Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 35 из 95

Увечары прыйшлі толькі, на пажарышча паглядзелі. Усё ў нас пагарэла, нічога няма.

Мой муж раней за мяне з дому пайшоў, і там яго ўбілі. А я з дзецьмі асталаса…

Ніякіх жанчын са мною больш не было, толькі сусед наш жывы застаўса. Палазіць ён па жыце, па лубіне каленкамі, пашукае і кажа:

— Няма мае ні мацяры, ні жаны, ні дзетак…

Але яго цяпер няма: ён як пайшоў на фронт, дык немцы яго ўбілі. Звалі яго Юрык Шывілько. Ішоў на фронт, дык казаў: «Пайду сваіх ворагаў забіваць». А як пайшоў, дык і не прыйшоў…

Дзвесце хатаў спалілі.

Ды гэтак стралялі, гэтак білі!..»

Высокаю сцяною стаіць калгаснае жыта вакол агарода і хаты Макрыны Кавальчук. Звіняць, шчыруюць жаўрукі над ніваю, весяляць збажыну: ганяй сокі, спей на радасць добрым людзям. Пад гэтую песню спялення адлягае ад сэрца ў старое жанчыны, успамінаюцца сыны і дочкі, зяці і нявесткі, унукі і ўнучкі, што жывуць у гарадах. Яна іх зберагла калісьці ў жыце. Яна іх чакае, прадчуваючы здзіўленне і радасць, што столькі дабра бабка вырасціла адна — чарадзейка на сваіх градах.

Усе бацькі ратавалі сваіх дзяцей. Кожны і кожная па-свойму. Як хто ўмеў. Калі б апісаць толькі тыя шчаслівыя спосабы, якія памагалі ўратавацца, — атрымалася б не адна кніга мужнай бацькоўскай і мацярынскай ахвярнасці, якая магла б з'рабіць гонар любому народу.

Страх скоўвае, страх губіць слабыя душы, страх вызваляе рашучасць у дужых.

Антон Кая, статэчны, акуратны княжаводскі гаспадар, разбудзіў у тую злавесную раніцу сваіх сыноў, чатырнаццацігадовага Васіля і адзінаццацігадовага Мікалая.

— Вы, хлопцы, выганяйце каровы. Ганіце іх, можа, хоць вы застанецеса жыць. А я ўжо стары… Куды дзенешса?..

Так запамятаў апошнія бацькавы словы Васіль.

Паслухалі сыны бацькаву параду, пагналі каровы ў канец сяла. Там іх запыніў вартавы і выкрыкам «направа!» загадаў заганяць жывёлу ў крайні падворак.

«…Падворак гэты, — успамінае Васіль Кая, — быў вельмі вялікі, абгароджаны добра. I яны пачалі зганяць туды ўвесь скот — і свінні, і коні, і каровы, — усё разам. А ў тога гаспадара былі вуллі. Скаціна іх разламала. Вылезлі гэтыя пчолы — як нападуць на ўвесь гэты скот! I на людзей! I на немцаў! Яны шынялямі голавы пазакрывалі ды з гэтага падворка ходу. А мы гэтых пчолаў не чувствуям — ці яны кусаюць, ці не кусаюць. Выбеглі мы, падросткі, на вуліцу і думаем: «Куды бегчы, куды тут дзенешса?..» Пагаварылі і пайшлі назад у вёску, туды, дзе ўсе…

А камісар, каторы з Луннай, нямецкі, ён стаяў наперадзе, і мы яго пачалі чуць-чуць вось так абмінаць. А ён заўважыў, што гэта ўвесь скот пайшоў па полі, і кліча нас. Свішча — кліча да сябе. Мы вярнуліса. I паказвае ён нам: «Бярыце ўсё гэта і ганіце туды, дзе паром». Ну, добра. Мы гэта раз-два разбегліса, думаем, што, можа, так і ўцячэм. Ага, толькі мы паспелі туды-сюды, а немцы заўважылі нас, што гэта мы тыя, што паўцякалі з панадворка. Ён — за намі. Бяжыць, бяжыць, свішча. Страшна неяк. Мы спыніліса ўсе і назад. Толькі ўжо не на той падворак заганяе нас, а на суседні. Тады былі на хутарах, далёка двор ад двара.

Стаім мы на падворку, а той немец, каторы нас сюды загнаў, пайшоў. А потым пад'язджае камісар — ён ехаў на брычцы, — саскочыў з брычкі і да нас. Пачаў на нас крычаць нешта і паказвае зноў: «Паром!» I мы тады рассыпаліса хто куды. Я не ведаў, прымерна, дзе мой брат. Толькі мы засталіса з адным другам — мы разам з ім у школу хадзілі. Мы з ім пару кароў узялі — прэм па жыце: каб хоць яны не заўважылі, немцы, што мы ўцякаем. Брыцько Віктар друг мой зваўса. Дагналі мы гэтыя каровы да лесу і тады гэтыя каровы кінулі. У лесе мы зноў разбіліса з маім таварышам… I мы з ім сядзелі ў лесе — ён сабе, а я сабе — чатыры дні. Баяліса выходзіць… Ужо есці хацеласа, дождж, але куды ж там… Падыдзеш да шашы — машыны едуць, зноў у лес уцякаеш…»

Разлучыцца з бацькамі, з братам, разбіцца, кажучы па-мясцоваму, з другам, адбіцца ад людзей…

Меншы Кая, Мікалай, таксама пакутаваў ад разлукі з бацькамі і братам і ад сваёй загубленасці ў гэтым знаёмым і раптам так ачужэлым, такім ашалелым свеце.



