы знаеце, каб кот жывы быў — і то другое настраенне, а тут — жывы чалавек!.. Я за руку старую, і пайшлі мы ў лес.

Там ёсць так называемы Антонаў ельнік. I я па сілуэтах бачу: людзі паявіліся. Я гэтай бабе сказаў легчы, а сам прысеў і вокрык даў:

— Хто ідзёць?

Я як крыкнуў — усе ў лес! Ну, значыць, — свае. Каб гэта паліцэйскія, дык яны б затворамі пачалі клацаць. Я падняўся:

— Хлопцы, я такойта, не ўцякайце!

Яны астанавіліся, сустрэціліся мы. Там быў і зяць гэтай старое. Я гавару яму:

— Вось што, Ціхан, ты бяры старую і ідзі ў лес. А мы, хлопцы, пойдземце ў вёску. А можа, дзе хто ранены, ды падбяром, ды вазьмём.

Паслухалі яны мяне, як камандзіра нейкага. I мы так ідзём, значыць, па рэчцы. Ну, рэчка, як правіла, ідзёць па нізе. Людзі ўцякалі па рэчцы, а яна ў нас такая, што, як кажуць, пятух перайдзёць. I вот ляжыць уначале Васіль Енаў. Тулавішча на беразе, на пясочку, а другая палавіна ў рэчцы. Мы яго выцягнулі на бераг. Ідзём далей па рэчцы — ляжыць Барыс Стасеў. I ў яго, значыць, дзве булачкі хлеба было: ён хватануў з сабой. Ну, а мы ж цэлы дзень не елі! Ну, мы гэты хлеб тут жа разламалі. Ну, і пайшлі так у канец вёскі. Прыходзім у канец, і мне здалося, што мае маці голас штота гаворыць…

— Стоп, хлопцы, — кажу я, — астанавіцеся! Чую: точна, маці мая гаворыць. Я іх кінуў і, як хлапчук, пабег туды…

Прыбег — яны ўсе стаяць каля нашай істопкі.

Стаіць наша Каця (яшчэ цяпер жывая), Вольга (памерла ўжо) і — матка мая… I стаіць дзядзька мой Захар (ён, праўда, памёр ужо ў пяцьдзесят сёмым годзе). У яго ранена во так рука і во так нага. Стаіць і ўвесь дрыжыць.

Я гавару:

— Мама, і ты, Каця, ідзіце, во там хата цэлая не згарэла. Замачыце мачою…

Другога выхаду няма. Я знаў, што гэта ўсё-такі прафілактыка.

Пайшлі яны ў хату, маці парвала кашулю, зрабілі ўсё, перавязваюць дзядзьку. А я тут успомніў, што бачыў каля аднаго кажух. I гавару, што пабягу вазьму яго, бо дзядзька ўвесь дрыжыць. Дык я цераз плот пераскочыў, а там у нас такая… называецца палудрабінка. I я так па сілуэтах бачу: людзі там! Шавеляцца пад той драбінкай. Я прыбягаю туды — сядзіць Ігнаціха Варка, ёй пад той мамент было таксама пад семдзесят, і Піліпіха, сляпая.

— Чаго вы тут?

— А сыночак наш, а немцы тут пахадзілі і сказалі: «Няхай жывуць — Савецкаму Саюзу на расплод будзе!..» I кажуць бабы: — А вунь там Міша ранены ляжыць. Можа, ён, дзеткі, яшчэ жывы.

Я пайшоў. Ноч, цёмна, але знайшоў. Нежывы. Тады я пабег, кажух той узяў, забраў гэтых старых. А яны не хочуць ісці:

— А дзеткі, а куды ж мы пайдзём? Нас ужо не пабілі, так ужо і не паб'юць.

Пакуль я прышоў, Захару раны перавязалі ўжо.

Па дарозе ў лес дзядзька мне расказаў, як ён уцалеў. Іх, мужчын, загналі ў гумно, а жанчын у Скірмандаву хату. Калі, значыць, запалілі гумно, мужчыны выламалі вароты і — хто ўцёк, значыць, уцёк, калі забілі, значыць, забілі, застаўся ў гумне — згарэў у гумне… Дзядзька Захар, значыць, калі загарэлася гумно і зламалі вароты, ён таксама выскачыў. На ём загарэлася фуфайка. Ён лёг у жыта, фуфайку зняў і ў радам стаяшчы двор пабег. А там стаяла — проста, па-нашаму кажучы, — бочка, і ён у гэтую бочку залез і сядзіць. Прышоў немец — зірк! — сядзіць. Р-р-раз туды! I ён як сядзеў у бочцы, дыкяму руку і нагу прабіла. А немец падпаліў гумно. Ну, а дзядзька ўсё-такі жывы. Ён тады павярнуўся бокам, бочку перавярнуў і пакаціўся з бочкай. I ў рэчку, пад карча. I так ён там сядзеў у вадзе да поўначы, ранены. Вот ён пагэтаму так і тросся…

З таго гумна, дзе мужчын зачынілі паліць, многія вырваліся. А жанчыны з дома — толькі дзве. Скірманд Соня. Гэта ў яе хаце жанчын палілі. I Вольга такая была. Мы яе, раненую, таксама ў лагер потым узялі. I Данілу Вараб'ёва знайшлі. Гэты Даніла быў шавец. I ў яго былі боты. Ён, праўда, трохі кульгаў. Паліцэйскі гаворыць яму:

— Здымай боты!



