Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 34 из 64

I было яшчэ ў нас шкадаванне, сямейная легенда пра дзве надзвычайныя кнігі, якіх мы не здолелі ў вёску давезці. Пры пераездзе граніцы трэба было плаціць,— адтуль мне помнілася грозна-незразумелае слова кантрыбуцыя,— а грошай не хапіла, i ў Мінску, дзе мы адбывалі некалькі дзён каранцін — другое грознае слова,— прыйшлося сёе-тое прадаць, у тым ліку дзве кнігі.

Адна з ix — аднатомнік Гогаля.

На шчасце, такі самы аднатомнік быў, як неўзабаве аказалася, у суседа, застаўся з тых гадоў, калі ў нашай мясцовасці доўга трымалася лінія русканямецкага фронту i ў хаце дзядзькі Ёсіпа «стаялі» царскія афіцэры.

Мы пазычалі Гогаля i тады, калі я, найменшы ў хаце, толькі гартаў тую вялікую, тоўстую кнігу, бясконца гледзячы цацкі-малюнкі, тлумачэнні да якіх сяды-тады давалі старэйшыя. Адно па-малечы ўчэпіста, ліпка запаміналася, другое ж трэба было дадумваць у адзіноце, да якое, дарэчы, з самага малку i мяне спакваля прывучыла кніга. Тарас Бульба i дзе на кулачкі з сынам; свіння ўсадзіла лыч i вушы, усю сваю лабэціну ў маленькае акно, з двара ў хату, i вельмі здзівілася; таўшчэзны Сабакевіч, падвязаўшыся сурвэткай, аберуч узброіўшыся, жарэ сваю вялізную рыбіну... I яшчэ, i яшчэ. Усё ў тым Гогалі ўспрымалася тады на смак, як у галоднага, на дотык, як у сляпога, на зрок, як у азоранага ўпершыню. Успрымалася з тым нечым невымоўна блізкім i вельмі патрэбным, ужо сяк-так адчувальным у малюнках i яшчэ ўсё бясконца загадкавым, панадна таямнічым i ў дробненькай стракатасці, i ў белі старонак тэксту. Адна за адной, адна за адной — за адзін раз ніколі да канца не дагартаешся. I гэта добра так, з тым адчуваннем ціхай, самотнай бясконцасці. Поле бе лае — снег, якому няма канца, поле шэрае — ралля, якая таксама навокал, куды ні зірнеш. I прадчуванне, незразумела шчаслівае прадчуванне красы i сілы слова.

Пазычалі мы той аднатомнік i тады, калі ўжо i я пачаў чытаць, патроху ўваходзіць у цудоўны гогалеўскі свет.

Здарыўся быў з тою кнігай вялікі канфуз. Калі яна была пазычана богведама які ўжо раз, я не толькі сам вельмі доўга не аддаваў яе, але, каб падзяліцца шчасцем смеху, яшчэ i ў школу ўпотай панёс, ужо ў мястэчка, даў яе пачытаць, узяць дахаты аднаму з найбліжэйшых сяброў. Сусед наш не ведаў пра гэта, яму проста апрыкрала доўга чакаць, i ён у нядзелю зайшоў па Гогаля сам. Салідны, нават суровы, як здавалася, дзядзька Есіп, вельмі старанны, працавіты i зборлівы гаспадар. Спачатку мне, нягледзячы на ўсю даросласць сямікласніка, які ўжо i чуб адмысловы адгадаваў, i вершы пісаў, у якога ўжо, як гаворыцца, кнігі ў сумцы, a дзеўкі ў думцы, прыйшлося ганебна схавацца на гарышчы, сёе-тое там перажыць, пасля адчайна спусціцца адтуль на голас хатніх i — прызнацца. A ўжо назаўтра прынесці кнігу са школы i — наша маці, тады ўжо восьмы год удава, была жанчына строгая — ісці з пазыкай i просьбай яшчэ раз прабачыць.

Найгоршае было, аднак, у тым, што больш пазычаць гэты зачараваны аднатомнік я ўжо не асмельваўся, а Гогаля свайго займець прыйшлося гадоў праз пятнаццаць.

Другую кнігу з сямейнай легенды, «Русскую христоматию» А. Д. Галахава, убачыў я толькі днямі, праз шэсцьдзесят гадоў пасля таго, калі мог бачыць яе несвядома, вачыма дзіцяці, чаго не памятаю.

