Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 38 из 64

3

Той «Родны край», тую «трэцюю і чацвёртую», склала калісьці «вучыцелька віленскай беларускай гімназіі Л. Гарэцкая».

Мы, школьнікі, не ведалі тады, хто яна — і наогул і для аўтара апавядання «Роднае карэнне».

Цяпер я ведаю і шкадую, што не прыйшлося пазнаёміцца з ёю асабіста, не толькі пісьмова,— з пісьменніцай Леанілай Чарняўскай, жонкай, сябрам і шматпакутнай спадарояшіцай Максіма Гарэцкага, які для мяне, як і Янка Купала, таксама не ўбачаны пры жыцці,— яснее воддаль, вышэй, на найлепшых найдаражэйшых старонках нашай гісторыі.

Вось я ў сям'і яго брата, на сем гадоў малодшага, якому нядаўна споўнілася восемдзесят. Акадэмік, доктар геолага-мінералагічных навук, аўтар многіх выдатных прац і вынаходніцтваў, вучоны з сусветным імем. А мы, літаратары, проста завёім яго нашым Гаўрылам Іванавічам, і ў гэтай да яго павазе столькі цёплай глыбіні, а ў нашай блізкасці з ім — высокай усенароднай гордасці.

Добра каля такіх людзей, дзе заслужана, грунтоўна слаўнае неадлучна ад абаяльнай прастаты. І я быў сярод тых, хто спрабаваў угаварыць Гаўрылу Іванавіча напісаць успаміны, расказаць пра сваё плённае жыццё. Гаварыць мы стараліся як мага асцярожней, шануючы мудрую сціпласць, аднак дарма стараліся, бо адказ быў адзін: «Пішыце пра Максіма». І ўсмешка, якая абяззбройвае шчырасцю, дабрадушная ўсмешка з глыбока схаванай моцнаю воляй.

І цяпер, у рабочым пакоі Гаўрылы Іванавіча, гаворка (гамонка, як прынята ў Гарэцкіх) час ад часу свабодна і натуральна вяртаецца да Максіма Іванавіча — старэйшага брата, дзядзькі і таты. Бо побач з гаспадаром кабінета — сын, паважаны Радзім Гаўрылавіч, таксама геолаг і акадэмік, таксама закаханы ў мастацкае слова, і госця з Ленінграда, пляменніца Галя, мілая, сціплая Галіна Максімаўна, шматгадовая і адзіная апякунка цяжка хворай маці, руплівая ахоўніца літаратурнай спадчыны бацькоў. Зусім немістычна, сваімі абаяльнымі вобразамі прысутнічаюць тут і Леаніла Усцінаўна, якое ўжо чатыры гады няма, і Лёня, Леанід Максімавіч, што загінуў на фронце, а потым, праз тры дзесяцігоддзі, светла, хвалююча і вельмі патрэбна вярнуўся да людзей на старонках часопісаў «Маладосць» і «Юность» — сваімі салдацкімі пісьмамі маці, сястры, дзядзьку Гурыну, Гаўрылу Іванавічу, да якога, як і да бацькі, вельмі хацеў быць падобным.

У пашане, з якой у гэтай сям'і гаворыцца пра Максіма Гарэцкага, заўсёды адчуваецца не проста сямейнае, а перш за ўсё любоў да роднай літаратуры, належнае разуменне яе і месца, якое ў ёй па поўнаму праву заняў і ён, іх родны, які стаў блізкім, сваім для ўсіх, каму дорага роднае слова.

Каля стала, на якім была напісана і яшчэ ўсё, дзякуй богу, пішацца не адна выдатная навуковая праца славутага савецкага геолага, мне прыемна было праверыць сваё меркаванне, што кніжка, якая так добра ўводзіла мяне ў свет сапраўднай літаратуры, што той наш даўні і, як само маленства, светлы «Родны край» і сапраўды складаўся не без удзелу Максіма Гарэцкага. А шмат чаго з замежных моў пераклала туды Леаніла Усцінаўна.

Прыемна было таксама і расказаць, як у той паднявольнай цемры колішніх вёсак яшчэ раз быў пастаўлены «жалобны абразок», яшчэ раней, у ліхалецці дарэвалюцыйным, напісаны маладзенькім студэнтам-каморнікам, якому потым, на вялікі жаль, не прыйшлося сказаць свайму народу і цэламу свету ўсяго, што ён мог бы сказаць, і якога мы любім за тое, што ён сказаў.

1980

Яшчэ Гарэцкі

1





Побач з залай, дзе мы святкуем [1] у холе наладжана невялікая, але вельмі цікавая фотавыстаўка — пра юбіляра і яго найбліжэйшых. Мяне там найбольш уразіў той здымак, дзе наш другі Максім, тады салдат «мікалаеўскай» вайны, паранены ва Ўсходняй Прусіі, ляжыць на шпітальным ложку. Твар такі просты, і падбародак, і губы, і нейкія вусікі, як у вясковага дзецюка, а вочы — паэта, мысліцеля. Яшчэ юнак, ён быў ужо аўтарам першага зборніка свежых, яркіх апавяданняў, у душы яго ўжо выспявала сусветнай значнасці аповесць «На імперыялістычнай вайне».

