Страница 34 из 37
Шматгадовы пакутнік, a ўсё ж вясёлы i разумна просты чалавек, сустрэўшыся неяк на выхадзе з Дома літаратара, Мікола сказаў мне:
— Надумаўся, браце, i я адзначыць свае семдзесят пяць. Відаць, апошні раз гэта. Хай будзе, хай пагавораць...
Як напрарочыў, што апошні, бо гады праз два памёр.
На тым юбілейным вечары, даволі прыстойным, работнікі тэлебачання чакалі са сваёй апаратурай да самага канца, да выступлення юбіляра. І трэба ж яна — такая іронія няхай паласкавелага, а так доўга суровага, несправядлівага лесу! Рыхтуючыся з-за стала на трыбуну, Мікола Хведаравіч зашпіліў пінжак не на тыя гузікі. Адно крысо ніжэй, борт адпаведна тырчыць угару. Асвяцілі шаноўнага на трыбуне, узялі, нарэшце, буйным планам, ён выступае, а здымаць няма як... Прыкра, столькі чакалі.
А ён?
1988
АДКУЛЬ ІШЛОСЯ
Накрышыць цыбулі, паліць алеем, найлепш — канапляным, i даць пастаяць. Пасаліўшы, вядома. А то i адразу можна на стол. Якая смаката! Аднак назаўтра, калі цыбуля размякне, выдыхае горыч i пасаладзее — яшчэ смачней.
Так у сям'і, у хаце бывала.
A ў агародзе ці ў садзе, у сваім ці ў чужым, ужо самастойна ці ўпотай? Набраць повен рот чорных, "як жучкі", вішань i раздушыць ix, каб аж у носе сокам заказытала...
Тады ўсё гэта было вельмі звычайным, а потым i мудрасць, набытая сярод людзей i ў кнігах, засведчыла, што просгае, здаровае — найлепш.
Зямлю мы ў маленстве ,бралі рукамі, на пашы капаючы "печкі", а дома, пакінутыя дамаўнікамі, штодня, ўкопваючы бульбы. ("Пад вечар бульбы кошык укапай!") І на смак яе, тую зямлю, каштавалі, прайграўшы ў "ножыка",— бо як ты тады ні мянці нажом перад раскрытым ротам, той, хто выйграў, умудрыцца ўкінуць табе на язык скачаны з сырой зямлі шарык.
Крышылі мы, дамаўнікі, i зелле свіням, навыбіраўшы ў градах бацвіння, дыхалі пахамі агароду, сокамі яго. Зубы нашы заходзіліся ад аскомы, яблычнай i вішнёвай. Моркву мы хрумсталі тут жа, у градах, толькі "добра абцёршы" падолам кашулі ці проста аб порткі. А на зубах была-такі чуваць зямля.
Нядаўна знаёмы закройшчык з опернага тэатра ўспамінаў, як у верасні трыццаць дзевятага веска яго разбірала маёнтак. Бралі — хто што мог, а ён, хлапчук, нарваў поўную запазуху панскай морквы!.. Дый то не адразу, не самі дзеці ў той маёнтак пабеглі, а ix танкіст савецкі падахвоціў.
* * *
Што такое глухамань — я ведаю добра.
Што я рабіў бы тады, каб не кнігі?
Не бачыў бы, не адчуваў бы гэтай глухамані на ўсю яе глыбіню i, можа, не так было б сцішна.
A калі да глухамані, да цемры дадаць яшчэ горкія думкі нра смерць? На пятнадцатым го дзе жыцця. На вечарынках — за гучнай музыкай, за потнай радасцю дароелых, за вясёлым прасцяцкім гоманам, за ўсмешкамі маладых, здаровых работнікаў ды работніц на заел ужа ным адпачынку я бачыў... ix чарапы, ix шкілеты... З сілай галюцынацыі (здаецца, яшчэ не ведаючы гэтага слова).
Што гэта было — пераходная хвароба ці залог таго, што я не хацеў растварацца ў гэтай глухамані, у гэтай цемры-смерці?..
Асабліва цяжкай была глухамань у позшою восень, калі не было адраджэння красы вяснянай i летняга росквіту яе, спялення, калі не было зімовай чысціні i прасторнасці, асабліва ў сонечныя дні, а была непралазная гразь, балота.
Што такое балота? Да сарака пяці гадоў я не бачыў Палесся, а балота — глеістае, глыбокае, ад плота да плота, бясконцае, на ўсю глыбіню вясковай вуліцы, з выгана ўнізе i з гасцінца "на гары",— балота я ведаў.
Вяртаючыся з пашы, каровы цягнуць вым'е па бяздоннай халоднай гразі.
Выцягванне ног адна за адной — нялёгкая, абрыдная работа i табе самому. A ісці каля плота, дарма выбіраючы сцежку? Балота мы валаклі з двара, з вуліцы ў свае i ў чужыя хаты.
Святочнае адчуванне — ты ў памытых ботах. Гэта ўжо тады, калі трохі падмерзне. А ўжо пра тое, як ix памажаш дзёгцем ды выйдзеш — i не кажыце!..
Гэтыя думкі-ўспаміны абудзіліся былі нядаўна з новай сілай, калі чытаў пра Эфендзі Капіева — пра тую глухамань, з усёй цемрай мусульманская абмежаванасці, з якой ён выход зіў у вялікі свет.
