Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 36 из 95

На ганку стаіць хлопчык — Васілёў сын, таксама акуратны, дагледжаны, упэўнены ў сабе падлетак. Ён усміхаецца і не адводзіць позірку, калі адзін з нас хоча яго фатаграфаваць.

«Калі ласка, здымайце, — гаворыць нам яго ўсмешлівы твар, — здымайце, я падабаюся не вам адным, незнаёмыя людзі, ну, што тут благога. Так быць павінна».

Калі мы, у калгаснай кузні, папрасілі Мікалая Каю адарвацца на хвіліну ад кавадла, на якім ён наклёпваў накладкі на тармазныя калодкі для трактара, адарвацца і пайсці на нейкі час з намі, ён, Мікалай Антонавіч, дабрадушна ўсміхнуўся і паслухаўся. Што ж, запішыце, калі гэта трэба.

Хтосьці з яго сяброў па рабоце пацікавіўся:

— Куды ты?

I каваль адказаў са сваёй прастадушнай усмешкай:

— На павышэнне!..

Збышын

Мясцовыя людзі, на магілёўскі лад, гавораць Збушын, а не Збышын, як завецца гэтая вёска афіцыйна. Вялікая вёска, свабодна раскіданая па лагодных узгорках дзесяткамі рэдкіх домікаў у садах.

Чэрвеньскі поўдзень, сонечны, але з выразнымі намёкамі на блізкі пералётны дождж. На зялёнай паляне ўзвышаецца некалькі старых ліп. На сонцы і ў густым цянёчку шуміць шматфарбны святочны натоўп. Самадзейны духавы аркестр час ад часу старанна выдзімае полькі, кракавякі, вальсы. Але танцаў няма… Прадаюцца напіткі, марожанае, кнігі. Малыя бегаюць з каляровымі шарамі на нітачках, шары і лётаюць і лопаюцца — на звонкую, шчабятлівую радасць. Старыя людзі то ідуць яшчэ ад хат, спакваля паспяваючы на свята, а то ўжо сустракаюцца з суседзямі, аднавяскоўцамі і з бліжэйшых вёсак, з прыезджымі землякамі — з раённага Кіраўска, з Бабруйска і, як тут гаворыцца, з Мугулёва. Няхай сабе — цяперашнім светам адусюль недалёка, а ўсё ж сустрэчы блізкіх бываюць не вельмі частыя. Усё спяшаемся, браток, кудысьці ўсё бяжым… Моладзь — як моладзь — паводзіць сябе або трохі бяздумна, або проста весела, то ходзячы групкамі, то стоячы, аднак жа і стрымана. I танцаў няма, і песень не чуваць, і кракавякі гучаць недарэчна…

Што ж, каб не помнік на ўскраіне паляны, на лёгкім узгорачку каля агародаў, ды каб не ведалі людзі, штб іх сабрала, можна было б лічыць, што весялосці тут малавата. А некаторыя нават і плачуць…

Сёння трыццатыя ўгодкі таго жахлівага дня, калі ўвесь Збышын быў расстраляны і спалены. Сённяшнія дзеці і моладзь — гэта падсада, якая ўзнялася на крывавых папялішчах ад таго, што трохі збышынцаў, цяпер ужо і ў сіле веку, і старых, вярнуліся з партызанскіх атрадаў, з франтоў, з няволі, з эвакуацыі. А яшчэ менш людзей, вельмі і вельмі нямнога, цудам уратавалася ад фашысцкіх карнікаў.

Тут, у натоўпе, нам іх, па адным, па два, паказваюць — людзей з таго свету, з-за той мяжы, што 21 чэрвеня 1942 года пралегла агнём і крывёю паміж былым і сённяшнім мірным жыццём.

Мы просім гэтых людзей, то аднаго, то другога, пайсці з намі ў далейшую хату, дзе не чуваць будзе свята, і расказаць пра тое, што было. Яны ідуць ахвотна, можа, і таму яшчэ, што тут, у натоўпе, іх не бярэ, не супакойвае сённяшні сонечны дзень, а хочацца, больш чым калі, гаварыць пра мінулае.

Недалёка ад паляны, дзе стрымана гамоніць святочны натоўп, над Збышынам, на абгарэлай ліпе, узвышаецца буслянка. Бусляняты яшчэ не лятаюць — яны бялеюцца на гняздзе, і іх далёка і здалёк відно.

Відно іх і праз акно той хаты, дзе на стале, які засланы белым абрусам і застаўлены кветкамі, ціхенька шуміць наш руплівы магнітафон, перад якім самавіта сядзіць Соф'я Піменаўна Скірманд, поўная і спакойная сямідзесяцігадовая бабуля.

«…Людзей, значыць, гналі ў хату — у маю. Я раньша за іх увайшла ў хату сваю, першая. Двое дзяцей са мной было, хлопчыку тры гады, дзевачцы восем месяцаў было. Я ўвайшла ў хату — бачу, што плоха. Я ўдарыла ў акно — яно вылецела. Я дзяцей высадзіла за акно.

Пытанне: — А яны яшчэ не акружылі хату?

