Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 48 из 64

«Гедунгенэ кадэйшым» — гэта ў яўрэяў той, хто адпявае нябожчыка, плача або чытае над ім — наняты.

Старэнькая маці ціхага N. так гаворыць пра некаторых, што выступаюць па тэлевізары.

*

Мележ з усмешкай расказваў мне незадоўга да смерці, як ён здаваў бандэроль і маладая, незнаёмая паштарка зрабіла яму заўвагу:

— Мозырь надо писать с мягким знаком.

— Гэта ў мяне па-беларуску.

— Ну и что же? Все равно с мягким знаком.

І паставіла знак сама.

1981

Чытаючы казку Паўстоўскага «Цёплы хлеб», ад яго абаяльнай прастаты, ці што, успомніў, як я ў пачатку трыццаць трэцяга года апісваў ад'езд нашага Колі [24] ў войска. Яго апошні дзень дома. Як на небе, да сонца, была зара, як снег рыпеў ад марозу. Пакуль дайшоў я да галоўнага, да гора нашай сям'і. Пра зару і пра снег пісаў з хваляваннем, якое цяпер вось паўтарылася ўспамінам. Смак і краса прастаты. І, відаць, прадчуванне творчага шчасця ў будучыні.

*

Няўжо ў гэтым ёсць заканамернасць, што я — каторы ўжо раз! — прыдрамнуўшы прыцемкам у крэсле і прачнуўшыся, здзівіўся ад думкі, што я — чалавек, асоба, нейкі згустак, аднекуль узяўся і некуды пайду, а пакуль што павінен рабіць штосьці з як найбольшым, найглыбейшым сэнсам?..

*

Да выступлення па вечары Мележа рыхтаваўся сур'ёзна, аднак не напісаў яго, а гаварыў «па тэзісах».

Горкі: «Много сердца — лучшее средство писать хорошо». «Людзі на балоце» і трымаюцца на аўтаравай сардэчнасці, любові да роднай зямлі, да чалавека, да справядлівасці.

Мележ — сам пра сябе: «Няпроста, няроўна ішла дарога...» Да поспеху з «Людзьмі на балоце» яму, на працягу гадоў, нялёгка было шукаць самога сябе, свайго запаветнага. І пасля заслужанага поспеху было не лягчэй. Можа, нават цяжэй, бо, па-першае, узмацнілася адчуванне адказнасці і, па-другое, не было ўжо маладосці з яе ўпэўненасцю, што хопіць часу і сілы на ўсё.

Не трэба сёння ў юбілейным экстазе або звышлагоднасці забывацца, што і ў Мележа былі не толькі ўдачы. Ён і сам гэта ведаў. Інакш не дапрацоўваў бы бясконца свой «Мінскі напрамак», супакоіўся б на тым поспеху, што раман гэты меў. А былі ж яшчэ спробы ў драматургіі...

Адносныя няўдачы былі нават у Талстога («Семейное счастье», «Нигилист») і ў Дастаеўскага (успомнім спачатку захапленне, а потым рэзкую крытыку Бялінскага) — у самых вялікіх і маналітных пісьменнікаў.

...Мы, літаратары, па прыродзе сваёй самотнікі. Мы ўмеем знаходзіць шчасце ў сваёй самотнасці, мы нікуды не можам падзецца ад нашага болю, нашага роздуму, нашых сумненняў. Цяжка? І не паскардзішся, бо нехта можа спакойна сказаць: «Цяжка — пакінь». Дарэчы, так і раіў суровы Талстой. Справа ў тым, што і пакінуць нельга, нельга стаць раптам не самім сабой.

...Колькі сяброў адышло беззваротна! Мележ, Куляшоў, Дзяргай... І мы цяпер думаем горка, што не паспелі чамусьці, а то як быццам і не змаглі сказаць ім тое, чаго яны заслужылі.

Тое, што мы гаворым сёння пра Мелелна — гэта ўжо не для яго гаворыцца, ён ужо не суцешыцца цяплом нашай шчырасці. Гэта мы гаворым для саміх сябе і для тых, якія прыйдуць пасля і па-свойму паўтораць тое, што мы гаворым пра значнасць зробленага ім, пра сапраўднасць яго як пісьменніка.

...Ад смеху ў зале пасля непрыдуманага анекдота пра «на втором месте» я не сказаў, як думаў раней, што не пра другое, не пра пяцьсот другое месца «пасля Пушкіна» трэба было думаць і думалася тады, у пачатку нашай дарогі, а пра месца сваё, да якога было яшчэ так далёка. Зрэшты, здаецца, я і гэта неяк сказаў. А не сказаў таго, што трэба было, відаць, сказаць:

Не чапайце ўжо толькі Купалу і Коласа, бо хто ж вас упаўнаважыў саджаць, рассаджваць каля іх ды паміж імі новых класікаў. Тым больш што і тут выразна бачыцца меркантыльны разлік: Мележ побач з Купалам і Коласам, а я — побач або зусім побач з Мележам... Словам, і маладосці ў нас зашмат, і правінцыялізму.

