Страница 1 из 10
Янка Брыль
Сірочы хлеб
1
…Данік, як і кожны з малых, меў не адну, а некалькі мянушак — то Сівы, то Гусак, то Манька… Сівым яго празвалі за валасы, асабліва светлыя ўлетку, калі яны выгаралі на сонцы. Гусаком — таму, што калісьці, яшчэ пазалетась увосень, хлопцу нагнаў страху стары Міронаў гусак, Манькай у іхняй вёсцы называюць левую руку, а Данік хацеў чамусьці быць ляўшою і ўсё страшыў, крычаў: «Вось як дам табе з манькі!..» На кожную з гэтых мянушак можна было адказаць любому з сяброў таксама мянушкай, а то і пабіцца. Зрэшты, не ўсе мянушкі аднолькава прыжываюцца. З трох першых мянушак, з якімі Данік уступаў у жыццё, да хлопца прыліпла толькі адна — Сівы, і за яе Данік амаль не злаваўся.
Была, аднак, яшчэ і чацвёртая мянушка… Жабраком[1] называлі яго толькі Палуянавы хлопцы, Шурка і Павел. I сам стары Палуян не раз крычаў цераз плот на Данікаву маці: «Жабрачка ты! Я цябе з адной кішэні магу купіць з усёй тваёй паршывай гаспадаркай!..»
У Палуяна — многа поля і кожны год служыць парабак, а ў Зосі, Данікавай мамы, нават каня свайго няма. Да таго ж яшчэ Зося — удава, а Марка Палуян — начальнік на ўсю Галынку — солтыс[2].
— Не чапайся ты з імі, няхай іх, — вучыла Зося свайго хлопца. — Не чапай, у іх бацька.
Данік быў сірата. Бацьку яго забілі на вайне з польскімі панамі, у дваццатым годзе. Хлопчык яшчэ зусім няшмат разумеў у тым, хто такія паны і чаму яго тата не хацеў іх пусціць сюды, у Заходнюю Беларусь. Данік ведаў адно — тата быў вельмі вясёлы і добры. Нібы праз сон успамінаецца, — у шэрым шынялі, з чырвонай зоркай на шапцы, тата казытаўся вусамі і рагатаў, падкідаючы Даніка на руках… Мама кажа, што бацька, калі наша армія гнала паноў на захад, толькі «вады напіцца» забег. Пайшоў, а назад не вярнуўся… Не вярнуўся дадому і татаў брат, дзядзька Пятрусь. Ды ён жывы, — недзе за граніцай, у Савецкім Саюзе. Ёсць у Даніка і другі дзядзька, мамін старэйшы брат, але ён — у суседняй вёсцы Мікулічах, і яму не заўсёды паскардзішся, — трэба абараняцца самому.
Неяк на пашы солтысаў Шурка першы палез да Сівага, — перабраў усе яго мянушкі, а ўжо калі дайшоў да апошняй, Данік не вытрымаў і сцебануў салтысёнка пугай. Шурка разроўся і пабег ад свіней да чарады кароў, дзе быў іх Павел. Той, ужо здаровы бэйбус, заўсёды біўся кіем па галаве. Убачыўшы, што ад кароў бягуць абодва Палуянчыкі, Данік пабег у вёску. Яны яго, можа, і не дагналі б, але Павел папаў яму сухой грудкай у патыліцу, і Данік заплакаў. Быццам адразу зразумеў, што ворагі — вось-вось, мама яшчэ не чуе яго, а самому ўжо забівае дух…
Каля Мікітавых гулялі, бо гэта было ў нядзелю.
— Ага яго! — крыкнуў на Даніка здаравенны Сымонішын Васіль і затупаў «на страх» вялізнымі ботамі. Рагочучы, ён злавіў хлопчыка, і, пакуль малы вырываўся, старэйшы салтысёнак, Павел, падбег і трэснуў яму кіем па галаве.
— Прыдурак ты! — загрымеў на Васіля другі дзяцюк, Мікола Кужалевіч. Меншы і маладзейшы за Васіля, Мікола штурхануў гэтага здаравілу ў грудзі і замахнуўся: — Табе б вось самому па сківіцах! Каму ты памагаеш, асталоп?! А ты, кулацкая[3] гніда! Вось я табе!..
Павел і так ужо адышоўся, а цяпер — пабег, агрызаючыся, да хаты.
Мікола адвёў Даніка пад плот і пасадзіў на траве.
— Нічога. Ты, брат, не плач, — гаварыў ён прыгнуўшыся. — Вырасцеш — мы ім пакажам. Твой бацька быў герой, і ты не плач.
Дужай мужчынскай рукою, якой так даўно не было на светлай галаве Даніка, Мікола правёў па «сівых» валасах малога, намацаў гуз ад кія і, заплюшчыўшы вочы, праз зубы ціха вылаяўся.
— Пайдзі да студні… — пачаў ён і нечакана змоўк.
Сівы глядзеў яму ў вочы вялікімі поўнымі слёз вачыма.
— Пайдзі да студні, выцягні вады і прымачы…
— Грай польку! — пачулася за спіной у Міколы. Гэта быў голас таго ж Васіля.
Мікола пакінуў хлопца каля плота і вярнуўся ў круг.
