Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 46 из 64

*

Думаў учора, што трэба будзе перачытаць Караткевіча, якога я чытаў найбольш у першых рукапісных варыянтах. І гэта па-свойму гаворыць мне пра яго значнасць. У нейкай залежнасці ад яго юбілею.

*

Зноў жалобнае развітанне, па тэлевізары [18]

Каля труны Пятра Міронавіча, у галавах, стаяць яго жонка, партызанскі лекар, а сёння прыбітая горам жанчына, і брат яго, прыгорблены, сівы генерал. Калісьці расонскія юнакі, яны, браты Машэравы, далёка не адразу пасля вайны знайшлі, дзе пахавана іх маці, расстраляная за сыноў, партызана і франтавіка, і, як расказвалі іх землякі, убачылі, што косці рук яе звязаны калючым дротам...

Дождж, дождж на могілках, а потым, зусім нечакана, пасля ўсяго, на тэлеэкране — пад яго маладую, прыгожую ўсмешку на жалобным партрэце, над процьмай вянкоў і букетаў — развітальны лёгкі і чоткі праход воінскага ганаровага эскорта,— моладзь пад гукі вясёлага, непераможнага марша.

Як быццам сам ён, Пётр Міронавіч, сваёй усмешкай гаворыць, што ёсць і вышэйшае, трывалейшае за смерць.

*

Сярод тых зборнікаў апавяданняў, што прысланы мне на выбар у польскую анталогію, нейкі зусім незнаёмы К. У апавяданні яго — верасень трыццаць дзевятага. Уланы апынуліся паміж нямецкім наступленнем і нашым вызваленчым паходам. А тут яшчэ супраць уланаў, добра знаёмых мясцоваму насельніцтву па славутых «пацыфікацыях» [19], выступілі і сяляне-ўкраінцы. «Шаржа»-атака на гэтых безабаронных людзей,— штосьці з «Агнём і мечам». І як было там, у Сянкевіча,— «чэрнь», «морда», так і тут: «З каменным, адутлаватым тварам палкоўнік свіснуў шпіцрутэнам па мужыцкай мордзе». А потым яшчэ і шакалам назваў. А вышэй, калі ідзе тая, ледзь не легендарная атака: «Пазбаўленыя ініцыятывы, атуманеныя нацыяналістычнымі лозунгамі мужыкі заўважылі атаку, але было ўжо запозна на абарону і на ўцёкі. Тых, што ўцякалі палямі, уланы секлі шаблямі, даганяючы. Тых, што пахаваліся ў равах, бралі на пікі...»

Такое выдаецца ў сямідзесятым годзе. Трымаецца на смярдзючым «гістарызме». Як і два «дыскусійныя» артыкулы ў «Kulturze» пра Дырлевангера XVII стагоддзя, «гразу казацтва» Ярэму Вішнявецкага,— вялікія, з «вялікай эрудыцыяй» напісаныя артыкулы, у якіх ані крышку сучаснага разумення гісторыі.

Учора з цікавасцю чытаў даклад на пленуме ПАРП, з квінтэсенцыяй у адным сказе: «Трыццаціпяцімільённы народ ніхто не возьме на сваё ўтрыманне». Якая складанасць там у іх, і як моцна акумулюеце гэты народ сваімі спрадвечнымі недахопамі і сам, і пры шчодрай дапамозе «сяброў»...

К., пасля прачытання закінуты на антрэсолі, так муляў гэтымі днямі, што я яго зняў, нарэшце, адтуль, каб запісаць. Як пра штосьці ў значнай меры не прыватнае, а характэрнае для спраў шырэйшых і глыбейшых.

*

Дачытаў лебедзеўскага «Грыбаедава». Прачытаў (каторы ўжо раз!) лермантаўскае «Памяти А. И. Одоевского», з цудоўным заключным радком, што так заўсёды хваляваў мяне:

...А море Черное шумит не умолкая.

І ўспомнілася нядаўняя сустрэча з Кайсынам Куліевым. От сабе, так сабе маё пытанне: «Как там Эльбрус?» І ягоны, таксама так сабе, адказ: «Сияет и ждет тебя!» А ўспамінаецца прыемна.

*

У мінскім аэрапорце — твары, прыкметы, біяграфіі злачынцаў, якіх шукае міліцыя. Сярод маладых крымінальнікаў — зладзеяў, забойцаў, растратчыкаў і аферыстак — фотаздымак, як з таго свету, таксама чалавека, якому ўжо за семдзесят шэсць гадоў і якога яшчэ ўсё шукаюць на нашай неабсяжнасці. Каб не проста затрымаць, а яшчэ і доўга «расколваць» ды судзіць за нешта страшнае, можа, жахлівае, што ён рабіў у дні фашысцкай акупацыі.

