Страница 8 из 10
Данік узяў тое крэсла, паднёс яго да ложка і сеў на краёчку. I гэтак няёмка яму!.. Боты — і выцер жа іх, здаецца! — усё ж такі наслядзілі на чыстай чырвонай падлозе.
— Ну, раскажы мне, Данік, як ты цяпер вучышся? За што ты двойку атрымаў?
— Не двойку, — адказаў Сівы. — Тры з мінусам.
— Ха, ха, ха! Ах ты, мой жулік! Хіба ж гэта не тое самае? Ды яшчэ для цябе, — для выдатніка. Чаму ты панну Рузю не слухаеш?
— Яна… Яна толькі крычыць…
— I трэба крычаць на вас. Што, можа, не? Не можна не любіць настаўніцу: яна — другая мама.
— Яна… не…
— А я? — пані Мар’я нахмурыла бровы, а ўсё ж усміхаецца.
Данік узняў вочы і зноў апусціў іх — не вытрымаў.
Яна працягнула руку, як тады, калі ён стаяў на каленях, і ўзяла яго цёплымі пальцамі пад падбародак. Глядзіць у вочы і ўжо неяк сумна ўсміхаецца.
— Ты не злуеш на мяне? — спыталася цішэй. — За тое, калі ты крычаў у акно?.. Ах, Данік, Данік! Падрасцеш — зразумееш мяне, успомніш. Бо я разумею вас вельмі добра…
Яна адняла руку ад яго падбародка, памаўчала трохі, а потым усміхнулася зноў.
— Ну, быў у цябе яшчэ раз дзень нараджэння? Не чырванейся. Ты зманіў, я ведаю. Я правярала, — ты нарадзіўся ў ліпені, а не ў лістападзе. I спісак ваш я не паказала нікому. Хіба, можа, хто-небудзь…
Данік успомніў Павука-Дулембу і Чэсіка. Гэта, мусіць, яна пра іх намякае?..
— Я разумею цябе — ты любіш толькі бедных. I я, Данік, не з багатай сям’і. Вы тут усе не любіце паноў. А я — таксама палячка. I гэта, хлопчык, не адно і тое ж. I ў нас, у Польшчы, усякія людзі ёсць. Ты зразумееш мяне, калі падрасцеш.
Пані Мар’я памаўчала зноў.
— Зірні, вунь там, — паказала яна на этажэрку. — Тую вунь кніжку вазьмі і падай мне. Таўсцейшая, у чырвоным пераплёце. Ну, вось. А цяпер вазьмі вунь там, на століку, ручку і памачы яе ў чарніліцу. Дай мне.
Ён нёс яе, гэтую ручку, асцярожненька, бо здавалася, што чарнільная кропля сарвецца з пяра і капне… Нават і носам баяўся шмаргануць, хоць і трэба было… Ну, аддаў!..
— Дзякуй, Данік.
Пані Мар’я левай рукой трымала перад сабой разгорнутую кнігу, а ў правай — ручку.
— Адгадай, — сказала, зноў нахмурыўшы бровы, — адкуль я ведаю па-беларуску? Не адгадаеш! — усміхнулася здаволена. — Я вучылася ў рускай гімназіі. Яшчэ перад вайной, калі мой бацька працаваў у Расіі настаўнікам. А па-вашаму я навучылася тут. Увечары вучылася сама, а ўдзень вучыла вас. Сяму-таму гэта не падабаецца… Ды нічога… А напішу я тут усё ж такі па-свойму. Ты мне падай прамакатку. Са століка.
Пакуль ён браў прамакатку, а потым стаяў з ёю каля ложка, пані Мар’я напісала нешта ў разгорнутай кнізе, пасля прамакнула напісанае і закрыла кнігу. Ён яшчэ ўсё не ведаў, што гэта і да чаго.
— Вазьмі, Данік. Гэта — табе. Чытаць будзеш дома. I лепш не паказвай нікому. Добра?
Сівы многа чытаў, і ён ужо ведаў, што тут трэба было б зрабіць… Не, не таму, што ведаў, а проста вельмі хацелася схіліцца над яе рукой, хоць дакрануцца да гэтай белай, маленькай рукі губамі. Ды ён жа не рабіў так ніколі, нават маме сваёй… Як жа ты тут асмелішся цяпер?..
— Дзенькуе, — шапнуў ён, апусціўшы вочы.
— Добра, хлопчык. Чытай, вучыся. Ты, Данік, пойдзеш далёка…
Яна памаўчала зноў.
— Ну што ж? — спыталася. — Ты вось, відаць, любіш мяне, вашу кіроўнічыху?.. Не чырваней, — я ведаю, што вы мяне так называеце. Ты вось прыйшоў, і я вельмі рада. Ну, а чаму не прыйшлі ўсе? Чаму ты ўсіх не прывёў?
— Яны ў сенях… I на двары.
— На двары! Ах жулік, і маўчыш?! Пакліч іх!
Данік адчыніў дзверы, выйшаў у сені, паклікаў. I вось яны, чацверакласнікі, пасыпаліся ў хату, як тая бульба з развязанага мяшка: «дзень добры! дзень добры! дзень добры!» — пяць, дзесяць, дваццаць разоў…
— Ах вы, разбойнікі! Ну, чаго ж вы стаялі там? А як павырасталі, а-ёй!..