*

Слухаючы спецыялістаў па хіміі, думаў: «Каб я запомніў усё, што чуў на ўсіх тых вялікіх заводах, дзе быў, дык быў бы вельмі разумны». Галоўнае — ведаць сваё, заўсёды і ўсюды вучыцца бачыць усё. Адчуванне павагі да тых, што ведаюць і працуюць — гэта было ў мяне заўсёды. На такім фоне бачыш, правяраеш сябе — ці тое, што трэба, ці на ўсю сілу робіш сваё.

...Які агромністы апарат, як многа моладзі ў розных камандзіроўках, як многа ў нас людзей, што не працуюць або «працуюць», не робячы галоўнага, неабходнага. Колькі б адпала правяральшчыкаў, каб людзі працавалі хоць больш-менш сумленна.

...Калі мы выйшлі з грандыёзнага ды мудронага цэха, падумаў, што якраз цяпер — па ўсёй рэспубліцы — ідзе тэлеперадача пра маю работу. Адчуванне законнай гордасці, патрэбнасці? Ці, можа, штосьці ад жадання апраўдацца?.. [25]





*

«За ім кабыла Мышатка з танканогім жарабём ляніва члапае па сівым, пытляваным пыле палявой дарогі». Гэта калісьці — пытляваны пыл — у «Маім земляку» смакаваў незабыўны Валя Таўлай.

Успомніў — чытаючы карэктуру.

*

Дастаеўскі («Дневник писателя», 1873):

«Выше всего ценя разум, науку и реализм, он (Бялінскі.— Я. Б.) в то же время понимал глубже всех, что один разум, наука и реализм могут создать лишь муравейник, а не социальную «гармонию», в которой бы можно было ужиться человеку. Он знал, что основа всему — начала нравственные».

Як гэта сучасна праз сотню з гакам гадоў! Днямі адзін разумны старшыня калгаса, выступаючы па тэлебачанні, гаварыў, што ў нас ва ўсіх ёсць усё, каб быць заможнымі, не хапае толькі самага простага — сумленнай працы.

*

Доктар філалогіі з Адэскага універсітэта, разам са мной у гасцях у кіеўскага доктара філалогіі. Ветліва пытаецца ў мяне:

— Ваше справжне призвішчэ Панченко?

Дружба народаў — дружба літаратур...

*

Улетку сорак пятага года Таўлай расказваў, як на абедзе ў Купаліхі выпадковы госць — Бэнда ўсё даводзіў ёй, што ён ужо не той, зусім не той, які быў перад вайною. А яна, гасцінная і адкрытая цётка Уладзя:

— От еш. Сабака быў, сабака і застаўся, але еш!

*

Даволі часта апошнім часам успамінаю восень трыццаць восьмага года,— Мюнхен, Чэхаславакію, той страх і смутак... Успомнілася, што ў апавяданні «Кулікі», якое загінула, не проста кулікі на водмелі, да якіх я падпоўз, якіх назіраў,— не толькі гэтая радасць, а іменна як кантраст да мірнай красы прыроды, той страх і смутак перад зусім магчымым пачаткам вайны.

І сёння зноў,— што ж будзе з Польшчай?..

*

Юрыя Трыфанава памянуў чытаннем яго «Другой жизни».

Залыгін: «Очень большой русский писатель». У некралогу — высокая ўзнагарода: «Знак пашаны».

Усё, што я чытаў ягонага, чыталася з адчуваннем сапраўднага, а прачытаўшы — амаль адразу забываешся. Што гэта?

*

Алу Тарасаву я ўпершыню ўбачыў у «Трох сёстрах». Калі яна ўзяла падушку і пайшла за сцэну — колькі мужчын, і я таксама, пайшло б за ёю следам!..

Улетку семдзесят шостага года, калі мы з Л. ішлі па Нямецкіх могілках, я здалёк убачыў у зеляніне вялікі фотапартрэт магутнай рускай красуні, пазнаў Тарасаву і нібы толькі ў той момант усвядоміў, што яна — ужо ў зямлі...

Успомнілася гэта — два яркія кадры,— калі прачытаў у дзённіку Паўла Тычыны, як ён у Баньскай Быстрыцы, пад парасонам ад дажджу, заплакаў, слухаючы «Вы жертвою пали» і, нібы апраўдваючыся, запісаў пасля: