Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 37 из 95

Што жывая яна і сёння, што яна будзе жыць, непераможна паўтараючыся ў іншых дзяўчынках і хлопчыках, — пра гэта радасна думаць, гледзячы на таго ж Мікалая Хадасевіча ў натоўпе, дзе побач з ім — пляменніца Галя, маладая мама, а на руках яе — адно з тых несмяротных паўтарэнняў — сын.

Усё выглядала тут проста, на гэтай паляне, звычайна, знаёма. I помнік, падобных да якога мы нямала бачылі ў розных кутках Беларусі. I трыбуна, якою стаў кузаў выходнага сёння грузавіка, акуратна пастаўленага куды трэба. I выступленні некаторых таварышаў, з чаго пачалося жалобнае свята. I жэрдзе агароджы адразу за помнікам, дзе сеў і раптам загалёкаў певень, дарэчы, нікога не насмяшыўшы. I дождж, што якраз тады і пайшоў, калі яму ўздумалася, не зважаючы на людзей з іх прамовамі.

I выступалі людзі проста.

Старшыня мясцовага калгаса імя Ільіча Рыгор Захаравіч Каган. Трыццаць гадоў таму назад — дзесяцігадовае яўрэйскае хлапчаня, сынок вясковага каваля, дзіця, што зведала безліч пакут ад ворага і ўратавалася ў сваіх людзей. Цяпер ён — аграном з вышэйшай адукацыяй, гаспадар, паважаны людзьмі, з якімі працуе. Гаворыць доўга, але і талкова, даючы агляд міжнароднага становішча, звязваючы мінулае з задачамі сённяшняга дня. I, між іншым, калі ён гаварыў пра тое, што адбывалася тут тады, міжвольна абраніў фразу, якую хочацца запісаць:

«Мужчыны з пагонамі на плячах забівалі жанчын, старых, нямоглых і дзяцей…»

Таксама — проста гэта сказана, але ж і прадумана, адчута па-свойму, на ўсю глыбіню той страшнай неадпаведнасці: мужчыны з пагонамі — не салдаты, а забойцы безабаронных.

Затым прамаўляў таварыш Савіцкі, Іван Максімавіч, тутэйшы чалавек, які працуе ў райсавеце, а трыццаць год таму назад прайшоў праз пекла збышынскага дня. У адрозненне ад старшыні калгаса ён напісаў сваю прамову загадзя, яе па службе перадрукавала машыністка. Але дождж, што якраз тады прыпусціўся, перашкаджаў чытаць, а слёзы — туманілі вочы. Савіцкі менш ураўнаважаны за Кагана, нашмат старэйшы за яго, больш стомлены і ўражлівы, і прамова ў яго неяк не атрымалася. А можа, нам так здалося яшчэ і таму, што ўранні, пакуль прыехаць у Збышын, мы з ім сустрэліся ў Кіраўску, дзе нам Іван Максімавіч расказваў пра той дзень — і многа, і на ўсю душу — слёзы хаваючы ў дыме папярос, якія ён прыпальваў адну ад адной.

…Замужняя сястра жыла на ўскраіне Збышына, метраў за трыста ад лесу, і ён, малады партызан, зайшоў да яе на досвітку, вінтоўку схаваўшы на ўзлеску.

Сястра рыхтавала снеданне, а Іван прылёг на ложку і забаўляўся з малымі пляменнікамі. I тут зайшлі паліцаі. Спыталіся, ці няма партызан. Яны былі не мясцовыя і яго не ведалі. Загадалі ісці на сход. (Злавесны «сход»! Амаль усюды карнікі пачыналі з гэтага…) З'елі нарыхтаванае не для іх і пайшлі.

Гаспадыня, узяўшы малых, пайшла, куды было загадана, а Іван — на ўсякі выпадак — залез на гарышча адрыны. Пачаў пазіраць праз шчыліны ў шчыце.

Трывога, страшнае прадчуванне пачаліся тады, калі сястру, што прыпынілася з дзецьмі каля брамкі, тры немцы, якія ішлі па вуліцы, прыкладамі і з лаянкай пагналі на той сход… Самі яны зайшлі ў яе хату, разбушавалі там усё (яму было чуваць з гарышча), а потым прыйшлі і ў хлеў. Іван загробся каля самай сцяны ў кастрыцу. Але яны толькі карову выгналі на двор, паганялі курэй і пайшлі.

«…I ў гэты момант, — расказвае Іван Максімавіч, — у вёсцы пачалася страшная страляніна…»

Юнак зразумеў, што страляюць людзей… I адбылося зноў тое дзіўнае, што мы чулі ад многіх, — у самай неадпаведнай, жахлівай сітуацыі чалавека схіліла на сон. «Пачынаю драмаць, засынаць пачынаю…» Ды тут пачуўся шум, запахла дымам… Выглянуўшы праз шчыліну, ён убачыў, што ўсе будынкі навокал падпалены, усё гарыць — хата, істопка, адрына. «Няхай яна, адрына, добра загарыцца, — падумаў ён, — тады я вылезу, тады немцаў блізка не будзе». Як ні затульваўся ў лаліто — пякло. Саскочыў з гарышча і выйшаў на двор.

