Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 34 из 95

Хлопец маўчыць.

— Сумна дзіцяці аднаму, — стараецца ці то апраўдаць, ці то выручыць пляменніка гаспадыня.

У голасе старой адчуваецца туга па людзях, жыхарах вялікай, гаманкой вёскі, па такіх вось бойкіх падлетках, што ўмелі схаласопіць усе агароды, выкупацца па пятнаццаць раз на дзень і разам з тым пасвіць коней, кароў, гусей… Ёй сумна па суседзях — размашыстых нёманскіх плытагонах, што ўмелі працаваць і гуляць на поўную душу.

Магло б такое жыццё плысці сабе прывольна і шырока, як Нёман, паўнаводны тут, у сярэднім цячэнні.

Магло б…

У смузе віднеюцца парослыя лазняком берагі. Яшчэ вялікія князі літоўскія, мабыць, трымалі ў гэтым месцы водную пераправу на шляху з Вільні ў Ваўкавыск і Бярэсце, а людзі, што ахоўвалі і абслугоўвалі княжацкую пераправу, названы былі княжаводцамі.

Пра тое даўняе-прадаўняе мала хто памятае. Расказваюць людзі навейшыя былі.

Ходзіць у ваколіцы паданне пра сабор у зусім недалёкай, таксама вялікай, вёсцы Дубна, якая ў вайну ацалела. Вялізны, грувасткі сабор гэты. Паглядае сюды правалінамі ржавых купалоў і не можа ўцяміць, што ж адбылося. Былі на віду ў яго вялікія Княжаводцы, і пайшлі яны з дымам, няма іх. Гучала зычнымі званамі боская, царская, панская ўлада па Наднямонні, але змоўкла. Таемна збудаваны свет, дзівам пабудаваны і сам ён, гэты сабор. Кажуць, цар загадаў паставіць храм ва ўкраінскім горадзе Дубна, а выканаўцы яго волі нешта пераблыталі, перайначылі «повеленне», прыляпілі яго да аднайменнай беларускай вёскі…

Дзейнічала ў Наднямонні, як і скрозь на свеце, і другая, светлая, добрая воля — воля жыцця. Яна зыходзіла ад зямлі, ад людзей працы, ад патрэбы тварэння, увасабляла жыццё і свабоду, была іх разумнай праявай. Пад уплывам жыватворнай сілы святла і волі, імкнення да іх нараджаліся і тут, у чароўным кутку Наднямоння, сялянскія паэты. Як жаўрукі над нівай, яны спявалі гімн жыццю і тварэнню, клікалі над-нямонцаў купалаўскім клічам «людзьмі звацца». Не далёка зайшлі галасы гэтых песняроў, але напевы іх тутэйшыя людзі чуюць, як чуе чалавек удары ўласнага сэрца. Паблізу ад гэтых мясцін гучала ў дні няволі і змагання сардэчнае, сціплае і дасціпнае слова паэта Міхася Васілька, а трохі ніжэй па Нёмане і значна раней па часе тут, сярод прыгнечаных беларускіх сялян, знаходзіла несмяротныя вобразы высакародная полька Эліза Ажэшка.

На краі зямлі, якую засявалі жыхары Княжаводцаў, у хлебнай даліне за сасоннікам, уцалела тры хутары. Наводшыбе за былою вёскай.

Вось прысеў каля надмагільнага помніка Сымон Іванавіч Кая. Засяроджана кладзе ён бронзу на высечаныя ў бетоне традыцыйныя літары «З. П.» — «здесь покоится». Гэтая праца стала пасля фашысцкага пагрому нібы новай прафесіяй земляроба. Ёсць нешта сімвалічна-жудаснае ў гэтым збегу акалічнасцей. Селянін, гаспадар, які цудам абмінуў сваю смерць, перажыў смерць родных і блізкіх, ніяк не можа ўцячы ад прысутнасці смерці… Яна — побач.

Але не смерць дыктуе яму словы «здесь поконтся», не яна загадвае высякаць адвечнае «З. П.». Дыктуе жыццё, бо яму належыць памяць. Што думае стары падзёншчык жыцця ў доўгія дні марудна-карпатлівай работы? Што думае пра тых, чыю памяць захоўвае залачонымі літарамі? Хіба расказвае ценям і гэтым камяням падзеі таго дня, які аддзяліў яго ад жывых і не злучыў з памёршымі.

«…Тады я, ведаеце, — расказвае ён, — прыйшоў з вяселля, з Сухініч, і лёг спаць у адрынцы. У гэтую ноч я неяк дрэнна спаў. Стала толькі трохі світаць, і я падняўса. Прыйшоў, пастукаў у акно, але жонка спала моцна, ледзь разбудзіў. Увайшоў у хату, ужо было трохі відна. Жонка выйшла на двор, а я яшчэ ўсё хаджу па хаце. Вядома, з вяселля, у галаве шуміць…

Дачка, васемнаццаць гадоў, спала на адной караваці, другая — на другой.

Гляджу я — жонка бяжыць назад у хату.

— Скарэй, — кажа, — немцы за агародамі і крычаць «хальт!».

