Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 9 из 10

Пані Мар’я — у цёплым паліто і футравай шапачцы — стаяла каля дзвярэй і ўсміхалася. Такая бледная яшчэ, з пазападаўшымі вачыма…

— Я — толькі зірну на іх разочак. Можна, панна Рузя?

I вось, выйшаўшы ад дзвярэй за стол, дзе так прывыклі бачыць яе чацверакласнікі, пані Мар’я памаўчала, апусціўшы вочы, а потым паглядзела на клас і сумна ўсміхнулася.

— Дзеці, — сказала яна, і голас яе задрыжаў. — Мілыя дзеці, я вельмі рада, што вы яшчэ ўсе памятаеце мяне. Я так хацела б адказаць вам сэрцам за сэрца… Ужо цяпер, адразу, але… Ну што ж, мне не ўдасца прыйсці ў школу, відаць, да самай вясны…

Клас ахнуў зноў, і зноў панна Рузя перакрычала яго, супакоіла.

— Я пацяшаю сябе тым… — пачала пані Мар’я, але голас яе зноў задрыжаў. — Ды што там пацяшацца: у маі ўбачымся зноў. — Яна ўсміхнулася. — Жадаю вам поспехаў, дзеці! Будзьце здаровы!

Кіроўнічыха неяк вельмі ж павольна выйшла з класа.

Панна Рузя пайшла праводзіць яе на вуліцу. А дзеці кінуліся да акон. Не ведаючы, што зрабіць і што сказаць, каб пані Мар’я зразумела іх, яны крычалі ў вокны і махалі рукамі.

А Данік, дык ён узлез з каленьмі на падаконнік і — як у той незабыўны дзень, калі на тратуары перад школай галасіла цётка, — узяўся рукой за раму фортачкі. Вось-вось, здаецца, крыкне. Але крычаць ён не мог…

Пані Мар’я ўзышла на прыгорачак перад школай, азірнулася, памахала рукой і пайшла. На сярэдзіне плошчы азірнулася зноў, зноў памахала. Данік уздрыгнуў — ледзь прыкметна і для самога сябе. Хлопцу здалося, што памахала яна толькі яму, апошні раз і — назаўсёды…

I раптам вочы Сівага пацяплелі ад слёз. Ды не, ён не заплача цяпер. Нягледзячы нават на тое, што ён — другі раз пасля арышту Міколы Кужалевіча — зноў адчуў, зноў зразумеў, як гэта цяжка, калі ты застаешся… Ну, не адзін… не сірата… А ўсё ж, як гэта цяжка і горка!..

11

У панскім садзе і старым, запушчаным парку заліваліся салаўі. Яшчэ, відаць, не снедаўшы і не сціхаючы ад самага змяркання. Сонца ўзышло, але праменні яго асвятлялі пакуль што толькі верхавіны ліп, у лісці якіх кахкалі галкі.

З белых зашклёных дзвярэй драўлянага дома на высокім каменным падмурку выйшаў заспаны пан Вільчыцкі.

— Чаго цябе бура прыгнала так рана? — незадаволена спытаўся ён у мужыка, які стаяў перад ганкам.

Марка Палуян, галынкаўскі солтыс, спачатку зняў шапку і прывітаўся:

— Дзень добры, паночку. Вельмі пшэпрашам, што я парушыў спакойсцвіе вашага сну. Я думаў пачакаць, ды ваша пакаёвачка…

Воддаль, пераходзячы ім дарогу, з-пад аборы[38] на пашу ішоў панскі статак.

— А толькі ж пастуха вы, паночку, узялі!.. Ніхто вам, мусіць, не сказаў нічога?

— Кхэ! Брр! Пра каго — пра Мікіту? Ён у мяне пятнаццаць, пане, год пасе.

— Ды не Мікіта! Я пра таго, пра студэнта. Гэта ж у вас нашай Зосі, маёй суседкі, сынок падпаскам наняўся. Бачыце, вунь ідзе.

Яны ўжо стаялі, чакаючы, пакуль каровы пяройдуць дарогу. Злева, дзе канчалася чарада, відаць былі стары і хлапчук — Данік Малец.

— Гэта ж яго, паночку, і са школы выкінулі, як таго чарвяка з мяса. Камуны яму, бачыце, захацелася. Падбухторваў галечу ўсякую, абараначкі ім купляў. Дзядзька ягоны — той, што ў бальшавікоў, — дык спецыяльна на гэта грошы яму прысылаў. А потым яшчэ, паночку, хацеў такі парадак у школе зрабіць, каб на пераменках толькі па-нашаму гаварылі. А хто слова па-польску…

Стары Мікіта зняў сваю кепку, — такую пакамечаную і з дзіркамі, нібы яе пажавала карова, — і прывітаўся… Побач са старым Мікітам, трохі ззаду за ім, стаяў Данік. Таксама босы і з пугай. Палуян глядзеў, глядзеў на яго і не вытрымаў:

— А ты ж гэта чаму, шчанюк, шапку перад панам не скінеш, га?

Данік пастаяў хвілінку, а потым павярнуўся і пайшоў, нават пабег за каровамі.

Пан і солтыс засталіся на скрыжаванні ўдвух.

— А што, паночку, бачылі? — кіўнуў услед Даніку Палуян. — I шапкі скінуць не хоча! Ад зямлі яшчэ не адрос, а ўжо, глядзіце, бальшавік!..