Ён — дзякуючы рэвалюцыі, а я — вызваленню, пра што не трэба лішне балбатаць, але ж не трэба i забывацца.
1987
ПАЛІТАДДЗЕЛ
Першы з дзевяці маіх дваюрадных братоў, старэйшы за мяне на дваццаць сем, Алесь. Пісаў я пра яго i юнаком, у "Праведніках i зладзеях", i ў позняй сталасці, у "Золаку, убачаным здалёк", i ў запісах, аднак сёе-тое з яго каларытнага вобраза яшчэ ўсё часамі паблісквае ў памяці, i хочацца запісаць.
І ў мове яго было многа нязвычнага. Скажам, такое:
"Па ўсім свеце пройдзе яна, наша пралетарская струна".
"На якую трэль чалавек пастаўлены — ці ласкай возьмеш яго, ці злосцю".
"Няма ў нас аніякага нармалу".
Нешта я браў з яго мовы, а яшчэ што i не ўзяў.
У акупацыю, дачуўшыся пра ўступленне ЗПІА ў вайну, ён гаварыў у нашай хаце, задаволены:
"Ну, цяпер дзела пойдзе! Калі яна з намі, Амерыка. Яна нам аружыю — ж-жых! Какаву, фрухту ўсякую — ж-жых!.."
І адпаведны штуршок рукою наперад: ж-жых не так сабе, а як маланкай цераз увесь акіян, нават над самай вадою.
У яго гераічным удзеле ў першай сусветнай вайне (чатыры "Георгіі") быў i нядоўгі аўстрыйскі палон. A гаварыў Алесь чамусьці пра Італію, што гэта там ён быў, адтуль уцёк. Можа, з-пад Трыеста?.. Калі пасля вайны з Урала прыехаў пагасціць на радзіме бацькоў мой пляменнік Шура, толькі на шэсць гадоў за мяне маладзейшы, я павёз яго з Мінска ў Загора i ў Маласельцы, да родзічаў. "Завёў" я Алеся на ваенныя ўспаміны, каб пачаставаць гэтым Шуру, франтавіка. Калі дайшло да той "Італіі", Наташа, Шурава жонка, інтэлігентная русачка, спыталася:
— А скажите, пожалуйста, Алексей Лукич, природа там, конечно, вам понравилась?
І ён, таксама інтэлігентным ладам, адказаў:
— A нічога. Прырода красівая. Але почва зямлі гавённая.
Калектывізацыя ў нашых мясцінах, у сорак дзевятым-пяцідзесятым гадах, пачалася з таго, што ва ўсіх вёсках ды вёсачках, нават i ў суседніх Качанах, дзе семнаццаць хат, быў свой, асобны калгас. І ў Маласельцах, трохі большых за Качаны, таксама. І старшынёй там выбралі Алеся. І бывалы ён, i смелы, i бядняк рабацяшчы. A неўзабаве нажыў ён, на старасці гадоў, яшчэ адну мянушку — Палітаддзел.
— Абы што якое, дык сам не хоча рашаць, а на каня, мяшок з сенам пад сраку, i ў Кашчычаў двор, у эмтээс. "Хай думае палітаддзел!.."
Аднак праз лета Палітаддзела ca старшыні калгаса "Праўда" знялі. За тое, што вырашыў ён сам.
— За што ж цябе, Алесь? — спытаўся я, калi сустрэліся.
— Даў людзям сена накасіць. Пабілі на дзялкі i пакасілі.
— Ну, а навошта ж ты так, самавольна?
— На прымер падняція духа!..
1988
EX ORIENT LUX [3]
Восень трыццаць дзевятага. "Вы, тата, можа, цяпер менш пілі б. Нашы прыйшлі. Усё цяпер будзе па-новаму".
Бацька, i праўда, часта вяртаўся дамоў пасля чаркі.
"Ну што ж,— сказў ён,— калі ўжо такі парадак, то i я не буду піць".
А дзён праз колькі вярнуўся з кірмашу, зноў падвяселены, i ледзь не з парога сказаў свайму "разумнаму":
"Смаркач ты! Я ж чарачкамі піў, а яны яе шклянкамі глушаць! Добра кажаш — па-новаму. Трыста грам, дзвесце грам, а сто — дык што сабаку муха!.."
Другі юнак, зямляк з яшчэ бліжэйшай вёскі, светла запомніўся з нашай першай сустрэчы.
У мястэчку Ярэмічы на Ушэсця быў фэст, моладзі сышлося з усіх вёсак наваколля. Што ж, калі азірнуцца ў гісторыю, дык усе нашы Сёмухі, Пакровы, Дзяды i іншае, пакуль стаць царкоўнымі святамі, былі проста народным! абрадамі. A ў гады маёй маладосці тыя святы ды фэсты былі для моладзі зручным выпадкам выйсці з цягавітай будзённасці ў свабоду адпачынку, прайсціся, з кім сустрэцца, з кім пазнаёміцца. Ну, i дзяўчаты, вядома,— кожны фэст быў дзявочым парадам, "вывадкай" — там выбіралі, знаёміліся, любаваліся ў маладым, вясёлым, наіўна неакрэсленым прадбачанні абавязковага шчасця.