У адзін з тых чэрвеньскіх дзён 1922 года, калі тыя кнігі, Гогаля i Галахава... Бог мой, у той легендзе пасля адны імёны так хораша, так недасяжна гучалі!.. Калі наш бацька вырашыў ix прадаць і, узяўшы старэйшага з нашай хлапчукоўскай тройкі, дванаццацігадовага Колю, некуды з кнігамі пайшоў, мы ўдвух з сярэднім братам Мішам, яму восьмы, мне пяты год, залезлі ў чужыя слівы. На той паляне на паўднёвай, козыраўскай ускраіне Мінска, дзе гурбамі ляжалі бежанскія манаткі, выгружаныя з таварнякоў, i ад дажджу ды начное зябкасці паўставалі сякія-такія, з коўдраў ды посцілак, буданчыкі. Гаспадар саду накрыў двух нявопытных шкоднікаў у белых адэскіх панамках i прывёў нас туды, куды мы, румзаючы, паказалі. Тут падышоў i тата (на гарадскі лад — папа), хоць для расправы хапіла б i мамы адной. Аднак ніхто нас, помніцца, не караў, ні па-чужому, ні па-свойму, толькі, відаць, яны ўшчувалі, а мы хімкалі, ca страху там ці ад сораму. Найбольш запомнілася, проста-такі да шчымоты на языку, прыкрая кіслата тых цвёрда-зялёных, аскомістых сліў. I яшчэ адно — як мы, мама i я, раней за тыя слівы ці пасля ix, пайшлі купляць хлеб i як, купіўшы, вярталіся. Два незабыўныя адчуванні — сіла i цеплыня матчынай рукі i смак свежага, таксама цёплага сітнага хлеба, кавалачак якога я еў на хаду, можа, i ўпершыню такім спосабам: з шурпаценька-духмянаю мукой з-пад ніжняй скарынкі на ніжняй губе.

Праз шэсцьдзесят гадоў... Чаму ж так зацягнулася мая сустрэча з другою кнігай з далёкай, светлай легенды?.. Проста раней, больш ды менш маладому, не думалася пра пачатак жыцця так часта, як цяпер, калі да ўсяго, што калісьці было, цягне прыгледзецца найбліжэй, ва ўсё пранікнуць, усё сабраць у адно, як перад нейкім, найбольш адказным паходам.

У кнігасховішчах найбольшай мінскай бібліятэкі знайсці Галахава было не цяжка. I вось яна ляжыць перада мной — «Русская христоматия» (іменна так: христоматия) — з усімі яе «описаниями», «рассуждениями», «антологическими пиесами», з усёй абаяльнасцю «яцяў» i цвёрдых знакаў, што ледзь не казачна пераносяць цябе ў больш за стогадовую даўніну i пакідаюць на нейкі час сам-насам з любімымі, зноў нібы пасля доўгай разлукі. Гэта быў, аднак, не па-гогалеўску тоўсты, важкі аднатомнік, як мне здалёк неаднойчы ўяўлялася, а тры, розных гадоў выдання, паасобныя тамы двухтомніка, кнігі вялікага фармату, але не лішне тоўстыя, бо на тонкай, моцнай паперы. Дзве калонкі, густа запоўненыя тэкстам упадборку.

Каб жа такія два гамы ды ў вёсцы мець — у той далёкі, цёмны час,— гэта ж багацце якое, цэлая бібліятэка вершаў i прозы, i рускіх, i перакладных, прычым падабраных, пададзеных так культурна, з любоўю i веданнем!..





Аднак прызнаюся, што легенда, як толькі яна прыйшла на мой стол, амаль адразу неяк паблекла, ці што, нават ледзь не расчаравала мяне... У гэтай хрэстаматыі, што, як сведчыць энцыклапедыя, «складалася пад уплывам педагагічных i літаратурных поглядаў Бялінскага», з якім Галахаў сябраваў, што папаўнялася i дасканалілася ад выдання да выдання на працягу многіх дзесяцігоддзяў, я не знайшоў амаль нічога, чаго б мне не здаралася, з цікавасцю i захапленнем, сустракаць на іншых старонках — i ў малалецтве, i ў маладосці... А разам з гэтым як быццам расчараваннем было i прыемна, што ўсё значнейшае ў рускай i часткова ў сусветнай літаратуры не абмінула мяне i без Галахава, хоць, паўтараю, я быў бы шчаслівы сустрэцца з ім тады, калі так добра ведаў тугу па кнізе, так прагна шукаў i так няпроста знаходзіў патрэбнае не ў бібліятэках, a ў выпадковых кнігах маёй небагатай i цеснай жыццёвай прасторы.

Было i яшчэ адно адчуванне, з якім я ў сонечнай бібліятэчнай цішыні няспешна гартаў вялікія i тонкахрумставатыя старонкі даўняй, класічнай хрэстаматыі,— інтымная, бо ў кожнага свая, радасць яшчэ адной сустрэчы з тым ці іншым, што цікавіла, што захапляла калісьці. Абрыўкі, промні, прасторы вялікай паэзіі зноў ажывалі, паўтараліся ў душы, як паўтараюцца шчасліва паасобныя, найярчэйшыя ўсплёскі, абрыўкі найбліжэйшай сэрцу музыкі, што захаваліся ў запасніках нашай памяці i час ад часу выходзяць адтуль, з меншай ці з большай глыбіні, каб пасвяціць ды пагрэць у часамі нялёгкай дарозе жыцця.

Так зноў вярнулася да мяне тая касмічна высокая, казачна неабсяжная, да светлай сцішнаты прыгожая зімовая ноч, такая чароўная ў Фета, у яго гранічнай скупасці, у сіле прастаты:

Чудная картина,

Как ты мне родна:

Белая равнина,

Полная луна,

Свет небес высоких,

И блестящий снег,

И саней далеких

Одинокий бег.