— Грай, Сцяпан, — сказаў ён гарманісту, — ды толькі не для яго. Дурня трэба, хлопцы, правучыць.
— Правільна, Мікола! Байкот[4] яму сёння! — пачуліся галасы. — Не ідзіце з ім гуляць, дзяўчаты! Не бойцеся, не зачэпіць!
— Ды што вы, хлопцы! — апраўдваўся Васіль. — Няўжо вы думаеце, што я хацеў, каб ён яго ўдарыў? I не думаў, каб мне вось з гэтага месца не сысці!
— I не сыходзь, — сказаў Мікола, — пастой ды падумай, чаго табе трэба хацець, чаго — не.
Данік не пайшоў да студні. Ён толькі стаў каля плота і пазіраў на Міколу — ужо з захапленнем у заплаканых вачах.
Маме нехта наказаў, і вось яна прыбегла. Ужо іграў гармонік, і моладзь гуляла польку, з тупатам уздымаючы пыл. Данік ужо не плакаў, а яна ўзяла яго, як малога, на рукі і, хоць ніхто не чуў яе, спачатку люта кляла Палуянаў, а потым да хлопца:
— Ціха ты, ціха, сынок. Не чапай ты іх, я ж гаварыла, няхай іх свая кашуля не чапае. Ціха…
I ён заплакаў зноў, — усё ж такі дзіця.
Назаўтра ўранку, яшчэ раса пяклася холадам, Сівы ўжо ехаў верхам на парсюку — зноў на балота. Падганяў Белага парэпанымі пяткамі пад бакі і зноў смяяўся.
2
Свайго поля было ў іх няшмат: для такой жняі, як Данікава мама, няма дзе і разгарнуцца. Зося хадзіла ў зажон[5]. Жала чужое, думала пра сваё… А пад восень зрабіла тое, пра што думала, — купіла свайму хлопцу боцікі. Першыя ад роду.
Прынесла іх увечары з мястэчка — чорненькія, бліскучыя, з чырвонымі падэшвамі. I абцасы, і ранты блішчаць, бо насмолены!.. Выйшла, праўда, няладна: бот да бота былі прычэплены дратвай, і са спеху Данік не дратву парваў, а прарваў у адной халяве дзірачку. Мамінага «чымборыка»[6] на гэты раз Сівы нават і не пачуў.
Усю ноч не далі яму заснуць гэтыя новыя боты. Яны віселі, як спакуса, на жэрдцы над палком, на якім хлопец спаў, і, каб не дзірачка ў халяве, гэтак добра было б думаць, што ён ужо вырас вялікі, што ўжо вельмі хутка, праз тры толькі дні, ён пойдзе ў першы клас!
Школа стаяла наводшыбе ад вёскі, на ўзгорку. Сама старая і ў акружэнні старых бяроз, што засланялі яе ад зімовых вятроў. Заманілі Даніка і гэтыя высокія бярозы, і прыгожыя дарожкі вакол школы. Не раз вясною ён глядзеў, як дзеці, што ўжо вучыліся, праскрабалі гэтыя дарожкі ў мураве, пасыпалі іх жвірам і абсаджвалі касачамі. А ўсярэдзіну школы, дзе вучацца, так дагэтуль яму і не ўдалося прабрацца.
Настаўнік, яго ў вёсцы называлі пан Цаба, Даніку не вельмі падабаўся.
Неяк улетку яны, пастушкі, спаткалі яго на пашы. Ішоў ён з-пад рэчкі з трыма вудамі, са збанком і з нейкай торбай за плячыма. Школьнікі, а з імі і меншыя хлопцы паскідалі шапкі і, адзін перад адным, як гусі, загаманілі: «Дзень добры! Дзень добры!..» Спыталіся нават, ці хутка ўжо ў школу.
— Яшчэ будзе тры нядзелькі ды тады ў чвартэк[7], — сказаў настаўнік.
Потым пан Цаба паглядзеў на Даніка і спытаўся па-беларуску:
— А чый гэта такі Іванка, га?
— Ён не Іванка, ён Данік, — адказалі старэйшыя хлопцы. — Ён Зосін, а прозвішча іхняе Малец. У яго толькі маці, ён сірата.
— Дык, значыцца, ты — пан Даніла Малец, — засмяяўся настаўнік. — Ты таксама прыйдзеш вучыцца. Ходзь ту, не буй сен[8]. — Ён узяў хлопца за плячук і падцягнуў бліжэй да сябе. — А які ж ты, пане Малец, сівы, мурзаты, нястрыжаны!..
Пастушкі засмяяліся.
— Ну, дык хочаш вучыцца?
Адказаць настаўніку трэба, ды і ў школу хочацца, і хлопец цераз сілу выціснуў:
— Ыгы.
— Не ыгы, а хачу. А рыбу вудзіш?
1
Жабрáк — бядняк, які жыў з міласціны.
2
Солтыс — сельскі стараста ў Заходняй Беларусі.
3
Кулáк — багаты селянін, які трымаў беднякоў, што працавалі на яго.
4
Байкот — тут: адмова танцаваць і размаўляць.
5
Хадзіць у зажон — наймацца на працу жаць жыта.
6
Чымборык — тут: матуз, завязка ад фартушка.
7
Чвáртэк — чацвер.
8
Ідзі сюды, не бойся.