— Не, — гаворыць, — не здзену. Заб'еш — тады здзенеш.

— Заб'ю! — гаворыць той.

— Ну, на, страляй!

Ён яму — р-раз, тут жа і выстраліў. Прабіў яму лёгкія. Маці мая яго потым вылечыла. Яна ў бальніцы работала, разбіралася. I лячыла яго. Сям'ю яго ўсю ўністожылі — і дзяцей, і жонку…

Мой бацька…

Мне сказалі, што ён ляжыць забіты, і сказалі дзе. Ну, я, значыць, туды і пайшоў…

У яго такая барада была — красівая рыжая барада. Яшчэ я быў малы, калі ён, помню, пабрыўся, дык мы, усе дзеці, закрычалі на яго, каб ён не брыўся… З барадою ён быў сімпатычны такі. Барада ў яго залацістая была…

Яму сюды, у патыліцу, як далі, дык усю сківіцу, усю бараду і сарвала…

Я пабег у вёску, знайшоў, значыць, абгарэлую лапату, прыйшоў туды, выламаў кій, асадзіў сяк-так, значыць, выкапаў ямачку, зняў з сябе паліто, загарнуў яго і пахаваў. Прысягнуў я над ім, паплакаў з мамай, і пайшлі мы…

Калі мы прышлі туды, дзе палілі жанчын, — гэта было так страшна… Лоўж людзей!..

Мама пачала шукаць дачку, маю сястру.

А я яшчэ дзяржаўся, пакуль бацьку хаваў, а калі падышлі ўжо сюды, дзе жанчын палілі, мне стала дрэнна…

— Мама, — сказаў я, — шукаць не будзем.

I мы пайшлі туды, дзе палілі мужчын. Што засталося ў памяці на ўсё жыццё, дык гэта сын мае дваюраднай сястры. Там ёўня была, дык ён залез у печку ў ёўні і там згарэў. Ногі тырчаць адтуль, вы разумееце, абгарэлыя…

Майго сродства загінула ў той дзень дваццаць пяць душ.

А ўсіх у Збышыне забілі дзвесце дзевяноста шэсць.

Пытанне: — А якую прычыну яны прыдумалі, што гаварылі, калі сагналі людзей?

— Нічога не гаварылі. Прычына была, я думаю, толькі тая, што гэта — савецкія людзі…»

* * *

«Мы абавязаны знішчаць насельніцтва, — гаварыў Гітлер, — гэта ўваходзіць у нашу місію аховы насельніцтва германскага… Калі ў мяне спытаюцца, што я падразумяваю, кажучы пра знішчэнне насельніцтва, я адкажу, што маю на ўвазе знішчэнне цэлых расавых адзінак…»

Такі быў план. А потым ужо, у працэсе яго ажыццяўлення, прыдумліваліся нейкія прычыны. А то, бывала, і так — без іх.

Выконваючы гэты «план», фашысты спадзяваліся такім чынам атрымаць і спакойны тыл. Каго не заб'юць, не спаляць, той змярцвее ад жаху. Правялі каля ног у кожнага рыску: паварушышся — смерць табе і блізкім, і ўсёй вёсцы, а калі гэта горад — усёй вуліцы…

Але наўзабаве пасля «пераможных» рэляцый пра тое, колькі знішчана «партызан» (тых самых збышынскіх ці хвойненскіх дзяцей і жанчын), у стаўку фюрэра пайшлі зусім іншыя.

Фон Клюге: «А тут у тыле ў мяне ўсюды партызаны, якія ўсё яшчэ не толькі не разбітыя, але ўсё больш мацнеюць… А 400 гэтых праклятых дыверсій на чыгунцы!»

«Тым лепш», — сказаў Гітлер у ліпені 1941 года, упершыню пачуўшы пра савецкіх партызан, бо разлічваў, што пад выглядам барацьбы з партызанамі будзе выконваць той самы «Генеральны план Ост». У 1942-м, а тым больш у 1943-м і ў 1944 гадах, калі фашысты трацілі апошнюю веру ў пераможны вынік вайны, а ў Беларусі не заставалася ў іх спраўных чыгунак, — тут ужо Гітлер не лічыў, што «тым лепш». Загадзя запланаванае знішчэнне народаў Савецкай краіны ўсё больш пачынала набываць характар помсты — садысцкай помсты жанчынам, дзецям за тое, што савецкія людзі не захацелі скарыцца і ў самых трагічных умовах працягвалі барацьбу.

1255 баявых партызанскіх атрадаў — такі быў адказ беларускага народа на разлікі «тэарэтыкаў» і «практыкаў» фашызму, адказ на тое, што беларусы, маўляў, «найбольш рахманыя, бяскрыўдныя» з усіх славян, што тут можна будзе ўладкоўвацца ў поўнай бяспецы, — арганізаваць «запаведнік» для людзей, для цэлых народаў. Бо ставілася такая мэта — усю Беларусь ператварыць у міжнародны канцлагер, дзе прайшлі б «асобую апрацоўку» (у газавых камерах, у печах крэматорыяў, каля магільных ям) тыя народы Еўропы, якія «перашкаджалі» фашысцкай Германіі пашырацца на поўнач, на захад, на поўдзень, на ўсход…