Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 39 из 64

Збор твораў Максіма Гарэцкага, нарэшце, рыхтуецца. Ён выйдзе пакуль што няпоўным. Не будзе ў ім і той раскошы каментарыяў, розначытанняў, якую мы ўдзячна прымаем у зборах твораў, скажам, Талстога, Чэхава, Дастаеўскага... Як добра яны чытаюцца, тыя грунтоўныя каментарыі, жывыя старонкі гісторыі літаратуры, які гэта выдатны матэрыял для пажыццёвай самаадукацыі! Таварышы, якія працуюць пад падрыхтоўкай да выдання спадчыны Гарэцкага, павінны памятаць, што і творчасць, і вобраз гэтага пісьменніка ўсе мы павінны, абавязаны захаваць і падаць чытачу ва ўсім гучанні яго шматграннай паўнацэннасці. Адно зробіцца сёння, другое заўтра, для больш поўнага выдання, аднак яно павінна рабіцца з усёй грамадзянскай адказнасцю перад нашай гісторыяй, перад нашым народам, перад светлай памяццю аднаго з нашых найзначнейшых пісьменнікаў.

З Максімам Гарэцкім добра па людзях, вось як і сёння, па гэтай акадэмічнай канферэнцыі, у сяброўскай атмасферы дзелавога свята. З ім добра таксама і на адзіноце, сам-насам з яго старонкамі — і друкаванымі, і рукапіснымі. Мы гэта ведаем, не раз ужо адчувалі і. будзем яшчэ І адчуваць. Кожны раз зноў жа, як гэта і бывае з класікай, па-новаму, са свежым, яшчэ раз удзячна захопленым пранікненнем у сутнасць сапраўднага паэтычнага слова.

1983

Пятрас Цвірка

На адной сустрэчы ў Маскве Альфонсас Малдоніс прыязна запрасіў мяне прыняць удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных сямідзесяцігоддзю Цвіркі.

І вось, як толькі тады прагучала паміж намі гэтае імя, да мяне непадзельна і ярка вярнуліся два ўспаміны.

Першы.

Другога мая сорак сёмага года я зайшоў у наш Саюз пісьменнікаў і тагачасны яго старшыня, любімы і паважаны намі, літаратурнай моладдзю, Міхась Лынькоў,— ён быў адзін у сваім кабінеце,— сказаў мне ціха і горка, як гавораць пра самае блізкае:

— Памёр Пятро. Пятро Цвірка...

Гэта здарылася толькі праз чатыры дні пасля таго, калі мы, беларусы, былі глыбока ўражаны таксама заўчаснай смерцю нашага Валянціна Таўлая, паэта адоранага і чалавека цудоўнага, жыццё, барацьба, пакуты і творчасць якога былі, дарэчы кажучы, звязаны з Вільняй дваццатых — трыццатых гадоў, як і слаўны дэбют другога нашага паэта-рэвалюцыянера, Максіма Танка, Цвіркавага сябра.

І другі ўспамін.

Пачатак рамана «Зямля-карміцелька». Асмяяная, пакінутая, цяжарная «незаконным» дзіцем Моніка стрыжэ авечку. Батрачка ў маёнтку разам з іншымі батрачкамі. Стрыгуць, гамоняць і раптам, яшчэ здалёк пазнаюць, як да іх набліжаецца малады батрак Юрас, у незашпіленым, расхрыстаным ад ветру шынялі адпушчанага дамоў салдата. Моніка сядзіць да салдата — чуючы пра яго — спіной, не азіраецца, не паднімае галавы, толькі ў воку авечкі, як у люстэрачку, бачыць адлюстраванне Юраса, які спыніўся над ёю. У адбітку гэтым яна шукае адказу на пытанне, ад якога так ужо натамілася яе сэрца: ці не змяніўся яе каханы, з чым ён, бацька іх будучага дзіцяці, вярнуўся да яе пасля глухой і пакутліва доўгай разлукі?..

Такіх як быццам дробязей, такіх яркіх дэталей у Цвіркі нямала. Можна сказаць, што ўся яго проза асыпана імі, як начное чыстае неба зоркамі.

Пятрас Цвірка — з тых пісьменнікаў, якіх можна не толькі чытаць, але і перачытваць.





Вярнуўшыся тады, пасля маскоўскай сустрэчы з Малдонісам, дахаты, я вырашыў праверыць тую драбніцу, што ажыла ў памяці праз тры дзесяцігоддзі, тую дэталь з авечым вокам-люстэрачкам, знайшоў яе ў кнізе і, «зачапіўшыся», так захапіўся, што перачытаў і «Зямлю-карміцельку», і ўсе апавяданні ў сціплым пасляваенным аднатомніку Цвіркі.

