Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 40 из 64

Нам ёсць што ўспомніць з Юліем.

Я, напрыклад, даволі часта ўспамінаю то залатую восень яго янтарнай Латвіі, наша вясёлае, у латышска-беларускай групе літаратараў, падарожжа на ўсход і на захад ад Рыгі; то вечную красу тых самых мясцін, пяшчотна, чыста ахутаных першым снегам, дзе мы праязджалі з найбліжэйшымі; то па-дзіцячы радасна бясконцую сцяжынку на снезе пустыннага пляжа, па якой мы ішлі толькі ўдвух, уздоўж мора, што не па-летняму далёка адступілася ад саснова-абрывістага берага; то навальнічна-вясёлкавую песню аргана пад старадаўнімі зводамі Домскага сабора, дзе мы разам зачаравана маўчалі; то светлую ўтульнасць сябравага рабочага пакоя, дзе мы аглядалі яго скарбы — кнігі. І тыя, якія ён любіць перачытваць, і тыя, да стварэння якіх ён меў непасрэднае ці ўскоснае дачыненне. Зборнікі яго паэзіі і прозы, у арыгінале і ў перакладах, прыгожыя томікі Пушкіна на латышскай мове — збор твораў, што выйшаў пад рэдакцыяй Юлія Пятровіча, перакладзеныя ім — з арыгінала! — кнігі прозы Якуба Коласа, Івана Мележа, беларускія народныя казкі... Пішу гэта і зноў ажывае ў душы інтымнае адчуванне ўдзячнай радасці, з якою я ўпершыню прыкмеціў на той самай паліцы і свой раман, перакладзены даўнім і верным сябрам нашай літаратуры.

Шкада, што я не ведаю латышскай мовы, што я толькі з рускага перакладу перакладаў яго «Глушцову песню», невялікую, ёмістую аповесць, адзначаную талентам патрабавальнага пісьменніка і сапраўднай гаспадарлівасцю шматвопытнага паляўнічага. Чытаў я нядаўна, дакладней — перачытваў прастадушна, хрэстаматыйна мілыя апавяданні з жыцця маленькага Мікіня, нядрэнна выдадзеныя і ў нас, і прыемна было ад думкі, што гэта я параіў іх перакласці.

Успамінаецца Кіеў у раскошным росквіце вясны пяцьдзесят чацвёртага года, дзяржаўны Дняпро пад кручай, бела-зялёныя каштаны на Крашчаціку, гістарычна ўрачыстае свята трохсотгоддзя уз'яднання Украіны з Расіяй, свята, на якім і мы, латыш і беларус, разам з іншымі пасланцамі братніх рэспублік, адчувалі сябе ў Цудоўным «як дома».

Успамінаю чэрвень семдзесят чацвёртага, Алма-Ату на зялёнай раўніне, у яркай процьме кветак, са снегавымі вяршынямі на зманліва-недалёкім даляглядзе, святочна шматлюдны Джамбул, спякотныя стэпы, гаманкія рэкі, спрадвеку абжытыя авечкамі горы Сямірэчча, дзе мы спявалі, і смяяліся, і зачаравана слухалі — на злёце чабаноў, на паднебным канцэрце і ў юртавай утульнасці, потым зноў ехалі і, спыніўшыся ў дарозе, моўчкі ўскладалі вянкі да помніка Чакана Валіханава, сустракаліся з майстрамі арашэння палёў і школьнікамі Талды-Кургана...

Успамінаюцца сустрэчы ў нас, у Беларусі. «Мінскае мора», падмінскі лес, Купалава Вязынка, Коласава Наднямонне... І тут ужо мне думаецца таксама і пра тое, як жа ён, Юлій, успамінае тыя нашы паездкі, паходы, дзелавыя сустрэчы і сяброўскія гутаркі, гасцяванне ў дамах нашых агульных сяброў і ў маёй сям'і. Быць гаспадаром — гэта ж і прыемна, і неспакойна: ці так яно ўсё было, як хацелася наладзіць, падаць — да патрэбнага надвор'я ўключна.

Паэт, празаік, драматург, перакладчык, заслужаны дзеяч культуры двух народаў, свайго і нашага,— Юлій Ванаг і набліжаючыся да свайго васьмідзесяцігоддзя па-ранейшаму многа працуе, палюе і рыбачыць, разумна, цікава гамоніць і весела, смачна смяецца, нястомна падарожнічае па ўсёй нашай краіне, словам — жыве паўнацэнным жыццём. Сэрца яго — маладое, адкрытае, а дужая, нястомная рука працягнута для мужчынскай, чалавечай дружбы.

І руку гэтую хочацца таксама моцна паціснуць.

1981

Пра чалавечнасць

Пачну з вядомага. Улетку чатырнаццатага года Ўладзімір Ільіч і Надзея Канстанцінаўна жылі ў Пароніне. Калі пачалася вайна, аўстрыйскія ўлады па даносу арыштавалі рускага эмігранта Ульянава. Дзякуючы хадайніцтву групы прагрэсіўных палякаў ён быў вызвалены і неўзабаве пераехаў з жонкай у Швейцарыю.

Актыўнае дачыненне да справы вызвалення Леніна ўпрыгожвае біяграфіі трох польскіх літаратараў — Жаромскага, Каспровіча і Оркана.

