Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 32 из 64

Спачатку Гнеды трохі нават рысіў, а потым зноў прачнулася ўся яго, грунтоўна назапашаная, стома, бядак прыстаў, i не было ўжо сэнсу ні злавацца, ні сядзець на ім. I мы пайшлі па лугавой дарозе, я спераду, а ён на повадзе. Смех i бяда, хоць i спяшацца ўжо лішне няма асабліва куды.

Мы браліся левым берагам рэчкі, супраць вады, да тае вёсачкі, дзе ўсю зіму стаяла наша разведка. Там ix, вядома, сёння не будзе. А можа, i будуць. Ці хоць пачую, можа, дзе яны.

І вось яно, наша Зарэчча.

Моста на рэчцы не было. На папярэчынах паляў ляжала кладка з акораных бярвенняў. Дзе два танчэйшыя, дзе тоўстае адно. Кладка доўгая, шэра-бліскучая, абутаму можна i паслізнуцца.

Па кладцы з майго берага на вясковы ішоў, нарэшце, ён — той першы для мяне баец. Наогул першы ў маім жыцці чырвонаармеец, бо ix жа мне перад вайной, у дні ўз'яднання, калі я быў з польскага войска ў нямецкім палоне, пабачыць не давялося.

Спалавелая гімнасцёрка, пілотка, абмоткі.

І доўгая, ад штыха — яшчэ даўжэйшая вінтоўка на рамяні.

— Эй, товарищ! — гукнуў я.

Ён азірнуўся з поўабарота, з павольнай асцярожнасцю, каб не зваліцца, i я ўбачыў, што гэта — пажылы, папрасцецку вусаты дзядзька.

— Здравствуйте, товарищ! — паўтарыў я свае прывітанне.

Ён павярнуўся поўнасцю, памалу пайшоў да мяне i ўжо зусім каля травы адхоннага берага сказаў з уздыхам:

— Братец, если бы ты знал, как я испугался!..

Мы павіталіся за руку. І тут да мяне дайшло, чаму ён спалохаўся. Дый сам стары растлумачыў:

— Подумал сразу, что фриц.

На мне была трафейная кашуля, з закасанымі рукавамі, я быў без шапкі, з нямецкім карабінам за плячыма, з іхняй даўбешкай-гранатай за поясам.

Мы пасмяяліся, закурылі.

А пра радасць спаткання не толькі крычаць, нават i гаварыць патрэбы не было. Хоць i здавалася, што мы даўно, даўно знаёмыя.

Нацюрморт

Вясковыя суседзі. Былыя падпольшчыкі, пасля партызаны, якім было тады па дваццаць з нечым. Цяпер адзін з ix падпалкоўнік на пенсіі, a другі, пасля адыходных заробкаў, дома гаспадар, маладзейшы па стажы пенсіянер.

Сусед прынёс суседу кошык яблыкаў. Падпалкоўнік здзіўлена смяецца:

— А я занясу табе кошык сваіх!

Процьма сёлета гэтага дабра, людзі не ведаюць, што з імі рабіць. I ніхто ў гэтым не памагае.

Утрох мы гаворым пра такую безгаспадарчасць, а кошык стаіць на чыстай, охрыстай, асветленай сонцам падлозе. Звычайны кошык сваёй работы, з недалёкай надрэчнай А азы. Ужо спрацаваны, бо многа папанасіў, перш за ўсё бульбы, у розную пагоду-непагадзь. А яблыкі — я ем адно — такія свежыя, вялікія, чырванабокія, салодкія. І хочацца сказаць пра гэты кошык, повен яблыкаў. З увагі на таго, хто вырасціў ix, хто кошык сплёў, я гавару як найпрасцей:

— І паглядзець на такое добра.

А ён, сусед, з выгляду прасцецкі, малазнаёмы мне чалавек, дадае нечакана:

— Ага. Нацюрморт!

Гэта гучыць не як акрэсленне — як пахвала. Толькі ж не хочацца згадзіцца з тым, што гэта "натура мёртвая". Хай сабе рабачай-кошык — ён стары, безліч разоў то мокры, то сухі, хай сабе дошкі падлогі таксама сухія, а яшчэ i прыглушаныя фарбай. Але ж сонца, што свеціць так шчодра i весела, але ж яблыкі, што румяняцца ў сонцы — ну, як жывыя!





Пасля, кал i сусед пайшоў, гаспадар расказаў:

— Які цудоўны быў хлопец! Ыапрадвесні сорак другога, дома яшчэ седзячы, майстраваў міну, а яна ўзяла ды ўзарвалася. Сабе пакалечыў нагу, маці крыху пакалечыў. Як ні страшна было, павезлі ў раён, у бальніцу. Зондэрфюрэр пачуў i так зацікавіўся, што сам прыходзіў хлопца паглядзець. Валодзя быў непрытомны, дык немец маці яго дапытваў, цераз перакладчыцу. Маці прыдумала, што разбівалі па полі гной i нешта, ліха яму, узарвалася. "Больш нічога, паночак, не памятаю..." Медсястра, калі паранены апрытомнеў, сказала яму гаварыць толькі так, як гаварыла маці. Калі ж ён трохі акрыяў, яна параіла лепш уцякаць дахаты. Ён i ўцёк, да лесу, два кіламетры, сяк-так дакульгаў, а там з падводай пашанцавала... У партизанах таварыш здорава міны рабіў. І з самалётных бомбаў толь выплаўляць сам прыдумаў, i такую міну змайстраваў, што ўзрывалася не пад платформай, якая ішла спераду, а пад самім паравозам.. А сталі яны дзве платформы спераду пускаць — ён i на гэта міну прыдумаў!.. Цяпер мы ведаем, што не адзін ён быў такі вынаходнік, што так, рабілі i ў іншых брыгадах, што потым міны нам прысылалі, прыносілі з-за фронту, з Вялікай зямлі. Ведаем. Але ж спачатку былі мы толькі самі па сабе, ад самага глухога нізу, ад самай беднай беднасці пачыналі. І вось такія ўмельцы...

Падпалкоўнік расказвае, захапіўся.

A поўны кошык, асветлены сонцам, стаіць сярод хаты. Натура жывая.

1981

«Завірочвайце»

Зноў думалася пра тое дзеўчаня, што недзе ў летняй палескай вёсцы паказвала нам дарогу ў другую, патрэбную вёску, развесяліла нас, расчуліла незвычайным словам.

— Вам трэба туды, за магазін, вы туды завірочвайце!

Не толькі словам развесяліла, расчуліла...

Адзін з нас зняў дзяўчынку там, дзе мы спынілі яе,— каля плоціка, за якім, над якім узвышалася пірамідка помніка, каля яшчэ адной магілы, ужо не закатаваных гітлераўскімі карнікамі старых, жанчын і такіх, як гэтая малая, а салдацкага, нават сімвалічнага: па тых, што палеглі не дома.

Гадоў дзяўчынцы каля дзесяці, а можа, і трохі больш. Босыя ножкі, вельмі старанна стуленыя ступачкі, светла-стракатая караткаватая сукеначка, просценька мілы, пасур'ёзнелы перад аб'ектывам тварык. Яшчэ адны чыстыя, ясныя вочы народнай несмяротнасці.

Дакор многаму, што было раней...

Трывога: а што ж будзе з такімі, з наступнымі?..

Адно, здаецца, я ўбачыў у тых вачах, а другое — адчуў.

Але ж і радасць была ў нас,— нібы вады крынічнай напіліся. Бо спатканне такое — пасля новых ды новых жахлівых расказаў у папярэдняй вёсцы, сённяшняй, і ва ўчарашніх, пазаўчарашніх...

У нашай кнізе «Я з вогненнай вёскі...», да якой мы тады рыхтаваліся, дзяўчынцы гэтай месца не знайшлося. Нават на здымак з адпаведным подпісам, пра што мы, калі ўжо ехалі адтуль, пагаварылі. Бо здымак, як тут не шкадуй, узяў ды... не надта ўдаўся.

І вось яна стаіць у маёй памяці. Стаіць каля шэрага нізкага плоціка, пад прымітыўна «створаным» і абгароджаным помнікам, стаіць са сваімі быстрымі босымі ножкамі, з непераможна і да болю сумна чыстымі вачыма, са сваім нязвычным «завірочвайце», стаіць, а я ўсё ніяк — ужо дзевяты год — не разбяруся, не вырашу: тэма гэта ці толькі светлы, шчымлівы ўспамін?..

1980

Чытаючы..

У жыцці — то звычайныя будні, то нейкае свята. Будняў непараўнана больш. Чалавек бывае то ў будзённым, рабочым адзенні, то зрэдку ў святочным.

Што да салдатаў, дык яны бываюць святочнымі не ў вайну. І толькі наіўна-недаросламу або даросла-недалёкаму чалавеку салдацкі шык можа здавацца выглядам заўсёдным, абавязковым. Непарадный будні вайны непрыгожыя, рэчаіснасць вайны агідна-жахлівая.

Тую вайну, што канчалася ў маім маленстве, першую сусветную, я ўяўляю па расказах і апісаннях.

Расказаў былых удзельнікаў паслухаўся я раней, чым начытацца апісанняў той вайны, мастацкіх і немастацкіх, раней, чым убачыць адлюстраванне яе ў фатаграфіях і малюнках, у дакументальным і мастацкім кіно.

З апісанняў, найпазнейшых па часе іх прачытання і наймацнейшых па нявыяўленым, падтэкставым, і выяўленым, адкрыта значным змесце кнігі двух, у ідэйным сэнсе полюсна супрацьлеглых, аўтараў. Поршы — Эрых фон Людэндорф, славуты генерал, што быў адной з наймацнейшых апораў кайзера Вільгельма, а потым яшчэ і падпоркай дэбютанта Гітлера. Другі — Яўген Віктаравіч Тарле, савецкі вучоны сусветнай вядомасці, гісторык і публіцыст з глыбокай эрудыцыяй і бліскучым літаратурным стылем. У першага аўтара — «Мои воспоминания о войне 1914-1918 гг.», у другога — «Европа в эпоху империализма. 1871-1919».