Не надта экзатычная, аднак жа родная краса літоўскай зямлі і неба, то чароўна блакітнага, то ў «цукровых» баранчыках. Абаяльнасць няхай сабе і нялёгкага, ды ўсё ж непаўторна шчаслівага маленства. Вострае адчуванне сацыяльнай несправядлівасці, чалавечная дабрата, шчымлівая жаласць да загнанай сялянскай каняжыны, да бяздомнага сабакі. Жывая, шматфарбная мова, краса якое даходзіць і праз пераклад. А якая сіла ўяўлення, здольнасць па-мастакоўску, з усёй пераканальнасцю пераўвасабляцца ў сваіх герояў!.. Цяпер так многа гаворыцца пра славутую акселерацыю, але ж ва ўсёй нашай шматнацыянальнай прозе вельмі няшмат знойдзецца прыкладаў, каб дваццаціпяцігадовы юнак мог з такой свежасцю, з такой жыццёвай праўдай паказаць чытачу перажыванні маладой жонкі і маці, як мы бачым гэта ў «Зямлі-карміцельцы» — са шматпакутнай, мілай Монікай. Такое пранікненне ў вобраз, у душу героя перш за усе гаворыць, вядома, пра сілу таленту. Аднак не толькі. Яшчэ адно трэба падкрэсліць. Цвірка ведаў шыццё, любіў людзей, і не абстрактнай любасцю сузіральніка, а больш за ўсё любіў ён людзей цяжкай працы, уніжаных і зганьбаваных несправядлівым грамадскім ладам. І гэтая яго відушчая любоў заражае сваёй шчырасцю і нас.

Значэнне літаратурных юбілеяў мне бачыцца, перш за ўсё, у тым, што ў такія дні мы нашых вялікіх, добрых і розных глядзім, так сказаць, буйным планам, чытаем і перачытваем іх, нанова перачытваем даўно адчутую радасць і цішком саромеемся, што сяго-таго з іх твораў чамусьці доўга не ведалі.

Так было і ў мяне. Пасля другога прачытання аднатомніка, адзінага ў маёй асабістай бібліятэцы, я сабраўся, нарэшце, прачытаць і ўсё іншае ў выдатнага літоўскага сабрата, раней ці пазней перакладзенае на рускую мову. Знайшоў яго кнігі ў бібліятэках, багацейшых за маю, і некалькі дзён, нават тыдняў жыў Цвіркам, дзякуючы яму глыбей пазнаваў яго радзіму, яго энергічны, таленавіты народ і, у той жа час, мне добра думалася пра ўсё новыя ды новыя праявы чалавечай агульнасці, падобнасці у галоўным у прадстаўнікоў самых розных літаратур.

Калі ў навелістыцы Цвіркі праглядваецца дабратворны ўплыў Чэхава і Мапасана, дык раман «Майстар і сыны» прыемна нагадвае чымсьці «Кала Бруньёна», «Франк Крук» — у пэўнай меры Гогаля, а «Зямля-карміцелька» — «Фарпост» Баляслава Пруса і «Сына рыбака» Віліса Лаціса. А разам з тым Цвірка — пісьменнік арыгінальны, непаўторна літоўскі.

Люблю літоўскую прозу, паэзію, песні, кіно, графіку, наогул багатую і самабытную літоўскую культуру, мог бы назваць нямала імён, блізкіх і мне. Ды сёння, на гэтым урачыстым вечары, у душы ў кожнага з нас і на вуснах у многіх адно імя, адзін абаяльны, светлы вобраз пісьменніка і чалавека,— наш вечна малады, вечна ўсмешлівы Пятрас Цвірка.

1979

Поціск рукі

Мы пазнаёміліся ў канцы сорак сёмага года, далёка ад яго строгай красуні Рыгі і майго, яшчэ не ўзнятага з руінаў, партызана Мінска,— у Таджыкістане, дзе мы былі гасцямі рэспубліканскага з'езда пісьменнікаў.

Ідзе ўжо трыццаць чацвёрты год нашага сяброўства, і вось я дарма намагаюся ўспомніць, калі ж яно пачалося. Пасля той першай сустрэчы было ў нас нямала сустрэч і ў Латвіі, і ў Беларусі, і ў іншых рэспубліках, а найчасцей у Маскве. Кожнай сустрэчы мы былі ўзаемна рады, у нас заўсёды было што сказаць адзін аднаму, чым падзяліцца ў гутарцы з кім-небудзь блізкім ці сам-насам. А вось калі яно пачалося — наша ўзаемная прыхільнасць, патрэба ў сустрэчах, кантакце па адлегласці — па такое пытанне адказаць нялёгка.

Юлій Ванаг з тых людзей, якія неяк адразу выклікаюць давер сваёю шчырасцю і прастатой, а пасля, з часам — сваім пастаянствам у пачуццях і прынцыпах, сваёй грунтоўнай, на ўсё жыццё разлічанай прыстойнасцю. Да таго яшчэ — яго зайздросная, таленавітая працавітасць, невычэрпная цікавасць да жыцця, любоў да прыроды, да людзей, да літаратуры, да народнага слова. Як жа гэта нямала!..

Нядаўна мы зноў сустрэліся ў Маскве, дзе — разам з нашым агульным украінскім сябрам, Васілём Казачэнкам — рады былі, адасобіўшыся ад пленумаўскай мітусні і нудоты, ціха, няспешна пагаманіць. Між іншым, таксама і пра шчасце ды культуру дружбы, той дружбы, якую так прыемна называць старой. Новы друг — знаходка рэдкая, а стары — каштоўнасць, якая не падлягае сумненням, не аднойчы правераная часам і абставінамі на трываласць.