— Яны ж яшчэ гоняць толькі. Бачу, што ўжо людзей гоняць. Куды гоняць? Я яшчэ не знаю, куды гоняць. Дзяцей кінула ў акно і сама адпаўзлася вот так, як да дзвярэй…

Я ляжу, двое дзяцей са мной. Гляджу і туды, і туды. А Збушын гарыць. I людзі ў маёй хаце… Што ж гэта людзей не чуць, а стрэлы ў маёй хаце? Ага! — яны людзей б'юць…

А я ўжо прызямлілася, і мне нічаго не слышна. Ляжала, ляжала — прылятае самалёт. Гэты самалёт пачаў нада мной кружыцца. «Ну, цяпер уб'ёць мяне!..» Гляджу на яго з-пад пальі.



Ну, калі самалёт гэты праляцеў, прыляцелі буслы. Во тут, відзіце… Гнёзды ж гараць іхнія. Дзеці гараць! Яны так: зах-зах-зах!.. Нада мной лятаюць. Можа, яны не нада мной, а мне здаецца, што нада мной… Гэтыя дзеці… Згарэла гняздо іх, дзе і цяпер буслянка, толькі было бліжэй…»

Тут мы міжвольна глядзім у акно — на сімвал мірнай дамавітасці, які нерухома бялеецца яшчэ нясмелымі буслянятамі на высокім гняздзе — над зелянінай яблынь, вішань, бяроз.

«…Ну, гэтыя буслы паляцелі, — расказвае далей бабуля, — прылятаюць вораны. Чорныя-чорныя!.. «Ну, — думаю, — гэта мяне есці будуць!..» Абратна — уніз-уверх, уніз-уверх! Ляталі, ляталі і гэтыя паляцелі.

Праязджае на кані той, каторы дабіваў. Відзіць, што чалавек жывы, — дабівае. Я вочы прыадкрыла і ціхонька гляджу на яго… А дзеці мае не варушацца, спяць. Заснулі.

Можа, шагоў дзесяць не даехаў, павярнуўся і паехаў…

Я ляжала да самага вечара. Вечарам дзеўка стала плакаць, маленькая, восем месяцаў. Я гавару: «На, дачушачка, грудзь…» Зашумелі машыны і пайшлі. Я думаю: «Падыму галаву». Так сяйчас жа машыны сталі. Бачу: яны з машын убачылі, што ў жыце дзеці схаваліся: матка з бацькам і чацвёра дзяцей. Спыніліся і пабілі. Там другі чалавек падняўся глядзець — яны і таго забілі. Даехалі да таго і забілі.

А я ляжу.

Стрэлы перасталі. Дзеці плакаць пачалі. Я паднялася і пайшла ў лес…»

Мікалай Хадасевіч, цяпер мужчына ў самай сталасці, тады трынаццацігадовы хлапчук, які бачыў фашызм так зблізку, — свежым, чыстым позіркам дзіцяці, якое ўжо многае разумела амаль па-сталаму.

«…Спынілі мяне на вуліцы: «Ідзі на сабранне!»

Ну, я і пайшоў. Прышоў, тут мужчыны былі ўжо сагнаны ўсе. Ну, і за мяне і — сюды. Потым пагналі нас па вуліцы. Там быў сарай, вярней — гумно. Гналі немцы і паліцэйскія. Тут чорт іх паймеш: форма нямецкая, і ў рускай, у гражданскай.

Ну, потым стрэлілі ў страху з трасіруючых куль. Страха загарэлася.

Пытанне: — А што людзі паміж сабой?

— Нічога не гаварылі. Тут быў у нас адзін, Навуменка Андрэй, яго тожа спалілі, дык ён, відзіце, па-нямецку добра панімаў. Ён і гаворыць: «Будуць нас паліць». Чуў, як яны па радзіве… Сядзіць адзін з навушнікамі і гаворыць. Дык ён і чуў, той Навуменка, і гаворыць: «Шчас нас пагоняць у тое гумно і паліць будуць».

Калі загналі — зразу запалілі. Ну, кой-хто жыўцом выскачылі. Былі бакавыя вароты, іх, значыць, абвалілі, ну, і сталі выскакваць. Ну, а я, — там было дзе зярно сушыць, называлася ёўня, — я папаў туды і сядзеў, пака ўжо шапка на галаве не загарэлася. А брат мой раней выскачыў. Ён устае выскакваць, а мне крычыць: «Лажысь!» Я каля яго і лёг. Яго забіла, а мяне раніла, метраў восем, не больш, ад хлява. Ну, потым гэта я і ляжаў. Стрэл быў сільны: не разабраць — дождж ці страляюць. Крык, шум!.. Стаў стрэл аціхаць. Пайшла праверка. Вот яны, калі падышлі паўторна ка мне, я ніцма ляжаў. Яны, значыць, ствалом пад правую броў паднялі мяне. Вот так, як на рукі на выцянутыя. Штота па-нямецку гэркнулі, пусцілі. Падумалі, што я ўбіт.

Ну, а што вот так раненыя крычалі, дык тых яны дабівалі.

У. часоў дзевяць яны паехалі. А ранілі мяне, значыць, у час дня. Я падняўся — сонца ўжо заходзіла. Я пайшоў па вуліцы, да свайго дома пайшоў. На вуліцы забітыя, у дамах — хто пагарэлі; дома ў мяне таксама нікога. Сцямнела. Ногі мне стала падцягваць, раненыя, кроўю сышоў.

Пытанне: — Дык дзверы, кажаце, мужчыны выламалі?

— Ага, як толькі гумно запалілі, значыць, і выламалі…

I адзін яшчэ мужчына быў. Дзевачка ў яго была гады два. Яна вот так ручкамі як узялася за шыю, наперадзе, так ён яе і вынес. Яна і цяпер жывая…»