Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 33 из 64

Фотасведчанні, зноў жа апошнія па часе майго з імі знаёмства,— у тагачасных часопісах, розныя па сваёй свядомай ці больш несвядомай адноснай аб'ектыўнасці. На пажаўцелых старонках — будні рускіх і саюзных салдатаў: французскіх, англійскіх, амерыканскіх, а таксама, хоць і ў меншай колькасці, салдатаў варожых: нямецкіх, аўстра-венгерскіх, турэцкіх. Тыя, каго прымушалі забіваць адны адных масава і адзін аднаго паасобку, чорнарабочыя вайны, людзі працоўных нізоў, раней ці пазней узятыя на вайну, усюды і ўсе, нягледзячы на намаганні фотакарэспандэнтаў прыгладзіць, упрыгожыць іх ненатуральны побыт, усюды і ўсе яны, дзеці розных народаў, выглядаюць па сваіх пазіцыях зусім непарадна, будзёпна, а ўсё ж не на ўсю сілу праўдзівасці рэальна.

Найбольш будзённасці ў параненых, інвалідах, палонных,— у людзей, вызваленых ад дурману дысцыпліны.

Як гэта лёгка было з кожнага будзённага салдата рабіць карыкатуру, нашым мастакам з варожых, а варожым з нашых!..

Рэальнасць іхніх цяжкасцей і пакут цяжка ўявіць, не паспытаўшы гэтага ў той ці іншай меры самому. Хіба толькі маці адчуе іх сэрцам. Згадаем міжнароднае, спрадвечнае: «І мой жа там...» Хіба толькі сапраўдны мастак, адораны сілай сардэчнага пранікнення ў глыбінную сутнасць жыцця, зможа ўявіць ці сваіх найбліжэйшых, ці самога сябе ў гразкіх, халодных, галодных, вашывых акопах, пад артагнём, пад кулямі ў чыстаполіцы, у пакутах раненняў, на подступах да смерці... І ў мастакоў слова зачаста бывае не поўнасцю тое, што трэба, каб па-сапраўднаму ўявіць жахлівую праўду вайны, далёка не кожны з іх мае права сказаць пра сябе, як у Міцкевіча: «Завуць мяне мільён, бо я за мільёны цярпець катаванні мушу». Аднак жа пра гэта трэба думаць і дбаць кожнаму з нас, бо інакш наша слова будзе і пустацветам і пустаколасам.

Нават калі вайна мае разумную мэту, калі яна справядлівая, салдату, простаму чалавеку, трэба гэта разумець. А дурная вайна? «Чаму я павінен пакутаваць, гінуць чортведама дзе і за што?!» Якое мужнасці молена тут ад яго, нявіннага, патрабаваць?..

...Людэндорф — пра турэцкі генацыд у Арменіі:

«Сваімі недаравальнымі адносінамі да армян Турцыя сама ў сябе адняла рабочыя сілы, так неабходныя ёй цяпер для пабудовы чыгунак і апрацоўкі зямлі».

Якая безгаспадарчасць! Так і ўспамінаюцца асвенцімы другой сусветнай.

Тады ўжо іншы фельдмаршал, іншы Эрых і фон — Манштэйн — гаварыў:

«У варожых гарадах значнай частцы насельніцтва даводзіцца галадаць. Не трэба, кіруючыся лжывым пачуццем гуманнасці, што-небудзь даваць ваеннапалонным або насельніцтву, калі яны не на службе нямецкага вермахта».

Толькі і розніцы, што гуманныя пачуцці Людэндорф называў фальшывымі, а Манштэйн ілжывымі.

Зноў Людэндорф:

«Рэйхстаг змякчыў дысцыплінарныя спагнанні. У адказных начальнікаў такім чынам быў адабраны самы дзейсны спосаб дысцыплінарнага спагнання, а іменна — замена строгага арышту падвешваннем. Гэтае пакаранне было, вядома, надзвычай цяяжім... аднак поўная адмена яго была згубнай».

Чытаючы гэта, я ўспомніў такі расказ пра катаванні ў польскай дэфензіве:

«Адзін чалавек падвешаны, а два, якія яго падвесілі, стаяць і глядзяць. І лічаць, што яны робяць святую справу. І калі гэта кончыцца? Відаць, ніколі: у чалавеку столькі зверства!..»

Гаварыў гэта адзін з маіх незабыўных сяброў, журналіст Якуб Міско, якога і білі рознымі спосабамі, і падвешвалі, падполынчык-камуніст, шматгадовы санацыйны вязень, чалавек, які потым быў добрым салдатам, абараняў Сталінград, браў Берлін.

Успомніўся мне таксама выпадак у Княжаводцах каля Мастоў, калі гэтую вялікую, прыгонную вёску пад Нёманам расстрэльвалі і палілі сонечным чэрвеньскім днём сорак трэцяга года. Толькі за тое, што гэтая вёска была найбліжай ад таго месца на чыгунцы, дзе партызаны падарвалі гітлераўскі цягнік. Ціхі стары, што цудам ацалеў тады, расказваў нам — для кнігі «Я з вогненнай вёскі...» — усё, што жыло ў яго памяці. Міне іншым, і такое, што ў кнігу не ўвайшло:





«Адзін немец, малады салдат, не захацеў страляць людзей, дык нейкі іхні старшы падвёў яго да сасны і паставіў ілбом у дрэва — стой так. І той стаяў да канца, пакуль яны ўсе не сабраліся ехаць. Я ляжаў у кустах і сам гэтага не бачыў, гэта мне потым падводчык з Луннай расказваў. Людзей жа гналі ў падводы, дабро пабітых забіраць».

