Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 49 из 64

«У Алли Костівні Тарасовоі теж сльози...»

*

«Коріння» Грыгіра Цюцюнніка. Кніга, чытаючы якую не працуеш, заўважаючы шмат непатрэбнага ці дрэннага, але адпачываеш душой, падмацоўваешся сапраўдным словам.

І чаго ж ты, хлопча, узяў ды самахоць пайшоў з жыцця?..

Той, з кім цябе параўноўваюць, Шукшын, вельмі хацеў пажыць, папрацаваць, а ты...

*

Даўшы запісы ў пятым томе,— якія на думку некаторых павінны публікавацца пасля аўтаравай смерці,— я нібы апярэдзіў самога сябе, і вось, як мёртвы, маўчу...

*

Маскоўская спёка. Сяджу, чакаючы таварыша, на дворыку Саюза пісьменнікаў. Побач прыселі дзве паэтэсы, спачатку адна, потым другая. Сімпатычныя маладзічкі з далёкага поўдня, якім выразна не горача. У той, што прысела першая, вялікая сумка сваіх, свежаспечаных зборнікаў, якіх многа, аж сумка не зачыняецца. Другая, міла павітаўшыся ды прысеўшы, адразу і папрасіла даць ёй адзін з аўтографам.

— Я не могу теперь. Они уже распределены. Я вам потом. А посмотреть — пожалуйста.

Слова за словам і пачалася паэтычная гульня:

— Раскройте на... ну, пусть на сорок второй страничке и прочтите третью строчку сверху. Хорошо! А теперь... ну, на семнадцатой, восьмую снизу... А?

І смакаванне, і эрудыцыя.

*

Крытык адчувае сябе паміж Парнасам і пісьменнікам, а месца яго — паміж пісьменнікам і чытачом.

*

Ідзе і сее перад сабой, здаецца, толькі прозвішчы ды назвы.

Што з гэтага крытычнага насення вырасце?

*

У літаратуры ён — адно панылае недаўменне. Толькі пасады значныя займаў. Яшчэ і здаровы, румяны, а ўжо, аказваецца, падрыхтаваў на выпадак смерці пісьмо кіраўніцтву Саюза пісьменнікаў, каб яго «пахавалі сціпла». І на той свет збіраецца з упэўненасцю ў сваёй не абы-якой літаратурнай значнасці.

*

Пісьменнік малады і здольны памяняў многа прафесій. Хваляць за гэта: веданне, вывучэнне жыцця. А можа, проста лайдак, лятун, нідзе не мог прыжыцца, не хацелася працаваць?

*

Сустрэча з Траяпольскім.

«...Не кампазітар, не дырыжор, не літаратар, а чалавек, вобраз! Месцамі я чытаў са слязьмі на вачах. І не там, вядома, дзе ты цытуеш мае пісьмы... Я вінаваты, што не напісаў табе...»

Гэта — на мае ўспаміны пра нашага Рыгора Раманавіча.

Мы стаялі, абняўшыся, па праходзе, ужо па вачах прэзідыума, які заняў свае месцы, і трэба было разысціся, а гутарка — не закончана...

*

«Дамоклаў меч вайны»... Сам ён — з трыбуны, у друку — гарачы змагар супраць яе, вырашальны глабальных спраў і, адначасна, як аказалася, дрыжыць і пошла клапоціцца за месца ў прэзідыуме з'езда, у сакратарыяце Саюза, у праўленні... Дзве лініі. Якая ж з іх галоўная?





*

З выступлення Айтматава: «Великая сытость — великое высокомерие». Кіргізская прыказка.

*

Прыехаў сюды [26] як і планавалася, з кінадакументалістамі.

«Niemnie, domowa rzeko moja» і «Гой ты, Нёман, быстры Нёман, колькі дум ты мне нагнаў!..» [27] «Пан Тадэуш» і «Новая зямля»,— пра народнасць нашай эпапеі, народнасць Коласа і трохі пра сустрэчы з ім.

Стаміўся ад сонца і дубляў, ажно плесці пачаў пад канец. Тады ўжо, калі рэжысёр папрасіў нагаварыць ім «у запас» — пра запісы мае, пра гэты жанр наогул. Папрасіў, каб паклікалі на чарнавы прагляд,— не дапушчу да лішніх недарэчнасцей.

*

І хата, і бульба ў агародзе, і Нёман, і лес, і сцежка ў жыце, і буслы на тэлеграфных слупах — многае нагадвае перажытае тут. А ўчора яшчэ і святы нёманскі вечар — на маторцы, свежы позірк на родную красу.