«Што ж мне рабіць? Бегчы ў брамку — там гарыць істопка. Справа гарыць хата. А між адрынай і хатай, метраў так дзесяць, — частакол стаіць, і прытым метраў тры высаты. Ну, ва-первых, тое гарыць і другое гарыць — можа збіць мяне агнём. Ну, мяне гэта не ўстрашыла. Мяне ўстрашыла тое, што я паднімуся на тры метры і немцы ўбачаць мяне. Думаю: легчы пасярод двара — пастройка густая, я не выдзержу… Ну, нейкая проста інтуіцыя. У гэтым хляве было трое дзвярэй. Я вышаў з адных і ў другія зайшоў. А ўсё гарыць нада мной. Потым я ў трэція дзверы — гляджу: дзірка! Пад сцяну дзірка! Хто яе выкапаў, гэтую дзірку, — ці то сабакі, ці то людзі для спасення?.. «Ну, — думаю, — я спасён!..»

Хлеў загарэўся. I я стаю там. Ну, знаеце, калі свечка гарыць, дык па краях жарка, а ўсерадзіне — не. Гарыць хлеў кругом мяне, а я стаю. I калі мне ўжо не можна было стаяць, мяне пекчы пачало, я і палез пад сцяну. А там было жыта. Ужо хавала чалавека. А ўперадзе стаяла Лявонава гумно, мае сястры дзевера. Я так рашыў, што я вось дапаўзу датаго гумна, а там, дзе бульба пасаджана, па баразне ў лес. Там у мяне вінтоўка, і — я пайшоў!..



Не дапаўзаю я метраў пятнаццаць да гэтага гумна — гляджу: тры немцы і станкавы кулямёт!.. Мяне магічаскай сілай перавярнула назад да гарашчага хлева. I я ў баразну лёг. I думаю так: «Нойдуць — чорт іх бяры, хай страляюць! Ззаду…» А тут той хлеў: р-р-р-р! — абярнуўся. Згарэў і абярнуўся. Я яшчэ бліжэй, але так, каб не зусім пякло. I ляжу. I тут… Такую дэталь трэба, відзіма, расказаць? I тут — свіння! I пачынае кружыцца вакол мяне, можа, таму, што бачыць: жывы чалавек. Я думаю: «Божа ж мой, немцы ж стаяць! Яны прыдуць не з-за мяне, а з-за свінні і, значыць, абнаружаць!..» Я так, лежачы, пяску ўзяў і вот так! (Паказвае, як кідаў.) Яна і адышлася.

Страляніна к гэтаму маменту ўжо сціхла. Гадзін сем вечара. А я ўсё ляжу. Чую: машыны загулі і пайшлі на Чычэвічы… I тут — два выстралы! Выстралаў не было даўнавата, і тут — два выстралы. Я думаю: «Яшчэ каго-та знашлі…»

А гэта, як я пазней даведаўся, забілі суседку маю, Бараноўскую Алену, і дочку яе, чатырнаццаць лет, якія таксама ляжалі ў жыце. А немцы іх знайшлі і забілі.

Прайшло яшчэ гадзіны дзве пасля гэтых двух выстралаў. I тут — яшчэ адзін!

Я думаю: «Няўжо яшчэ каго-та знайшлі і забілі?..»

Гэтым апошнім стрэлам забіты быў Іванаў бацька.

Стары — яму было шэсцьдзесят сем гадоў — хаваўся цэлы дзень на ўзлессі, удвух з дарослым пляменнікам. Як той ні ўгаворваў ісці далей у лес, дзядзька не мог адарвацца ад страляніны і агню, дзе засталіся ўсе, усё ягонае. Калі страляніна сціхла, а потым і машыны пайшлі са Збышына, ён выйшаў з лесу і пайшоў у вёску. I сутыкнуўся з коннымі паліцаямі. Апошнімі…

Той стрэл — апошні ў Збышыне — Іван пачуў, але па кім ён — даведаўся значна пазней…

«…Апоўначы я падняўся, выйшаў на вуліцу, і тут мяне апанаваў жывотны страх. Вінтоўка стаіць трыста метраў адгэтуль, у кустах, а я баюся ісці ў лес… Думаю, не пайду я ў лес, а пайду ў другі канец вёскі, дзе наша хата. А па вуліцы я таксама баюся ісці. Цераз плот пераскочыў, па загароддзі пайшоў.

Іду я і — зачапіўся. Пазнаў: ляжыць свёкар мае сястры. Далей — гляджу — ляжыць яго жонка. Іду ў канец, дзе наша хата. А там адзін выкапаў сабе бліндаж. Думаю: можа, хто-небудзь там схаваўся… Ляжаць ручнікі, знаеце, навалачкі — кругом гэтага бліндажа. Я зразумеў, што тут жывых людзей быць не можа — гэта ўжо выграблі немцы ўсё. Я яшчэ галаву туды ткнуў і вокрык зрабіў. Чую: пахнець парахавым газам. Значыць, яны кідалі туды гранаты.

I тут я, значыць, далей пайшоў.

А там калхозны двор быў, чатыры адрьшы. Дык тры згарэлі, а адна цэлая засталася. А далей, пад рэчку, мой бацька пасеяў проса. Я аб гэтым знаў. Бачу: ляжаць жанчыны, чатыры жанчыны — адна за адной. Па баразне ляжаць, бітыя. Я, значыць, думаю, мо там — маці… Ужо цёмна, паадзежы я апрадзяліў, што мацеры мае тут няма. Гляджу — і мужчына ляжыць біты. Падбег я, думаю: бацька! Не, гэта ляжыць мой дзядзька.

У нашым дварэ ўсё згарэла, а засталася істопка. Там у нас бервяно ляжала. Я сеў, пасядзеў маленька і думаю: «Што ж мне далей рабіць?..» Аў вёсцы ўжо нічога няма, ядзінсцвенны брэша Антонаў сабака. Па голасе яго пазнаў…