Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 58 из 64

Тут я ўспомніў тоўстую папку з заявамі тых гарадскіх, «неправераных», што ўжо ў радзільным доме, адразу ж адмаўляліся ад дзяцей... Яўрэйская прыказка: «Калі жэніцца ўдавец з удавою — спаць лажацца ўчацвярых». А такая жоначка — успомніць сваё першае дзіця, нарадзіўшы другое, для мужа яе першае? Гэта — калі за добрага хлопца выйдзе.

*

Прыгадаеш, калі што было напісана, і ажно злосць бярэ: што — ужо таксама пятнаццаць, дваццаць гадоў?!

*

Няўжо і такое павінна праходзіць бясследна?

Таварыш Д., пажылы газетны фотакарэспандэнт, калісьці зняў мяне на нейкім рэдакцыйным заданні і даў адзін здымак мне. Я адкрыў ім свой чатырохтомнік і першы том паслаў гэтаму сціпламу, добраму чалавеку. Ён падзякаваў кароценькім пісьмом і разам з ім прыслаў фотаэцюд, у свой час зроблены, думаецца, для душы. Рэдкія бярозы ў сонцы, з іх ценямі і позне-летняй травой. Таварыш Д. ужо даўнавата памёр. А сонечныя бярозы стаяць за шклом адной з маіх кніжных шафаў. І добра бывае зірнуць на іх, паглядзець...

Як і цяпер, ад раскошных старонак «Ціхай плыні» Гарэцкага.

*

Муж — у вайну сапёр, пасля вайны спартсмен, цяпер у рэанімацыі. Яна ледзь ідзе ад яго, па дарозе расказвае мне пра гэта новае «ўскладненне» ў іх бяздзетнай сям'і: расказвае нібы спакойна, бо як жа інакш?.. І не дахаты яшчэ ідзе, суседка па дому, а да ракі цераз бульвар. Там у гэтую, аж лішне лёгкую, зіму на незамёрзлай ніжэй плаціны рацэ асела, прыжылося каля сотні дзікіх качак. Калісьці бачыў я такое ў Осла, здзіўлены быў, амаль расчулены такім спалучэннем красы прыроды і чалавечай культуры. А тут, у нас, адны ўжо спрабавалі да гэтых качак падсунуцца з дзікасцю браканьерства, а іншыя «сентыментальна» падкормліваюць іх. Вось і яна, мая даўняя знаёмая, усмешліва прыемная, культурная жанчына, не спяшаецца ў самотную ўтульнасць яшчэ ўсё па-зімоваму доўгага вечара, а можа, і ночы бяссонна-даўжэзнай, яна ідзе да сваіх «вутачак». Жыццё павінна мець разумны сэнс.

І муж яе, і яна старэйшыя за мяне толькі на чатыры гады... Прачнуўся вельмі рана, да шасці, адразу чамусьці з думкай, што не за гарамі і мае семдзесят, што трэба спяшацца нешта значнае рабіць. Ды супакоіўся на тым, што ў нашай справе сілаю многа не возьмеш.

*

Што там ні гавораць пра «вечныя тэмы», як ні страшаць такім «адрывам ад сучаснасці», а такое ўсё-такі застаецца. Я — пра сваіх вожыкаў, казлоў, клёнікаў, галубоў, якія зноў вось прыемна бачыць у новым перавыданні, якія чытаюцца, выклікаючы «чувства добрые», нараджэнне гэтых апавяданняў успамінаецца светла і цёпла. Няўжо такое не патрэбна для галоўнага?

*

Нам трэба літаратурная мова. Як у рускіх — «великий, могучий, правдивый и свободный русский язык!» Пішам. Хто адкуль сюды, у цэнтр нашай зямлі, прыйшоў, прынёс сваю мову, мову родных мясцін. Куды і цяпер ён часта вяртаецца, да мовы сваёй, у прозе — па добрым прыкладзе Івана Мележа. Узбагачайма яе, нашу літаратурную мову, голлем, лісцем, кветкамі, пладамі, насеннем мясцовых гаворак, але ж памятайма, дбайма і пра ствол, і пра карэнне вялікага дрэва нашай роднай літаратурнай мовы.

*

З двух братоў Бычкоўскіх Купала зрабіў свайго шляхцюка Быкоўскага. А Бычкоўскія, бацькі гэтых братоў, у канцы мінулага стагоддзя пераехалі на Лагойшчыну з нашага Воўчага Балота, дзе іх прозвішча было проста Бычко, якіх у нас у Міры і навокал нямала.

Смачна даведвацца пра такое, пра такую сувязь літаратуры з жыццём, зусім да цябе блізкім.

*

Над рукапісамі Гарэцкага.

Першы сшытак «Камароўскай хронікі». У касую лінейку.

Людзей шмат, іх яшчэ не запамінаеш, а жыццё іх ужо бачыш, усяму ўжо верыш.

Як голле на дрэве, дзе кожная галіна ды галінка ідзе ў свой бок, так і ў яго лёсы разыходзяцца, кожны па-свойму, не паўтараючыся, не падобныя адзін да аднаго.

