Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 57 из 64

*

«Сталічная вышка», чым так стараюцца гіпнатызаваць нас некаторыя рэдактары і крытыкі.

А на вышцы ў тых некаторых і калені дрыжаць і галава кружыцца,— больш, чым у тых, што не на вышцы, а бліжэй да зямлі.

*

Дунін-Марцінкевіч. Трэба яшчэ лепш ведаць яго. А першае, што памятаю з юнацтва:

Паночку Яночку! дай табе божа

За год даждаці святога спаса,

Каб, як лес, расло ўсякае збожжа,—

Дык будуць пірогі і густая каша...

Больш мне ў тым вершы як быццам і не трэба было, каб адчуць смак чагосьці блізкага,— і да роднага слова, і да роднай зямлі, і да родных людзей, і да працы з яе глыбокім сэнсам, і да сумленнай стомы з салодкім чаканнем заслужанага адпачынку.

*

Узяў толькі мой твар, а іншае ўсё прыдумаў. І нейкае пейзажна-філасофскае акно, і нейчы стол з машынкай, і нейкую белую куртачку мне, як у кухара. Славутае, моднае: ён так мяне бачыць? Добра, што хоць не ўніз галавою! Такі вялізны партрэт, у такой агромністай, светлай зале... І хочацца сказаць: «Таварышы, дальбог жа я тут ні пры чым!»

Як ні пры чым,— а хто пазіраваў?

А верыць жа ў маладыя таленты трэба?

*

Музыка слова. Для мяне ў маленстве гэта было так хвалююча, так прыгоне: «Гогенцалерны! Бялуджыстан! Перекати-поле!..» А баец-акружэнец, цыбаты хлопец з Валагодчыны, у сорак першым годзе, прывыкаючы ў вёсцы да беларускай мовы, са смакам паўтараў: «Панцак! Ланцуг! Абцэнгі!»

*

Рыльскі (з паэмы «Сашко»):

...І всі знайшли, а я шукаю,—

І як ім знати, скількі мук

Таіть у радості й одчаі

Із серця выхоплений звук!

*

«Працай» над кнігай, над часопісам, над газетай у яго лічыцца багатае падкрэсліванне радкоў то чырвоным (станоўчае), то сінім (адмоўнае) алоўкам, а звыш таго яшчэ і надпісы ды знакі на палях — клічнікі, пытальнікі, плюсы, мінусы. Проста так, «для душы». Або каб напісаць, «куды належыцца», з адабрэннем ці, часцей, з пратэстам.

*

На канцэрце Імы Сумак я заснуў. Дэманстрацыя пераходаў ад сапрана да баса, усе тыя славутыя сем ці восем рэгістраў,— не мастацтва, не адухоўленасць, а проста фізіялогія.

А назаўтра таварыства дружбы запрасіла і мяне, у ліку работнікаў культуры, на сустрэчу з гэтай перуанскай ды сусветнай выдатнасцю. Раз пазванілі ў гасцініцу,— будзе. Другі раз пазванілі,— магчыма, будзе. Трэці раз — яна прымае ванну. Апошні званок — не, не зможа прыйсці.

І пайшлі мы дахаты. Шырма, Цікоцкі, Цітовіч, паэты, мастакі. Сярод белага дня...

*

Нa выстаўцы карціна «Памяць». Тры былыя партызаны, мужчыны пажылыя ўжо і з выгляду зусім неваяўнічыя, стаяць з поўнымі шклянкамі і глядзяць кудысьці — са шматзначнай тупасцю п'яных...

І тут адзнака часу.





*

Нешта адразу пасля вайны адзін мешчанін сялянскага паходжання, які не пры масавым заплыве, а далёка загадзя ўцёк з вёскі ў горад, гаварыў знаёмаму, прыехаўшы да яго ў вёску:

— Зарэж карову. Зачэм цябе дзве?

Так яно пачыналася — забіванне любові да гаспадарання на зямлі.

Помніцца недаўменне таго чалавека, гаспадара: як гэта так — узяць ды зарэзаць карову?! А потым яно, недаўменне такое, патроху прайшло.

*

Устаў рана, неахвотна, неяк туга, як у юнацтве ўставалася далёка да дня — малаціць цапамі. Зрабіў некалькі лічаных старонак, адчуў, што далей належным чынам не пойдзе, і ўздыхнуў, закрываючы папку:

«Дзякаваць і за гэта!»