У старога тады забілі жонку і дзяцей. З другою жонкай дзяцей няма. І душа яго поўніцца толькі ўспамінамі, горам па тых, што калісьці, ужо так даўно, былі. Мы не наводзілі чалавека на тэму міжнародную, агульналюдскую,— ён сам успомніў пра таго маладога немца, гаворачы пра жахлівае гора, сваё і чужое.

Нялёгка пранікнуць у душу таго салдата, юнака каля сасны, хоць я і ведаю трохі Германію 1939-1941 гг. Гэта павінны, перш за ўсё, зрабіць самі немцы, пісьменнікі, каму з іх дорага называцца сапраўднымі дзецьмі свайго народа.

Л я тут думаю больш за ўсё пра адно: як гэта цяжка — дыхаць супраць вялікай, бруднай вады, як гэта страшна — быць самотным у чорнай ночы вялікага, ледзь не агульнага азвярэння. Пра што ён думаў, той юнак, упёрты лбом у сасну?..

У Людэндорфа яшчэ і такое: «за ўхіленне ад работ» прывязвалі да дрэў, ці так сабе, ці ўніз галавою.

...Кайзер Вільгельм і цар Мікалай называлі адзін аднаго братам, зусім па-сямейнаму падпісваліся ў пісьмах «Віллі» і «Нікі». Якімі ж нікчэмнасцямі аказаліся гэтыя «браты», калі іх турнулі з вышак!.. Тарле, грунтуючыся на сведчаннях відавочцаў і дакументах, расказвае пра смярдзюча-баязлівыя ўцёкі ў Галандыю надзьмутага жэстыкулятара «Віллі», які пасля апраўдваўся кнігаю мемуараў — «непатрэбнай і нуднай, ілжывай ад першага да апошняга радка». А пра «Нікі» дастаткова пераканальна сведчыць ён сам, у сваім екацерынбургскім штодзённіку: «Адстаяў абедню... калоў дровы... у Петраградзе яшчэ ўсё непарадкі...»

Як гэта смачна — пасмяяцца з таго, хто ўчора быў богам, а сёння значыцца звычайнай шэрасцю ці нават поганню! І як гэта дрэнна, шкодна, што людзі смяюцца з гэтага потым і так, як быццам яны, хто смяецца, тут ні пры чым, што для іх усё роўна,— што было і што ёсць, і што будзе!..

...Дарэчы,— заўвага праз шэсць гадоў,— кнігу Людэндорфа (вялікафарматны таміна выдання дваццатых гадоў) прыслаў мне, «толькі прачытаць», Павел Нілін, з якім мы нямала пахадзілі ў гутарках па летнім юрмальскім узбярэжжы. Я адаслаў яе, з цікавасцю і карысцю прачытаўшы на подступах да аповесці «Золак, убачаны здалёк». А потым, калі ўжо Ніліна не стала, яго блізкія прыслалі мне гэтую кнігу на добры ўспамін пра Паўла Піліпавіча, выдатнага пісьменніка і душэўнага рускага чалавека.

У дакументальным тэлефільме «Формула гуманізму» Нілін выступіў публічна ці не апошні раз у жыцці, ужо безнадзейна хворы. Па-свойму проста, з усмешкай болю і мудрасці гаварыў ён пра тое, што і адыходзіць у нябыт не хочацца, і вельмі цяжка думаць пра тое, што не вядома, ці будзе пасля цябе «младая жизнь играть у гробового входа», ці дадуць ёй арганізатары новай вайны... Дэманстраваўся тэлефільм напрадвесні восемдзесят трэцяга, запісвалі Паўла Піліпавіча амаль на два гады раней. І ціхі голас яго, і жывая, мілая ўсмешка прыйшлі да нас, хто яго ведаў і ведае, ужо здалёк — з нейкім журботна-ўзвышаным дакрананнем да вечнасці...

1977; 1983

Дзве з легенды

«Усім добрым ва мне я абавязаны кнігам». Услед за Горкім так могуць сказаць дый кажуць многія, кожны па-свойму. I я ўжо нямала пра гэта пісаў, аднак сказаў, здаецца часамі, далека не ўсё. Бо i пра кнігу, як пра маці — зноў жа згадаем Горкага,— можна расказваць бясконца.

Мае маленства прыйшлося на складаны час пасля першай сусветнай i грамадзянскай войнаў, пачатак яго прайшоў у савецкім горадзе, а больш свядомы працяг у заходнебеларускай вёсцы. Чытаць мяне навучылі па-руску, да школы. А школа ў нашым Загоры была тады польская, з рэдкімі беларускімі ўрокамі. Такім чынам — тры мовы, на якіх я пачынаў знаёмства з мастацкім словам.

Польскія кнігі дзецям давалі ў школе. Беларускія былі там для нас як буквары ды чытанкі; іншыя кнігі на роднай мове зрэдку трапляліся па хатах. Рускіх у вёсцы было найбольш. У нашай хаце — частка на лаве за сталом, цэлы ix стосік на покуці, а на гарышчы — яшчэ i ў вялікай чамаданістай карзіне. Той скарб, што бацька, дзякуй яму, прывёз з Адэсы.