Мова — народным голасам расказвае.

...У гісторыю, хроніку ўжо ўплятаюцца залацінкі, мастацкія дэталі, унесеныя туды чулым сэрцам пісьменніка. Стары аддзяліў сына з нявесткай, а назаўтра, сустрэўшы іх на дварэ, паміж сваёю, старою хатай і іхняй, новай, сам першы павітаўся: «Добры дзень, дзеткі!» і заплакаў. У другім месцы — пра тое, як ездзілі на агледзіны ў сям'ю жаніха, вельмі ж пабожную, і бацька нявесты сказаў: «Не аддам, бо замоляць»...





Упэўненасць, з якою ён гаворыць пра дні, тыдні, месяцы такая, што верыш, як дакументальнаму.

З кнігі Пшыбася [52]:

«Часцей трэба карыстацца зброяй найбольш дзейснай і смяяцца з самога сябе, калі бывае так, што праціўнікі маюць хоць крышку рацыі, а на зачэпкі і адкрытую ману трэба адказваць пагардлівым маўчаннем.

...Каб не адчуваць агіды да самога сябе, трэба любіць хоць аднаго бліжняга.

...Уфф! Не магу! Не магу чытаць раманаў, нават класічных, шэдэўраў. Колькі ж я задаваў сабе прыкрай работы, пакутуючы над бягучай польскай белетрыстыкай, рэцэнзуючы яе. Хопіць! Цяпер буду разбіраць эсэ, нарысы, вершы, а вытворчасць фікцыі абмінаць!

...Трэба хоць раз у жыцці папрацаваць сумленна, як рабочы і селянін, каб пазбыцца сораму, што пяро лягчэйшае за молат і серп.

...Трэба слова спачатку суцішыць, вызваліць ад шуму штодзённай гаварыльні, каб пачуць яго чыстае і поўнае гучанне; трэба яго акружыць цішынёй і абагаціць маўчаннем».

Кніга гэтая, здадзеная ў выдавецтва самім аўтарам, выйшла месяцы праз два пасля яго смерці. Добра думалася пра старэйшага таварыша, сяброўства з якім было пачалося.

*

Караленка:

«Я старался только не закрывать своими чувствами того внутреннего ужаса, который заключен в этом явлении и отразился в непосредственных записях».

Гэта — пра «Бытавое явление», у пісьме Льву Мікалаевічу ад 7.IV.1910 г.

Запісваю, бо падумаў, што так і мы стараліся, робячы сваю «Я з вогненнай вёскі...».

*

Зноў паўтараецца «не тое», «не тое»... Як быццам, каб зноў пачаў жыццё спачатку, было б толькі тое, што трэба. Трэба жыць, давай, што можаш даць, бяры, што засталося на твой узрост, і дзякуй добраму лёсу.

*

Першая чырванагрудая ластаўка на драціне, толькі што праведзенай ад вугла нашага доміка да слупа. Як прывітанне даўняга, вясковага, як знак абжытасці гэтага кутка [53].

*

Як прывітанне з вёскі, ад N., зайшлі дзве яго маладыя сваячкі. Правадніца экспрэса Мінск — Масква, чарнявая красуня, і работніца намярнога завода, таксама ў сталіцы. На аднолькава новых веласіпедах, купленых у сельмагу (нікель і светла-зялёнае). Прывезлі некалькі каліваў сунічнай расады. Пасадзілі мы іх у місе, пакуль мая гаспадыня вернецца з Мінска. Чарнявая замужам за хлопцам з Гомельскай вобласці — так мы з ёю ішлі далей, удакладняючы,— Петрыкаўскага раёна, са станцыі Капцэвічы, побач з якой, у вёсцы Слабада (яна, маладзічка, дапамагла мне ўспомніць) мы калісьці запісвалі мудрую бабку Булаву [54]. Свет і сапраўды цесны ці, лепш сказаць, людзі так дзіўна распаўзаюцца ды збіраюцца — па ўсёй краіне і зноў па родных кутках.

Пасадзілі паненкі расаду, развіталіся міла і паехалі цераз лес, па пясчанай і не пясчанай дарозе ў зноў амалоджаных маем дрэвах.

*

Неўзабаве пайду па полі даўно знаёмаю сцежкаю, мінаючы ціха-гудлівыя слупы, яшчэ без ластавак на дратах. І калі нават хмарна будзе і далей, буду бачыць нізка над лугамі і лесам за ракою сонца, вялікае сонца яшчэ адной ранняй раніцы. Буду бачыць — успамінаючы мой першы сёлета праход на толькі што натупанай сцежцы, першае сонца ў гэтых родных мясцінах, першую рунь не зводдаль, не з дарогі, а пад сабой і навокал сябе, ідучы пасярэдзіне маладзонька-зялёнай ячнай прасторы. Успамінаючы радасць жыцця, свабоды, здольнасці на патрэбнае людзям. Дарма, што ў свеце столькі сумнага, жахлівага, балючага — што ўжо было, што ёсць, што можа быць...