*

Ніколі столькі не шнураваў каля свае вёскі, як сёлета. Ці раз, ці два ўспамінаў, праязджаючы, а сёння вось зноў успомніў адну з даўніх раніц, познеасенніх ці зімовых, ад'езд пасля кароткага гасцявання.

Ранняе снеданне. Гарачая бульба, з парай, лепш прыкметнай у халаднаватай пасля ночы кухні, апаноўка яечні з прысмажанымі скваркамі, хлеб тоўстымі лустамі, свой, з вялікага бохана. Братняе: «Можа, па чарцы?» І мой неакрэслены поціск плячыма. Мы выпівалі і сапраўды па адной, бо мне ў дарогу, а яму на працу, да людзей.

Як гэта проста ўсё, як хораша здалёк і як ужо непаўторна!..

Сябру для новай рэчы спатрэбіліся Індыя, Амерыка, а мне ўсё думаецца і далей, што я змагу яшчэ нешта вартае зрабіць толькі вярнуўшыся туды, адкуль выйшаў, толькі стаўшы бліжэй да роднага кута.

1983

У жаданні спяшацца пісаць, якое ўзнікае пры смерці яшчэ аднаго блізкага чалавека,— колькі тут мітуслівасці, а колькі належнага memento morі?.. Мітусіцца не трэба, трэба аберагаць свой час, заўсёды, штодня нацэльвацца на галоўнае, зноў і зноў вучыцца.

*

Яшчэ адна радасць чытання,— ведаць, што старонкі, якімі ты захапляешся, радавалі і тых, што чыталі гэта да цябе, што над імі плакаў ад смеху Пушкін, задумваўся Талстой...

*

Пачаў чытаць Сяргея Абразцова [50] толькі ўвайшоў у яго разумнае, смачнае слова — захацелася запісаць:

Добра гэта — прыгожая старасць: у Абразцова, у юбіляра Гейчанкі [51], у Андронікава, у нашых — Шырмы і Станюты, пра якую толькі цяпер належна загаварылі. Старасць прыгожая — не з надзеямі пачатку, а з заслугамі мінулага і працай сёння.

Як многа высакароднага яму, Абразцову, дала яго шматгадовая дружба з дзецьмі.

Чатыры абзацы пра дзяўчынку, што пашкадавала на вуліцы кацяня, да хваста якога нейкі нягоднік прывязаў вяроўку з гайкай, вартыя добрага апавядання. Апошні абзац:

«В эти минуты он (Мурзік на каленях дзяўчынкі, што робіць урокі) не менее продуктивен, чем решение задачи, в которой вода в один бассейн вливается, а из другого почему-то выливается. Котенок делает девочку доброй. Нужнейшая продукция!»

*

На вечары Гарэцкага, слухаючы, як N. захапляўся трапнасцю юбіляравых характарыстык, там, дзе нейчая жонка «панурая, худая дылда з чорнымі вусамі, як у мышы», успомніў бедную «дылду» Г. Н., што на трыццатым годзе жахліва закончыла самагубствам — з-за свае непрыгажосці... Прыгадалася таксама, што па законах сатырычнага жанру, чаму мяне калісьці вучыў і той самы N., «прозвішчы, імёны і фізічныя недахопы асмяянню не падлягаюць».

*

Вялікае мноства маладзенькіх дзяўчат у белых халаціках і крыху фанабэрыстых белых шапачках «калупаюцца» ды «слепяцца» каля дарагіх станкоў, з мікраскопамі. «Пасля тэхнічнага вучылішча, забяспечваюцца прапіскай і інтэрнатам». Падумалася: а каб гэта іх зноў рассеяць па родных мясцінах,— колькі б яны нараджалі дзяцей на свежым паветры, у нармальных умовах сям'і!..

Учора, выступаючы на адкрытым партыйным сходзе, старшыня калгаса А. гаварыў:

«Мы дамагліся зліцця вёскі з горадам, з той розніцай, што наша вёска, звыш усіх гарадскіх выгод, захавала свае перавагі. У нас чыстае паветра. Мы не дрыжым над шклянкай малака. У нас цудоўныя, правераныя нявесты... Я не для смеху, таварышы! Яны ў нас не такія, як у горадзе, што праз месяц разводзяцца. Кожную з іх усе ведаюць змалку...»