Адзін з гэтай высакароднай тройкі, сын беднага, непісьменнага польскага хлопа, таленавіты паэт, драматург, філолаг і перакладчык — Ян Каспровіч на сваім шостым дзесятку выпадкова сустрэў ва Львове дваццацігадовую рускую красуню Марыю Буніну, далёкую сваячку пісьменніка, закахаўся ў яе, яна адказала ўзаемнасцю і ўвайшла ў жыццё Каспровіча верным другам і памочніцай.





Нядаўна мне давялося прачытаць «Дзённік» гэтай, па-свойму выдатнай, жанчыны, якую палякі з пашанай і сімпатыяй называюць «пані Маруся». У «Дзённіку» тым я сустрэўся з фактам, які ў нас, у нашым творчым асяроддзі, здаецца мне пакуль што невядомым.

У гады грамадзянскай вайны маці і сястра «пані Марусі» жыл і ў Петраградзе і звесткі пра іх доўга не даходзілі да Каспровічаў у Галіцыю. Пакутуючы ад горкай невядомасці, маладая жанчына хапілася за апошняе: з сардэчнай непасрэднасцю напісала пісьмо таму «пану Ульянаву», якога памятала па кароткай сустрэчы ў Пароніне,— таму, як здавалася, такому простаму, звычайнаму чалавеку, што стаў славутым Леніным, правадыром Савецкай краіны. Пісьмо было напісана ў лютым дваццатага года, у дні вайны з белапалякамі, і гэта трэба памятаць, каб лепш адчуць значэнне факта. Хтосьці з польскіх ваенных узяўся «перакінуць» тое пісьмо цераз фронт і, пасля трох месяцаў загадкавых блуканняў, яно нейкім цудам трапіла ў рукі чалавека, што быў тады поўнасцю ахоплены адным — сусветна-гістарычнай справай выратавання першай пралетарскай рэвалюцыі, якая трэці год крывава, гераічна адбівалася ад навалы ўсё новых ды новых ворагаў. І вось вясной дваццатага года «пані Маруся» раптам атрымала тэлеграму, якую яна ў сваёй польскай кнізе прыводзіць у арыгінале:

«Письмо ваше получено мною два дня тому назад. Будут отданы все распоряжения, чтобы облегчить вашим родным выезд из России. Паспорта им уже выданы.

Предсовнаркома Ленин».

Такое нельга чытаць без хвалявання. Яно яшчэ раз гаворыць пра веліч яго культуры, пра яго чалавечнасць.

У семдзесят сёмым годзе, прымерваючыся да задумы аповесці «Золак, убачаны здалёк», я на працягу некалькіх месяцаў прачытаў або перачытаў даволі многа адпаведнай літаратуры, каб як найлепш адчуць патрэбны мне час. У ліку прачытаных кніг і артыкулаў у часопісах было многае з напісанага Леніным у чатырнаццатым — дваццатым гадах. Адтуль, з усяго, што я ўспрыняў як удзячны чытач, жыва і ярка помняцца дзве «залацінкі».

У трэцім пісьме ленінскіх «Писем из далека», дзе гаворка ідзе пра будучую пралетарскую міліцыю, што павінна стаяць на абароне правоў працоўнай беднаты, ёсць словы, якія дазволю сабе працытаваць ва ўласным перакладзе:

«Няўжо пралетарыят Расіі праліваў сваю кроў толькі дзеля таго, каб атрымаць пышныя абяцанні адных толькі палітычных дэмакратычных рэформаў? Няўжо ён не запатрабуе і не даможацца, каб кожны працоўны адразу ж убачыў і адчуў пэўнае палепшанне свайго жыцця? Каб кожная сям'я мела хлеб? Каб кожнае дзіця мела бутэльку добрага малака і каб ніводзін дарослы ў багатай сям'і не смеў узяць лішняга малака, пакуль не забяспечаны дзеці?»

Адзін з маіх добрых сяброў, журналіст Якуб Міско, нешта ў самым пачатку нашай дружбы падараваў мне старое выданне ленінскіх «Писем к родным». За трыццаць з нечым гадоў я ўжо не раз вяртаўся да чалавечай цеплыні гэтай кнігі, адной з першых у маёй сціплай пасляваеннай бібліятэцы.

У адным з замежных пісьмаў да маці Леніна, Марыі Аляксандраўны, Надзея Канстанцінаўна пісала:

«Тут нейкае царства дзяцей. Усе да іх такія ўважлівыя, а дзеткі такія слаўныя, здаровыя. Я бывала ў нашых гарадскіх школах і міжволі параўноўваю, і лічу, што дзецям тут жывецца значна лепш».

У гэтых словах і здаровая, канструктыўная зайздрасць сапраўднай патрыёткі, і заклапочанасць будучага выдатнага педагога, і матчына пяшчотнасць жанчыны ў гутарцы з другой жанчынай.

А ў словах Леніна, працытаваных вышэй, у кантэксце дзелавой, суровай стрыманасці палітыка зусім па-асабліваму красамоўна гучыць тая бутэлька — падкрэслім — добрага малака — яшчэ раз падкрэслім — для кожнага дзіцяці. Сваёю прастатой, сваёю, калі можна так сказаць, практычнасцю яны, тыя словы яго, гавораць вельмі многа, у прастаце, у звычайнасці ленінскіх слоў, у стрыманасці іх — рэвалюцыйна актыўны, дзейсны гуманізм.