Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 18 из 37

Мы ўжо туды вярталіся неаднойчы, i будзем вяртацца, як з вялікага падарожжа ў родны дом, з яшчэ большай, з самай грунтоўнай упэўненасцю, што радней, чым ён,— i сапраўды няма нічога.

1971

ПОМНІК

Марцін памёр, а я, пачуўшы пра гэта ад другога свайго земляка, міжволі засмяяўся.

Брыдка? Ды што ты зробіш, калі я адразу ўспомніў той непаўторны, можа, спрадвеку адзін такі на цэлым свеце, помнік, які ен, Марцін Ківеня, пакінуў па сабе ў адной з нашых наваградскіх вёсак.

Колькі жылі — сварыліся з братам... Дзеці павырасталі, пайшлі людзьмі ў шырокі ды далёк! свет, унукі пачалі на лета прыязджаць, а Марцін з малодшым братам Яўхімам, дзяды нямоглыя, але жывучыя, дзеркачаватыя, яшчэ ўсё то не віталіся, то брыдзілі-гадзілі перад людзьмі самі сябе i радню. Даўно зрабілі па хаце, а бацькаву, старэнькую, ніяк не маглі падзяліць. Яўхім пачаў ужо тым часам трохі лагаднець, здавацца на нейкую памяркоўнасць, але Марцін не здаваўся. І вось нарэшце яны прыйшлі да мудрага вырашэння свае бясконца складанай справы — распілілі тую хаціну... наўздоўж. Саламонам быў тут Марцін. Яўхім згадзіўся ўжо i на гэта. Ен забраў сваю долю на дровы. A Марцінава доля стаіць. З адным акном ад вуліцы, з палавінай шчыта, забітая аполкамі з аднаго боку, з глухой сцяной i палавінай страхі з другога.

Ніхто ў ёй даўно не жыў i цяпер, вядома ж, не жыве. A стаіць яна недзе — упарты помнік дурнаты.

1971

ІДЫЛІЯ

Ен быў каваль, адзін на тры вёскі, чалавек патрэбны i паважаны. А жонку прывёз сабе аднекуль здалёк. Танклявую, віскліва-галасістую i дзікаватую неахайніцу. Яго за радзімую пляму на шчацэ празвалі Лапай, а на яе адразу прыдумалі Магдалена, — нібы без сэнсу, але нечым для ўсіх зразумела i смешна.

Кузня звінела ў вёсцы, a жылі яны на хутары за вёскай. І Магдалена, як толькі ўбачыць праз акно, што нехта ідзе, на ўсякі выпадак хавалася ў каморку. Ужо i дзеці ў ix пайшлі, ужо тым часам i пастушкамі на пашу павыбягалі, a маці ўсё ніяк не магла асвойтацца.

Адзін з вясёлых мужчын, Паўлюк Калоша, дык той, праходзячы каля Лапавага хутарка, адразу ў хату не заходзіў,— ішоў у каморку i заглядаў за бочку ці за скрыню:

— Ага, ты сёння тут! Здарова, Магдаленіца!

А яна — сарамліва, збянтэжана:

— Гы-гы-гы! Я думала, дзядзька, што гэта не ты...

Неахайнасцю яна, як Лапа работай, славілася далека.

Даўно гэта было, аднак я добра бачу той колішні хутарок на ўзгорачку пры дарозе, а побач з ім, у лагчыне, круглую сажалку, аброслую аерам i зацягнутую раскай. У сажал цы бокам, да палавіны ў вадзе, застыла ражачка, у якой рашчыняюцца аладкі. На ражцы сядзіць ды час ад часу, у паэтычнай журбоце, кумкае жаба. Вялізная, надзьмутая. Спудзіш яе каменьчыкам — боўтнецца зелянуха ў твань, а ражачка нават не скалыхнецца. Так яна адмакала ад былой да наступнай нядзелі, калі ў нас, па даўняму звычаю, абавязкова пякліся аладкі.

Калі ж Магдалена, для раснастайнасці, варыла галушкі з цёртай бульбы, дык адціскала ix... у падоле спадніцы.

— Што ты робіш? — зжахнуўся аднойчы хтосьці з жанчын. А яна:

— Гы-гы-гы! Мой сажроць!.. Крылатым стала ў нас тое "сажроць", ім карысталіся, гаворачы не толькі пра Магдалену.

I я згадаў тую даўніцу не так сабе. Не раз, не два разы, калі чытаеш сякія-такія мастацкія творы, i рыфмаваныя, i не, успамінаюцца тая ідылія з ражкай i тыя галушкі.

Прасцяк i добрая душа, Лапа — той хоць пад чаркай, хоць зрэдку ганяў сваю палавіну — вучыў.