Пачаў Гарэцкі рана і адразу ўпэўнена. Гэтым: ён хораша нагадвае нашага першага Максіма — Багдановіча. Абодва яны пачалі і рана, і адразу стала, і ў слове абодвух, у кожнага па-свойму, спалучалася высокая агульналюдская культура і глыбока беларуская народнасць.

З народнасцю Максіму Багдановічу было цяжэй. Здалёк, з іншага асяроддзя ён прабіваўся да яе, да скарбаў роднай мовы напорам сваёй апантанай душы, сваёй нястомнай, дапытлівай думкай. А Максім Гарэцкі, сказаўшы амаль па- ягонаму, увесь быў у родным карэнні змалку.

Сёння ўранні з думкай пра выступленне, я зноў перачытваў Гарэцкага. Апавяданні, такія шэдэўры, як «Рускі», «Чарнічка», «Пад'езд», мініяцюры «Палонны», «Лёкай камунара», «Максімава зязюля»... Праз гэтыя старонкі бачыў я перад сабой салдата на шпітальным ложку, рана ўзмужнелага і памудрэлага ў суровым выпрабаванні, ужо тады, у самым сваім пачатку пісьменніка з тых, каго хочацца перачытваць. Проза яго — не займальная чытаніна, яе немагчыма за адзін раз прачытаць да дна. Вяртаючыся да тых старонак час ад часу, зноў ды зноў удзячна хвалюешся ад здзіўлення, што вось жа зноў амаль зусім як новае!..

У нашай усесаюзнай крытыцы нямала ўжо нагаворана пра значнасць прозы дакументальнай, пра дабратворны, нават вырашальны ўплыў яе на прозу, так сказаць, чыста мастацкую. А ідэал, здаецца, якраз у шчаслівым спалучэнні гэтых двух пачаткаў, у спалучэнні, імя якому — проза праўдзіва-мастацкая.

Максім Гарэцкі — кажучы словамі Талстога пра Чэхава — мастак жыцця, мастак жыццёвай праўды. Адтуль яго розум і сэрца, адтуль ён відушчы, шчыры і просты, у гэтым сіла яго даўгавечнасці.

Ужо тым часам нямала ў нас і напісана пра Гарэцкага. Тут і манаграфія Дзмітрыя Бугаёва, і эсэ Міхася Стральцова, і выдатная праца Алеся Адамовіча «Браму скарбаў сваіх адчыняю...», тут і артыкулы іншых даследчыкаў, старэйшых і, што яшчэ прыемней, маладых, у пошуках якіх трапляюцца і паўторы, аднак ёсць і новае.

А перш за ўсё — вельмі добра, што неўзабаве будзе ў нас збор твораў Максіма Гарэцкага, што гэта парадуе не толькі даўніх і сённяшніх прыхільнікаў яго таленту,— Гарэцкі прыйдзе да новага чытача, да новай змены чытацкіх пакаленняў, якія будуць яго ахвотна, зацікаўлена чытаць, якім ён будзе па-сяброўску адкрываць сваю высока адораную чалавечнасць, разлічаную на многіх і надоўга.

Новыя чытачы і новыя даследчыкі скажуць яшчэ — з большай далечыні, чым мы, але з нязменнай сардэчнасцю — дзякуй роднай зямлі, што нарадзіла такога сына.

2

У адным з нядаўніх нумароў «Литературной газеты» паэт Геворг Эмін размову пра значэнне пісьменніцкага прафесіяналізму пачаў з такога прыкладу.

Уільям Сараян, выдатны амерыканскі пісьменнік армянскага паходжання, вяртаўся з Ерэвана ў ЗША цераз Адэсу, морам. Да Адэсы суправаджаў яго адзін з ерэванскіх літаратараў. У тры гадзіны ночы, страшэнна стомленыя складаным пералётам, яны, нарэшце, апынуліся ў гасцінічным двухпакаёвым люксе. Спаць, толькі спаць!.. Ды вось таварыша, які суправаджаў высокага госця, праз сон пачаў непакоіць незразумелы, назойлівы строкат. Сяк-так расклеіўшы вочы, ён паглядзеў, уцяміў, што да чаго, і вельмі здзівіўся. Сямідзесяцігадовы госць, які стаміўся, вядома, больш за яго, сядзеў за пішучай машынкай. Ён, аказалася, запісваў уражанні перажытага дня, не адкладаючы гэтага на пасля, добра ведаючы, што тады яны, яго думкі, нават на свежую галаву, абавязкова страцяць штосьці істотнае.

На творчым шляху Максіма Гарэцкага люксаў было вельмі мала, можна сказаць — і зусім не было. Ва ўсіх, самых розных жыццёвых умовах, часцей за ўсё зусім неадпаведных для літаратурнай працы, Гарэцкі заставаўся, быў пісьменнікам-прафесіяналам. Ён заўсёды запісваў усё, што ўражала яго глыбокі розум і чулае сэрца, усім яго творам, і больш і менш закончаным, абавязкова папярэднічала вялікая падрыхтоўчая праца. Па гэтай падрыхтоўцы, па запісах непасрэдных уражанняў, думак, планаў, сумненняў, пошукаў, расчараванні і зноў настойлівых пошукаў можна зайздросна меркаваць, як добра ведаў ён жыццё, як нястомна шукаў галоўнае ў мастацтве слова — праўду.