«…Як пачалі пчолы цяць гэты скот, — успамінае Мікалай, — некуды яму дзявацца. I пачаў ён, гэты скот, па нас таптацца… I не ведаем мы, куды нам дзявацца. Коні разламалі плот, і ўвесь гэты скот пайшоў, куды каму роўна па ўсім полі.

«Брат мой, відаць, ужо ўцёк, — думаю я. — Як бы гэта і мне да лесу дабегчы». Бачу, брат мой з таварышам да лесу дабег. Як бы гэта і мне!.. Дабягаю я ў лес, туды да Нёмана, і іду сабе, нібы карову ганю. Толькі я хацеў ужо схавацца, а тут мяне зноў той немец, каторы каравуліў, схапіў за каўнер і назад, у вёску. Што ж мне рабіць? Хто быў з маіх таварышаў — усе паўцякалі, а я адзін застаўса… I яшчэ, гляджу, захапілі аднаго майго таварыша. Я на гэтага таварыша гавару:

— Косця, давай мы будзем прасіцца, можа, нас пусцяць.

А ён кажа:

— А я і прасіцца не буду, і гаварыць нічога не буду. Бо мы ўжо абодва абмерлі са страху. Прыгнаў нас той немец назад у вёску. Ужо ўся вёска гарэла. Машыны пачалі ўжо раз'язджацца. А цэп рабіла прачоску.

Бачым — адзін чалавек праз акно выскачыў, а немцы — за яго. I ўжо не стралялі, а жыўём у агонь кідалі. Ну, нічога я так не баяўса… Думаў, няхай ужо мяне заб'юць, але толькі б у агонь не кідалі жывога.

I ён мяне не страляў, той немец, а вёў туды, дзе гарэла, каб у агонь кінуць. Кажу я свайму таварышу:

— Косця, кіне ён нас жывых у агонь.

I прывёў ён нас на тое самае месца, адкулі» мы ўцякалі. А тут ідзе нейкі афіцэр, ці хто ён. Паклікаў нас пальцам да сябе. А ён умеў па-польску гаварыць. Гавару я яму:

— Пане, я не адгэтуль, я з Сухініч. Тут нас забіваюць, а мне трэба дахаты ісці.

Немец, каторы нас прыгнаў, зараджае вінтоўку, каб застрэліць мяне. А гэты, што сустрэў нас, патрос на яго кіем і пусціў мяне. Я адышоў трохі, а потым вярнуўса.

— Пане, — кажу, — гэта мой таварыш, Косця. Пусціце і яго. Ён таксама з Сухініч, Косця Барадаўка. Каровы пасвіў, наняты ў Княжаводцах…

I немец нас адпусціў. Калі мы ішлі, дык Косця ажно мне свой карандашык аддаваў… Цяпер ён далёка, у Расіі. Жаніўся тут. А чашнікам[14] мяне, нябось, не ўзяў…»

Бацька траіх дзяцей, знатны каваль і электразваршчык у калгасе «Светлы шлях», Мікалай Антонавіч Кая пасяліўся і жыве ў Сухінічах, у той суседняй вёсцы, якую ен назваў роднай у хвіліну смяротнай пагрозы.

Сядзіць ён з намі ў новым калгасным праўленні і нетаропка разважае:

— Цяпер людзі зайздросцяць, што дом харошы я сабе зрабіў. Але не кажуць, колькі я нагараваўса!..

Не трэба зайздросціць Мікалаю, яго залатым рукам, яго рупнасці, яго шчасцю. Хоць дом — і сапраўды як цацка, як нейкі казачны церам. Такое хараство, мабыць, неаднойчы снілася асірацеламу, загнанаму хлапчуку, які пасля тае навалы, як і брат Васіль, не мог жыць нават у замужняй сястры ў Сухінічах. На кожным доме былі вывешаны спіскі яго жыхароў. Па гэтых спісках паліцыя правярала людзей і хапала ўсіх, каго не было ў спісках, а гаспадароў карала за прытулак непрапісанага чалавека высылкай, смерцю. Доўгімі асеннімі начамі тулялася дзіця па кустах. Зімой зашывалася ў адрынкі і гумны. У няшчаснае сіраты не было дома з дошчачкай, на якой можна было б напісаць імя. Гнаны пагрозаю смерці, забрыў Мікалай ажно пад Ваўкавыск, прытаіўся там пастушком. У тую пару бяздомнасці, непрытульнасці, жахлівай адзіноты як не сніць было яму пра ўласны дом? Можа, іменна тады апаленая крыўдай і горам фантазія і знайшла формы і фарбы гэтага казачна размаляванага дома. Свайго — назло ворагам — бяспечнага і ўтульнага гнязда.

Старэйшы брат, Васіль Антонавіч Кая, таксама асеў у Сухінічах, і жыве ён у абжытым, як старая моцная борць, доме. Акуратнасць у хаце такая, што боязна ступіць. Кухня чысцюсенькая, бялюсенькая, як аптэка. Спраўнаму муляру з міжкалгасбуда, відаць, падабаецца гэтая звышакуратнасць. I ён за той жахлівы дзень уцёкаў ад смерці і доўгія гады беспрытульнасці паспытаў удосталь агіды да ўсяго неразумнага, бязладнага, грубага і бруднага, што можа несці ліхалецце.