Наш чытач, як часамі здаецца, куды ласкавейшы,— сажроць!..

1972

ПОЗНА — НЕ ПОЗНА

Мой друг паляк піша ў сваім пісьме:

"Прывітанне Табе перадае мая Мама".

Калі ў першым выпадку, дзе датычыцца мяне, вялікая літара можа лічыцца праяўленнем звычайнай ветлівасці, дык за вялікай літарай у слове найдаражэйшым бачыцца мне сыноўняя чуласць, якую я назіраў у свой час, будучы госцем у іхнім доме.

І я любіў сваю не менш, чым ён, аднак даводзіў ёй гэта, відаць, не так, як трэба было, як хацелася нам абаім. І вось зайздрошчу i шкадую, патаемна i сумнавата, бо — позна.

Мне трэба даць свайму польскаму другу тэрміновую тэлеграму. На пошту я прыйшоў вельмі рана, там была адна толькі дзяжурная тэлеграфістка. Літоўка, бо Друскінінкай, як вядома, Літва. Зазваніў тэлефон, i жанчына, падняўшы трубку, ветла сказала камусьці: "Лабас рытас!" — добрай раніцы. Не адказала таму камусьці, а першая так прывітала яго.

І тут мне ўспомнілася шмат званкоў, пачутых рознай парою многіх сутак: "Хто гаворыць?", "Куды я трапіў?", 'Тэта кватэра?.."

Умоўнасці? Дробязі?

Але ж i зайздрасць — таксама.

1972

ЗЯЛЁНАЯ РАДАСЦЬ

Над нізкімі, светлапафарбаванымі штыкетамі, над гарачай пясчанай сцежкай з аднаго боку плота i над багатымі градамі — з другога, клён i рабіна злучылі лістоту. Па-чэрвеньску маладую, пяшчотную.

Так i музыка нараджаецца, i паэзія — ад такое пяшчотнасці.

"Рэмінісцэнцыя — цьмяны ўспамін, з'ява, якая наводзіць на супастаўленне з чым-небудзь, міжвольны водгук чужога, блізкага".

Не за пісьмовым сталом ды не з вучоным даведнікам, а на вясковай вуліцы, у падарожжы, дзе шчасце бясконцых адкрыццяў перакрывае штодзённую стому, успомнілася сказанае другім. З цудоўнай далечыні юнацтва, праз нягоды i поспехі дзесяцігоддзяў прыйшлі яны, пранізаліся словы:

Капае з неба зялёная радасць,

З месца ціха на росныя грады...

Маладая, хмельная сіла паэзіі, калі слова шукае выхаду з глыбіняў пачуцця i знаходзіць яго — у намёках.

Аўтар гэтых радкоў, Максім Танк, значна пазней, сталай рукой паправіў маладое так:

Капае з месяца весняя радасць,

Будзіць зялёны шум ў палісадах...

Не ведаю, ці гэта лепш...

Мне даражэй за ўсё адно — тая свежасць успрымання красы, свежасць, што паўтараецца i ў маёй душы, так нечакана i востра, ад першага, даўняга прачытання тое "зялёнае радасці".

Паўтарылася там, у міжлясной, каляазёрнай, тройчы спаленай ворагам i зноў уваскрэслай партызанскай вёсцы на Віцебшчыне.

Паўтарылася сёння, ужо як летні ўспамін — зімою. Такою простай i такою неразгаданай пяшчотнасцю кляновай i рабінавай лістоты, яшчэ ненапісанай музыкай i намёкам паэтычнага слова.

Хоць бы ж яна, зялёная радасць, не пакідала нас як найдаўжэй!..

ДАРОЖНЫ РЭКВІЕМ

Спачатку грэбля ў балоцістым лесе. Зусім нечаканы i пералётны сонечны дождж. Потым лясное возера.

Спыняемся i выходзім з "газіка".

З нізкай хмарай вялікая роўнядзь вады цёпла павязана леным, рэдкім церушэннем. Сітнёг. Лазняк. Шчэбет птушак i зумканне камароў.

Гром пракаціўся па небе. Як заўсёды, з нейкім трывожным, палахліва-радасным абяцаннем чагосьці лепшага. Знаёмая, з маленства любімая музыка.

Няўжо тут было таксама i тады, у дні вялікай фашысцкай блакады?

Такая краса — i забойства дзяцей?..

* * *

Старая студня з выпетраным жураўлём. Адна на зялёным прасторы. Не менш сіратлівая груша. Сівы палын на котлішчах.

І яшчэ адзін помнік: Дзвесце семдзесят чалавек. У студзені сорак трэцяга года.

Бярозавы хмызняк на месцы хаты, у якой палілі вёску.