...Разумная згода з тым, што сяму-таму (Айтматаву, Распуціну) дадзена больш таленту, і ён у гэтым не вінават, і дзіка гэта — крыўдзіцца на ягоную славу. Тым больш памятаючы, як многа ён працуе, шукае, знаходзіць, не марнуючы свой дар.

...Дома, чытаючы Шагінян («Новый мир», № 6), светла ўспомніў, як я зімой трыццаць сёмага — трыццаць восьмага года хварэў і, шчасліва маючы многа вольнага часу, чытаў «Давіда Каперфільда».

Успомніў таксама, як увосень трыццаць дзевятага, у вёсцы на арбайтскамандзе, Валодзя Васілеўскі [28] хварэючы, залез у маю торбу ад процівагаза і напісаў у маім наіўна-смелым блокноце: «Собрание сочинений, том четвертый. Из цыганской жизни». Штосьці больш яшчэ, але толькі гэта запомнілася. Пра маю будучыню па Савецкай радзіме, куды нас абяцалі адпусціць,— як прароцтва якое. Тады мяне, здаецца, і Цыганом празвалі, калі адрасла чупрына, якое ў казармах, на стрыжаным пад машынку, не бачылі.

...Застаўшыся за дзеда і за бабу, з прыемнасцю накарміў унучку, напаіў яе ліпавым цветам, нагрэў вады, памыць ногі, і палажыў спаць (трохі тэмпературыць), а сам — толькі ў дзесяць — пайшоў прайсціся.

Зноў, як у семдзесят восьмым, сцежка ў добрым жыце, тады кладка на Нёмане, стагі над пакошай, любая свежасць пасля пакутлівай спёкі і вялікая, заслужаная стомленасць сонца над самым лясным даляглядам.

Успомніўся Якуб [29] Восьмага быў у яго амаль дзве гадзіны. Наш аптымізм і гумар, як маленькая надводная частка панурага айсберга, што страшна больш хавае ў глыбінях адзіноты... (Якая неадпаведнасць «прыгожага» параўнання!) Падумаў цяпер пра мудрасць апошняга развітання з жыццём. За кагосьці падумаў, без болю свайго, нібы і гэтым любуючыся — збоку...

*

Дурнота гэта была ці чысціня — мая наіўнасць, што так нямала пахадзіла па самым краёчку смяротных небяспек? Скажам, блакнот-дзённік у войску, у палоне, у акупацыю?..

Днямі думаў, што варта расказаць пра гэта, напісаць — апошні раз, найясней. Ды нешта ўсё-такі як быццам раіць пачакаць, знайсці найбольш дакладныя, аб'ектыўныя словы.

*

Пісьменны, начытаны, добры, а ўзяў ды даў мае «Байдуны» пачытаць аднаму з нашай вёскі,— каб выявіць, каго за кім трэба бачыць...

— Навошта ж ты так? Людзі ж будуць злаваць,— кажу яму збянтэжана, а ён, у адказ, прастадушна, з усмешкай:

— Але, браце, будуць...

Усюды дзеці — унукі майго пакалення, з якімі трэба быць бліжэй, асвяжаючы душу.

І кнігі, да якіх ад мінусаў сучаснасці цягне, нібы да верных сяброў.

У братавай, перад сном, падмацаваўся першымі раздзеламі «Анны Карениной», зноў смакуючы Яго мудрую прастату. А ў мірскай кнігарні купіў маленькую, хораша выдадзеную аповесць невядомага Цібара Дзеры і тут ужо, даючы нагам адпачынак, з прыемнасцю прачытаў.

Праўда, і купляючы, і чытаючы гэтага венгра, светла помніў, што недзе ў Гданьску перакладаецца, а ў Кракаве будзе выдадзены мой «Золак», таксама ў «мініяцюрнай серыі»...

*

Учора вельмі хороша ўзыходзіў пад садам і лесам поўны, цяжкі, барвовы месяц. Памытая бабуляй унучка прычэсвалася перад трумо, і я, увайшоўшы з двара, сказаў ёй зірнуць у акно.

А сёння распасцёрся спорны дождж. За бульбай, што застракацела цветам, маё мілае, каласістае жыта і лес. «Як хораша!» — падумалася, а потым і сказаў Ніне, што паездка па родным наваколлі патрэбна мне была, як адчуваю цяпер, для таго, каб вярнуцца сюды, у Крынічнае, як дахаты, каб супакоіцца тут на даўжэй і, можа, папрацаваць.