Перад партрэтам гэтай агіднай старасці ўспамінаў (а можа, цяпер, запісваючы, успамінаю), як у Карлавых Варах, зусім побач з ФРГ, думаў, наколькі гэта балюча наша, унутраная справа — усе тыя, што супрацоўнічалі з ворагам... [20]

*

Няўжо заўсёды будзе так: «адзін пішу, два запамінаю»? Колькі ўжо яго, такога «запамінаю», пайшло ў нябыт, ідзе туды і будзе ісці!..

*

Неяк дзіўна быць з сабою сам-насам, аднаму, як быццам я да гэтага не прывык. Стала рабочага, пісьмовага няма. Нешта курортна-вузкае, каля сцяны, з шуфлядамі, з тэлевізарам збоку і з вялікім люстрам на сцяне. Пішу і няёмка: нібы хтосьці за мной назірае. А гэта я сам, і мне самому, аднаму ў пакоі, смешна і няёмка...





*

Толькі прачнуўся (у сне гладзіў аўчарку) — адразу шчодра чарпануў самога сябе найгоршага і — хоць вый... А жыць жа трэба. І ніколі не ўведаеш на ўсю глыбіню, ці і другія, каго ты паважаеш, таксама горкія бываюць кожны сам сабе?..

*

А ўдар, апошні ўдар сямітоннай махіны ў жалезны лоб яшчэ цяжэйшай, узаемны ўдар сучаснай, так «неабходнай» нам вялікай хуткасці — зноў і зноў вяртаецца да мяне... [21]

*

За морам, за горамі, стэпамі і лясамі ёсць дзяўчынка, якой споўнілася дзесяць год, і з усіх падарункаў, якія яна атрымала, найбольш радасці ёй прынесла новая клетка з вясёлымі папугайчыкамі.

Пра гэта мне хораша было думаць учора, калі пазваніў дахаты і даведаўся, што ўсе нашы былі ў Данусі.

А днямі, убачыўшы на тэлеэкране поўненькага, вясёлага немаўлёнка, сказаў: «Падумаеш! І ў нас ёсць недзе такія шчокі». Гэта — пра Міхася, які ўсё больш ды больш ачалавечваецца.

Добра, калі ёсць такія «дробязі».

*

Ніна [22] ўчора па тэлефоне сказала: дурны, што працую. А я яшчэ і грызу сябе трохі, што не сваё раблю, а перакладаю.

Устаўшы ад стала, каб ісці на снеданне, успомніў N., які калісьці, забраўшыся ў вежу нясвіжскага замка, напісаў за месяц адпачынку даўжэзную «лезэдраму», тры ці чатыры апавяданні, цыкл вершаў, а потым, каб не выбіцца з рабочага настрою, яшчэ перапісаў (ад рукі, прыгожым дробным почыркам) шэсць нумароў газеты — ад першага і да апошняга слова ці лічбы...

Так рагатаў калісьці Х., і сам ніколі не гультай.

Нядрэнна і я працаваў у тым самым замку ў лістападзе шэсцьдзесят шостага. «Ты жывеш», «Шэрань», «Думкі звычайныя», дапрацоўка «Апошняй сустрэчы» і «На Быстранцы», запісы... Больш бы такога! Каб жыццё было поўнае зместу, каб не было тугі і сораму, што злёгку ўсё точаць ды точаць.

*

Падвечар, слухаючы мора, зноў успомніў Машэрава,— як ён тут, летась і пазалетась, кожнай раніцы пралятаў на водных лыжах. І да сумнага «не паляціць», нібы ўжо стомлена, нібы ад чалавечай мудрасці падумалася: колькі пад гэтай сонечнай, гаманлівай вадой трагічна схавалася без пары... Ну, хоць бы каля Малой зямлі, дзе, як нам з Дзімам расказваў інвалід, удзельнік тых баёў, на штурм ішлі камсамольскія часці і крыкі «мама» перакрывалі кулямётна-гарматны агонь...

*

Добра відаць чужыя памылкі. Стары Гаўрук спяшаўся перакладаць балады Шылера, а тое, што за яго ніхто не зробіць — успаміны пра Гарэцкага — усё адкладаў...

*

Раскоша чытання,— гэта ўсё-такі Герман Кант з яго «Остановкой в пути», раманам, які спачатку трохі дакучаў сваёй «нямецкай» грунтоўнасцю, а потым так, нарэшце, узяў, што я адчуў даўно знаёмы, шчаслівы «запой».

*