Дзяўчаты акружылі ложак настаўніцы. Эх, падлізы! Цяпер — дык «проша пані! проша пані!», а адразу?.. Данік апынуўся ў іх чарадзе, — хлопцы стаялі, вядома, далей, — і толькі прыціскаў пад пахай сваю кнігу… Лепш за ўсё — зараз жа схаваць яе ў торбу…
10
Рабенькі Янка Цівунок, якога за кірпаты нос празвалі Лычыкам, стаіць каля стала, спінаю да акна, і, як заведзены, расказвае вызубраны ўрок па гісторыі Польшчы.
Сакавіцкае сонца свеціць Янку ў патыліцу, і Даніку відаць, як вушы Лычыка, нейкія круглыя і адтапыраныя, прасвечваюцца, нібы яны з ружовай паперы.
— …Калі туркі напалі на Аўстрыю, — гаворыць Янка, — аўстрыйскі цэсаж[34] папрасіў польскага круля[35] Яна Трэцяга Сабескага: «Прыйдзі і выратуй нашу Аўстрыю». Храбры круль Ян Трэці Сабескі сабраў сваё гераічнае войска і 12 верасня 1683 года пад Венай, сталіцай Аўстрыі…
— Досць! Досць, матолак![36] — перабівае яго панна Рузя. Яна не стаіць каля печы, а ходзіць па класе, залажыўшы назад рукі. — Што я казала табе? Не тарахці, як папугай, а гавары сваімі словамі. Ну!
— Храбры круль Ян Трэці Сабескі сабраў сваё гераічнае войска і 12 верасня…
— Матка боская! — зноў спыняе яго панна Рузя. — Ну, сабраў, ну, прыйшоў, ну, разбіў!.. Конь ты божы! Ды гавары ты, нарэшце, сваімі словамі!
Янка маўчыць, толькі вушы яго ружавеюць яшчэ больш. Запалку, здаецца, падсунь — успыхне.
— Далей! — загадвае яму панна Рузя. — Расказвай, ці спадабалася гэта аўстрыйскаму цэсажу?
— Аўстрыйскаму цэсажу гэта не спадабалася, — гаворыць Янка ўжо «сваімі словамі». Потым раптам хлопец збіваецца з польскай на беларускую мову: — і тады ён… Тады…
— Досць! — зноў перабівае яго настаўніца. — «I тады ён… Тады…» — крывіць яна. — Што за «тады» і што за «ён»? Што ён зрабіў, сустракаючы Яна Сабескага, і што зрабіў Ян Сабескі? Па-польску гавары!
Янка маўчыць. Ён апусціў галаву і, здаецца, занаравіўся зусім. Ну, хоць бы вочы ўзняў! Тады заўважыў бы, як Данік Малец, стараючыся, каб не прыкмеціла настаўніца, паказвае яму, што зрабіў Ян Сабескі. Раз, другі раз, трэці раз паказаў… і вось, нарэшце, Лычык цікнуў на клас спадылба і здагадаўся.
— Тады круль Ян Сабескі, — пачаў ён, — падкруціў свой вус…
Клас грымнуў смехам.
— Ціха, драні! — старалася перакрычаць усіх панна Рузя. А потым, калі вучні сціхлі, яна, паглядзеўшы на Янку, сказала: — Сядай, матолак! Не буду я тут з табою надрываць свае лёгкія. Хто адкажа?
Узнялося некалькі рук. Асабліва — адна, з другой парты, старалася дастаць найдалей, — ледзь не да самага твару настаўніцы.
— Бэндзіньскі, — сказала панна Рузя.
Чэсік апусціў сваю доўгую руку, устаў і бойка загаварыў:
— Калі наш храбры круль Ян Трэці Сабескі разбіў туркаў пад Венай, ён уязджаў у Вену на чале сваіх непераможных гусараў. Аўстрыйскаму цэсажу не спадабалася, што гэта не ён, а наш круль Ян Трэці Сабескі перамог туркаў, і ён не хацеў зняць капялюш перад нашым крулем. Ян Трэці Сабескі падняў руку, каб падкруціць свой вус, а аўстрыяк падумаў, што ён падносіць руку да капелюша, і тады ўжо ён схапіўся за свой капялюш. А потым…
— Старчы[37], Бэндзіньскі, сядай! — усміхнулася настаўніца.
Яна падсела да стала і выняла з чорнай сумачкі свой тоўсты блакнот. Нават і не прыўстаючы, з першай парты Данік бачыў, як яна адгарнула старонку на літару Б і напісала вялікае пяць. Пасля адгарнула старонку на літару Ц, падумала трохі і паставіла, таксама вялікае, мінус тры.
— Ну, хто далей? — спыталася, гледзячы на клас.
Ды тут у дзверы з настаўніцкай нехта пастукаў і спытаўся:
— Можна?
Клас падхапіўся і не застыў, як звычайна, у маўклівым прывітанні, а загудзеў на трыццаць шэсць галасоў.
«А-а-а! О-о-о!» — чуваць было ў гэтым нястрымным гуле дзіцячай радасці.
— Ціша! — перакрычала іх панна Рузя. — Сядайце! Дзень добры, пані Анджэеўска! Прашу прайсці далей.
34
Цэсаж — імператар.
35
Круль — кароль.
36
Годзе! Годзе, прыдурак.
37
Хопіць.