12

Як толькі статак выйшаў за апошнія дрэвы двара і пачаў разбрыдацца па пашы, стары Мікіта спыніўся і палез рукою за пазуху. Дастаўшы з-за пазухі жалейку, ён прылажыў яе да губ, узняў трохі твар насупраць сонцу і зайграў. Над зялёным прасторам, над Данікам, які прысеў перад старым, над статкамі — гэй, далёка! — над палямі паплыла, палілася журботная песня…

Жніўны напеў змяняецца вясельным. Потым чуваць ці то птушыны шчэбет-перасвіст, ці то веснавое бульканне ручаін. Бойка трапечацца гуллівы танец. Зноў журба… Эх, і чаго ж ён толькі не ўмее, дзядуля Мікіта!.. Чаго толькі не можа сказаць яго старая жалейка!..

— Вось і ўсё, Даніла! А ты ж гэта чаго маўчыш?

Данік ляжаў, падпершы шчаку далонню. Ён памаўчаў, паглядзеў на траву і сказаў:

— Шапку чаму не скідаеш… Чулі?

— Гэта той, Палуян? — спытаўся стары. — А што ж, унучак, калі трэба, дык трэба і скінуць.

— А як я не хачу?

— Дзень добры, пане дзедзіц! А я што — хачу, або мне гэта вельмі салодка? А вось здымаю. I рука ўжо самлела за семдзесят год. Такая ўжо наша сірочая доля…

— Ну, а што мне рабіць, калі я не хачу?

— Дык і што ж табе, унучак, з таго? Вось не хацеў, дык і пагналі са школы. З пугі пачаў, пугай і завяршыў. Хіба ж яно табе даспадобы?..

Данік успомніў худы, скарэжаны злосцю твар панны Рузі і голас яе: «Прэч! Натыхмяст прэч зэ школы, дрань! I венцэй не пшыходзь!»[39] А ён усё ж такі прыйшоў назаўтра ў школу. Другі раз «прэч» не прыйшлося пачуць. Пан кіроўнік сказаў яму спакайней: «Малец, ты выключаны са школы. Ідзі дадому і падумай, што ты натварыў». А што ён натварыў? Проста ім крыўдна было, што разам з паняй Мар’яй зусім пайшла са школы і родная мова. Ну, урокі — урокамі, а на пераменках яны пастанавілі, што калі хто акажацца хоць слоўцам па-польску, — пяць грошаў штрафу. Ды так і не зарабілі на гэтым ні гроша. Лупаты Чэсік Бэндзіньскі данёс… Пані Мар’я яшчэ ўсё хварэла, і за Даніка не было каму заступіцца. Ні Саньку, ні Цівунка, ні Казу — нікога не выключылі са школы, бо ён, Данік, не выдаў нікога з тых, што змаўляліся. А кіроўнік усё дапытваўся: «Хто цябе навучыў?..» Няма таго, хто навучыў, — ужо трэці год няма. Толькі і голасу ад Міколы, што напіша ў пісьме з турмы да бацькоў: «Прывітанне сябру майму Данілу і маме яго, цётцы Зосі…» Ніхто не навучыў — Сівы сам навучыўся!..

Адвярнуўшы статак ад жыта далей на траву, ён не захацеў вяртацца да старога, а сеў на ўзмежку і дастаў з-за пазухі кнігу. Тую самую. Адну толькі яе і ўзяў сюды з дому. Даўно ўжо ўсё прачытана, сёе-тое нават і перачытана, а ўсё ж… Ён адгарнуў вокладку. На тытульнай старонцы — «Баляслаў Прус. Навелы». А наўскасяк, таксама па-польску, напісана такім знаёмым почыркам:

Даніку Мальцу, майму светлавокаму хлопчыку, каб дачакаўся светлага жыцця.

24 лютага 1929 года.

Ужо ніколі, мусіць, яму не ўбачыць яе, не пачуць яе голасу. Мікола прыйдзе, — увосень канчаецца яго тэрмін. Хіба, можа, яшчэ дададуць… А яна, пані Мар’я? Няўжо так і будзе, што застанецца адна толькі думка, адзін успамін і гэтыя словы на кнізе?.. Цяпер яна ўжо, відаць, паправілася, зноў сядзіць за сталом і чытае ці нешта піша ў журнале… А хто ж сядзіць цяпер побач з Санькам на першай парце? Хто глядзіць, не змаргне, як калісьці…

— Чытаеш, Даніла? — пачуўся над хлопцам голас старога. Дзед падышоў неяк неўзаметку, нібы падкраўся.

— А што ты чытаеш?

— Так сабе, польская кніга адна.

Стары паківаў галавою:

— Яшчэ ты, брат, не нацешыўся з панскай ласкі? Пакінь!

— Гэта, дзеду, не панская. Гэта ўсё пра такіх, як мы, пра тых, што бедныя, што працуюць… Хочаце, я і вам пачытаю?

Дзед усміхнуўся хітравата:

— Няхай ужо лепей па снеданні. А то нешта пад лыжачкай смокча…

38

Абора — вялікае памяшканне для жывёлы, кароўнік.

39

«Прэч! Зараз жа прэч са школы, прахвост! I больш не прыходзь!»