Ну, ведаеце, яны да нас прыязджалі разрў некалькі з Гродна. Набяруць машыну людзей і павезлі. Не на работу. Там іх білі, таўклі, каб гаварылі пра партызан… Адаб'юцьчалавека ад памяці, ён і гаворыць, што ім трэба…

Пачалі яны нашу вёску ачапляць. Пройдзе адзін метраў пяцьдзесят і стане. А некалькі нашых хат на хутарах былі за гэтай цэп'ю. Вось і мая таксама. Яны нас спачатку абмінулі, а потым партыя немцаў аддзяліласа і пайшла нас з хат выганяць. Тады я выскачыў праз акно і — пад Нёман…

Калі расстрэльвалі, дык я быў ад гэтай магілы блізка, у лесе. Крыку не было аніякага. Толькі залп быў. I адзіночныя выстралы. Ад стральбы гэтай я пайшоў далей…

Мне расказваў адзін чалавек з Луннай, які быў тады падводчыкам. Памёр ён, гэты чалавек. Ён быў каля магілы. Каторыя застрэленыя падалі не ў магілу, а каля магілы, то гэтым людзям, падводчыкам, загадалі сцягваць іх у яму. Чалавек гэты чатыры дні нічога гаварыць не мог. Не аказваўса. Толькі потым прыйшоў да памяці. I расказаў, што там было…

У форме ўсе яны былі нямецкай. Сядзелі пасля ўсяго, як пастралялі людзей, елі сала, каўбасы, што награбілі…»

Калі вочы Сымона Каі пазіраюць на слухача рассеяным, невідушчым позіркам, а на губах блукае бесклапотная ўсмешка дзіцяці — робіцца холадна. Нарэшце — выраз ціхай скрухі на твары, і субяседнік можа ўздыхнуць з палёгкай — нічога, ён яшчэ нічога… Удару, які перажыў гэты чалавек, не мог сцерці руплівы, мірны час, так і не ачуняў, калісьці дбайны, гаспадар. Скончылася вайна, а ён усё блукаў па чужых вёсках — ні старац, ні работнік. Неяк натрапіў на гэты свой занятак… Рамяство? Заробак? Ці «кара», а можа, плата за ацаленне?..

Не вернецца ўжо Сымон Кая з таго пагранічча жыцця і смерці, на якое кінула яго тая хмельная ноч з вяселлем у Сухінічах і раніца з нямецкім ачапленнем у роднай вёсцы. Не паддасца ён спакусе дробных жыццёвых клопатаў, не ўсміхнецца людзям так дапытліва, прыветна і весела, як яго суседка, бабка Макрына Кавальчук.



Жыве калгасная пенсіянерка Макрына Іванаўна побач на хутары адна, але агарод развяла як на добрую сям'ю, — тут і бульба, тут і фасоля, тут і цыбуля, тут і мак. Корпаецца бабка Макрына ў. агародзе, як чарадзейка-зельніца на Купалле. Бушуе ў бабкі Макрыны гародніна, як быццам хоча здзівіць яе гарадскіх дзяцей ды ўнукаў, што неўзабаве прыедуць сюды на бабчыны ласункі.

Бабка Макрына малая ростам. З галавою хаваецца яна ў маку, а высокую збажыну, што абхапіла яе хутарок, называе то ласкавым словам «жыта», угадваючы сувязь гэтай расліны з паняццем «жыць», «выжыць», то на рускі манер велічае жыта сваім наватворам — «рошч».

Сапраўды, гэтая «рошч» даравала жыццё і ёй і яе дзецям.

Тады, у ліпені сорак трэцяга, Макрына Кавальчук павяла сваіх пяцярых дзяцей у жыта, нырнула ў жытнюю гушчыню і прапала на колькі дзён, як курапатка з вывадкам.

«…Якраз сягонняка тое самае чысло, як тады, калі нас білі…

Майго мужыка было зваць Змітрук. Яго ўбілі, майго мужыка.

Дзеці гэта я пабудзіла, старэйшыя, а потым гавару сама сабе: «Збегаю да суседкі». Суседка была старэйшая, ёй было шэсцьдзесят гадоў, а мне трыццаць пяць. Я пабегла да яе і гавару:

— Цётко, ужо немцы ставяць цэп! Трэба ўцякаць. А яна гаворыць:

— Трэба што-небудзь схаваць. А я гавару:

— Нічога нам не трэба, вот уцякайма. Бягайма ў рошч або куды…

Але яна не слухае і сыну свайму кажа:

— Ты, сынок, уцякай; а я буду хаваць што-небудзь. Прыбегла я дадому, а мае дзеці ў сенях стаялі і кажуць:

— I тата пайшоў, і мама пайшла, мы ўжо думалі, што вы нас пакінулі…

Узяла я чацвёра старэйшых, а маленькая спала на ложку, дык я сабе думаю: «Няхай спіць». А потым вярнуласа я.

— Не, — гавару, — будзем, дзеці, пагібаць усе разам.

Узяла я тую дзевачку, і пайшлі мы ў жыта. I сядзелі мы ў тым жыце адзін дзень, сядзелі другі дзень. Немцы хадзілі па полі, крычалі, а мы ўсё сядзелі…

Хлопец адзін мой кажа:

— Я есці хачу. А я кажу:

— Еш жыта! А ён кажа:

— Я табе не варона, жыта дзяўбаць.

Чым я іх карміла, кажаце? Нічым не карміла, сядзелі, і ўсё. Я тады, можа, пяць дзён не піла і не ела, так перапалохаласа… Усё пабілі, усё папалілі, нават і вароны не каркалі. Такі быў страх…